Канкурэнцыя ці выпрабаванне?

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Якія вынікі ІІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі?
У апошні дзень восені ўрачыстым уручэннем узнагарод былі падведзены вынікі ІІІ Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія”. Праз дзень адбыўся “круглы стол”, дзе гучалі прапановы па арганізацыі і правядзенні творчага спаборніцтва надалей. Якімі ж атрымаліся вынікі? Бо галоўны з іх — не хто якое месца заняў, а якія цяперашнія стан, зрэз і ўзровень нашай тэатральнай культуры. І куды, увогуле, яна рухаецца?

/i/content/pi/cult/512/11021/9-3.jpg

На віды — разлічыся!

Тое, што вышэйшую планку развіцця айчыннага тэатральнага мастацтва вызначаюць сціплыя “лялечнікі”, а не прадстаўнікі іншых яго відаў, стала зразумела яшчэ ў час першага правядзення Нацыянальнай прэміі (а тым, хто не абмінае сваёй увагай лялечныя тэатры, найперш — Мінска ды Гродна, і куды раней). Праўда, колькі ні прывозілі б яны найпрэстыжных замежных узнагарод, не знікнуць і прыхільнікі той думкі, што “гуляць у лялькі” прыстойна хіба ў няхітрых дзіцячых спектаклях. А замяняць лялек “жывой натурай” і ўвогуле не трэба, бо гэта, як няцяжка зразумець, “парушае правы” тэатра драматычнага (хаця апошні, прызнацца, у сусветных маштабах удала рухаецца па шляху разнастайных праяў сінтэзу). Проста, у “лялечнікаў” (можа, ужо ў сілу прафесіі) лепш развіта фантазія тэатральных пераўтварэнняў, а не мыслення на ўзроўні “выйшаў з правай кулісы, сышоў у левую”. Дый па замежжы яны больш ездзяць (зноў-такі, яшчэ і таму, што абсталяванне больш кампактнае). Прычым не толькі “на гастролі”, але і на фестывалі, з усёй іх эксперыментальнасцю, што вызначае новыя кірункі руху. Яны проста больш бачаць! Таму, пэўна, і ад шырмы (ва ўсіх сэнсах слова) адмовіліся, бо як зойдзеш за яе — нічога не відаць.

Тэатрам драматычным тыя эксперыментальныя памкненні штогод дэманструе сталічны фестываль “ТэАРТ”. Толькі тыя кірункі ўсур’ёз успрымае хіба дасведчаная публіка. Тым не менш, зрухі ёсць! І вельмі заўважныя. Калі лепшыя драмспектаклі мінулых прэмій працягвалі лепшыя традыцыі і эстэтыку 1980-х, дык сёлета сярод вылучаных былі і больш “авангардныя”.

Атрымаўшы асобныя намінацыі (і асобнае журы), з месца зрушыў і Вялікі тэатр, прапанаваўшы на конкурс дзве оперы, — абедзве ў пастаноўках замежных рэжысёраў ды мастакоў, з запрашэннем замежных салістаў на вядучыя партыі. У выніку такой барацьбы прадстаўнікоў Германіі і Эстоніі перамог нямецкі рэжысёр, стаўшы лаўрэатам Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі. Балетная трупа, наадварот, прэзентавала нацыянальны прадукт — спектакль “Вітаўт”. І не прагадала: той, нягледзячы на мноства выказаных у свой час крытычных заўваг, быў адзначаны не толькі ў безальтэрнатыўных балетных намінацыях, але і як “Лепшая сучасная беларуская пастаноўка”. У гэткай жа безальтэрнатыўнасці, заявіўшы задоўга да пачатку падачы заявак, перамог і Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, заявіўшы мюзікл “Соф’я Гальшанская”. Пры гэтым для саміх кампазітараў — Вячаслава Кузняцова і, адпаведна, Уладзіміра Кандрусевіча — статуэткі бусла, што стаіць на калоне, не прадугледжваліся: ну няма такіх намінацый!

Між тым на фоне агульнай тэатральнай панарамы ўвасабленне музычных спектакляў, вылучаных на прэмію, у параўнанні з лепшымі замежнымі аналагамі, — шмат у чым не “дацягвае”. А вось майстэрства асобных артыстаў — на суперузроўні.

