Каму сёння па плячы шэдэўр?

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Пагаворым пра самую чаканую кнігу для Беларусі
На сённяшнім "Форуме" працягваем абмеркаванне новых літаратурных твораў, вартых падтрымкі дзяржавы і цікавых самаму шырокаму колу чытачоў. Новыя меркаванні падкрэсліваюць: такая работа мусіць з'явіцца, патрэба ў ёй — неаспрэчная, а вось якім чынам і хто патэнцыйна можа яе стварыць — пытанне дыскусійнае. Запрашаем далучыцца да дыскусіі ўсіх ахвотных, і найперш тых, чый лёс непасрэдна знітаваны з кнігай.

А піша той, хто цікавы рынку...

/i/content/pi/cult/512/11032/4-2.jpgЗ цікавасцю прачытаў у “К” № 47 матэрыялы-меркаванні пад рубрыкай “Форум” наконт таго, ці магчыма сёння атрымаць у Беларусі раман маштабу “Вайны і міру” і ад каго можам чакаць падобнага твора.

Канешне, кніга сёння, у эпоху Інтэрнэту, у глабальнай культурнай прасторы займае ўсё менш заўважнае месца. Я часта хаджу па кнігарнях і бачу, што час колішніх “бумаў” мінае. Людзі ўсё радзей купляюць мастацкую літаратуру, асабліва класіку, асабліва, на жаль, — беларускую. Па-першае, эпоха “самай чытаючай краіны ў свеце” знікла, і тут нічога не зробіш… Урэшце, у іншых дзяржавах яшчэ горш. Сёння добрая кніга становіцца “элітарнай” з’явай, як, скажам, дарагая карціна (не абавязкова — па якасці) у інтэр’еры багатага прыватнага дома. Па-другое. Вось дзяржвыдавецтва выпусціла двухтомнік маёй кнігі “Вяртанне імёнаў”, “сюжэты” якога разлічаны не толькі на мастацтвазнаўцаў, гісторыкаў мастацтва, але і на шырокага чытача (балазе ўсе тэксты выйшлі на палосах “К”), неабыякавага да нацыянальнай культуры, яе забытых старонак у вобразах мастакоў. Але ці многія могуць набыць кнігу, калі яе кошт, як кажуць, “зашкальвае”? Гэта тычыцца наогул большасці кніг, якія павінны быць на паліцах кожнага беларуса, але — і цана кусаецца, дый Інтэрнэт “пад бокам”… Да таго ж, як слушна піша адзін з аўтараў папярэдняй публікацыі, існуе вельмі вострая праблема: а як прадаць такую кнігу?.. Асабліва — ізноў жа — беларускую, калі практычна адсутнічае сапраўдная рэклама, маркетынг, мерчандайзінг ды іншыя віды дзейнасці, скіраваныя на прасоўванне тавару (у дадзеным выпадку — кніг) не толькі на рэгіянальны рынак…

Па-трэцяе, і галоўнае, што датычыцца беларускай “Вайны і міру”, дзяржзаказу ды патэнцыйнага лёсу падобнай эпапеі. Адразу скажу: дзяржзаказ, нават самы буйны, на мастацкі твор яшчэ нічога не значыць, бо ніхто, нават сам аўтар, не ведае, якім будзе вынік такой працы. “Ціхі Дон”, напрыклад, пісаўся спачатку “ў стол”, і Шолахаў толькі тады, калі стварыў першыя тры часткі рамана, рызыкнуў прапанаваць яго спачатку ў маскоўскі часопіс, потым — у выдавецтва. І тое, каб не падтрымка Сталіна, то і гэтыя першыя часткі немаведама на які час засталіся б у вёшанскай скрыні. А вось “Узнятая цаліна” — гэта, можна сказаць, дзяржзаказ. Той жа Сталін прапанаваў Шолахаву стварыць раман пра вялікую перамогу партыі і савецкага народа ў барацьбе з ненавісным кулацтвам на Доне. Пісьменнік спачатку назваў кнігу “З крывёю і потам”, але яму параілі змяніць назву на “Узнятую цаліну”. Сталіну назва спадабалася…

