Прастора для версій і варыяцый

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Укладанні ў творчасць абяцаюць прыбытак?..
Мастацкая галерэя “Універсітэт культуры” спецыялізуецца на прэзентацыях творчасці моладзі. Тут можна пабачыць лепшыя дыпломныя работы з навучальных устаноў мастацтва і культуры, персанальныя выстаўкі творцаў, якім ужо ёсць што сказаць гледачу, а таксама экспазіцыі, змест, тэматыка і канцэпцыя якіх пасуюць маладзёжнай крэатыўнасці. Са свайго досведу магу засведчыць, што не было выпадку, каб наведанне гэтай галерэі аказалася змарнаваным часам. Галерэя хоць і “дэмакратычная”, але трапляюць сюды творы, якія адпавядаюць даволі жорсткім крытэрыям прафесіяналізму.

/i/content/pi/cult/511/11014/9-1.jpg

Прытым што пачаткоўцу, у якога ёсць талент, могуць дараваць недахоп досведу. Вось і Рэспубліканская мастацкая выстаўка лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, якая зараз праходзіць у галерэі, не пакіне абыякавымі ні спецыялістаў сферы культуры, ні звычайных аматараў мастацтва, дасць прастору для разваг пра стан ды перспектывы выяўленчага мастацтва і дызайну ў нашай краіне.

Да арганізацыі выстаўкі, акрамя Прэзідэнцкага фонду, маюць дачыненне Міністэрства культуры Беларусі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, для якога галерэя з’яўляецца базавай экспазіцыйнай пляцоўкай. Спіс удзельнікаў складаецца з прадстаўнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава, Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа, Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, Дзіцячай мастацкай школы горада Віцебска.

Дарэчы, месца ў экспазіцыі знайшлося не толькі тым, хто ўганараваны Прэзідэнцкім фондам летась, але і тым, каму гэтая форма дзяржаўнай падтрымкі талентаў дапамагла здзейсніць творчую кар’еру. Гэта маладыя выкладчыкі Акадэміі. Мастакі не ходзяць шыхтамі — кожны творца крочыць сваім шляхам. Але ўсё адно важна мець эстэтычны арыенцір. Рэальныя дасягненні колішніх лаўрэатаў Фонду для лаўрэатаў сённяшніх якраз і адыгрываюць ролю такога навігатара.

У экспазіцыі прадстаўлены ўсе ступені нашай мастацкай адукацыі — ад дзіцячай школы да Акадэміі. Гэта дазваляе прасачыць паслядоўнасць рэалізацыі базавых прынцыпаў выхавання творчых кадраў. Відавочна (і экспазіцыя пра гэта сведчыць), што навучальны працэс у нас, як і ў савецкі час, па-ранейшаму грунтуецца на засваенні рэалістычнага мастацтва. Навучальныя малюнак і жывапіс у Беларусі прынцыпова не змяніліся з часоў Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Але і сусветны культурны досвед ХХ стагоддзя, і рэаліі стагоддзя новага нас не абмінулі. Сённяшні студэнт за мяжой бывае, бадай, часцей, чым у адносна нядаўнім часе мастак з ганаровым званнем. Ізноў жа, мастацкі рынак для беларусаў сёння куды шырэйшы, чым за савецкім часам. І зусім не абавязкова мастак, атрымаўшы прафесійную адукацыю ў Беларусі, будзе ў нас жа жыць і працаваць. Трымаючы ў галаве перспектыву працы за мяжой, ён пачынае цікавіцца запытамі тамтэйшага рынку, свядома ці падсвядома выпрацоўваючы “канвертуемы” стыль.

Гэтыя акалічнасці, хай не наўпрост, але ж адбіваюцца на навучальным працэсе. Па работах, прадстаўленых на выстаўцы, відаць, што настаўнікі прыхільна ставяцца да “свавольстваў” вучняў, калі яны — па-за рамкамі абавязковай праграмы.

У экспазіцыі — класічная трыяда выяўленчага мастацтва, а таксама мастацтва дэкаратыўна-прыкладное, мадэляванне адзення, дызайн. На маю думку, эмацыйна-сэнсавы стрыжань відовішча — жывапіс. Ён запамінаецца высокай ступенню экспрэсіўнасці, адсутнасцю наяўнай, відавочнай сувязі з такой з’явай, як “беларуская школа жывапісу”, памкненем выявіць на палатне не грамадскія актуаліі (у гэтым напрамку шчыравалі папярэднікі: мастакі сацрэалізму, этнаграфізму і сац-арту), а ўласную тоеснасць. Для аднаго маладога аўтара яна увасоблена ў знерваванай рытміцы мегаполіса, для другога — у радасцях сямейнага побыту, для трэцяга — у гарадской настальгіі па вясковым дзяцінстве. Ёсць краявіды, партрэты, нацюрморты. Але падобна на тое, што мастакоў натхняе не гармонія прыроды, супярэчлівасць чалавечай натуры ды шматпланавасць матэрыяльнага свету, а магчымасць, адштурхнуўшыся ад рэчаіснасці, пагуляць на палатне ў фарбы і лініі.

