Асаблівасці зімовай “касьбы”

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Для чаго існуюць зімовыя канікулы? Думаеце, каб школьнікі адпачылі? А вось кіраўнікі тэатраў упэўнены: каб выканаць усе магчымыя (і немагчымыя па сваім выкананні) планы — па гледачах, грошах і колькасці спектакляў. Ну калі яшчэ можна ставіць “па тры ёлкі” на дзень — ды без выдаткаў на пераезды, як гэта бывае ўлетку ў час “касьбы” па аздараўленчых летніках? Дый пра рэкламу дбаць асабліва не трэба: публіка прыйдзе, што называецца, “пры любым надвор’і”. А ці робяць надвор’е такія спектаклі на тэатральным Алімпе?

/i/content/pi/cult/511/11004/122-1.jpg“Зялёная” моладзь, залатое дзяцінства: дзе ставіць “мінус”?

Сёлета навагодніх ранішнікаў ды прымеркаваных да святаў прэм’ер было асабліва багата. Кожны тэатр, вядома, сустракаў дзятву па-свойму. Вялікі і Музычны тэатры, да прыкладу, зрабілі стаўку на юных і маладых артыстаў. Цягам дзесяцігоддзяў самым бяспройгрышным варыянтам заставаўся балет “Шчаўкунок” П.Чайкоўскага. Пастаноўку Валянціна Елізар’ева, памятаю, гадоў пятнаццаць таму можна было ўбачыць нават зранку 31 снежня. Потым балетная трупа стала трывала сустракаць Каляды ў замежжы. І новы спектакль “Шчаўкунок, або Яшчэ адна калядная гісторыя” з харэаграфіяй Аляксандры Ціхаміравай быў пакліканы, як неаднойчы паўтаралася на прэс-канферэнцыях, задаволіць попыт беларускіх гледачоў: маўляў, адна пастаноўка са сваімі дэкарацыямі паедзе ў замежжа, другая застанецца — для нашай дзятвы. А што ж у выніку? “Шчаўкунок” В.Елізар’ева значыцца ў рэпертуарных спісах, але не ідзе. Новая пастаноўка паехала ў замежжа, яе ж запіс паказалі 2 студзеня па канале "Беларусь 3". А на сцэне тэатра ў якасці навагодніх ранішнікаў узнік… трэці “Шчаўкунок” — у версіі Васіля Вайнонэна і выкананні навучэнцаў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа (пад фанаграму, вядома).

Дарэчы, яшчэ адзін “Шчаўкунок”, таксама з харэаграфіяй В.Вайнонэна, але ў рэдакцыі Уладзіміра Іванова, ідзе ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры — звычайна як вячэрні “дарослы” балет. Аднайменны дзіцячы драмспектакль паводле Э.-Т.Гофмана — у Тэатры-студыі кінаакцёра. Быў ён калісьці і ў ТЮГу — з музыкай Алены Атрашкевіч, у пастаноўцы Наталлі Башавай. Сёлета рэжысёр увасобіла яго ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Па прызнанні кампазітара, вельмі ўдала, нават лепш, чым раней.

А ў вышэйзгаданым Музычным тэатры да канікулаў падрыхтавалі “Навагодні пярэпалах у казачным каралеўстве” ўсё той жа Алены Атрашкевіч, пазначаны як “музычная казка для дзяцей і дарослых”. У яго аснове — мюзікл гэтага кампазітара “Чароўнае заклінанне мадам Завірухі”, два гады таму пастаўлены Ганнай Маторнай у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Цяпер рэжысёр увасобіла яго на сцэне тэатра, але — з новым лібрэта Наталлі Бараноўскай. Пажаданне дырэкцыі ўкласці ўсё ў адну гадзіну без антракту прывяло да шматлікіх скарачэнняў у музыцы, якая была лепшым бокам твора. Цяпер амаль у кожным нумары замест двух-трох куплетаў гучыць адзін — бы сарамлівы “дадатак” да п’есы, дзе сваіх хібаў хапае. Сітуацыя з “пераблытанымі” казкамі, героі якіх дзейнічаюць наадварот, быццам бы дае “спасылку” на мюзікл Сцівена Сандхайма “Into the woods”, вядомага ў нас па стужцы “Чым далей у лес…”: там Папялушка разумее, што Прынц ёй не патрэбен. У “Навагоднім пярэпалаху…” змены іншыя: Папялушка становіцца гультайкай і абыходзіцца з сёстрамі (а яны цяпер — працавітыя, як яна калісьці) так, як раней тыя з ёй. Калі ж усё вяртаецца на зыходныя пазіцыі, гультаек становіцца — удвая больш, станоўчых персанажаў — удвая менш. І гэта добры “казачны” вынік, хэпі-энд? Ці, прабачце, прамое адлюстраванне рэчаіснасці? Замест пераасэнсавання памкненняў казачных персанажаў у спектаклі канстатуецца: маўляў, усе беды з-за таго, што дарослыя сталі больш спадзявацца на ўласныя сілы, а не верыць у цуды. Можа, аўтары самі нешта пераблыталі? Бо многія нашы праблемы — акурат з-за таго, што замест цвярозага разліку сваіх магчымасцей мы спадзяёмся на праславутае “ану ж”, чаму і “вучаць” шматлікія “мыльныя” серыялы.

