Спраўдзіць статуснасць сталіцы

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Брэст: дэталёвы "план дзеянняў" — на падыходзе
12 студзеня Брэст афіцыйна ўступіць у свой пачэсны статус сёлетняй Культурнай сталіцы Беларусі. “Інаўгурацыю” было вырашана прымеркаваць да закрыцця фестывалю “Студзеньскія музычныя вечары”, якое адбудзецца на сцэне Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра з удзелам сусветных зорак класічнай музыкі. Але самі брэстчане ўжо ганарацца сваім сталічным тытулам, пра што сведчыць хаця б з’яўленне тэматычнай старонкі ў адной з сацыяльных сетак. Між тым, акцыя “Культурная сталіца Беларусі” не так даўно адсвяткавала свой першы юбілей — пяцігоддзе. Пра яе вынікі і далейшыя крокі па ўдасканаленні самой канцэпцыі мы гутарым з намеснікам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васілём ЧЭРНІКАМ.

/i/content/pi/cult/511/11008/6-1.jpg

— Сапраўды, акцыя праводзіцца ў шосты раз, хаця “неафіцыйная” Культурная сталіца ў Беларусі была і раней. Канешне ж, гэта Віцебск, дзе з года ў год ладзяцца буйныя міжнародныя творчыя форумы, а музеі заўсёды радуюць гледача ўнікальнымі артэфактамі. Але няма сумневу ў тым, што свае адметнасці мае і культура многіх іншых беларускіх гарадоў, і менавіта таму пачэсны тытул сталіцы стаў пастаянна змяняць “прапіску”.

Што да галоўнага выніку акцыі... На сёння ўжо відавочна: ініцыятыва, з якой выступіў тагачасны міністр культуры Павел Латушка, трывала пусціла карані ў нашай прасторы. Яе падтрымалі літаральна ўсе зацікаўленыя бакі: і мясцовыя ўлады, і творчыя людзі, і простыя жыхары тых гарадоў, якім выпадае гэты гонар — ды, між іншым, і немалая адказнасць. Пакуль што расчараванняў не было: літаральна кожная з пяці Культурных сталіц на ўсе сто працэнтаў апраўдала свой статус.

 — Адна з галоўных мэт акцыі — навідавоку: яна натхняе муніцыпальныя ўлады надаваць яшчэ больш увагі падтрымцы культуры. Паміж рэгіёнамі, як можна заўважыць, нават узнікае пэўная “дабраякасная” канкурэнцыя...

— Гэта і сапраўды так. На заключныя мерапрыемствы сёлетняй акцыі ў Гродне быў запрошаны мэр Брэста Аляксандр Рагачук. Убачанае яго ўразіла проста неверагодна! Ён уздыхнуў, выдыхнуў — і кажа: “Нам трэба зрабіць так, каб у нас было яшчэ лепш, чым у Гродне. Гэта вельмі складана, але мы — зробім!” І ў сур’ёзнасці ягоных намераў сумнявацца не выпадае. Дарэчы, і новы старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс, агучваючы пастаўленыя перад вобласцю задачы на гэты год, звярнуў асаблівую ўвагу на правядзенне акцыі “Культурная сталіца Беларусі”.

Адпаведна, з боку мясцовых улад стаўленне да апошняй — вельмі сур’ёзнае. Усе разумеюць, што гэта не толькі магчымасць прэзентаваць уласныя набыткі, але і стымул перайсці на новы, яшчэ больш высокі, узровень культурнага жыцця свайго рэгіёна.

— Які механізм выбару Культурнай сталіцы? Адкуль зыходзіць ініцыятыва?

— Перадусім менавіта ад мясцовых улад. Міністэрства культуры краіны накіроўвае лісты ў абласныя выканаўчыя камітэты, і тыя дасылаюць свае заяўкі з канкрэтнымі прапановамі. На вялікі жаль, гэтым разам канкурэнцыя была зусім невялікая: усяго паміж двума прэтэндэнтамі. Лічу, што, у ідэале, іх колькасць павінна ўзрасці хаця б у некалькі разоў. Затое радуе іншае: абодва прэтэндэнты — Брэст і Маладзечна — рыхтаваліся вельмі сур’ёзна: спецыяльныя відэаролікі, рэкламныя праспекты... Членам калегіі не давялося выбіраць “ката ў мяху”. У выніку галасавання перавага была аднадушна аддадзена Брэсту.

