Новы год на ТБ і Леў Талстой

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Ягор ХРУСТАЛЁЎ, тэлежурналіст
Асаблівы збег абставін у некалькі дзён навагодніх святаў падарыў мне набор цалкам розных эмоцый. Мая дачка прыляцела на вакацыі дадому са сваёй сяброўкай з Бразіліі. Мы паглядзелі на сябе яе вачыма. У тым ліку пад час паездкі ў Санкт-Пецярбург на пару дзён. А па дарозе я, паколькі быў за рулём, у навушніках праслухаў увесь раман “Вайна і мір” Льва Талстога. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што да часу праслухоўвання трэба дадаць і чаканне ў чарзе ў Эрмітаж.

/i/content/pi/cult/511/11007/5-3.jpgМне цяжка ўявіць любога майго таварыша, у якога ёсць час і магчымасць цяпер перачытаць Талстога, але дарога, за апошнія гады маіх пераездаў па маршруце “Масква — Мінск”, падарыла мне выдатныя магчымасці. І пры гэтым я, як і ўсе, гляджу тэлебачанне ды, больш за тое, з’яўляюся яго “саўдзельнікам”. Акурат сумесь усіх гэтых уражанняў заахвоціла мяне выказаць наступнае.

Цалкам відавочна (і мы павінны тое прызнаць): тэлебачанне стала ўсяго толькі тэлебачаннем і адступае на прыступку ніжэй, гэтак жа, як гэта зрабілі раней паэзія, тэатр, друкаваная публіцыстыка. Новы год на ТБ — на ўсіх, нават самых забяспечаных, каналах — паказаў беднасць. Беднасць думкі. І гэта ніяк не папрок на адрас кагосьці з маіх калег. Калі раней можна было ў коле таварышаў сядзець і наперабой закідваць адзін другога новымі ідэямі, то сёння такога, відавочна, няма. А няма, то і бог з ім.

Варта прызнаць абмежаванасць тэлебачання. І яго месца ў жыцці грамадства цяпер ужо такое ж не самае важнае, як і ў тэатра, друкаванага артыкула, паэмы і тым больш нават той самай “Вайны і міру”, якую я, як вы разумееце, не прачытаў, а праслухаў.

Нядаўна я ўдзельнічаў у абмеркаванні новых падыходаў да арганізацыі фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Думаю, нямногія стануць аспрэчваць тое меркаванне, што ў сезоне ёсць два творчыя агляды: навагоднія шоу і летнія (“Славянскі базар…” і “Новая хваля”). І ўсе навагоднія шоу 2014 — 2015 прадэманстравалі нам антыкрызісныя версіі ды выразнае адчуванне таго, што вы гэта ўжо бачылі.

Дык вось, ці патрэбна нешта новае? Наколькі цяперашняе ТБ, зыходзячы з той аўдыторыі, якая “спажывае” тэлебачанне, патрабуе наватарства і маладых асоб, экстрэмальных паваротаў ды рашэнняў? У навагоднюю ноч патрэбна традыцыя. Усё роўна, глядач хоча ўбачыць тое, як ён старэе разам з героямі сваёй маладосці. Дый Інтэрнэт у сумленнай канкурэнтнай барацьбе забіў наватарства навагодніх шоу.

Рэвалюцыяй сярод навагодніх тэлеімпрэз сталі, безумоўна, “Старыя песні пра галоўнае”. Праект на многія гады “зацьміў” “агеньчыкі”, але яны ўсё роўна перамаглі пазней. Магчыма, я суб’ектыўны як саўдзельнік, але ў нас найбольш яркімі навагоднімі шоу сталі “Паўлінка New” на АНТ і “Вялікая розніца” на сённяшнім “Беларусь 1”. Сёлета ж тэлеканалы не надта каб здымалі свае шоу...

Гледзячы на Новы год разам з 17-гадовай дзяўчынай з Бразіліі (сяброўкай маёй дачкі, нагадаю), здагадваюся, што гэтаму пакаленню не цікавае ў роўнай ступені як наша сучаснае тэлебачанне, так і раман “Вайна і мір”, пра які я спрабаваў захоплена распавядаць па магчымасцях свайго ведання англійскай мовы. У чацвёртым томе Наташа Растова растаўсцела, нарадзіла чатырох дзяцей і ўстройвала сцэны П’еру, які жыў ідэямі дзекабрыстаў. А Мікалай Растоў ажаніўся на Марыі Балконскай (у фільме Бандарчука ён загінуў), жадаў дабрабыту сваім чатыром дзецям і ў гутарцы з Бязухавым сказаў, што будзе біцца супраць яго, калі той пойдзе на бунт... Я нават і не ведаў, што так усё ў кнізе заканчваецца...

Вось што робяць з чалавекам 32 гадзіны ў навушніках...