Што ж, прадстаўнікі шматлікіх драматычных тэатраў маглі б павучыцца, як ствараць бяспройгрышны варыянт. Запрашаем, да прыкладу, Някрошуса. Разам з артыстамі яго трупы — на цэнтральныя ролі. І дадаём “артыстычную зборную” прадстаўнікоў нашых тэатраў. Пры такой “безальтэрнатыўнасці” ніхто не будзе пакрыўджаны: удзельнічалі — усе. І хаця намінацыі кшталту “Лепшы спектакль” можна дзяліць не больш як на пяць чалавек, пра тое, што нельга дзяліць на ўсе 28 тэатраў, нічога не сказана.

Жарт мой, можа, і няўдалы, але ў новым Палажэнні аб парадку правядзення конкурсу і сапраўды хапае плыткіх месцаў. Былі яны і ў праграме праглядаў, быццам наўмысна створанай так, каб ніхто з членаў трох журы не змог паглядзець спектаклі “не сваёй групы”. Цікава, што гэтак жа, пры адсутнасці “сумеснага прагляду”, ішло галасаванне і па трох намінацыях, звязаных з пастаноўкай для дзяцей, хаця там былі як лялечныя, так і драматычны спектакль, і па намінацыі “Лепшая сучасная беларуская пастаноўка”, хаця там быў яшчэ і балет. А цяпер крыху матэматыкі. У журы драмтэатра — 13 чалавек, а дзіцячы драмспектакль — адзін. У журы лялечнага — 11, а спектакляў, вылучаных па гэтай намінацыі, — два (значыць, тыя 11 могуць яшчэ і падзяліцца). Дык хто пераможа? Прыблізна гэтак жа — з беларускай пастаноўкай, дзе былі вылучаны тры спектаклі, прагледжаныя “драмжуры”, і два — музычным.

Нашы творцы, і без таго раз’яднаныя, не ведаюць, што робіцца “ў суседнім цэху”, а часам — і ў бліжэйшых калег. Дык навошта ж пагаршаць і без таго не лепшую сітуацыю? А між тым “Аракул?..” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, прызнаны “Лепшым спектаклем тэатра драмы”, мог бы ацэньвацца і як беларуская, і, па шчырасці, як музычная пастаноўка. Так, драматычным акцёрам не дасягнуць вяршынь опернага бельканта, але чаму б не параўнаць рэжысуру? Бо згаданае прачытанне п’есы А.Макаёнка ўтрымлівала відавочныя спасылкі на многія музычна-тэатральныя жанры і стылі, уключаючы знакаміты шпрэхгезанг — асаблівы тып вакальнай рэчытацыі, вынайдзены Шонбергам.

Дарэчы, што ўвогуле мелася на ўвазе пад азначэннем “спектакль музычнага тэатра”? Калі ў Беларусі ёсць калектыў, які так і называецца — Музычны тэатр, дык гэта, атрымліваецца, яго “ўласная” намінацыя? А опера і балет — гэта, значыць, не музычны тэатр? Ніякіх тлумачэнняў на той конт у Палажэнні, зноў-такі, няма.

Пра інфу...

Новага, зацверджанага ў кастрычніку 2014 года, Палажэння няма на сайце Міністэрства культуры, — па-ранейшаму змешчана Палажэнне 2010 года. На яго ж выводзіць і сайт Купалаўскага тэатра, які выконваў абавязкі дырэкцыі падзеі. Дый у новым тэксце хапае непаразуменняў. Да прыкладу, шматразова выкарыстанае там азначэнне “найлепшы”, што азначае “самы-самы лепшы”, “лепшы з самых лепшых”, як правіла, на конкурсныя намінацыі не распаўсюджваецца, бо ёсць добрае беларускамоўнае азначэнне “лепшы” (лучший). А што такое “акцёрская работа ў спектаклі оперы”? Ці тое ж самае — “у спектаклі балета”, “у спектаклі музычнага тэатра”? Гэта значыць — ацэньваюцца выключна акцёрскія здольнасці ды дасягненні, незалежна ад спеўных ці харэаграфічных? І чым дрэнныя звыклыя азначэнні “за лепшую ролю”, “за лепшую партыю”?

Увогуле, пры вызначэнні тых або іншых намінацый звычайна існуюць два падыходы. Першы — калі намінацыі абвешчаны яшчэ да пачатку стварэння конкурсных работ — можа садзейнічаць развіццю менавіта той сферы, на якую робіцца акцэнт. Другі — калі намінацыі вызначае само журы, прыдумваючы, за што менавіта ўзнагародзіць таго або іншага творцу, — скіравана на падтрымку ўсяго самага цікавага і таленавітага. А што ў нас?

Намінацыя “Лепшы дэбют” спачатку мела на ўвазе любога творцу да 35-ці гадоў: рэжысёра, акцёра, мастака (праўда, толькі ў драматычных спектаклях). Потым былі ўнесены дадатковыя абмежаванні: гэта павінна была быць першая пастаноўка рэжысёра ў азначаным узросце. Хацелі стымуляваць моладзь? Але дадзены пункт з’явіўся 24 чэрвеня бягучага года, прытым што ўдзельнічаць маглі спектаклі, пастаўленыя да 11 красавіка. Іншымі словамі, у чэрвені ўжо дакладна было вядома, што такіх спектакляў папросту няма (ці могуць яны быць увогуле — іншае пытанне). Дык на што было накіравана змяненне? Дарэчы, ніжэйшая храналагічная планка пастановак увогуле не была азначана — значыць, можна было прапаноўваць на конкурс работы любой даўнасці?

Ці не з-за гэтага і ўзнікла непаразуменне, калі “Чорную курыцу...”, пастаўленую Беларускім тэатрам “Лялька” з Віцебска ажно ў 2006-м, адборачная камісія адхіліла.

Абралі-недабралі?

Вялікі тэатр вылучыў тры работы: дзве оперы і адзін балет. Фармальна, гэта парушэнне згаданага Палажэння, у якім прапісана: ад аднаго тэатра — не больш за два спектаклі. З іншага боку, перад намі дзве асобныя трупы ў складзе аднаго тэатра. І тут таксама аб'ектыўна важны нюанс. Балазе на тым жа “круглым стале” ўсе ў адзін голас прамаўлялі пра неабходнасць хоць якой альтэрнатывы.

Але і пры такой абмежаванасці не ўсе тэатры, на жаль, скарысталі свае магчымасці. Фармулёўкі Палажэння не дазвалялі вылучаць тыя ж мюзіклы, што ставяцца (і былі пастаўлены ў азначаны перыяд!) у тэатрах драматычных, — згадайма хаця б “Пышку” Уладзіміра Кандрусевіча, увасобленую, прычым на беларускай мове, тэатрам “не музычным”, а Нацыянальным акадэмічным драматычным імя Якуба Коласа ў Віцебску. Была і такая тэндэнцыя: тэатры вылучалі не столькі папраўдзе лепшыя спектаклі, колькі тыя, якія, на думку кіраўніцтва, трэба было б адзначыць. Сярод опер апошняга часу магла б быць, да прыкладу, пастаноўка “Турандот”, але рэжысёрская работы Міхаіла Панджавідзэ была ўжо адзначана — прэміяй колішняй “Аідзе”. Сярод балетаў — “Вітаўт” ніяк не быў лепшым па харэаграфіі сярод прэм’ер Вялікага тэатра, дзе відавочна лідзіравалі “Шэсць танцаў Моцарта” (і прэмію, калі што, трэба было б аддаваць замежнай пастановачнай групе, якая перанесла спектакль сусветна прызнанага Іржы Кіліяна на нашу сцэну).

Не былі скарыстаны і магчымасці журы — не прысуджаць тую або іншую прэмію ўвогуле, калі няма годных прэтэндэнтаў. Але ў каго ж узнімецца рука пазбавіць дзеячаў культуры хоць якой грашовай падтрымкі, ды яшчэ пры безальтэрнатыўнасці? Хаця, прызнацца, на тых жа выканальніцкіх конкурсах, калі раптам не хапае дастатковай колькасці годных прадстаўнікоў нейкіх спецыяльнасцей, іх могуць аб’яднаць у адну: да прыкладу, скрыпка — і разам альт, віяланчэль і кантрабас, ці мужчынскія галасы (без падзелу на тэнары, барытоны, басы) — і жаночыя (а не асобна сапрана ды меца). І гэта, пры ўсёй рознасці спецыяльнасцей ці жанраў, — правільны падыход.

Моладзь ды дзеці

Што ж да вынікаў уласна мастацкіх, незалежна ад колькасці прэмій ці іх адсутнасці, дык агульны ўзровень паказаў быў вельмі добры. У адрозненне ад мінулых Нацыянальных прэмій, сярод адабраных спектакляў не аказалася “правальных”: у кожным — хаця б нешта можна (і трэба!) было б вылучыць.

