Дастукацца да нябёсаў

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

1 снежня, як паведаміла “К” начальнік аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю маладзечанскага Палаца культуры Таццяна Тарасава, у горадзе прайшлі акцыі, прысвечаныя Міжнароднаму дню барацьбы са СНІДам. А за тыдзень да падзей у раёне быў абвешчаны конкурс малюнкаў-плакатаў “Планета АнтыСНІД”.

/i/content/pi/cult/512/11034/10-3.jpg

Працуе інтэрактыўная сцяна.

Так што 1 снежня ўдзельнікаў мерапрыемстваў, якія сабраліся ў Малой зале Палаца культуры, ужо чакала выстаўка графічных работ, скіраваных супраць смяротнага захворвання. Аўтары плакатаў — школьнікі Маладзечаншчыны. Працавала і так званая інтэрактыўная сцяна: на спецыяльных планшэтах кожны ахвотны мог выказаць сваё стаўленне да праблемы. Пад час тэматычнай праграмы “Стоп, СНІД!” творчыя праекты прэзентавалі ў Малой зале навучэнцы гімназіі-каледжа, школ № 4 і № 6. Тэатралізацыі, песні і танцы ярка адлюстроўвалі пазіцыю моладзі.

З залай размаўлялі педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог, урач-эпідэміёлаг. Моладзь з гатоўнасцю ўключылася і актыўна працавала з тэстамі. Напрыканцы праграмы валанцёры раздалі сродкі прафілактыкі, буклеты і лістоўкі. Потым усе выйшлі на плошчу ля Палаца культуры, дзе распачалася акцыя “Дастукацца да нябёсаў”. У памяць аб загінулых ад хваробы ў паднябессе ўзвіліся рознакаляровыя шарыкі…

Андрэй СТАРЖЫНСКІ