“Эксперымент” на Чэрыкаўшчыне

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

26 — 27 лістапада на Магілёўшчыне прайшоў семінар дырэктараў раённых дамоў, цэнтраў, палацаў культуры, цэнтралізаваных клубных сістэм. Кіраўнікі ўстаноў раённага значэння абмяркоўвалі праблемы развіцця культуры ў сельскай мясцовасці ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы развіцця сельскіх тэрыторый на 2011 — 2015 гады.

/i/content/pi/cult/512/11035/10-4.jpg

Праграма першага дня семінара ўключала знаёмства з работай устаноў культуры Чэрыкаўшчыны. У аграгарадку “Язёры” ўдзельнікі наведалі свята агароднага пудзіла “Страж садоў і агародаў”, пад час якога жыхары гэтай і бліжэйшых вёсак прадстаўлялі на суд журы самаробных “ахоўнікаў” сваіх зямельных участкаў ды суправаджалі выступленні творчай абаронай. Затым ва ўтульнай канцэртнай зале Язерскага СДК пры ўдзеле дырэктара ўстановы Наталлі Мядзведзевай адбылася прэзентацыя дзейнасці клубных фарміраванняў установы. Паказ стаў прыкладам работы сельскага ДК па прыцягненні насельніцтва ў гурткі і аматарскія аб’яднанні.

Пасля ў рамках асвятлення тэмы “Асаблівасці абслугоўвання маланаселеных і аддаленых вёсак” удзельнікам семінара было прапанавана азнаёміцца з работай установы культуры “Аўтаклуб” і наведаць пасяджэнне гасцёўні “Падарожжа ў мінулае Заазерскага краю” аматарскага аб’яднання “Спадчына”. У Заазер’і гасцей чакала выстаўка традыцыйных беларускіх ручнікоў і лялек-абярэгаў, а таксама майстар-клас па народным танцы ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Равеснікі”. Загадчык аўтаклуба Людміла Коласава прадэманстравала прыёмы работы па зборы і фіксацыі фальклорнага матэрыялу ў сельскай мясцовасці.

Праграму семінара прадоўжыла свята “Рэчыцкія пачастункі ад патэльні і чыгунка” і пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Сямейны агмень”. Імпрэза пад назвай “Піліпаўскія вячоркі” была арганізавана Рэчыцкім цэнтрам культуры. Дырэктар ЦК Анжэла Рудзікава азнаёміла з дзейнасцю ўстановы, а кіраўнік аматарскага аб’яднання Любоў Старавойтава распавяла аб захапленні рукадзеллем, творчым шляху, рабоце ў аб’яднанні.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрыкаўскага райвыканкама Кацярына Каркозава падзялілася з кіраўнікамі клубных устаноў досведам па павышэнні прафесійнага ўзроўню кадраў. Так, на Чэрыкаўшчыне з поспехам прайшоў “эксперымент”, які датычыўся працаўладкавання маладых спецыялістаў. Як паказала практыка, такі работнік, размеркаваны ў сельскі Дом культуры, а затым пераведзены на пэўны тэрмін у РЦК з мэтай павышэння прафесійнага ўзроўню і напрацоўкі адпаведнага досведу, пасля вяртання ў СДК паказвае больш выніковую дзейнасць — ад вырашэння арганізацыйна-творчых пытанняў да гаспадарчых клопатаў.

27 лістапада семінар прадоўжыўся непасрэдна ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы ў рамках Савета дырэктараў, дзе былі падведзены вынікі работы клубных устаноў па выкананні Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця сяла на 2011 — 2015 гады за трэці квартал бягучага года, вывучаны пытанні дзейнасці клубных устаноў вобласці па абнаўленні культуры сяла, асаблівасцей арганізацыі работы клубных фарміраванняў, арганізацыі работы клубных устаноў па выяўленні і фіксацыі аб’ектаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, работы раённых дамоў рамёстваў па развіцці народных рамёстваў і промыслаў. Таксама разгледжаны нюансы падрыхтоўкі і афармлення справаздачных дакументаў па выніках работы за 2014 год.

Правядзенне такіх семінараў у Магілёўскай вобласці — добрая традыцыя, якая спрыяе абмену прафесійным досведам і ўсталяванню больш цесных кантактаў паміж раёнамі ў сферы культуры.

Алёна БЕЛАНОЖКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы