Ключы да замкаў

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Што засталося ад муроў Браслаўшчыны?..
Уладальнікі прыватных замкаў для абароны звычайна прыцягвалі наёмныя войскі. На працягу сваёй гісторыі яны належылі розным магнацкім родам, але большай часткай іх гаспадарамі былі Сапегі. Прыватнаўласніцкія замкі будаваліся, рамантаваліся, утрымліваліся за кошт уладальнікаў. Яны ж арганізоўвалі і абарону ўмацаванняў, хаця ў пэўныя часы на іх абарончыя здольнасці магла разлічваць і дзяржава. Полацкае Княства было зацікаўлена ва ўмацаванні замкавых тэрыторый. Але і гэта, на жаль, не зберагло іх ад далейшага разбурэння.

(Працяг. Пачатак у №№ 49 — 50 за 2014 г.)

Уладанні Сапегаў

У 1504-м Ян Сапега атрымаў дазвол ад Вялікага Князя Аляксандра пабудаваць у Іказні замак, дзе пастаянна знаходзіўся вялікі гарнізон. (Сёлета якраз споўнілася 510 гадоў з дня заснавання Іказні.) Важнае значэнне ўмацаванне адыграла ў войнах XVI — XVII стст. Аляксандр Гваньіні ў сваіх падарожных нататках адзначае: “…Іказня. Замак мураваны і места драўлянае над ракой (возерам) той жа назвы. Ад Браціслава за дзве мілі знаходзіцца”. У 1515 годзе Іказнеўскі замак быў узяты рускімі войскамі і спалены. Потым — адноўлены. Канчатковы заняпад крэпасці здарыўся пасля Паўночнай вайны. Руіны разабрала мясцовае насельніцтва на будаўнічы матэрыял…

З Радзівілаўскай карты 1613-га вядома, што Іказнеўскі замак меў надзвычай цікавую кампазіцыю. Складаўся з каменнага палаца, сцен, якія абкружалі двор, дзвюх рагавых вежаў. Абарончыя муры ўзвялі з каменя і цэглы ў тэхніцы паласатай муроўкі. Асноўную частку вострава займаў падзамак. Была тут і штучная сажалка, злучаная пратокай з возерам. Па ёй праходзіў драўляны мост, які вёў ад уезда да цэнтра заходняй сцяны.

Чатыры друйскія замкі

У Друі было ўсяго чатыры замкі, якія па чарзе знікалі ў сувязі з частымі ваеннымі дзеяннямі. Па меркаванні польска-беларускага гісторыка Отана Гедэмана, Стары замак месціўся на левабярэжжы ракі Друйкі. Новы Друйскі замак, з дня першай згадкі якога ў “Хроніцы” Г.Вартберга сёлета спаўняецца 640 гадоў, пазначаны за 11 міль ад Дынабурга (сучасны Даўгаўпілс), уверх па Дзвіне. Улічваючы, што адна нямецкая міля роўная прыблізна 5 км, згаданы Новы замак можна лакалізаваць на месцы сучаснай Друі. Спасылаючыся на навуковыя працы вядомага археолага Людмілы Дучыц, калі правабярэжную частку Друі атаясамліваць з Новым замкам XIV ст. (менавіта тут фіксуецца культурны слой), то можна зрабіць выснову, што левабярэжная яе частка (уласна Друя, або Стары замак) магла ўзнікнуць значна раней, але археалагічныя раскопкі тут не праводзіліся.

З тактычнага пункта гледжання, месцазнаходжанне Друйскага замка нельга было лічыць удалым. Не зусім зразумела, чаму замак займаў нізкі і малы выступ каля ўпадзення Друйкі ў Заходнюю Дзвіну, бо вядома, што вясной ён пастаянна затапляўся. Акрамя таго, з усходу над выступам знаходзілася гара, якая пры заняцці яе праціўнікам магла быць выкарыстана для ўсталявання артылерыі і абстрэлу замка. І ўсё ж, як сведчыць “Полацкая рэвізія”, ён быў пабудаваны менавіта тут...

Ірына САКАЛОЎСКАЯ, навуковы супрацоўнік па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў

 

Працяг артыкула чытайце ў наступных нумарах "К".