Навагодні падарунак, запознены на месяц

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Будынак Дзяржцырка, львы ў Свіслачы і аркестр з Шанхая
Канешне, як лыжку да абеду, так падарункі пажадана атрымліваць якраз да свята. На жаль, мінчане — увогуле Беларусь — не атрымалі доўгачаканага прэзента да новага, 1959 года: крыху не паспелі будаўнікі. Але ж 31 студзеня новага года Беларусь атрымала навагодні падарунак, запознены на месяц. Гэта было ўжо трэцяе месца размяшчэння цырка ў межах гарадскога парку. Першае — у новай, перадваеннай, гісторыі горада — высілася на пляцоўцы амаль па-за ўваходам у парк Прафінтэрна з боку цяперашняй вуліцы Янкі Купалы: крышачку ўправа — там і цяпер вялікая вольная пляцоўка, а пару дзесяцігоддзяў таму яшчэ аглядаліся ў траве шырокія прыступкі, што вялі ў напаўстацыянарны цырк. Пра гэта расказваў мне славуты асілак Яўген Мілаеў — першы з цыркачоў народны артыст СССР, першы ж Герой Сацыялістычнай працы, першы муж Галіны Брэжневай.

/i/content/pi/cult/511/11018/15-1.jpg

Фота з архіва аўтара і з сайта http://minsk-old-new.com

У чэрвені 1941-га, гастралюючы ў Мінску, жыў ён на цяперашняй Першамайскай, у доме па-за скверыкам, у які ўпіраецца вуліца Янкі Купалы. Калі немцы пачалі бамбардзіраваць Мінск, ён кінуўся ў цырк. А калі, зразумеўшы, што трэба спешна пакідаць горад, пабег дадому, каб захапіць рэчы, дома ўжо не было: у яго патрапіла бомба…

Тады ж дрэсіроўшчык марскіх ільвоў Сідоркін (яго дачка Ірына ў 1950-я ўзнавіла нумар) выпусціў жывёлін проста ў Свіслач: а куды ж і як было іх транспартаваць? Артысты, што працавалі з коньмі, паспрабавалі запрэгчы іх у дэкаратыўныя шарабаны. Але не было ні адпаведнай вупражы, ні вазоў, дый выпешчаныя скакуны-прыгажуны не былі прызвычаены нешта цягаць. Артысты, ратуючыся, кінулі і коней…

У тое ліхалецце драўляна-брэзентавая пабудова разбурылася.

Пасля вайны дырэктар Барыс Кабішчар вырашыў узвесці амаль такі ж цырк на новым месцы: там, дзе цяпер пляцоўка для дзіцячых гульняў — злева ад галоўнага ўвахода ў парк, які атрымаў імя Максіма Горкага.

Будаваць наноў не было ні сродкаў, ні матэрыялаў, і знаходлівы дырэктар “старгаваў” напаўстацыянарны цырк-шапіто ў адным з расійскіх гарадоў, — яго там разабралі і перавезлі ў Мінск. Аргумент для такой “аперацыі” быў неабвержны: беларусы нейкім чынам здолелі ў вайну захаваць хаця б частку калектыву…

Як артысты жылі ў вайну?

Той жа Яўген Цімафеевіч Мілаеў, ледзь пазнаёміўшыся, запытаў у мяне:

— А ці жывы Міравой?

Я не ведаў, пра каго ідзе размова. І Мілаеў растлумачыў:

— “Міравой” — мянушка адміністратара Мінскага цырка Віктара Майзельса, нашага ратаўніка…

І распавёў, што Віктар Рыгоравіч у вайну, “вырываючы” нейкім чынам у галадаючым тыле косткі і зрэзкі мяса для дрэсіраваных драпежнікаў, частку гэтага багацця, або “супчык”, выкройваў для артыстаў, якім трэба было сілкавацца, каб “працаваць” нумары з сілавой нагрузкай. Тымі добрымі ўчынкамі і ўвайшоў адміністратар у гісторыю Мінскага цырка. Пра яго тое ж расказвалі мне ўсе цыркачы сталага ўзросту, што прыязджалі да нас на гастролі.

На шчасце, вёрткі адміністратар быў жывы-здаровы, плённа працаваў у нашым цырку і душэўна вітаўся з Мілаевым, іншымі артыстамі, якіх падкормліваў у гады вайны. Няхай яго забытае імя ўсплыве хаця б у гэтым артыкуле: Віктар Рыгоравіч Майзельс “Міравой”.

Цырк у парку імя Горкага, як кажуць, “запаліў агні”. Амаль пятнаццаць гадоў гукі джазавай музыкі, выбухі смеху, авацыі, рыкі драпежнікаў, пстрычкі шамбер’ераў разносіліся цёплымі летнімі вечарамі па бліжэйшых кварталах, па-над набярэжнай, па алеях парку, збіраючы натоўпы адпачываючых. Людзі, спакусіўшыся на прадчуванне свята, набывалі білеты ў цырк. Але большасць збіралася проста паслухаць гукі музыкі ў выкананні адзінага тады ў Мінску джаз-аркестра Барыса Райскага.

У яго музыкантаў незвычайны лёс: усе яны — нашчадкі будаўнікоў і служачых чыгункі, што звязвала Расію з Кітаем. Шанхай быў цэнтрам рускай дыяспары. Там існавалі рускія крамы, навучальныя установы, цэрквы, газеты, рэстараны. Руская моладзь людзі атрымлівала кансерваторскую адукацыю.

