"Вкантактам" не выйшаў…

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Днямі натрапіў на скаргу невядомага (прынамсі, мне) музычнага калектыву — дуэта, што грае ці то блюз, ці то кантры па-англійску. Скарга адрасавалася адной са сталічных FM-станцый з прычыны таго, что песні калектыву не трапілі не тое што ў ратацыю — наогул у эфір. Але здзівіў мяне не змест і не якаясьці вытанчана-саркастычная форма “наезду”.

/i/content/pi/cult/512/11023/2-1.jpgУ працэсе “выкладкі” фактаў музыканты адзначылі: адзін з беларускіх тэлеканалаў для сваёй музычнай праграмы карыстаецца нячутым раней (прынамсі, мной) спосабам выбару гуртоў для запісу перадач. Рэдактар адмаўляе ці пагаджаецца весці перамовы з калектывам па колькасці… упадабанняў іх старонкі ў сацыяльнай сетцы. Відаць, спадзеючыся атрымаць гарантаваную аўдыторыю хаця б з некалькіх тысяч чалавек.

І тут я пачаў уяўляць, як мы адмаўляемся пісаць пра выстаўку (скажам, групавую) толькі з той нагоды, што выставачная зала ідэальна пустая — у сэнсе, без гледачоў (даруйце, такія рэаліі). Альбо не паедзем у рэгіянальны тэатр, бо яны не перапосцяць на сваю старонку ў фэйсбуках-кантактах-аднакласніках спасылку з нашай публікацыяй. Урэшце, можна адмовіцца ад камандзіровак па тых несталічных установах культуры, што не маюць прыхільнікаў у сацыяльных сетках. Вось цікавая будзе газета!

Так, у кожнага выдання, любой адзінкі медыяпрасторы наогул свае ўяўленні пра фармат-нефармат. Але ж ці варта зводзіць ацэнку патэнцыялу да колькаснай планкі, тым больш, калі мы гаворым пра айчынны музычны рынак, дзе ўвесь час узнімаецца пытанне новых імёнаў, новых твораў ды “новай крыві”? Таму пытанне ацэнак адкрытае: давайце абмяркоўваць!

А што да таго дуэта… Лішне казаць, што ў тэлепраграму ён так і не трапіў. "Вкантактам" не выйшаў…

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах