Натхненне існуе, але... Трэсці трэба!

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Андрэй СМАЛЯК, мастак
Што ні кажы, але юбілей — гэта добрая нагода не толькі для святкавання, але і для падсумавання. Вось і я вырашыў падвесці пэўныя вынікі ўласнага жыцця — спадзяюся, пакуль прамежкавыя. На выстаўцы ў сталічнай Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага вы ўбачыце галоўныя мае набыткі — агулам 175 твораў! Плюс напамінкі пра тыя праекты, якія мы няспынна ладзім з жонкай Вольгай: касцюмы, аксесуары, фота...

/i/content/pi/cult/511/11006/5-2.jpgІ ўсе гэтыя вехі майго мастацкага шляху можна лаканічна звесці да трох слоў “Жыццё, жывапіс, каханне”. Назву выстаўкі, дарэчы, прыдумала Анжаліка Агурбаш, і, па-мойму, яна трапіла проста ў яблычак.

Але наведаўшы выстаўку, вы, магчыма, спытаеце ў мяне: а што далей? Няўжо “заслужаная пенсія” і “спачыванне на лаўрах”? Ды ні ў якім разе! Натуральна, пасля такога бурлівага вернісажу, які ў мяне быў 2 снежня, давялося доўга эмацыйна адыходзіць, дый сіл ён каштаваў нямала. Але мінуў літаральна які тыдзень, і я ўжо зноў штодня наведваюся ва ўласную майстэрню, а на маім мальберце — новы твор.

У мяне акурат той узрост, які для мастака лічыцца векам сталасці ды спеласці. Той перыяд, калі ўжо сфарміравана ягоная аўтарская манера і можна без залішняй сціпласці называць сябе мэтрам. Не буду пярэчыць: яно і сапраўды так. Гэта, аднак, не перашкаджае мне часам пачуваць сябе нованароджаным шчанючком, які тыцкае сваёй пыскай па баках, бо ўвесь свет для яго — гэта незлічоная сукупнасць адкрыццяў. І прачынаючыся, кожны дзень я шчыра дзякую за гэта Госпаду. А потым іду ў сваю майстэрню і вяртаюся адтуль на адным з апошніх цягнікоў метро…

Што такое творчы крызіс, я, па шчырасці, проста не ведаю. Як казаў Пікаса, натхненне, вядома, існуе, але ж яно прыходзіць пад час працы. Я даўно зразумеў, што сакрэт поспеху мастака вельмі просты: трэба працаваць. Трэсці трэба! Некалі мама мяне так вучыла: ты пачні есці, а апетыт ужо сам сабою з’явіцца. Таму я не чакаю натхнення, а проста бяру ў рукі пэндзаль. Тым больш, мама ўжо, на жаль, не накорміць, а есці хочацца...

Літаральна днямі быў на ўласнай выстаўцы, і ўразілі мяне два эпізоды. Па-першае, дзяўчына, якая плакала: настолькі яе кранулі карціны. І па-другое — наш суайчыннік Раман Заслонаў, які лічыцца далёка не апошнім мастаком у Парыжы. Паціснуўшы мне руку, ён сказаў: ты ж самы пазнавальны мастак на Беларусі! Правільна сказаў: не самы геніяльны, а — самы пазнавальны! Вядома, геніем я сябе таксама лічу, але... для ўсіх “троляў” нагадваю, што ўжо неаднаразова выказваўся на гэты конт і не буду паўтарацца.

Раскручаны мастак спараджае асацыятыўны шэраг, пачэрпнуты з замежнай свецкай хронікі: аўкцыёны, дылеры і пакупнікі, рахункі ў банку, уласны замак альбо віла недзе ў Міжземнамор’і... І калі я зараз скажу, што за апошнюю выстаўку мы з жонкай Вольгай дагэтуль засталіся вінныя, дык многія могуць не паверыць.

Затое з вілай у мяне ўсё ў парадку: “маёнтак” свой маю, праўда, не ў Міжземнамор’і, а ў браслаўскім “міжазер’і”. Пачуваешся там — бы ў раі! Уяўляеце: цэлы гектар зямлі — і нікога побач! Ёсць нават уласнае возера — не таму, што яно маё, а, проста, там ніхто больш не ходзіць. Лічу гэты куток найпрыгажэйшым на свеце! Дый ўвогуле... Без асаблівага пафасу магу назваць сябе патрыётам. У мяне было мноства магчымасцей змяніць краіну жыцця, але ніводнай з іх я не скарыстаўся і рабіць гэтага не збіраюся.

Многія з маіх калег наракаюць на свой час і сваю эпоху: маўляў, “не тая” яна для творцаў — столькі ў ёй мітрэнгі ды розных складанасцей! Даруйце, але ж Караваджа або Гойя жылі ў значна горшых варунках, чым дзеючыя члены Беларускага саюза мастакоў. Калі табе дадзена — працуй, рабі сваё. І штодня дзякуй Богу за тое, што Ён дае табе гэтую энергію…

Урэшце, чалавеку не так і шмат патрэбна для шчасця. Вось прадавачка табе ў краме ўсміхнулася — і ты ўжо шчаслівы…