Віртуальная — нерэальная?

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

У суседзяў — чарговая навінка (нават крыху зайздросна ад усё больш высокага ўзроўню іх культурнай актыўнасці і асабліва — ад магчымасцей для рэалізацыі задум): напрыканцы лістапада адкрылася Усерасійская віртуальная канцэртная зала.

/i/content/pi/cult/512/11036/2-1.jpgСутнасць праекта ў тым, што канцэрты будуць транслявацца ў рэжыме онлайн, але не ў безаблічную вэб-прастору, дзе яшчэ не факт, што яны спаткаюць свайго слухача. У 37 рэгіёнах суседняй дзяржавы людзі займеюць магчымасць прыходзіць у пэўную аснашчаную адпаведнай тэхнікай залу, каб паслухаць і паглядзець выступленні артыстаў разам з рэальнымі гледачамі ў канкрэтным горадзе.

Гатовы адразу патлумачыць, дзе ж тут прывязка да культуры рэгіёнаў Беларусі. Мне бачацца два варыянты пераймання досведу суседзяў на нашай глебе. Па-першае, абласныя філармоніі, што скардзяцца не столькі на нястачу гледачоў, колькі на брак публічнай увагі да іх дзейнасці, маглі б паспрабаваць “узброіцца” такім вопытам. Можна трансляваць канцэрт па раёнах вобласці (хай сабе і ў памяшканнях палацаў культуры ці дзіцячых музычных школ), а цалкам верагодна паспрабаваць наладзіць гэткі інтэрнэт-мост з калегамі ў іншых абласных цэнтрах. Хай сабе атрымаецца для пачатку адзін “нумар па абмене” ў канцэрце, але публіку ўразіць сваёй "прасунутасцю" атрымаецца.

Ёсць і другі аспект. Скажам, вы плануеце паехаць у пэўны раён Беларусі. Што ведаеце пра яго? Прыгадаеце, відаць, нейкі палац, які стаў музеем, магчыма, кагосьці з выбітных тамтэйшых ураджэнцаў, нейкую царкву ці касцёл. І ўсё. Прычым пошукі па ўсіх даступных “тырнэтах” у спробах дашукацца сучасных, а не выключна гісторыка-культурных адметнасцей хутчэй за ўсё пацерпяць паражэнне. Чаму? Бо няма інфармацыі. Ці яна абсалютна няправільна пададзена.

Я нават не стану марыць пра тое, як нам не хапае віртуальнай культурнай карты Беларусі (націснуў назву раёна, а табе нармальнай мовай з пераканаўчымі ілюстрацыямі ўсё выкладзена: ісці туды і туды, каб пабачыць тое ды тое). Але ж, пагадзіцеся, нельга назваць рэальнай альтэрнатывай старонкі з назвай “Культура” на сайтах райвыканкамаў. Пра што там? Ды пра колькасць устаноў сферы, лік іх наведвальнікаў і навучэнцаў, з пералікам мерапрыемстваў ды прэйскурантам платных паслуг. І фота памерам з пачак запалак. Ёсць яшчэ сайты раённых і абласных музеяў на агульным рэсурсе museum.by, але яны альбо не абнаўляюцца, альбо сваімі сумна-шаблоннымі пералікамі выставак раз у пару месяцаў наводзяць роспач. Урэшце, разумею, што не ўсе ўстановы маюць нават просценькі сайт і грошы на яго распрацоўку ды падтрымку. Але...

У пэўным сэнсе альтэрнатывай сталі старонкі ў сацыяльных сетках: аператыўная інфармацыя і гарантаваны лік яе чытачоў дазваляюць займець хоць каліва жаданай публічнасці задарма. Але ж колькі ў нас устаноў, а колькі тых старонак… І колькі ў іх падпісчыкаў... І як часта посцяцца абнаўленні, каб тых падпісчыкаў прыцягнуць…

Я ўсё гэта вяду да таго, што дамы рамёстваў, вясковыя музейчыкі, прыватныя калекцыі, анімацыйныя праграмы ў дамах культуры ці бібліятэках не становяцца шырока папулярнымі. Няма звестак? Не выкладзены ў Сеціва? Так. Да ўсяго, чарговая прычына паскардзіцца на долю работніка культуры. Але ж каму яшчэ выкладваць, як не самім ініцыятарам і рэалізатарам самых цікавых задум? Манетызацыя пакрысе праявіцца: ці ў прыбытку ад платных паслуг, ці ў той самай публічнасці — хто да чаго імкнецца.

Дарэчы, старонка газеты “Культура” ў "Фэйсбуку", далучацца да якой запрашаем штонумар, пачалася з такога ж жадання больш шырокай прысутнасці выдання ў публічнай прасторы. Цяпер вэб-падпісчыкаў — звыш 1 300. Большага паказчыка дзяржаўныя газеты Беларусі, падаецца, сёння не маюць...

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах