Прыблізна аднолькавае

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

У лабірынтах руху: наперад-назад-улева-ўправа...
ХХVII Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC-2014) завершаны. Пераможцы міжнароднага конкурсу, што ладзіўся ў яго рамках, названы. Іх, дарэчы, аказалася як ніколі шмат — ажно 13. Бо Другую прэмію дзялілі на траіх, Трэцюю — таксама. Але і гэтага не хапіла! На прыз “За лепшы дэбют” журы выклала грошы з уласных кішэняў. Яшчэ чатыры прэміі заснаваў экспертны савет. Што ж гэта за такі зарапад?

/i/content/pi/cult/512/11019/8-1.jpg

Зарапад ці...

Калі чагосьці надта шмат, яно абясцэньваецца. І датычыцца гэта не толькі грашовай “інфляцыі” (калі тую ж Трэцюю прэмію ў тысячу долараў падзяліць на траіх, кожнаму атрымаецца — па 333 з хвосцікам). Павышаная колькасць узнагарод звычайна сведчыць не столькі пра неверагодна высокі ўзровень канкурсантаў, колькі пра іх роўнасць між сабой: маўляў, усе — прыблізна аднолькавыя. Адзначыць калі не ўсіх, дык максімальную колькасць удзельнікаў імкнуцца і на конкурсах аматарскіх. А што ж на сёлетнім IFMC? На жаль, на гэтым надзвычай прэстыжным фестывалі з сусветна вядомым брэндам праявіліся абодва вышэйазначаныя сімптомы: і падабенства ўдзельнікаў (дзе вы, творчыя адметнасці?), і іх узровень.

Цяперашняя “самадзейнасць” — зусім іншага кшталту, чым тая, што панавала на IFMC у сярэдзіне 1990-х. Тады конкурсная праграма літаральна фантанавала новымі ідэямі (як аўтарскімі, так і запазычанымі), якія часам спалучаліся з няўменнем годна іх увасобіць. Іншымі словамі, было што сказаць, не было — як. У некаторых выпадках сама харэаграфія не ўтрымлівала новай мовы, у іншых — з даволі цікавай пластыкай папросту не спраўляліся нягеглыя (а здаралася, і ўвогуле бездапаможныя) целы танцоўшчыкаў. Не дзіва, што на такім конкурсе, дзе ацэньваецца кампазіцыя цалкам, у сукупнасці пастаноўкі і выканання, беларускія ўдзельнікі ў фінал не траплялі: для іх ладзіўся асобны конкурс — паміж сабой, які чаргаваўся з міжнародным. Затое адразу былі відавочнымі лідары. І сярод іх — такія знакавыя харэаграфічныя калектывы, якія задавалі тон усяму конкурсу ды фестывалю, як “Балет Яўгена Панфілава”, “Правінцыйныя танцы” Таццяны Баганавай.

Але ж, сапраўды, правінцыя правінцыі розніца. Быццам акурат для таго, каб заўсёднікі фестывалю (а такіх нават сярод публікі — процьма) маглі правесці параўнанні, сёлета замест тых “Правінцыйных танцаў” з’явілася мініяцюра “Правінцыя” Тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі Дзіяны Юрчанка з Віцебка, атрымаўшы “падзеленую” Другую прэмію. Можна правесці і іншыя параўнанні: колішнія кітайскія нумары, што рабілі фурор, а аднойчы і ўвогуле атрымалі ўсе найвышэйшыя ўзнагароды, былі куды больш дасканалымі, чым сёлетні японскі “Nil” — папраўдзе лепшы сярод астатніх. Уласна кажучы, гэта ўвогуле быў ледзь не адзіны нумар, які прэтэндаваў на драматургічную завершанасць ды гарманічнасць складнікаў, дый адпавядаў сучаснай харэаграфіі ўжо паводле эстэтыкі.