Станоўчым жа бокам пастаноўкі з’яўляецца тое, што яна зроблена на два склады. Адпаведна, у ёй заняты першакурснікі Акадэміі мастацтваў, якія вучацца на артыстаў музычных тэатраў. Цудоўна, што літаральна з першых сваіх крокаў яны атрымліваюць магчымасць выходзіць на сцэну. Ды не ў масоўцы, а практычна ва ўсіх ролях, акрамя ўзроставых. Але, на жаль, спяваюць не з аркестрам, а пад фанаграму “мінус”.

У асноўным, пад “мінус” ідзе і “Гарачае сэрца Снягуркі” ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Жыўцом гучаць толькі скрыпка, цымбалы ды баян — літаральна ў трох фрагментах. Дарэчы, сёлета філармонія паклапацілася пра рэкламу, што забяспечыла паўнюткія залы. І гэта радуе. Дый сам спектакль, дзе занята шмат моладзі ды юных артыстаў, выйграе на фоне многіх іншых. Хаця… для гэтай залы так і просіцца якая-небудзь казка менавіта пра музыку, як гэта было тут колькі гадоў таму.

Тым больш, што традыцыйныя навагоднія гісторыі пра тое, як нейкі злодзей хоча сапсаваць, сарваць ці ўвогуле знішчыць свята назаўсёды, ужо надакучылі: надта яны падобныя адна да адной, а таму прадказальныя. Пагаджуся, тая ж прадказальнасць уласціва шматлікім галівудскім стужкам, але там яна адыходзіць на другі план, “схаваная” за відовішчнымі спецэфектамі, якімі наш тэатр пахваліцца не можа. Значыць, трэба шукаць штосьці іншае — нязбітае, арыгінальнае!

“Дацкая” прэм’ера

Самы просты варыянт — прымеркаваць да святаў ранейшы спектакль ці лепш прэм’еру, зусім не калядную па сюжэце. Выгода такіх пастановак у тым, што іх можна паказваць і надалей, у любую пару года, не чакаючы, калі сюжэт стане класікай накшталт “Шчаўкунка”. Па такім шляху ідуць, да прыкладу, у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Але калі летась там “круцілі” адметны, крэатыўны спектакль “А мне не сорамна!..”, пастаўлены Кацярынай Аверкавай яшчэ да восеньскіх канікулаў, дык сёлета прапанавалі прэм’еру і адначасова рэжысёрскі дэбют таленавітай актрысы тэатра Веранікі Буслаевай — “Усе мышы любяць цырк”.

Можа, я трапіла “не на той” паказ, але не было за што “зачапіцца”! Ні ў сюжэтным разгорце (былыя ворагі раптам пасябравалі, убачыўшы самы просты цыркавы нумар), ні ў сцэнічных строях (мышаняты-мышкі — шэрыя ва ўсіх сэнсах слова), ні ў самой сцэнаграфіі (у прыцемках тая праз флюарэсцэнтныя эфекты сапраўды асацыявалася з таямнічым, але прыцягальным цудам, а пры святле — пажоўклыя колеры нагадвалі раённую самадзейнасць былых дзесяцігоддзяў), ні ў ігры акцёраў, некаторыя з якіх папросту не разумелі, што і каго ім тут іграць. А ў сцэнічным маўленні ўзнікалі пафасна-крыклівыя інтанацыі, быццам перанесеныя з папярэдняга ранішніка. Дарэчы, у час яго бабуля побач са мной угаворвала ўнука: “Хадзі да дзяцей, паскачы, ты ж любіш!” А той у адказ: “Там усе так крычаць! У мяне вушкі разбалеліся…” І закрываў іх далонькамі.

