Калі лесвіца скрыпіць невыпадкова…

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Колас нам спрыяе. Да знакавых для ўстановы падзей з’яўляюцца новыя музейныя матэрыялы.

/i/content/pi/cult/512/11027/6-4.jpgЛітаральна днямі ўнучка сябра Якуба Коласа па Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі прынесла кніжку “На прасторах жыцця” 1928 года выдання з аўтографам аўтара: “Яўгену Васільевічу Астроўскаму на памяць аб Нясвіжскай семінарыі ад Якуба Коласа. 09. 01. 1929 г.”. А нядаўна атрымалі ліст з Лагойскага раёна ад Галіны Кірэйкавай — дачкі Вольгі Прачук, якая пасля вайны выхоўвалася ў сям’і Песняра. У канверце — копія ліста пісьменніка (1953 года), які віншуе Трусевіча Барыса Іпалітавіча з абраннем у члены-карэспандэнты Беларускай акадэміі навук і просіць дапамагчы ў лячэнні Галіны. І яшчэ адна копія надзвычай прачулага ліста жонкі пісьменніка Марыі Дзмітрыеўны (1945 года, незадоўга да яе смерці ў Маскве) да Вольгі Прачук… Спадзяюся, што арыгіналы гэтых лістоў стануць нашымі экспанатамі.

Мемарыяльны музей сёння імкнецца не страціць сваю адметнасць, але ісці ў нагу з часам. Штогод ладзім міжнародныя “круглыя сталы”, удзельнікі якіх — калегі з Украіны, Расіі, Прыбалтыкі, прадстаўнікі нашых устаноў, што носяць імя Якуба Коласа. Такія сустрэчы дазваляюць абмеркаваць актуальныя пытанні развіцця музейнай справы, абмяняцца досведам, наладзіць стасункі. У мінулым годзе стварылі віртуальную кнігу, дзе можна пагартаць старонкі першых выданняў твораў Якуба Коласа, азнаёміцца з ілюстрацыямі да твораў, урыўкамі з фільма “На ростанях” і са спектакля “Сымон-музыка”. Працуе інтэрактыўна-мультымедыйны комплекс “Чалавек. Эпоха. Час”, у якім змешчаны багатыя фондавыя калекцыі, радаводнае дрэва Песняра, інфармацыя пра гісторыю музея. Кожны, хто наведае Дом Коласа, зможа паўдзельнічаць у стварэнні ўнікальнай паштоўкі з уласным фотаздымкам, праверыць сваю эрудыцыю ў віктарыне “Таямніцы Дома Песняра”. Яна разлічана на тры катэгорыі: добра ведаеш Коласа — атрымліваеш 300 “каласкоў”, за якія цягам года можна ўсёй сям’ёй наведваць усе музейныя філіялы бясплатна, ведаеш крыху слабей — 200 “каласкоў”, разлічаных толькі на двух чалавек, а сто каласкоў гарантуюць разавы візіт для аднаго чалавека. Добрым напамінам аб наведанні музея стане кампакт-дыск з вершам ці ўрыўкам з прозы, паэм, што гучаць у выкананні канкрэтнага музейнага наведвальніка. Лепшага сувеніра на памяць і не прыдумаць!..

Увялі гукавую інсталяцыю ў Коласавым кабінеце. Патлумачу. Мне захацелася вярнуць апошнія хвіліны жыцця пісьменніка. Цяжка хворы Колас вяртаецца з ЦК (свой ліст пра неабходнасць больш паважлівага стаўлення да роднай мовы, культуры ён не змог перадаць кіраўніцтву, бо ішло пасяджэнне). Пісьменнік спяшаецца дахаты, бо ўнучка Марыя 13 жніўня святкуе дзень нараджэння. І наведвальнікі чуюць: скрыпіць лесвіца, даносяцца цяжкія крокі стомленага чалавека, які згубіў жонку і сына Юрку, рыпяць дзверы на другім паверсе, з радыёпрыёмніка ў кабінеце транслююцца беларускія навіны на рускай мове… Чутно, як гаспадар дома выключае прыёмнік, падыходзіць да рабочага стала, садзіцца, бярэ слухаўку, збіраецца тэлефанаваць — ніхто не адказвае… Адкрываецца шуфлядка, чуваць, як Колас бярэ аркуш паперы, пачынае пісаць асадкай з любімым пёркам № 86… Раптам ціканне гадзінніка спыняецца. Пранізлівая цішыня: Коласа не стала…

"Гучыць" і гасцёўня. Колас не вельмі хацеў жыць у спецыяльна пабудаваным для яго доме. Маўляў, не да шыкавання, калі людзі жывуць у галечы. Але… Паэт пераўтварыў дом у своеасаблівы цэнтр нацыянальнай культуры, дзе збіралася інтэлігенцыя. У гасцёўні гучалі песні, музыка, вершы... Можна іх пачуць. А сёння мы працягваем традыцыю літаратурных сустрэч у музейнай гасцёўні.

Мы знайшлі ў архіве запісы пахавання Песняра, дзе на фоне жалобнай музыкі гучаць вершы, развітальныя словы. Выкарыстоўваем і гэтыя матэрыялы. А ў дворыку як прынада для патэнцыйных наведвальнікаў створаны літаратурны куток. Тут можна ўбачыць выявы Лабановіча, Ядвісі, Сымона-музыкі. Гэта сімвалы таго, што менавіта ў доме заканчвалася трылогія “На ростанях” і што натхненне суправаджала Якуба Коласа да апошніх дзён. А дзяцей сустракаюць героі казак Песняра. Налета з’явяцца вобразы Савося-распусніка і сабачкі Рудзькі, а на спецыяльных модулях — цытаты з твораў пісьменніка, што характарызуюць яго як творцу, які філасафічна асэнсоўваў жыццё…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"