— І тут немінуча паўстае пытанне крытэрыяў...

— Яны відавочныя. Брэст — гэта адзін з найстаражытных беларускіх гарадоў, які ўжо неўзабаве адзначыць сваё 1000-годдзе. Апрача знакамітай крэпасці, ён можа ганарыцца і сваімі старадаўнімі кварталамі, і цудоўнымі музеямі — у тым ліку, такім унікальным, як “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”, — і прадстаўнічым форумам “Белая вежа”, які даўно займеў вялікі аўтарытэт у міжнародных тэатральных колах. Перакананы, што члены калегіі не памыліліся ў сваім выбары.

Да таго ж, варта згадаць, што менавіта Брэст першым прыняў удар нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І будзе вельмі сімвалічна, калі гэты горад апынецца ў эпіцэнтры беларускага святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі. Зразумела, што вялікая частка запланаваных у рамках акцыі “Культурная сталіца Беларусі” падзей будзе прысвечана менавіта гэтаму юбілею. Думаю, маштабныя гістарычныя рэканструкцыі на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці стануць папраўдзе запамінальнай старонкай сёлетняга грамадскага і культурнага жыцця.

У той самы час, варта адзначыць, што вельмі годна выглядала і заяўка ад Маладзечна. Як вядома, гэты горад славіцца не толькі Нацыянальным фестывалем песні і паэзіі, але і плённай паўсядзённай работай у сферы культуры, якую пастаянна вядуць Музычны каледж імя Агінскага, Палац культуры вобласці, тэатры, музей, бібліятэкі... Спадзяюся, надалей горад не адмовіцца ад сваіх прэтэнзій на статус Культурнай сталіцы Беларусі, бо яны выглядаюць цалкам заслужанымі.

— Пад час пасяджэння калегіі Міністэрства культуры краіны прагучалі і пэўныя заўвагі адносна тэрмінаў правядзення працэдуры выбару Культурнай сталіцы. Ці будуць яны ўзяты да ўвагі?

— Сапраўды, надалей працэдура выбару будзе адбывацца трохі ў іншыя тэрміны. Пасяджэнне калегіі, якое вызначыць Культурную сталіцу-2016, мы плануем правесці яшчэ ў першым сёлетнім паўгоддзі. Думаю, гэта дазволіць абранаму кандыдату лепш падрыхтавацца да ўступлення ў свой пачэсны статус. На стварэнне і ўдумлівую карэкціроўку плана мерапрыемстваў мясцовым уладам адведзена ўся другая палова года. Гэта важна, бо дэталёвы “план дзеянняў” у Брэсце — яшчэ толькі ў распрацоўцы і мае быць зацверджаны на пасяджэнні гарвыканкама 23 студзеня.

— А ці могуць прэтэндаваць на тытул невялікія гарады?

— Натуральна! Тут увогуле няма ніякіх абежаванняў. Тытул можа атрымаць любы горад, які зрабіў немалы ўнёсак у развіццё культуры краіны. Думаю, прыспее той час, калі Культурнай сталіцай Беларусі стане, скажам, Тураў — маленькі гарадок з вельмі багатай гісторыяй, альбо знакаміты ці не на ўвесь свет гарадскі пасёлак Мір. Але, ізноў жа, гэта шмат у чым залежыць менавіта ад ініцыятывы мясцовых улад: ім трэба ўважліва прааналізаваць і гісторыю свайго краю, і цяперашні стан культуры, і магчымасці на будучыню. А тады ўжо не баяцца адпраўляць заяўкі. Бо патэнцыйных кандыдатаў на сталічны статус у нас проста безліч!

— Аднак магчымасці абласнога цэнтра і якога мястэчка ўсё ж непараўнальныя...

— Глядзіце: на Беларусі праходзіць звыш сотні ладных фестываляў, і хіба адзінкі з іх — у Мінску ды буйных гарадах. Затое свае прадстаўнічыя культурныя падзеі ёсць у такіх невялічкіх райцэнтрах, як Паставы, Дуброўна, Клімавічы, Браслаў... Тыя ж “Звіняць цымбалы і гармонік” або “Браслаўскія зарніцы” ні ў чым не саступаюць сталічным фэстам.

— Сапраўды, ці не кожны горад нашай краіны мае сваю “брэндавую” падзею. Але, у той самы час, многім з іх бракуе нейкіх лакальных культурных традыцый, якія доўжыліся б пастаянна, а не ладзіліся раз на год ці два. Можа, акурат правядзенне акцыі стане штуршком для іх узнікнення?

— Статус Культурнай сталіцы не азначае толькі правядзенне буйнамаштабных падзей. Бясспрэчна, сапраўдным апагеем леташняй акцыі стаў магутны фінал Х Фестывалю нацыянальных культур. Прадстаўнікі краін Усходняга партнёрства, якія ўпершыню наведалі гэты форум, былі папраўдзе ўзрушаны стаўленнем нашай дзяржавы да тых народаў, што жывуць на беларускай зямлі. Але, у той самы час... вось вам простая статыстыка: за мінулы год у Гродне ў рамках акцыі агулам прайшло каля трохсот самых разнапланавых мерапрыемстваў. У сярэднім, атрымліваецца амаль штодня! У іх ліку — і такая цудоўная ды арыгінальная задума, як канцэрты класічнай музыкі на балконе. Яны выдатна дапоўнілі тую гістарычную атмасферу, што пануе на вуліцы Савецкай. Натуральна, каля таго балкона ахвотна спыняўся ці не кожны, хто праходзіў міма, а турыстаў, дый саміх гродзенцаў, там заўсёды ходзіць вельмі шмат. Спадзяюся, гэты цікавы праект будзе прадоўжаны і ў наступным годзе ды стане паўнавартаснай гарадской традыцыяй.

І спадзевы маюць на тое падставы. На фінальным канцэрце акцыі мэр горада Мечыслаў Гой запэўніў, што Гродна застанецца Культурнай сталіцай і ў 2015-м, і ў 2016-м, і надалей — без афіцыйнага статуса. Відавочна, ён меў на ўвазе не толькі нейкія значныя падзеі (тое ж доўгачаканае адкрыццё абласной філармоніі, якое, будзем спадзявацца, адбудзецца ўжо сёлета), але і культуру ў самым шырокім разуменні слова: у жыцці, у нашых паводзінах на вуліцы, дома, у тэатры і г.д. У гэтым плане “каралеўскі” Гродна і сапраўды пацвярджае статус Культурнай сталіцы, дый, зрэшты, не толькі адзін гэты горад...

— Урэшце, нельга абмінуць увагай і чыста іміджавы аспект— павышэнне прывабнасці горада як у вачах турыстаў, так і яго жыхароў...

— Сапраўды, мэта акцыі — не толькі актывізацыя творчай ініцыятывы, але і павышэнне турыстычнай прывабнасці тых гарадоў, дзе яна праводзіцца. На маю думку, гэтаму асабліва спрыяюць тыя арыгінальныя ды непаўторныя мерапрыемствы, якія падкрэсліваюць рэгіянальныя асаблівасці, акцэнтуюць увагу сучасніка на знакавых падзеях ды постацях далёкай ды блізкай мінуўшчыны таго або іншага горада.

У выпадку з Брэстам на гэты аспект асабліва важна звярнуць увагу. Горад недарэмна называюць Заходнімі варотамі Беларусі: праз яго праходзіць вялізны транзіт турыстаў. І правядзенне акцыі павінна дапамагчы ім адкрыць для сябе той неверагодны культурны патэнцыял, які мае Брэст, убачыць гэты горад у новым, яшчэ больш прывабным, абліччы…

Фота Юрыя ІВАНОВА