Усё астатняе было — нашмат ніжэй па ўзроўні. І прыблізна аднолькавае. Далёка не на ўзроўні яснай пластычнай фармулёўкі ды лагічнага развіцця задумы. Не верыце? Паглядзіце зробленыя на гала-канцэрце фотаздымкі, якіх багата выкладзена ў Інтэрнэце. Ці ёсць сярод іх хаця б адзін выразны ды адпаведны сучаснай харэаграфіі? Усё гэта, у лепшым выпадку, — сцэны з драматычных спектакляў аматарскіх тэатраў. На першым жа туры сустракаліся ніякаватыя класічныя па, якімі, бы ў савецкіх харэадрамах, пераказваліся асноўныя сюжэтныя калізіі той жа “Анны Карэнінай”. Яшчэ больш відавочным стаў і заўважны ўжо цягам некалькіх гадоў крэн у бок эстраднасці: многія калектывы прывозілі адкрыта эстрадныя нумары — гэткія песенныя “падтанцоўкі”, што не адпавядаюць фармату спаборніцтва. Так, напрыканцы 1980-х, калі віцебскі фестываль яшчэ толькі нарадзіўся і называўся “Белы сабака”, ён і сапраўды спецыялізаваўся на эстрадных танцах. Але потым смела рушыў у бок сontemporary dance, развіваючы самы перспектыўны напрамак. Няўжо ўсё напрацаванае, як кажуць, “накрылася тазікам”? Тым больш, што Першую прэмію атрымаў акурат нумар з тазікам — “На кончыках пальцаў” Тэатра танца “O’she” з Волагды. Але справа не ў самой гэтай ёмістасці (колькі гадоў таму на IFMC быў нумар нават з ваннай), а ў тым, што яна ніяк не была абыграна, “абтанцавана”.

У чым жа прычыны такога стану? Думаецца, яшчэ і ў нізкім прызавым фондзе. Навошта ехаць на конкурс тым, хто ўжо неяк зарэкамендаваў сябе, калі стаўкі — капеечныя? Падобна на тое, арганізатарам папросту няма з каго выбіраць. З колькасцю заявак — праблем няма (з больш як 50 прэтэндэнтаў засталося 33). Праблемы — у якасці.

Пашырэнне са звужваннем

Неадпаведнасць многіх конкурсных работ сontemporary dance адчувалася так востра яшчэ і таму, што сёлета IFMC, як і многія іншыя святы ды форумы, пашырыў свае мастацка-жанравыя межы. У ягоную палітру дадаліся не толькі фотавыстаўкі, якія ладзіліся тут спрадвек, але і ўласна жывапіс. У цэнтральным фае Канцэртнай залы “Віцебск” адкрылася выстаўка Анатоля Кузняцова “Каларыстычная прастора”, якая ў дадзеным асяродку ўспрымалася прамым адлюстраваннем балетнага авангарда. Часам здавалася, што некаторыя палотны быццам паўтаралі траекторыі рухаў артыстаў у лепшых паказах мінулых гадоў.

Яшчэ адной навіной, скіраванай на сінтэз жанраў, стаўся перформанс “У Віцебску Малевіча і Шагала”, прыдуманы і здзейснены майстрам гэтага мастацтва, жывапісцам і скульптарам Клаўсам Рыхтэрам з Германіі, які, будучы прафесарам Вышэйшай школы тэатра і танца ў Нойсе, быў запрошаны таксама ў склад журы. Вы калі-небудзь бачылі, каб паважаны чалавек, член журы конкурсу, на вачах ва ўсёй грамадскасці (і найперш — канкурсантаў) скочваўся па прыступках лесвіцы, ды яшчэ ў клоунскім убранні, з прымацаваным смешным носам? Спачатку, спускаючыся з лесвіцы ды імітуючы манеры Чарлі Чапліна, ён раскладваў на прыступках выявы “чорных квадратаў”. Потым, вяртаючыся наверх, маляваў на кожным з іх смешныя клоўнскія тварыкі, якія аднолькава цікава (але, зразумела, па-рознаму) выглядалі знізу і зверху, застаючыся “партрэтамі”. Нарэшце, узяў у рукі памяло — і згроб усё ўніз, дзе тыя лісткі імгненна разышліся па руках найбольш смелых гледачоў. Такі фінал можна было трактаваць па-рознаму. Сам маэстра даў мне наступны каментарый: маўляў, ён хацеў сімвалізаваць дылему хуткаплыннасці часу — і вечнасці мастацтва.

Цырк, дый годзе!

