Вабіць абстрактная форма…

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

“Кераміка ночы” — мастацтва з печы
Cёлетні, ХІІ Міжнародны пленэр па кераміцы “Арт-Жыжаль” сабраў у Бабруйску мастакоў з Беларусі, Сербіі, Польшчы, Расіі, Турцыі, Украіны. Усяго — 21 удзельнік. Дэвіз пленэру “Ад традыцыі да сучаснасці праз досвед майстэрства” адлюстроўвае саму сутнасць гэтага творчага сумоўя. Кожны ўдзельнік аддае пленэру свой досвед і пры гэтым узбагачаецца здабыткамі іншых майстроў. Пры сумеснай працы, якая немагчымая без прыязных стасункаў, людзі шчыра дзеляцца ўласнымі напрацоўкамі, прафесійнымі сакрэтамі, якія ў іншай сітуацыі бераглі б ад чужога вока.

/i/content/pi/cult/511/11013/8-2.jpg

Гэтым разам асноўная тэма творчага сумоўя была акрэслена як “напольны каганец “жывога агню” скульптурнага характару ў грамадскім інтэр’еры”. Згадка пра грамадскае прызначэнне тут невыпадковая. І справа не толькі ў тым, што частка твораў пленэру паводле традыцыі перадаецца ўстановам горада. Валерый Калтыгін, нязменны кіраўнік сумоўя, і ягоныя аднадумцы ўпэўнены, што мастацтва, якое называюць дэкаратыўна-прыкладным, можа не толькі аздабляць побыт прыватных асоб, але і эстэтычна арганізоўваць грамадскую прастору, распавядаць пра вечныя каштоўнасці, пра рэчы ды з’явы, нязменна надзённыя.

Па выніках пленэру зроблена выстаўка “Кераміка ночы”, якую першымі пабачылі бабруйчане, потым — магіляўчане. Зараз яна працуе ў сталічным Цэнтры сучаснага мастацтва. Адкрываюць экспазіцыю два манументальныя каганцы (“вогненныя скульптуры”) “Бабёр, які спявае” і “Палаючая кветка”. Іх прыдумаў і выканаў у матэрыяле Валерый Калтыгін з дапамогай іншых удзельнікаў пленэру. Такі вось узор калектыўнай творчасці.

Па экспазіцыі відаць: выразнай мяжы, што аддзяляла б дэкаратыўную пластыку, з якой эксперыментуюць на “Арт-Жыжалі”, ад сучаснай пластыкі скульптурнай, няма. Прынамсі, калі казаць пра стылістыку ды тэматыку. І керамістаў, і скульптараў у роўнай ступені вабіць абстрактная форма, якая ў залежнасці ад кантэксту можа мець розную сэнсавую начынку, а таксама — памкненне прадставіць у новым асвятленні вобразы, у стаўленні да якіх склаліся трывалыя стэрэатыпы. Скажам, выказацца іранічна адносна рэчаў і з’яў, да якіх прынята ставіцца з піетэтам. Абсалютна нармальна глядзелася кераміка ў экспазіцыі скульптуры. Гаворка — пра кампазіцыі “Афрыканская вандроўка” Алега Ткачова, “Экзотыка” Антона Ціханаўца, “Адам і Ева” Алены Сласнікавай, “Гушкалка” Магдалены Забароўскай, “Анёл сумнення, анёл надзеі” Анатоля Концуба. Асабліва яны пасавалі б агульным рысам паказу, каб былі зроблены не з гліны, а з трывалага каменя альбо адліты ў бронзе. Хаця, канешне ж, матэрыял і форма — чыннікі ўзаемазвязаныя, і пластыка мусіць выяўляць магчымасці матэрыялу.

Кераміка — гэта мастацтва, якое трапляе да спажыўца нібыта “з печы на стол”. Як у вядомым выслоўі — “з пылу, з жару”. Праз асаблівасці сваёй тэхналогіі яно нясе адбітак імправізацыі ды настраёвасці. Агонь — рэч свавольная, таму кераміст не можа ва ўсіх драбніцах разлічыць, прадбачыць, што атрымаецца ў фінале. Адно вядома: майстар кепска не зробіць.

Тое ж тычыцца і пленеру “Арт-Жыжаль”. Кожны год — новыя ўдзельнікі, чый патэнцыял да пэўнага часу — таямніца. А значыць, у наяўнасці чыннік непрадказальнасці. Але не было выпадку, каб пленэр не атрымаўся. І не будзе такога. Прынамсі, пакуль справа ў руках Калтыгіна.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"