Аўтаклуб з... басейнам

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Культасветнікі Маларыцкага раёна Брэстчыны паважаюць і сябе, і тых, каму штодня нясуць нацыянальную культуру. Імкнуцца ўсё рабіць прафесійна. А прафесійнасць для іх — сінонім эфектыўнасці, выяўленай не толькі ў духоўнай, але і ў матэрыяльнай аддачы. Па выніках пазабюджэтнай дзейнасці мясцовы аддзел культуры нядаўна ўзнагароджаны Ганаровай граматай упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама… Культасветнікі Маларытчыны — у пастаянным творчым пошуку. За новымі формамі і метадамі работы — клопат пра чалавека-працаўніка, і гараджаніна, і вяскоўца.

Сашу ведаюць усе
На пытанні “К” адказвае начальнік аддзела культуры Маларыцкага райвыканкама Людміла ЛЯШЧЫШЫНА.

— У нашай сям’і сабраліся сапраўды прафесіяналы. Амаль усе маюць вышэйшую адукацыю, усе мясцовыя, цудоўна ведаюць традыцыі роднага краю, запатрабаванні людзей… Усяго чатыры месяцы пасля заканчэння вучылішча працуе ў нас Саша Глушчык, але ён ужо дырэктар аўтаклуба. Думаецца, з поспехам аднавілі гэтую напаўзабытую форму работы. Аўтобус абсталяваны самай сучаснай тэхнікай, маршруты яго пралягаюць па ўсім раёне. Сашу ўжо цудоўна ведаюць у самых аддаленых вёсках, і калі бачаць сінюю машыну, чакаюць, што Глушчык вязе свята: будзе ладзіцца ў паселішчы альбо канцэрт, альбо дыскатэка, альбо дэманстрацыя відэафільма. І гэта цудоўна, калі нашы супрацоўнікі асацыіруюцца ў жыхароў раёна з радасцю і святам.

 /i/content/pi/cult/150/1103/Kult2.jpg
Дырэктар аўтаклуба Аляксандр Глушчык.
— Але аўтаклуб, напэўна, заязджае не толькі ў маланаселеныя вёскі?

— Натуральна, чакаюць нас у дзіцячых аздараўленчых летніках, на вытворчых прадпрыемствах… І Аляксандр Глушчык добра разуме асабістую адказнасць, таму збіраецца паступаць у ВНУ, бо без вышэйшай адукацыі цяжка захаваць статус аднаго з папулярных работнікаў нашага аддзела…

— Наколькі ведаю, аўтаклуб з такім наборам абсталявання і паслуг у вобласці пакуль што адзіны…

— Сапраўды, у Сашы ў аўтаклубе апрача відэаплэера і мультымедыйнай апаратуры ёсць і ноўтбук. Бярэ ён з сабой у вандроўкі батут — “сухі” басейн для дзетак. Ды яшчэ ў аўтапрычэпе — атракцыён “Хваля”. Любая ўстанова культуры можа заключаць з кіраўніком мабільнага клуба дагаворы, а ён абавязуецца задаволіць любыя культурніцкія патрэбы насельніцтва. Апрача гукавога забеспячэння вясковых тэматычных дыскатэк, дэманстрацыі відэафільмаў і арганізацыі самых розных гульняў, ён часта запрашае з сабой у паездку і народныя самадзейныя калектывы, нават знакамітых на нашай зямлі “Хаціславян”…

— Хто стаў ініцыятарам аднаўлення гэтай формы работы?

— Канешне ж, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч. Без яго ў нас, бадай, нічога не робіцца, ён заўжды ў курсе нашых надзённых спраў. Старшыня выйшаў на аблвыканкам і дапамог атрымаць сродкі для рамонту гарадскога Дома культуры. Толькі на аднаўленне даху выдаткавана 350 мільёнаў рублёў. Дарэчы, рамонт ДК вядзём паступова, каб не спыняць работу клубных фарміраванняў. Сёлета будзе добраўпарадкавана глядзельная зала, потым — танцавальная. Летась установамі культуры асвоена 2,7 мільярда рублёў. На капітальны рамонт і будаўніцтва ў аграгарадку вёскі Ляхаўцы выкарыстана больш за 208 мільёнаў рублёў, у аграгарадку вёскі Лукава — больш за 625 мільёнаў.

— А колькі зарабілі самі? — Даход ад пазабюджэтнай дзейнасці склаў 168 з лішкам мільёнаў рублёў. Аб’ём жа рэалізацыі платных паслуг насельніцтву перавысіў 158 мільёнаў. Гэтыя грошы
 /i/content/pi/cult/150/1103/Kult1.jpg

Начальнік аддзела культуры
Людміла Ляшчышына.
дапамагаюць нам утрымліваць штат, весці бягучы рамонт, аплачваць транспарт, ладзіць падпіску на перыёдыку, набываць літаратуру для ЦБС… Ужо 10 гадоў, як займаемся пазабюджэтнай дзейнасцю. Зарабляюць метадычны цэнтр (тут дзейнічае платная школа вакальна-харавога мастацтва, дзе рэй вядзе народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак”), народныя самадзейныя калектывы, бібліятэкі… Безумоўна, галоўны артыкул даходаў — дарослыя і дзіцячыя дыскатэкі, вечары адпачынку. Дыскатэкі ладзім па суботах і нядзелях. Па рашэнні старшыні райвыканкама працуюць яны з дзевяці гадзін вечара да гадзіны ночы. У час дыскатэкі ў ГДК працуе кавярня. Абыходзімся, натуральна, без спіртных напояў. Мясцовы прадпрымальнік Алена Алесік запрашае музыкантаў, адказвае па дамове за работу кавярні. У час танцавальных вечароў утульнасць ледзь не хатняя.
— Як я пераканалася, няблага працуеце па ўсіх накірунках. Шмат увагі надаяце энергазберажэнню: на больш эканомныя замянілі старыя лямпы ў школе мастацтваў. Падобнае асвятленне хутка з’явіцца і ў ГДК… Выконваецца Дзяржпраграма па адраджэнні вёскі: адчыніліся Дом фальклору, школа народнай творчасці, філіял ДШМ, музычная школа, у бібліятэках з’явіліся камп’ютэры… Цікава, як для дасягнення пастаўленых мэт супрацоўнічаеце з роднаснымі недзяржаўнымі арганізацыямі, напрыклад, з прафсаюзам работнікаў культуры?

— Абкам прафсаюзаў узначальвае ініцыятыўны чалавек — Галіна Крынец. Вельмі істотна нам дапамагае. Нашы супрацоўнікі дзякуючы прафсаюзам адпачываюць у Адскай вобласці, дзеці — у аздараўленчых летніках… Шмат грамат узяў наш аддзел у час спартакіяды работнікаў культуры. Сярод культасветнікаў Маларытчыны, натуральна, вялікая колькасць і прафсаюзных актывістаў. Адзін з іх — выкладчык школы мастацтваў Таццяна Хутарная.

Калектыў, які яна стварыла, заваяваў Гран-пры на фестывалі “Тэатральнае Палессе”. Самі напісалі сцэнарый і музыку, стварылі касцюмы для казкі-мюзікла, у якой прынялі ўдзел аж 70 дзяцей. З гэтай казкай калектыў аб’ехаў амаль увесь раён. Паслуга — таксама платная.


На парадку дня — кадры

— Не хапае спецыялістаў харэаграфічнага, драматычнага, эстраднага жанраў, — паведамляе дырэктар раённага метадычнага цэнтра Наталля ГАЛАВІЙ. — Зацвярджэнню маладых спецыялістаў спрыяе адкрыты ў Маларыце так званы Клуб навічкоў. За год іх набіраецца чалавек 6-7. Яны перыядычна збіраюцца ў нашым РМЦ, з дапамогай метадыстаў абмяркоўваюць уласныя напрацоўкі, аналізуюць творчы досвед сваіх старэйшых папярэднікаў. Мы вучым іх сцэнарнаму майстэрству, навыкам культарганізатара, даём практычныя парады для наладжвання работы ў гуртках мастацкай самадзейнасці і аматарскіх аб’яднаннях. Для гэтага арганізоўваем семінары, конкурсы прафесійнага майстэрства. Безумоўна, у выніку вось такіх “мазгавых штурмаў” святы вёсак у нашым раёне ператварыліся ў мерапрыемствы гарадскога маштабу. І, канешне ж, не апошняе месца ў іх займае і аўтаклуб.

Наталля Сямёнаўна пазнаёміла мяне і з работай школы вакальна-харавога мастацтва, якая дзейнічае пры метадцэнтры. Самадзейныя артысты з “Рыцкага куфэрка” і педагогі цудоўныя: яны вучаць навічкоў складаць рэпертуар, наладжваць канцэрты, зарабляць грошы на рэалізацыі самых розных паслуг. За 15 гадоў існавання “Рыцкі куфэрак” аб’ехаў з гастролямі ўвесь раён, пабываў і на замежных фэстах, стаў лаўрэатам абласнога конкурсу вакальна-харавога мастацтва.Дарэчы, дырэктар ГДК Анатоль Барысюк таксама вельмі цесна супрацоўнічае з раённым метадцэнтрам. І сваім арганізацыйным досведам дзеліцца з маладымі спецыялістамі. Да ўсяго, ён выдатны вакаліст, бо выйшаў са “спеўнай” вёскі Хаціслаў.— Вёска гэтая — крыніца ледзь не ўсіх нашых творчых кадраў, — патлумачыла Наталля Сямёнаўна.

Усюды існыя “Хаціславяне”
Дзяўчынцы ўсяго пяць гадкоў!
— Насця, вось ты спяваеш і танцуеш цудоўна, а хто табе лапцікі сплёў?
— Дзядуля Сцяпан! А ўвогуле са сцэнічным касцюмам юнай спявачкі цэлая гісторыя была. Вера Нішчык з вёскі Мельнікі даведалася пра таленавітую Насцю Кавальчук з публікацыі райгазеты, падарыла ёй стары нацыянальны строй. А маці Насці Наталя Рыгораўна, кіраўнік гуртка саломкапляцення з Хаціслава, падагнала строй па Насцінай фігуры. Маўляў, спявай, дачка, ды танцуйхаціслаўская традыцыя такая...
У аграгарадкуХаціслаў” — вялікі і дагледжаны Дом культуры. Дырэктарам яго — знакамітая на ўвесь раён пявуння Галіна Хомік. Прыехала сюды з Украіны, таму ў рэпертуары народнага ансамбля народнай песні “Хаціславяне” не толькі беларускія, але і ўкраінскія творы.Васіль Пішчык, старшыня СВК “Хаціслаўскі”, — першы памагаты Галіны Іванаўны. Не шкадуе грошай на транспарт, сцэнічныя касцюмы і інструменты для знакамітага гурта, які ўжо мае свой невялічкі гастрольны бізнес. 30 гадоў Галіна Іванаўна працуе дырэктарам мясцовага ДК.
Два ейныя сыны — таксама ў культуры: Андрэй спявае ў ансамблі, Багдан стаў прафесійным акцёрам і працуе ў Брэсцкім драмтэатры. А Галіна Іванаўна не толькі пяе цудоўна ды кіруе дзіцячым вакальным ансамблем, але лічыцца і майстрам мастацкага слова. Я пераканалася, што ў вёсцы ўсе таленавітыя. Нездарма Хаціслаў — кузня раённых талентаў.“Хаціславяне” не толькі ў спевах першыя. Сабралі па навакольных вёсках стары дзедаўскі рыштунак — атрымаўся ў клубе этнаграфічны куток. І старадаўнія назвы з ужытку не выкінулі, каб памятала моладзь, на якой зямлі жыве. Калыска тут — нэнька, лапці — пасталы, маслабойка — біянка...

Цэнтр “друкуе” таленты
— А вось гэты ўзор, — кажа дырэктар ЦНТ Валянціна Струнец, — я зрабіла звычайнай медыцынскай іголкай.
У Цэнтры вучаць вышываць, ткаць, вязаць, маляваць, ствараць пано са скуры, кветак, нават з насення раслін. А самае каштоўнае — маларыцкі нацыянальны строй...
Гісторыя ўзнікнення Цэнтра народнай творчасці досыць цікавая. І як тут зноў не ўзгадаць старшыню мясцовага райвыканкама. Менавіта пры яго падтрымцы стары, ледзь не зруйнаваны будынак маларыцкай друкарні стаў не проста Цэнтрам народнай творчасці, але і музеем традыцыйнага мастацтва.
Тут наладжана ткацкая вытворчасць, 11 дзетак асвойваюць старыя кросны. А днямі ЦНТ адсвяткаваў 10-годдзе. Айцец Мікалай са Свята-Мікалаеўскага храма асвяціў памяшканне Цэнтра. Было шмат гасцей. Узнагароджвалі майстроў народнай творчасці. Ушанаваны быў і мясцовы мастак Сяргей Бескаравайны. Цэнтр упрыгожвае ягоная галерэя, дзе на кожным партрэце — зямляк.
Здзівіў мяне гурток фларыстыкі. Вельмі своеасаблівыя і тонкія дзіцячыя работы. Наогул, дзейнасць Цэнтра — не толькі адукацыйная, але і навуковая. Тут ашчадна захоўваюцца творы старадаўніх майстроў. На іх аснове буяе сённяшняе народнае мастацтва Маларытчыны. Так што сваё жыццё ў сучасным абліччы працягвае і тканы касцюм з Замшанаў, і вышываны строй з Радзежу, і непаўторная па колеравай гаме апратка з Вялікарыты, Гвозніцы, Сбуража.
Ніколі не бачыла лямцавых касцюмаў. А такія ў Цэнтры ёсць. Зімовы старадаўні строй, які выглядае вельмі сучасна. Вось такі — ды нашым бы модніцам!
— Касцюмы збіралі па вёсках раёна, — распавядае начальнік аддзела культуры Л.Ляшчышына. — Калекцыя унікальная!
Ля Цэнтра хутка з’явіцца фантан. Будзе абсталявана і пляцоўка для выставак-продажаў.

Навошта бібліятэцы інжынер?
Яшчэ адна навіна. У райбібліятэцы з’явілася новая стаўка інжынера па камп’ютэрных праграмах. На гэтай пасадзе цяпер працуе Дзмітрый Піпко — спрактыкаваны камп’ютэршчык, які ўпэўнены, што інжынеру-праграмісту ў бібліятэцы працы хопіць. А тэхнічна-кампютэрныя кансультацыі — адзін з самых перспектыўных відаў платных паслуг.
Дырэктар ЦБС Надзея Курдзюк упэўнена, што такія інжынеры хутка з’явяцца і ў сельскіх бібліятэках.
А ў Піпко шмат задумак. Праграма па інфармацыйна-прававым забеспячэнні насельніцтва ўжо працуе, як гадзіннік, і прыносіць на рахунак аддзела культуры стабільны даход. Наперадзе — іншыя праграмы, бо з 15-ці райбібліятэчных відаў платных паслуг найбольш запатрабаваныя менавіта камп’ютэрныя.
Новая праграма “Памяць Маларытчыны” таксама абяцае стаць адной з папулярных у раёне.
Кніжны фонд раёна — каля 380 тысяч асобнікаў, у тым ліку ў райбібліятэцы — амаль 40 тысяч. За мінулы год платных паслуг чытачам рэалізавана на 13 мільёнаў рублёў. За ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” бібліятэкары з райцэнтра атрымалі дзве прэміі — рэспубліканскую і абласную. Набылі новае абсталяванне і тэлевізар з DVD-прыстаўкай. 

Вольга ЯГОРАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Маларыцкі раён — Мінск
Фота аўтара