Такая філасофска-клоўнская прэамбула да ўрачыстага адкрыцця фестывалю найлепшым чынам стасавалася са спектаклем “Разбіты” кампаніі “Гандзіні жангліруюць” з Вялікабрытаніі, паказаным у той вечар. Вось дзе быў найвышэйшы пілатаж! І зусім не цыркавых трукаў, хаця артысты і сапраўды ўвесь час жангліравалі. Бо пластыка ў іх была — не цыркавая, а менавіта танцавальная, надзвычай вобразная ды выразная. Неверагодна прыгожае відовішча давала магчымасць сачыць за тонкімі псіхалагічнымі адценнямі ўзаемаадносін у калектыве з дзевяці чалавек і разнастайных “групоўках” унутры яго. Вывучаць яркія, часам парадаксальныя, чалавечыя характары. Разважаць над разбітым каханнем, разбітым жыццём — ці проста пабітым чайным сервізам. Шукаць і знаходзіць метафарычныя сэнсы ў яблыках (а менавіта гэтымі “сімваламі спакусы” перакідваюцца артысты). Радавацца шматлікім “спасылкам” на спектаклі Піны Бауш. Нарэшце, проста любавацца разнастайнымі малюнкамі ў паветры, што выпісваліся тымі жанглёрскімі “размовамі” (як у коміксах, дзе словы змяшчаюцца ў “аблачынцы” каля вуснаў героя).

І пры ўсім гэтым — спектакль паказваўся толькі ў Віцебску. А чаму яшчэ і не ў сталіцы? Калі ўжо ўдалося “заманіць” такі знаны калектыў, які робіць фурор па ўсім свеце, дык няўжо нельга было скарыстаць той прыезд “па поўнай”? Бо фестываль даўно ўжо выйшаў за межы Віцебска, неаднойчы практыкуючы выступленні гасцей на розных пляцоўках краіны. Сёлета, да прыкладу, у Вялікі тэатр Беларусі зноў завітаў “Кіеў мадэрн-балет”, паказаўшы там дзве работы Раду Паклітару — “Андэграўнд” і “Жанчыны ў рэ-міноры”.

У Віцебску дэманстраваліся пастаноўкі і іншых членаў журы ды іх калектываў (нашу краіну ў журы прадстаўляў народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік балета Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Юрый Траян). Увогуле, журы складалася пераважна з харэографаў і танцоўшчыкаў. Але сёлета ў яго складзе не было ніводнага балетазнаўцы, балетнага крытыка: прадстаўнікі гэтай галіны ўваходзілі толькі ў экспертны савет, які не меў права ўплываць на журы. Можа, менавіта з гэтай прычыны ў другі тур, пры ўсёй судзейскай шчодрасці, не прайшлі некаторыя папраўдзе перспектыўныя работы? Справа ў тым, што мысленне творцы і мастацкага крытыка — прынцыпова розныя. Мастак, сутыкаючыся з іншымі творамі, звяртае ўвагу на тое, што бліжэй менавіта яму. Крытык, вядома, таксама мае свае прыхільнасці, але проста абавязаны ацэньваць не “суладдзе” сваіх ды чужых эстэтычных густаў, а прафесіяналізм творцы — у межах абранага тым творцам кірунку.

Працягваючы тэму фестывальных парадоксаў, заўважу, што ў другі тур не прайшоў адзіны, бадай, нумар, які ўтрымліваў нейкую навінку. Маю на ўвазе кампазіцыю “Both” з Латвіі, дзе хлопчык на веласіпедзе гарцаваў вакол танцоўшчыцы. Мініяцюры не хапала выбудаванасці драматургіі (былі там і паўторы, і зацягнутасці), але ў вочы кідалася добрая тэма (два абсалютна розныя чалавекі шукаюць шляхі ўзаемаразумення) і, што яшчэ больш цікава, яе нешараговы разгорт. Замест вясельнага “хэпі-энду” (маўляў, сустрэліся дзве супрацьлегласці) пачынаўся другі віток адносін, узнікала небяспека, што ў імкненні да дуэта героі страцяць свае індывідуальнасці (кінуўшы веласіпед, хлопчык не ператварыўся ў танцора). А галоўнае, тут быў адметны сінтэз жанраў — харэаграфіі і цырка (веласіпеднай эквілібрыстыкі). Так што цырк на IFMC-2014 увогуле, што называецца, “руліў”. Праўда, з пераменным поспехам.

А ці ж не прыкра было тое, што Сяргей Мікель не змог паказаць у другім туры свой “Вальс для гардэробнай молі”? Бо салісты Вялікага тэатра Людміла Хітрова і Канстанцін Геронік былі тэрмінова выкліканы танцаваць балет “Лаўрэнсія”, якім замянілі оперу “Хаваншчына”, што раней стаяла на той дзень у афішы. Як кажуць у такіх выпадках, без каментарыяў. Хаця хтосьці з пастаноўшчыкаў, не выключана, можа зразумець гэта і так, што на прафесіяналаў ставіць — папросту не трэба...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"