Урэшце, большасць вялікіх кніг сусветнай літаратуры пісалася без дзяржаўнага заказу, і нічога страшнага: лепшыя сталі залатой класікай. Праўда, часцей за ўсё — пасля смерці аўтара: ад Гогаля, Лермантава да Кафкі і Булгакава. Спіс — бясконцы. Дый наш цудоўны Уладзімір Караткевіч (вось хто мог бы стварыць сваю “Вайну і мір”!) пры жыцці ўсё ж не зведаў той славы, якая прыйшла да яго потым. Ні ён, ні яго калега Васіль Быкаў не пісалі пад “заказ”, — яны проста не маглі не пісаць, таму што Бог надзяліў іх напоўніцу рэдкім талентам, і, думаю, яны тварылі б нават тады, калі б ведалі, што іх наогул не надрукуюць…

Прыкладна тое ж самае — і ў выяўленчым мастацтве, калі амаль усе творы манументальнага мастацтва выконваліся па “сацыяльных” заказах (ці то дзяржавы, ці то царквы). Аднак станковыя работы (карціны, скульптуры, іншыя віды ды жанры) часта ствараліся “для сябе” і толькі потым выходзілі ў свет. Іх куплялі “па факце”, і яны знаходзілі сваё месца ў музеях, галерэях, словам, у вечнай гісторыі мастацтва. А вось, скажам, пастаянная экспазіцыя нашага Нацыянальнага мастацкага музея цалкам складаецца з работ, набытых дзяржавай з выставак альбо напісаных па заказах той жа дзяржавы. Зараз такіх заказаў амаль няма, і гэта адна з прычын таго, што сапраўдная фігуратыўная карціна ў Беларусі, накшталт якасці палотнаў Сурыкава, Рэпіна, Брулова, Дэлакруа, Матэйкі, па сутнасці, знікла з прасторы выяўленчай культуры.

А што да беларускай літаратуры… Тут, на мой погляд, дзве праблемы. Дзе сёння знайсці такога аўтара, хто мог бы напісаць беларускія “Вайну і мір”, “Чалавечую камедыю”, “Крыжалі” ці “У пошуках страчанага часу”, “Іосіф і яго браты”, “Сагу аб Фарсайтах”? І нават дапусцім, што такі віртуальны аўтар ёсць, — дык хто потым такі моцны “тавар” купіць ды будзе чытаць? Падкрэслю, што сёння калі і чытаюць, то ў асноўным — танную камерцыйную, калі так можна сказаць, літаратуру ў электрычках, цягніках… Вы скажаце: дык што ж рабіць? Нельга ж сядзець склаўшы рукі ды пляваць у столь! Адкажу так (хай не крыўдуюць кіраўнікі літаратурных працэсаў): каму сёння пад сілу стварыць сусветна-нацыянальны шэдэўр? Пасля празаікаў Чорнага, Караткевіча, Быкава, Адамовіча, Шамякіна, Мележа, Чыгрынава, Пташнікава мне цяжка кагосьці назваць з дастойных іх пераемнікаў, тым больш, таго, хто мог бы хаця б паспрабаваць стварыць эпапею жыцця Белай Русі на пэўным адрэзку яе вялікай гісторыі.

Успомніў Талстога: “…Сапраўдны мастацкі твор, у адрозненне ад “фальшывага”, нельга рабіць па заказе, бо сапраўдны твор мастацтва ёсць адкрыццё новага спазнання жыцця, што па неспасціжных для нас законах адбываецца ў душы мастака і асвятляе той шлях, па якім ідзе чалавецтва”. Вось я і чакаю, праўда, без асаблівай надзеі, што, можа, яшчэ пры маім жыцці з’явіцца ў нас такая асоба, якая зможа “асвятліць” шлях, па якім ідзе Беларусь… А будзе гэта па сацзаказе альбо без яго — не мае значэння. Тут дэміург — сам аўтар…

А ці ведаеце вы, якія самыя “раскручаныя” ў Расіі беларускія пісьменнікі? Гэта, не лічачы Святланы Алексіевіч, Вольга Тарасевіч, Вольга Грамыка, Ганна Аляхновіч, Анатоль Драздоў, Яўгенія Пастэрнак, Андрэй Жвалеўскі, Андрэй Смятанін ды яшчэ некаторыя творцы, многія з якіх актыўна працуюць у “камерцыйнай” літаратуры… Гендырэктар мінскага выдавецтва “Макбел” Дзмітрый Макараў так сказаў на гэты конт: “Калі чытаеш анатацыю падобных кніг, у 99 працэнтах выпадкаў не ўказана, што аўтар — беларускі пісьменнік, дый дзея ў творы, каб дагадзіць рынку, адбываецца абы-дзе, толькі не ў Беларусі”. Гэта значыць, пішуць тыя, чыя творчасць цікавая рынку, пішуць, як патрабуе сучасны рынак”. Дык што тут казаць пра беларускую “Вайну і мір” ці “Узнятую цаліну”…

Барыс КРЭПАК, рэдактар аддзела газеты "Культура

 

У чаканні Твора

/i/content/pi/cult/512/11032/7-1.jpgЛюблю беларускую літаратуру і шмат чытаю на роднай мове. Толькі вось апошнім часам у нашай літаратуры сустракаецца вельмі мала цікавых, якасных, а галоўнае — пазітыўных твораў. Але трапляюцца вельмі добрыя ды цікавыя рэчы, ад якіх цяжка адарвацца. Іх прыемна чытаць самому і прапаноўваць іншым. Вось пра такі твор, а дакладней — пяць твораў, аб’яднаных аднымі і тымі ж героямі, хачу распавесці. Наўрад ці яны пацягнуць на аналаг “Вайны і міру”, пра які зараз так шмат гавораць, але прачытаць іх варта.

Роднай літаратуры не хапае значнага грунтоўнага беларускамоўнага твора, падзеі якога адбываліся б у апошнія гадоў трыццаць-сорак. За гэты час наша краіна зведала значныя змены, як у грамадстве ў цэлым, так і ў асобна ўзятых сем’ях: гэта і распад Савецкага Саюза, і рэвалюцыя ў інфармацыйных тэхналогіях, і пераацэнка маральных крытэрыяў…

Здаецца, на фоне гэтых падзей можна напісаць не толькі чатыры тамы беларускай “Вайны і міру”, а значна больш. Толькі тут пагаджуся з артыкулам “А як прадаць?” (“К” № 47), дзе закранаецца праблема рэалізацыі шматтомных выданняў. Не кожнаму па кішэні аддаць больш як паўмільёна рублёў за адзін твор, хай сабе і ў некалькіх тамах. Тым больш, патэнцыйных пакупнікоў адпудзіць беларуская мова. А ў выпадку, калі будучы шэдэўр напішуць па-руску, дык ён не будзе адчувацца ў поўнай меры беларускім. А вось пераклад на іншыя мовы, наадварот, толькі паспрыяе іміджу такой кнігі.

Будзем спадзявацца, знойдзецца ў Беларусі пісьменнік, здольны стварыць сапраўдны раман-эпапею, які зробіць фурор у айчыннай літаратуры. Але давайце звернемся да таго, што ў нас ужо ёсць. Колас, Купала, Мележ, Багдановіч, Караткевіч, Шамякін, Быкаў — сусветна вядомыя пісьменнікі. Яны — класікі, можна сказаць, брэнды беларускай літаратуры. А што сёння?

Сёлета выйшлі дзве кнігі Уладзіміра Гніламёдава “Валошкі на мяжы” і “Вайна”, што з’яўляюцца працягам ранейшай трылогіі “Уліс з Прускі”, “Расія”, “Вяртанне”, падзеі якіх адбываюцца ў пачатку ХХ стагоддзя.

