“Мой дом стаіць так высока, што чуцен кашаль Бога”

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Шэсць гадоў таму, 4 — 5 студзеня 2009-га, мы з жонкай наўпрост патэлефанавалі на хатні нумар Таніна Гуэра — сябра і сцэнарыста Федэрыка Феліні, Мікеланджэла Антаніёні... Лора, ягоная жонка, вельмі проста адказала на наша тэлефанаванне: “Заязджайце!” Што ж, мы з радасцю выправіліся туды, дзе, як пісаў Гуэра, “…дом стаіць так высока, што чуцен кашаль Бога”.

/i/content/pi/cult/511/11016/14-1.jpg

Правінцыйная дарога ад Равэны праз Сан-Марына, адчуванне блізкасці Адрыятыкі саступала крыштальнасці горнага паветра. Марудная язда праз мястэчкі, трошкі серпантыну па адхонах гор — і нарэшце мы апынуліся на цэнтральнай плошчы Пенабілі. І тут… Знямеўшы, пазнаём кадр з “Амаркорда” — фантан, завалены снегам, у атачэнні невысокіх дамкоў.

Вялікая студыя майстра месціцца ў скансакраванай царкве. Пакуль у яго іншыя візітоўцы, Лора нас водзіць па галерэях пад самай столлю. Унізе гутарыць з кімсьці Таніна, побач ляжыць верны Бабa, яшчэ шчанюком падораны Антаніёні. Прыгожае спецыфічнае ўбранне залы цешыць позірк цёплай і пяшчотнай гаспадарлівай стракатасцю: падушачкі на крэслах вышыты па малюнках Гуэра, на мурах былой царквы — лялькі і карціны, драўляныя “выцінанкі”, шафы — усё намалявана ім ці зроблена па ягоных праектах.

Лора ў пакоях пад столлю паказвае прынашэнне Льву Талстому. Таніна, калі наведаў Ясную Паляну, даведаўся: апошняе, што пабачыў у жыцці Талстой, — лантэрна ў дамку станцыйнага дазорца. Яна як бы асвяціла яму апошні шлях, усцешыла згасаючы позірк каляровым шкельцам… І Гуэра стварыў серыю гэтых лантэрнаў-светлякоў, павадыроў рускага генія слова з гэтага свету ў іншы. Дужа кранальны рух, любоўны, ёсць у гэтым замілаванні дарагім чалавекам…

І вось Маэстра паклікаў нас. Мы селі побач у зале, выключылі святло, а глядзелі — фільм ягонага сына. Таніна тлумачыў, дзе праходзілі здымкі, перасыпаючы прагляд сваімі заўвагамі, вершамі…

Тым часам Лора параіла нам павячэраць у рэстаране “Санджавеза” — мястэчка Сантарканжэла за пятнаццаць кіламетраў адсюль. І назва, і ідэя, і грубкі ў залах, і нават этыкеткі на бутэльках віна, як і само ягонае найменне, — “Санджавеза” (гэта — багіня вінаграднага ўраджаю), — прыдуманы Гуэра, ім намаляваны ці, прынамсі, натхнёны. Там літаральна ўсё было прасякнута ўплывам, талентам, густам творцы.

У рэстарацыі мы замовілі ўлюбёную страву маэстра. Гэта былі сальсіччы — сялянскія каўбаскі, вельмі салёныя. Пакуль гатавалася замоўленае, я пайшоў блукаць па залах, лесвіцах, спускаўся ў сутарэнні — усюды ён, Гуэра...

На другі дзень зранку мы былі ў майстэрні мэтра, якая месціцца проста ў доме. Запомнілася, што ішлі да яе заблытанымі калідорамі, па прыступках то ўверх, то ўніз. Такі шпацыр нагадаў мне інтэр’еры манастыра ў кінастужцы паводле рамана “Імя ружы” Умбэрта Эка.

І вось — майстэрня. Маленькая, сціснутая прастора, па сценах і на паліцах — безліч рэчаў, зразумела — тут і залаты “Оскар”. І Гуэра побач — такі жывы, з пякучымі чорнымі вачыма, цікаўнымі да нас. Эмацыйна прыемны фон адчуваўся пад час нашай сустрэчы. А сам творца цёпла апрануты: вельветавыя нагавіцы, аксамітная чорная марынарка.

