Пра пазітыў жыцця ды...

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Як пазбегнуць стэрэатыпу "для правінцыі сыдзе і так”
У Бабруйскім мастацкім музеі праходзіць персанальная выстаўка жывапісу Анатоля КОНЦУБА. Пабываўшы ў Бабруйску, я сустрэўся з мастаком і пагутарыў з ім, у прыватнасці, пра статус творцы ў рэгіёне. Да ўсяго, сёлета мастаку — 65 гадоў... Адсюль і маё першае пытанне.

/i/content/pi/cult/512/11030/6-1.jpg

— Спадар Анатоль, існуе меркаванне, што мастаку як асобе самадастатковай, засяроджанай на сабе, на ўласных думках ды пачуццях, няма пільнай патрэбы сілкавацца ад асяроддзя. З гэтай прычыны яму не ўласціва прывязанасць да нейкіх мясцін. Яму, зрэшты, усё адно, дзе жыць, — абы працаваць было зручна. Інакш кажучы, дзе майстэрня — там і радзіма. А вось вы да Бабруйска сантымент маеце?

— Зразумела, маю. Я родам з Брэстчыны, з Давыд-Гарадка. У Бабруйск трапіў, лічы, выпадкова: па размеркаванні пасля заканчэння Тэатральна-мастацкага інстытута. За час, што жыву тут, прызвычаіўся да горада, стаў бабруйчанінам. Але, маючы сантымент, я разумею, што Бабруйск — гэта не Мінск. Праўда, Мінск, у сваю чаргу, як культурны цэнтр саступае Маскве, Масква — Парыжу, Парыж — Нью-Ёрку… Усё спазнаецца ў параўнанні. Так што правінцыйны статус Бабруйска я ўспрымаю спакойна. Але, мушу сказаць, праблема культурнага асяродка тут існуе. Мастакі не едуць на перыферыю, не едуць у Бабруйск. Наша творчая моладзь імкнецца атабарыцца ў Мінску, а яшчэ лепш — у Германіі, Галандыі, Францыі… Памятаю, калі я прыехаў сюды працаваць, дык у Бабруйскай арганізацыі Саюза мастакоў было чалавек дваццаць. Цяпер — восем-дзесяць, да таго ж — не ўсе працуюць…

А калі сядзець ў майстэрні, не бачыць людзей, не абменьвацца думкамі, ідэямі, дык за год-два можна скіснуць. Пачнеш па шаблоне думаць і працаваць выключна дзеля заробку і на імгненны вынік. Жывапіс звядзецца да змешвання дзвюх-трох любімых фарбаў… У рэшце рэшт мастак знікне як прафесіянал і як асоба ды пачне меркаваць: што зраблю — тое і добра, для Бабруйска сыдзе і так… Гэта калі паглядзець на сітуацыю з аднаго боку.

— А калі з іншага?

— А з іншага — ёсць Інтэрнэт. Дзякуючы яму можна атрымаць якую заўгодна інфармацыю, кантактаваць з усім светам, наведаць любую выстаўку, даведацца пра любую плынь у мастацтве… І ўсё гэта — не выходзячы з дому. Да таго ж, каб не скіснуць на перыферыі, я імкнуся штогод ладзіць творчыя вандроўкі, і чым больш, тым лепш.

— Куды выпраўляліся сёлета?

— Быў на магілёўскім пленэры з выездам у Расію. Далей — удзельнічаў у вялікай міжнароднай выстаўцы ў Шанхаі. Яна называлася “Гармонія Азіі”, дзе бралі ўдзел 65 мастакоў з 35 краін. Дарэчы, ездзіў я ў Шанхай па запрашэнні арганізатараў выстаўкі, а знайшлі мяне менавіта праз Сеціва. На той выстаўцы кітайцаў і замежнікаў узнагароджвалі асобна. Ад замежнікаў залатым медалём адзначылі маю работу. Потым выстаўка паехала ў Еўропу: Францыя, Бельгія, Галандыя… А разам з ёй у тую вандроўку за кітайскія грошы з’ездзілі і мастакі… Пасля я працаваў на нашым керамічным пленэры “Арт-Жыжаль”. Потым — пленэр у Сербіі…

Пленэр — гэта не проста магчымасць творча папрацаваць. Калі на тое пайшло, дык папрацаваць можна і тут: выехаў за горад, знайшоў прыгожы краявід з лесам ды рэчкай — і малюй сабе. Пленэр — гэта, найперш, творчае сумоўе. Мастакі з розных краін размаўляюць, абменьваюцца буклетамі. Можна нечаму навучыцца, назіраючы, як працуюць іншыя.

Мяне гэта заводзіць, падштурхоўвае. Пасля пленэраў заўжды хочацца працаваць-працаваць-працаваць!

— Атрымліваецца, што пазітыў жыцця ў рэгіёне вызначаецца наяўнасцю Інтэрнэту і магчымасцю калі-нікалі выбірацца ў вялікі свет?

— Я жыву ў Бабруйску сорак тры гады. І каб мне было тут кепска, даўно знайшоў бы магчымасць адсюль з’ехаць. Гэта “мой” горад, мне тут утульна. У Мінску часта бываю. Тры разы на месяц — абавязкова. У салонах, на выстаўках… Дзень у сталіцы знаходжуся — стамляюся. Думаю: хутчэй бы ў Бабруйск!.. Тут спакойна, няма тлуму, знерваванасці. Нават праблема заробку грошай у нас стаіць не так жорстка, як у Мінску. Мо таму, што тут — іншы лад жыцця, патрэбы…

Праблемы, якія існуюць у Бабруйску, падаюцца мне вырашальнымі. Прынамсі, такія людзі, як я, як Валерый Калтыгін, маюць у мясцовай культурнай прасторы ўласную нішу і адчуваюць сваю запатрабаванасць.

— Многіх мастакоў корміць праца ў школах, выдавецтвах, прадпрыемствах, часам ад творчасці вельмі далёкая… Пра вас жа гавораць як пра чалавека, здольнага зарабляць на жыццё творчасцю. Як вы здолелі гэтага дамагчыся?

— Я таксама доўга працаваў у сістэме адукацыі. У Бабруйск прыехаў выкладаць у мясцовым вучылішчы. Арганізаваў у ім аддзяленне керамікі, якога раней не было. Уся мастацкая кераміка Бабруйска грунтуецца на матэрыяльнай базе, да стварэння якой я спрычыніўся. Мой стаж працы ў вучылішчы — трыццаць гадоў, я, наогул, аддаў педагогіцы ладны кавалак жыцця і маю званне заслужанага работніка народнай адукацыі.

Ведаеце, гэтая праца вельмі няўдзячная. Яна патрабуе цябе ўсяго. Працаваць выкладчыкам напаўсілы нельга, а плацяць — капейкі. Ужо чатырнаццаць гадоў, з 2000-га, як я нідзе не працую і жыву выключна з таго, што прадаю карціны. Рэалізую работы, звычайна невялікага памеру, праз мінскія салоны… Я разумею, што гэта — не вялікае мастацтва. Але гэта жывапіс, на які ёсць попыт. Калі ты прафесіянал, дык усё мусіш рабіць сумленна. Мой прафесійны досвед дазваляе мне ствараць якасны жывапіс.

— А вы неяк падзяляеце работы, зробленыя на замову, і тыя, што, як кажуць, для душы?

— Пэўны падзел ёсць, але ён не надта рэзкі. Бывае, рабіў нешта на заказ, а атрымалася так, што самому спадабалася. Іншым жа разам пачынаеш работу з думкай: вось зраблю нешта надзвычайнае, — а праца не ідзе. І стаіць тая карціна ў майстэрні ля сцяны некалькі гадоў, пакуль яе запішаш…

Калі ты прафесіянал, дык і так званую халтуру зробіш якасна. Мне, памятаю, давялося прысутнічаць на сцэне, калі рэпеціравалі “Песняры” яшчэ мулявінскага складу, у час іх прыезду ў Бабруйск. Гэта былі прафесіяналы! Яны працавалі нібыта “на аўтамаце”, але “аўтамат” быў найвышэйшага класа. Зразумела, што і гастроль для іх была не надта важная, і канцэрт, так бы мовіць, прахадны, а ўсё адпрацавалі выключна!..

Згадаю яшчэ адну гісторыю. Я быў у Балгарыі на пленэры, і наведаліся мы, савецкія, у госці да аднаго мясцовага мастака. Добры мастак, сур’ёзны, сярод калег паважаны, у культуры дасведчаны. З тым балгарынам вялі размову пра кнігі Булгакава, фільмы Таркоўскага. І вось ён у нас пытаецца, як мы грошы зарабляем. Ну, як, кажу, ідзеш у мастацкі фонд, бярэш халтуру — адну, другую… Зарабляеш такім чынам грошы на жыццё, а потым можаш займацца творчасцю. Ён абурыўся. Як! Няўжо такое можна! Зрабіўшы халтуру, ты сябе абсалютна прынізіў, прафесійна сябе згубіў! Ці ж можна пасля халтуры высокім мастацтвам займацца? Не, ні ў якім разе!..

Мы, слухаючы гэта, галовы апусцілі… Пытаемся: а як жыць, калі карціны ніхто не купляе? Вось толькі такі спосаб і застаецца: зрабіў халтуру, а потым займаешся творчасцю…

Праз некалькі гадоў я зноў трапляю ў той жа балгарскі горад. Пытаюся, дзе той мастак: нешта яго не бачна. Адказваюць: з’ехаў у Злучаныя Штаты, жыве ў Нью-Ёрку, малюе паштоўкі. Бач, думаю, як Амерыка “пастроіла” таго, хто нам пра высокія матэрыі…

Зразумела, калі выконваеш заказную работу, дык мусіш з меркаваннем замоўцы лічыцца. Пішаш на канкрэтную тэму, канкрэтны сюжэт. Нават пад колер сцяны падладжваешся, калі робіш для канкрэтнага інтэр’ера. А як інакш?..

— А не хацелася стварыць нешта эпахальнае? Нешта такое, каб для вечнасці?..

— Мяне бянтэжыць сама пастаноўка пытання. Вось прыйду я ў майстэрню — і зраблю “эпахалку”, “нятленку”? Думаю, наўрад ці гэта атрымаецца. Мяркую, кожны мастак мусіць рабіць тое, што ў яго атрымліваецца, тое, што для яго звыкла. Вось, згадваю, светлай памяці бабруйскі мастак Рубцоў не мог пісаць невялікія работы, — яму патрэбна было палатно два на тры метры. Я ж такую карціну, пры ўсім старанні, не напішу, прытым што раблю насценныя роспісы. Мастак выбірае сабе тэму, сюжэт і фармат, зыходзячы з уласных магчымасцей. Дарэчы, у геніяльнага Ван-Гога ніводнай “эпахальнай” карціны няма. Эцюды невялікага памеру… Галоўнае — знайсці “свой” момант, свой стыль. Хай будзе ціхая песня, але гэта мая песня…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"