З іх, віртуозаў ігры на некалькіх інструментах, і склаліся ў Шанхаі два джаз-аркестры — Алега Лундстрэма і Барыса Райскага. Спявак-эмігрант Аляксандр Вярцінскі ў мемуарах узгадвае пра гэта, вылучаючы гітарыста Германа Бартэна, які потым шмат гадоў граў у аркестры Мінскага цырка. У архіве дачкі Райскага, Валянціны Барысаўны, захавалася праграмка шанхайскага вар’етэ, дзе ў адзін вечар гралі абодва джазы. У рэпертуары — савецкая музыка, песні, што музыканты перакладалі на ноты, праслухаўшы маскоўскае радыё. У яе ж — і ўлётка-запрашэнне з профілем Сталіна: у 1946 годзе па закліку “гістарычнай радзімы” грамадзяне былой царскай Расіі — музыканты абодвух аркестраў — перабраліся ў СССР. “Лундстрэмаўцы” аселі ў Казані, джаз Райскага пасля працы ў розных цырках краіны назаўсёды заняў аркестравую ложу ў Мінску. Высокі прафесіяналізм спрыяў таму, што аркестр нашага цырка артысты, якія гастралявалі ў Мінску, лічылі лепшым у сістэме “Саюздзяржцырка”.

Але “наседжанае месца” ў парку музыканты і артысты пакінулі ў 1959-м.

Лёс савецкага цырка наогул рашуча змяніла Пастанова Савета Міністраў СССР 1952 года аб будаўніцтве ў краіне новых цыркаў. Пачалі з Мінска.

Паводле дакументаў, на скрыжаванні праспекта (тады — Сталіна) і вуліцы Янкі Купалы першую, як кажуць, рыдлёўку ўтыркнулі ў зямлю 30 кастрычніка 1954 года. Праект належыў архітэктару Уладзіміру Жукаву. Па тым жа ўдалым праекце, які палічылі тыпавым, будаваліся — з невялічкімі зменамі — цыркі па ўсім СССР. Памяшканне стацыянара было цёплым: разлічвалася на круглагадовую працу. Цырк на вадзе ў нас не гастраляваў, а “Лядовае рэвю” здзіўляла, — менавіта на гэта і быў разлічаны праект!

Тут прадугледжвалася ўтрыманне ўсіх відаў жывёл: ад прагных да цяпла малпачак да жыхароў Арктыкі — белых мядзведзяў. У цокальным памяшканні — шматлікія стайні: на манеж коней выводзілі па пандусе з драўляных цурачак, каб непадкаваныя коні не пабілі капытоў. На ўзроўні манежа — сланоўнік с каванымі кольцамі ў падлозе: для ланцугоў, якімі ўтрымліваюцца паміж выступленнямі гіганты Афрыкі. Побач — светлае памяшканне, якое ў залежнасці ад набору жывёл называлася “тыгратнік”, “львятнік” ці “казлятнік”, другое — для клетак з сабачкамі, яшчэ — птушнік. Асабліва цёплым быў пакой для малпачак, завешаны дыванамі; ім акрамя бананаў ды апельсінаў па зімовым рацыёне “належыць” паўшклянкі цёплага салодкага віна. Словам, новы цырк чакаў насельнікаў-артыстаў. Але памяшканне памяшканнем, а чым збіраліся артысты адзначыць улазіны, чым планавалі здзіўляць 1 667 гледачоў (на такую колькасць быў разлічаны амфітэатр)?

Загадзя на базе старога паўстацыянара ішла вялікая падрыхтоўчая праца: рыхтавалася праграма беларускага калектыву.

1959-ы для Беларусі быў асаблівы: набліжалася 40-годдзе стварэння рэспублікі — вялікае свята!

31 студзеня будаўнікі здалі аб’ект, і літаральна наступным днём артысты пачалі асвойваць манеж, “таптаць пілавінне” — тады менавіта ім ён быў засыпаны.

10 лютага — генеральная рэпетыцыя, наступным вечарам — прэм’ера.

Асляпляльна бліснулі пражэктары. Джаз-аркестр пад кіраўніцтвам Барыса Райскага грымнуў цыркавы марш. На манеж выйшаў мажны, элегантны вядучы ў фраку — Міхаіл Фёдаравіч Кулыгін. У цэнтры манежа засвяцілася вялікая пунсовая кветка з люстраным шарам у сярэдзіне, юная артыстка прадэкламавала верш пра Беларусь… Усё зафіксавана, але, на жаль, адно на кароткіх кадрах кінахронікі ды на фотаздымках…

Пачалася новая гісторыя новага цырка, якая доўжыцца па сёння.

Усе самыя славутыя артысты савецкага цырка і шмат майстроў з замежжа працавалі ў гэтым манежы.

Калі праграма ўжо “ўтраслася” і бягучыя турботы браў на сябе інспектар манежа, я, некаторы час працуючы — па сумяшчэнні з кіно — галоўным рэжысёрам цырка, любіў выклікаць на ўспаміны славутых артыстаў. Яны, адпрацаваўшы нумар, у расслабленні, ахвотна ўзгадвалі.

Пра Яўгена Мілаева я распавёў вышэй, пра іншых пісаў у “К”.

Але вось што яшчэ цікавага ўзгадалася ў святочныя дні…

Заканчэнне артыкула чытайце ў адным з наступных нумароў "К".

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр