Вызваленне Віцебска ў мультымедыйным праекце

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза М.Шмырова ажыццяўляе мультымедыйны праект “Яны змагаліся за Радзіму”. Ён будзе рэалізаваны ў горадзе над Дзвіной на працягу 2008 — 2009 гг. Каардынатар праекта — дырэктар музея Ірына Шышкова. Асноўная яго мэта — увекавечванне памяці аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны — ураджэнцах Віцебска, якія зараз пражываюць ці пражывалі з 1944 па 2007 год у розных куточках Беларусі ды іншых рэспублік былога СССР. Музей звяртаецца да ветэранаў, іх дзяцей і ўнукаў, сваякоў і знаёмых з просьбай дасылаць вядомыя ім звесткі, успаміны, фатаграфіі, якія сведчаць пра гераічны час вызвалення Віцебска. Увесь сабраны матэрыял будзе аформлены ў электронным выглядзе, размешчаны ў Інтэрнеце, таксама плануецца выпусціць серыю брашур. Арыгіналы дасланых успамінаў будуць захоўвацца ў музеі М.Шмырова. Па выніках гэтай працы будзе створана праграма “Яны змагаліся за Радзіму”, прысвечаная 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яе прэзентацыю плануецца правесці 9 мая 2009 г.

Дарэчы, 65-годдзе вызвалення нашай краіны для музея М.Шмырова — двайное свята: 5 ліпеня 2009 г. ён адзначыць 40-годдзе сваёй дзейнасці. Яму належыць вялікая роля ў ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. Тут захоўваюцца каля 7 тысяч экспанатаў. Дакументы, фотаздымкі, рэчы наглядна распавядаюць пра атрад Бацькі Міная, пра стварэнне 1-й Беларускай партызанскай брыгады, пра баявыя дзеянні партызанскіх брыгад 1-й Беларускай, 1-й Віцебскай і імя Чырвонасцяжнага Ленінскага камсамола вясной 1943 г., калі яны абаранялі ад карнікаў Суражскую партызанскую зону. У экспазіцыі ёсць карта-схема разгрому варожага гарнізона ў Суражы ў 1941 г., электрыфікаваная карта сувязей 1-й Беларускай брыгады з асноўнымі ачагамі барацьбы народных мсціўцаў, схема размяшчэння партызанскіх аэрадромаў, якія абслугоўваў 105-ты гвардзейскі авіяполк, прычым тут жа можна ўбачыць фатаграфіі тых лётчыкаў, якія здзяйснялі гераічныя рэйсы з “Вялікай Зямлі” ў тыл ворага. Прадстаўлены таксама лістоўкі, партызанскія сцягі. У музейнай зале знаходзяцца бюсты М.Шмырова, Героя Савецкага Саюза М.Сільніцкага, камандзіра партызанскага атрада Р.Курмялёва, зброя, асабістыя рэчы, дакументы, узнагароды, фотаздымкі легендарнага “Бацькі Міная” і яго баявых паплечнікаў. Наведвальнікам дэманструецца фільм “Бацька Мінай”.

Побач з будынкам музея — мемарыяльны парк з высаджанай былымі партызанамі дубовай алеяй, дзе ўстаноўлены помнік М.Шмырову (скульптар — Заір Азгур).

... Пра незабыўны дзень вызвалення Віцебска сёння жыхарам і гасцям горада над Дзвіной нагадвае вуліца пад назвай “26 чэрвеня”. Аперацыя “Баграціён” — вырашальны этап бітвы за Беларусь — пачалася 23 чэрвеня 1944 г. Партызаны падтрымалі савецкія войскі “рэйкавай вайной”. Масква салютавала воінам 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў, якія праявілі асаблівую адвагу і баявое майстэрства пры ўзяцці Віцебска штурмам.

І пасля завяршэння праекта “Яны змагаліся за Радзіму” музей М.Шмырова будзе працягваць пошук і збор усіх магчымых сведчанняў пра тыя вогненныя дні Вялікай Айчыннай.

Канстанцін КАРНЯЛЮК
Віцебск