Беларускую літаратуру часта называюць сялянскай. Гэта зразумела, бо падзеі большасці твораў адбываюцца ў вёсцы, большая частка пісьменнікаў — выхадцы з вёсак. Гніламёдаў, вядомы беларускі крытык і літаратуразнаўца, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка і прэміі Акадэміі навук, доктар філалагічных навук, акадэмік, таксама нарадзіўся ў вёсцы, і яго кнігі — таксама пра сялян. Але згаданыя вышэй работы, на мой погляд, значна адрозніваюцца ад іншых “сялянскіх” кніг.

Для нашай літаратуры ў пенталогіі — нестандартны сюжэт. Пачатак ХХ стагоддзя, малады селянін з-пад Брэста Лявон Кужаль едзе ў Амерыку зарабіць грошай, каб выплаціць крэдыт за набытую зямлю. Вярнуўшыся, ён даведваецца, што яго каханая выйшла замуж. Затым — Першая сусветная, эвакуацыя ўглыб Расіі, Грамадзянская вайна, вяртанне беларусаў на радзіму, Вялікая Айчынная… Прынцыпова новае па гэтай тэме напісаць цяжка. У кнізе Уладзіміра Гніламёдава прысутнічае ўсё, што ёсць і ў іншых кнігах, прысвечаных падзеям у час фашысцкай навалы. Тут і гераізм, і дабро, і зло, і абавязак, і маральныя якасці чалавека. На працягу ўсіх раманаў сярод сацыяльных, гістарычных ды ваенных падзей аўтар не забываецца і на тэму кахання. Час ад часу творца спыняе сваё апавяданне падзей на лірычныя адступленні, у якіх апісвае прыгажосць прыроды.

Гніламёдаў стварыў запамінальныя вобразы і характары герояў, перадаў прыгажосць роднага краю, побыт, звычкі, павер’і беларусаў. У раманах аўтар падаў гістарычныя падзеі ва ўспрыманні і разуменні простага чалавека. Ён не пакінуў па-за ўвагай стэрэатыпы тых гадоў. Скажам, у першай частцы літаратар паказвае абурэнне Лявона стаўленнем амерыканцаў да чарнаскурых. Калі ж хлопец паспрабаваў ураўнаваць іх правы з белымі ў асобна ўзятай кавярні, дык толькі атрымаў кухталёў ад белых расістаў. Для беларуса Лявона, народ якога нядаўна набыў волю і права “людзьмі звацца”, такія паводзіны “прасунутага” амерыканскага народа аказаліся непрымальнымі…

Пры чытанні старонкі кніг перагортваюцца адна за адной, бо тэкст успрымаецца вельмі лёгка. Дый падзеі, якія дынамічна развіваюцца, не даюць засумаваць.

Дарэчы, наконт чытацкай цікавасці да раманаў Уладзіміра Гніламёдава. Працуючы ў адной з бібліятэк Мінска, я неаднаразова прапаноўвала першыя тры кнігі наведвальнікам (трэцяя і чацвёртая нядаўна з’явіліся). Зразумела, пагаджаліся іх чытаць не ўсе, а хтосьці браў і не дачытваў да канца. Дарэчы, асноўнай прычынай таго была, як ні крыўдна, беларуская мова. А вось тыя, хто ўсё ж такі прачытаў кнігі, былі задаволены — і мовай, і апісанымі падзеямі, і аб’ёмам твораў.

“Уліс з Прускі”, “Расія”, “Вяртанне” і дзе новыя кнігі “Валошкі на мяжы” ды “Вайна”, можа, і не дацягваюць да рамана-эпапеі, вартага “Вайны і міру” Льва Мікалаевіча, дый падзеі там — даўно мінулых дзён, але, неаспрэчна, з’яўляюцца выдатнымі творамі сучаснай беларускай літаратуры. Таму давайце, у чаканні айчыннага шэдэўра, піярыць тое, што маем зараз, і ў першую чаргу — на роднай мове.

Марына ПЕТРАШКЕВІЧ,  бібліятэкар Дзіцячай бібліятэкі № 8 горада Мінска

 

Пачатак абмеркавання чытайце тут.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"