Пра што гутарым? Размова — пра нядаўнія падзеі з іх асяродка: Міхалкоў і Хамдамаў, канфлікт з фільмам. Вось мастачка з Арменіі, цудоўная, хутка прыедзе жыць у гасцявым дамку. Тут маэстра паказвае керамічныя статуэткі, ім распісаныя. Пытаюся, ці не “ад Шагала” ўплыў (ну сапраўды: дужа падобныя). Гуэра нават скрывіўся: “Дзе Шагал?..”

Затым паказваю яму свае работы, тлумачу, і раптам — Таніна адразу пачынае выдумляць, імправізаваць, як ён можа мне дапамагчы выжыць (а на той час надарыўся крызіс у Еўропе), пачынае казаць, якія карціны я буду — павінен — пісаць (вырашае за мяне: нацюрморты). Бо ён тады, праз знаёмых галерыстаў, дапаможа іх прадаць. Вось так хутка, фантасмагарычна, лёгка, прыгожа. Зразумела, я нават не думаў пра такое. І гэтая чуллівасць Гуэра да мастакоў увогуле, скіраванасць на дапамогу садзейнічала таму, што вакол яго гуртавалася нямала рознага люду...

Раблю, як пасля зразумеў, хітры ход: дастаю свой малюнак рук сангінай, прашу прыняць у дар. Падпісваю, а маэстра адразу выносіць сваю літаграфію, падпісвае нам. Просіць мяне паставіць важкі планшэт на мальберт, кажа, што пабачымся за абедам. Лора вядзе па гарадку на экскурсію. Горад — яго. На будынках, простых дамках, — безліч керамічных плакетак з вершамі Таніна. Напрыклад: “Гэтыя сцены цалаваў вачыма Далай-лама: тут жыў манах, які пераклаў упершыню тыбецкую мову на лацінскую”. Так, за гэтым прыязжаў у Пенабілі Далай-лама: каб падзякаваць родным мясцінам італьянскага манаха, што склаў першы слоўнік тыбецкай мовы. А пасля яны разам з Гуэра глядзелі ў мясцовым тэатры спектакль...

Абедаем, п’ём віно (зразумела, “Санджавеза” з малюнкам на бутэльцы ад Гуэра). Смяецца: чаму мы не нахіляем талеркі, каб даесці суп, як звычайна робяць “рускія”. Каб парадаваць маэстра, усе разам шкрабаем лыжкамі ў нахіленых талерках. Пасля ходзім па пакоях, разглядаем падарункі. Ён тлумачыць: гэта — на юбілей ад “Табакеркі”, тое — малюнкі Хамдамава... Рустычная шафа з дошак — па ягоных эскізах, як амаль і ўсё вакол. Плакетка “Упершыню пасля вайны паглядзеў на мятлушку і не захацеў яе з’есці” (пасля нямецкага палону). Ідзём у сад. Там — капліца Таркоўскага, бронзавы мерыдыян. Гуэра тлумачыць, паказваючы ў бок міжгор’я: “А там — Рубікон, той самы...”

Увечары збіраемся ў дарогу, і Таніна дае пачастунак — сваю бутэльку “Санджавеза”, мандарыны. Пытаю, як адсюль выехаць у бок Рыма. Ён пачынае тлумачыць, а я падсоўваю яму ягоную кнігу, кажучы: “Малюйце план тут”. Гуэра смяецца, маўляў, разумее хітрыкі, і кажа: “Ведаеш, колькі каштуе аўтограф?” Ды ўсё ж малюе. Затым дастае стос розных сваіх кніг, падпісвае. Абдымаемся, цалуемся...

Мы паехалі. Ды адчуванне геніяльнасці чалавека, яго бачання, вобразаў — са мной дагэтуль…

P.S. Скончу таксама кадрам у стылі “Амаркорда”, зробленым жыццём. Падораную бутэльку “Санджавеза” выжлукціла (інакш і не скажаш) гаспадыня кватэры ў Мінску, якую мы тады здымалі. Усё правільна, бо так было б і ў “Амаркордзе”.

Андрэй ДУБІНІН, мастак