У адзінстве з навукай

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Нэлі МАЦАБЕРЫДЗЭ, мастацкі кіраўнік Віцебскай абласной філармоніі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт
2 снежня ў Віцебску распачаўся ХХVI Міжнародны музычны фестываль імя Івана Салярцінскага.

/i/content/pi/cult/512/11028/5-1.jpgГэты форум, традыцыйна звернуты да камернай музыкі розных эпох, уключаючы сучасную, мае сёлета асаблівасці. За гады існавання фестывалю (а праводзіцца ён з 1989 года) на ім пабывалі, і не раз, самыя знаныя музыканты сучаснасці. Склалася нават кола добрых сяброў фестывалю. І першым сярод іх быў, вядома, наш беларускі Ансамбль салістаў “Класік-Авангард” на чале з Уладзімірам Байдавым, які калісьці, будучы родам з Віцебска, і прыдумаў гэтае музычнае свята. Сёлета мы вырашылі пашырыць кола гасцей ды зрабілі стаўку на адкрыццё публікай новых для яе імёнаў.

Гэта, да прыкладу, амерыканскі арганіст Рональд Эбрэхт, канцэрт якога стаўся ўверцюрай фестывалю. Цікавыя музыканты прыязджаюць да нас з Прыбалтыкі. З Літвы — піяніст Аляксандр Ісакаў. А з Латвіі — квінтэт Інгі Берзіні, які будзе выконваць джаз. Джазавая музыка на гэтым фестывалі, прысвечаным класіцы, прагучыць упершыню. Калі мы ўключалі ў праграму джаз, дык зыходзілі з розных пазіцый. Так, у джазе сёння таксама ёсць свая класіка, а кірунак сімфаджаза і ўвогуле знаходзіцца на мяжы дзвюх сфер. Да таго ж сучасны джаз, ва ўсёй праяве найноўшых тэндэнцый, становіцца ўсё больш элітарным мастацтвам. Ён сплятаецца з акадэмічнай музыкай, выкарыстоўвае яе здабыткі, у яго прыходзяць лепшыя музыканты з акадэмічнай падрыхтоўкай.

З Санкт-Пецярбургам фэст звязаны іменем Івана Салярцінскага. Музыказнаўца доўга там працаваў, сябраваў з тамтэйшымі творцамі, сярод якіх быў і Дзмітрый Шастаковіч. Сёлета з паўночнай сталіцы Расіі да нас завіталі Міжнародны сімфанічны аркестр “Таўрычаскі” пад кіраўніцтвам Міхаіла Толікава і лаўрэат міжнародных конкурсаў Алеся Пятрова, якая выступіла з канцэртмайстрам Настассяй Рагалёвай.

Як заўсёды, ёсць у афішы і беларускія музыканты. Паводле традыцыі, “справаздачны канцэрт” правялі выкладчыкі ды навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Салярцінскага. А ўпершыню да нас прыедзе нядаўна створаны сталічны ансамбль салістаў “Партыта”, які закрые фестываль.

Учора і пазаўчора прайшлі ХVI Навуковыя чытанні. Сярод закранутых тэм — творчасць Дзмітрыя Шастаковіча, Барыса Цішчанкі, беларускага кампазітара Аляксандра Літвіноўскага. А цэнтральнай падзеяй стала, безумоўна, прэзентацыя кнігі Таццяны Мдзівані і Веры Гудзей-Каштальян “Кампазітары Беларусі” — неацэннага даведніка, праз які можна атрымаць сведчанні пра нацыянальную музычную спадчыну ХХ і ХХІ стагоддзяў.

Кажучы навуковай мовай, фэст ідзе па шляху сумяшчэння прынцыпаў постмадэрнізму і моцных традыцый, трымаецца на парадыгме шматлікасці, пашырэнні жанравай палітры (з уключэннем музычна-гульнявых жанраў — накшталт канцэрту-балю, пазамузычных сродкаў), у яго арганізацыі выкарыстоўваецца мантажны метад. Так што навуковы падыход і да асэнсавання зробленага, і да фарміравання праграм дае свой плён.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"