Фрыц Шменкель — Герой Савецкага Саюза

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Ішоў лістапад 1941 г. Гітлераўскія войскі блізка падышлі да Масквы. У гэтыя дні нямецкі яфрэйтар Фрыц Шменкель пакінуў сваю частку ў раёне Вязьмы. Без зброі, без рыштунку ішоў ён ад вёскі да вёскі, шукаў партызан. У сяле Падзелішча на Смаленшчыне ён зайшоў у дом Паручыкавых, гаспадар якога быў партызанскім сувязным. Адсюль Фрыц Шменкель трапіў да партызан. “Я не фашыст, я камуніст”, — упарта цвердзіў ён. З дапамогай перакладчыка распавёў пра сябе. Нарадзіўся 14 лютага 1916 г. у Германіі у горадзе Відзаў. У 1938 г. быў прызваны ў армію. Каб не служыць нацызму, дэзерціраваў у кастрычніку 1939 г., за што быў зняволены на паўтара года ў турме Таргау. Адбыўшы тэрмін, ён добраахвотнікам пайшоў на фронт. Толькі жонка Эрна правільна зразумела яго развітальныя словы: “Цяпер я ведаю, што мне рабіць”.

Камандзір партызанскага атрада “Смерць фашызму!” уважліва выслухаў перабежчыка. Вырашылі пакінуць немца ў атрадзе, але зброю пакуль не выдаваць і трымаць яго пад наглядам.

У першы бой за вёску Курганава Фрыц пайшоў з біноклем. Ён павінен быў весці назіранне за праціўнікам. Разам з партызанам-кулямётчыкам уладкаваўся на гарышчы драўлянага дома. Падпусціўшы гітлераўцаў блізка, партызаны адкрылі агонь. Фрыц паказваў цэлі свайму таварышу. Зарыентаваўшыся, фашысты ўзялі дом пад абстрэл і паранілі кулямётчыка. У гэтым баі Фрыц забіў ворага, які спрабаваў прыхавацца ля сцяны дома, выратаваў параненага таварыша і здабыў сабе зброю — ручны кулямёт. Партызаны прымусілі праціўніка адступіць.

Хадзіў Шменкель у разведдазоры. Аднойчы на дарозе разам з баявымі таварышамі спыніў легкавы аўтамабіль, у якім ехалі двое нямецкіх афіцэраў з суправаджаючым. Западозрыўшы няладнае, фашысцкі лейтэнант схапіўся за кабуру, але Фрыц апярэдзіў яго. Шафёр націснуў на газ, і тут Шменкель чаргой з кулямёта прадзіравіў шыны. Партызаны захапілі штабныя дакументы, зброю і палонных. Пасля гэтай аперацыі ў атрадзе Шменкеля сталі называць Іванам, Іванам Іванавічам, Ванем.

У чэрвені 1942 г. партызаны атрада прынялі прысягу. Фрыц Шменкель цвёрда вымаўляў кожнае слова: “Я, грамадзянін Германіі, клянуся, што не выпушчу з рук зброю датуль, пакуль русская зямля і мая радзіма не будуць вызвалены ад фашыстаў… Я клянуся ўсімі сіламі дапамагаць Чырвонай Арміі, не шкадуючы пры гэтым свайго жыцця…”.

Пра з’яўленне сярод партызан нямецкага ваеннаслужачага даведаліся фашысцкія разведслужбы. За сям’ёй Шменкеля ў Германіі быў усталяваны нагляд, яе пазбавілі выплат, у доме правялі вобыск. За галаву Фрыца была прызначана ўзнагарода: 25000 нямецкіх марак.

Пасля доўгіх і цяжкіх баёў з карнікамі партызаны атрада “Смерць фашызму!” злучыліся з савецкімі войскамі. Фрыца Шменкеля з абмарожанымі нагамі адправілі на лячэнне ў санаторый Міціна на Волзе. Пасля выздараўлення, вясной 1943 г., прыбыў у штаб партызанскага руху Смаленскай вобласці — у новай ваеннай форме, з ордэнам Чырвонага Сцяга на грудзях. На працягу 8 месяцаў праходзіў падрыхтоўку да працы ў тыле гітлераўцаў.

30 снежня 1943 г. Ф.Шменкель перайшоў лінію фронту. Пры выкананні баявога задання ў Мінску яго схапілі фашысты і жорстка катавалі.

Ваенны суд прыгаварыў Шменкеля да расстрэлу, пасяджэнне праходзіла ў будынку на плошчы Свабоды. 22 лютага 1944 г. прысуд быў выкананы...

У 1964 г., у дні святкавання 20-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць гітлераўцаў, Фрыцу Шменкелю было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Яго імя занесена ў беларускія энцыклапедыі, пра яго напісана шмат артыкулаў і кніг. Кінематаграфісты Беларусі і Германіі знялі пра Фрыца Шменкеля фільм “Я хачу вас бачыць”.

Раіса ЧАРНАГЛАЗАВА
Мінск