Цікава, аднак, што тых, хто хацеў бы рашуча парваць з рэалізмам, з фігуратыўнасцю і прадметнасцю, я на выстаўцы сярод жывапісцаў не бачыў. Магчыма, гэта праява беларускай ментальнасці, уласцівай нам схільнасці не кідацца ў крайнасці, трымацца нейкага стрыжня. У дадзеным выпадку — рэалістычнай формы. Аднак жа і сусветная тэндэнцыя сёння —- вяртанне да рэалізму. Пра “рэнесанс рэалізму” гавораць мастакі, якія, часта бываючы на міжнародных пленэрах, маюць магчымасць сумоўя з калегамі з розных краін. А трываласць гэтаму вектару надае мастацкі рынак: менавіта ён у сусветным маштабе замаўляе рэалізм. Як бачым, калі нейкая з’ява існуе ў вялікім свеце, яе ўплыў будзе адчувальны і ў лакальных асяродках.

Графіка на выстаўцы даволі прыстойная. Прыемна, што планка якасці ў гэтым відзе мастацтва застаецца ў Беларусі традыцыйна адметнай, незалежна ад павеваў моды на тую або іншую эстэтыку, змен у кан’юнктуры мастацкага рынку ды прышэсця ў графічна-паліграфічную сферу камп’ютара. Прычым паралельна развіваюцца некалькі плыняў. Сярод іх — традыцыйна рэалістычная, нават з ухілам у рэтра, і другая, што мае апору ў беспрадметнасці. Гэта як палюсы, а паміж імі — шырокая прастора версій, спалучэнняў, варыяцый. Мне як прыхільніку традыцыйных каштоўнасцей у раздзеле графікі прыйшліся даспадобы краявіды старой Вільні, якія тэхнічна і стылёва можна аднесці да рэтра, да той пары, калі ў мастака-графіка інструментарый быў сціплы, але малымі сродкамі творцы ўмелі выявіць вялікае… Таксама спадабаўся мне па-імпрэсіянісцку “неахайны” краявід Басфора.

Пра пластыку шмат не скажу. Нібыта, някепскія рэчы, асабліва калі браць да ўвагі, што іх аўтары — маладыя людзі ў стане пошуку саміх сябе, але — не ўражвае… Супакойвае, бадай, тое, што скульптура — мастацтва грунтоўнае, тэхнічна складанае, і прафесіяналізм у гэтай сферы выспявае павольна. З цікавасцю пагляджу на творы гэтых аўтараў гадоў праз пяць-дзесяць.

У той час як класічная трыяда выяўленчага мастацтва, якую прынята лічыць найбольш эфектыўным сродкам візуалізацыі ідэй, у тым ліку і сацыяльных, дрэйфуе ў бок дэкаратывізму, у мастацтве дэкаратыўна-прыкладным выявілася тэндэнцыя да сацыялізацыі. Мовай ткацтва і керамікі мастакі гавораць пра надзённае і вечнае.

Раздзел дызайну вонкава вельмі эфектны. Але я не спяшаўся б захапляцца. Справа ў тым, што ў дызайне форма, тым больш кідкая, — не галоўнае. Форма мусіць быць адлюстраваннем функцыі. Я ж не магу сказаць, што цалкам разумею, дзеля чаго створаны тыя або іншыя экспанаты згаданага аддзела. Іншая справа, калі лічыць, што аб’ёмны дызайн — гэта тая ж “пластыка”, а “пластыка” і “скульптура” ў шэрагу выпадкаў — сінонімы, дык на функцыю як вызначальны чыннік можна і забыцца…

Калі пра маладога мастака кажуць, што ён лаўрэат альбо стыпендыят Прэзідэнцкага фонду, на яго глядзяць з павагай, але і з патрабавальнасцю: інвестыцыі павінны працаваць, прыносіць прыбытак. Укладанні ў талент — таксама. Таму грамада мае права чакаць у перспектыве ад удзельнікаў гэтай выстаўкі твораў не проста ўдалых, але надзвычайных. І яны будуць, калі маладыя творцы засвояць простую ісціну: талент — не падарунак, а наканаванне. Цяжкое і адказнае.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"