Гонар выклікалі так званыя рэгіянальныя тэатры. Яны былі не проста “на ўзроўні”, а яшчэ і вышэй, прычым некаторыя — куды лепш за сталічныя. І справа не толькі ў тым, што ў іх працавалі запрошаныя мінчане: рэжысёр Аляксей Ляляўскі быў адзначаны за сталічную “Ладдзю Роспачы” і брэсцкага “Самазванца”, як і яго выхаванец Аляксандр Янушкевіч — за “Карлсана...” ды маладзечанскія “Шматочкі па закуточках”. Нельга было не заўважыць той жа Магілёў — з абодвума яго спектаклямі: “Гамлетам” у лялечным тэатры і “Фрэкен Жулі” — у драматычным, дзе Саўлюс Варнас быў прызнаны “За лепшую рэжысёрскую работу”. Насамрэч, прэмій магіляўчанам магло б быць больш: Алена Крыванос (Фрэкен Жулі) і Юрый Дзівакоў (Гамлет) былі сярод лепшых выканаўцаў галоўных роляў, а рэжысёр Ігар Казакоў, які трансфармаваў трагедыю ў “трагіфарш”, — сярод лепшых рэжысёраў, надзеленых неардынарным мысленнем.

Гродзенскага лялечнага “Фаўста...”абышлі прызамі, пэўна, за мінулыя поспехі “Пікавай дамы”, адзначанай два гады таму па ўсіх намінацыях адразу. Але тыя, хто, можа, упершыню сутыкнуўся з тэатрам, не маглі не адкрыць для сябе рэжысёрскі талент і глыбока філасофскую, нават навуковую, дапытлівасць Алега Жугжды, а таксама артыстычны бляск Ларысы Мікуліч у ролі Мефістофеля.

Шкада, што не быў адзначаны Аляксей Карпец (спектакль “Падобны да Стынга” Мінскага абласнога драматычнага тэатра з Маладзечна), які акрамя ўласна акцёрскіх здольнасцей прадэманстраваў нешараговыя пластычныя і оперна-вакальныя. Цікавую жанравую трансфармацыю атрымала “гісторыя сталення ў стылі рок-н-рол” (“Над прорвай у жыце” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы ў пастаноўцы Цімафея Ільеўскага). Праўда, на прэстыжнай Купалаўскай сцэне некаторыя спектаклі крыху “губляліся” — у тым ліку і з-за іншай атмасферы ў зале.

Конкурс выявіў і тое, што сучасная моладзь пастаноўкамі не абдзелена: ёсць і наўмысна эпатажныя, і проста “добрыя”. А галоўнае — яны ўзнімаюць тэмы, блізкія падлеткам і юнакам, літаральна “правакуюць” на паход у тэатр у добрай кампаніі (у тым ліку сямейнай), каб потым было з кім абмеркаваць, падзяліцца ўражаннямі, узняць праблемы, якія хвалююць.

А вось з дзіцячай аўдыторыяй — усё больш складана. Наперадзе, зноў-такі, аказаўся тэатр лялечны: і па колькасці, і па якасці. Лепшым жа спектаклем для дзяцей была прызнана “Снежная каралева” ў Драматычным тэатры Беларускай Арміі. Гэта, вядома, адразу прыцягне ўвагу грамадскасці да пастаноўкі. Разам з тым, вядомая казка Андэрсена (дарэчы, цалкам хрысціянская ў арыгінале: Герда, знайшоўшы Кая, выратоўвала яго малітвай) у пераказе Аляксея Дударава стала гэткай праекцыяй на “мыльныя” серыялы. Разбойніца аказваецца... сястрой Герды (ну проста мексіканскія жарсці!), а Герда не праходзіць доўгім шляхам пошукаў ды пакут, а адразу атрымлівае дапамогу Феі Руж. Карацей, галоўнае ў жыцці — своечасова знайсці апякунства з боку добрага спонсара-ахоўніка. А што, вельмі сучасна.

Увогуле ж, надалей вельмі хацелася б, каб Нацыянальная прэмія была скіравана не адно на вынік (маўляў, улічваецца канкрэтны паказ, з усімі яго выпадковасцямі), але і на перспектыву — на новыя шляхі, якія зрушваюць наша тэатральнае мастацтва і якія ў стане зрабіць яго канкурэнтаздольным па ўсіх паказчыках.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"