Крыху раней ладзіў тэатр і святочны праект для дарослых — сумеснае беларуска-французскае “Каляднае рандэву”, якое ішло тры дні запар. Музычная казка для дарослых “Зімні сон Пэра Наэля” нагадвала няроўную па эстэтычным гусце сумесь капусніка з тэатралізаваным канцэртам. Але галоўным быў антураж: фотавыстаўка, дэгустацыя французскіх напояў, прэзентацыя парфуму, паказ модных беларускіх калекцый, вырабленых творчай моладдзю. Праўда, у адрозненне ад “Вялікага навагодняга балю ў Вялікім тэатры”, які сёлета пройдзе ў шосты раз, тут не было ні дрэс-кода, ні ўласна танцаў, а натоўп гасцей у калідорчыку фае вымушаў згадаць кірмашовую таўханіну.

Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр даваў прэм’еру “Пунсовай кветачкі” ў пастаноўцы Таццяны Аксёнкінай. Атрымалася відовішчна! Найперш — праз яркія сцэнічныя строі ў традыцыях рускага лубка і палехскага роспісу (мастак — Вікторыя Ця-Сен). Цудоўна выраблена сама кветачка, удала падаецца яе відэавыява на задніку. Ледзь не ўпершыню я ўбачыла папраўдзе добрае рашэнне касцюма Пачвары лясной, што ператвараецца ў Прынца: гэтую “роставую ляльку” так і хочацца прытуліць-прылашчыць, толькі твар у яе — нібы пасля жудаснай аварыі. Але сам спектакль — традыцыйны (такі ж і ранішнік), быццам зроблены не для сучасных дзяцей, а для іх бабуль.

Можа, сама казка Аксакава не дае магчымасці нейкіх іншых па эстэтыцы прачытанняў? Але, да прыкладу, Карагандзінскі акадэмічны тэатр музкамедыі (заўважу, рускамоўны) у час восеньскіх гастролей паказаў аднайменны спектакль, у цэнтры якога апынулася вельмі разгорнутая, каларытная, напоўненая песнямі ды танцамі сцэна ўсходняга кірмашу, дзе купец шукае падарункі для сваіх дачок. І ўся пастаноўка адразу набыла яркае нацыянальнае адценне, актуальнае для Казахстана. Для Беларусі ж гэтая казка наўпрост звязана з пошукамі папараць-кветкі, авеянай паданнямі. Але адной згадкі ў тэксце, што дзея, маўляў, адбываецца ў Купальскую ноч, замала. Можа, патрабавалася яшчэ і адпаведная атмасфера — замест Бабы-ягі з Кікімарай?

Старое ўбранне, ды новы фасон

Папраўдзе новы падыход да “канікулярных” спектакляў прадэманстравалі, у той ці іншай меры, тры тэатры. Жыхары Гомеля, дзякуючы Тэатру Генадзя Гладкова “Тэрыторыя мюзікла”, створанаму ў нашай сталіцы два гады таму, убачылі пяць паказаў “Навагодняга мульты-шоу”. Прэтэндэнты на руку царэўны павінны прывесці ў Палац культуры чыгуначнікаў, дзе ішлі спектаклі, сапраўднага Дзеда Мароза. Яны выпраўляюцца ў падарожжа і сустракаюць па дарозе герояў любімых мульцікаў. Па жанры — рэвю, складзенае з фрагментаў вядомых твораў і спектакляў. А ўлічваючы, што і цяперашняе мульты-шоу, і спектаклі, сцэны з якіх у ім выкарыстаны, ставіліся рэжысёрам Настассяй Грыненка і харэографам Дзмітрыем Якубовічам, — яшчэ і ненавязлівы рэкламны “трэйлер” (звернуты, дарэчы, да куды больш шырокай аўдыторыі — праз змешчаны на сайце тэатра фрагмент пастаноўкі).

Беларускі дзяржаўны тэатр лялек прэзентаваў прэм’еру спектакля-гульні па матывах народных казак “Воўк і сямёра казлянят” у пастаноўцы таленавітага Аляксандра Янушкевіча. Ніякага сюжэтнага перайначвання, усё паводле фальклорных матываў, захаваны нават жорсткія падрабязнасці, як каза дастае з жывата ваўка казлянят і замест іх кладзе туды гіры. Але казка тут зусім не галоўная — яна толькі падстава для гульні, прытым што пад апошняй маецца на ўвазе не забава ды марнаванне часу, а гульня для развіцця, своеасаблівы “вясёлы ўрок” (дзе, да ўсяго, можна азнаёміцца са схемай страўніка і набыць мінімальныя веды па фізіцы).

Сцэнаграфія і лялькі Таццяны Нерсісян даюць прамыя спасылкі на супрэматызм Казіміра Малевіча. Сямёра казлянят “увасабляюць” сем колераў вясёлкі і адначасова сем нот (апошнюю тэму, дарэчы, можна было б і ўзмацніць, павучыўшы з дзецьмі ноткі больш асэнсавана — так, як гэта робіцца з фарбамі ці галоснымі). Казляняты, хоць і плоскія (выразаныя карцінкі, дый годзе!), але з дрыготкімі, трапяткімі вушкамі, якія адразу робяць іх “жывымі”. Умоўнасці “інтэр’ера” вымушаюць гледачоў уключаць сваю фантазію і самастойна “дамалёўваць” побытавыя рэчы. На тых жа казлянят дзеці кажуць: маўляў, кожны жыве ў сваім пакойчыку. Хаця змяшчаюцца героі кожны на сваім магнітным квадраціку, зачыненыя зверху “дзверцай”, падобнай да пячной засланкі.

Спектакль вучыць галоўнаму: гуляць. І гуляючы — вучыцца. Але мэтавая аўдыторыя ў яго — на мой погляд, крыху іншая. Гэта не столькі дзеці “ад трох гадоў”, колькі іх бацькі, бо для апошніх пастаноўка — ну проста майстар-клас па натуральным, “незаўважным” выхаванні! Пасля прагляду так і хочацца правесці рэвізію сваіх магнітаў на лядоўні, сабраць разам навагодніх “намагнічаных” казлянят, дадаць да іх астатнія фігуркі жывёл ды людзей — і прадоўжыць казачныя прыгоды, уяўляючы дзверы лядоўні — сцэнай. Каб такія наборы лялек-магнітаў прадаваліся пасля спектакля, дык, думаю, карысталіся б попытам. Але ў фае — звыклы набор кітайскіх цацак. Дый перад пачаткам — зусім не прывязаны ні да пастаноўкі, ні ўвогуле да лялечнага тэатра надта зацягнуты ранішнік, “пазычаны” з іншага тэатра разам з чужымі артыстамі і песнямі з чужых спектакляў. Прычым дзеці прыходзілі — падрыхтаваныя, некаторыя — у касцюмах ваўкоў і казлянят, а “чужыя” вядучыя іх нават не заўважылі…

Прэм’ерай на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра стаўся спектакль “Трымай хвост пісталетам!”. Уласна кажучы, гэта была не абсалютная прэм’ера. Юлія Ляшко і Людміла Перагудава, аўтарскі тандэм якіх склаўся не толькі ў рэдакцыі часопіса “На экранах”, але і ў сумесных сцэнарыях (у тым ліку для кіно), далі сваю п’есу рэжысёру Таццяне Траяновіч, якая і паставіла яе ў рамках тэатральнага праекта “ТриТформаТ”. Цягам года спектакль паказваўся ў дзіцячых дамах, школах-інтэрнатах. А ў святочны ранішнік ён ператварыўся вельмі проста: рэпартаж, які Варона вяла з лясной паляны, быў звычайным, а цяпер стаў — навагоднім. А сутнасць — тая ж самая: пастаянны інтэрактыў з “радыёслухачамі” — гледачамі ў зале. І ўсё гэта — весела, нязмушана, з добрай энергетыкай. Акцёрскі склад — спрэс медыя-персоны. А іграюць — без аніякіх “зорных” сімптомаў, быццам не дзятва перад імі, а здымкі на Галівудзе.

Спектакль названы “музычным экшнам”, але перастрэлак-боек-пагоняў там няшмат. Сцэнаграфія — рознакаляровыя кубікі-трохвугольнікі, з якіх можна скласці нават “авангардную” ёлку (мастак — Уладзімір Піскуновіч). Сюжэт — вельмі просты. Пазнаёмілася Варона (Алена Гіранок) з Зайцам (Алеся Пухавая), інтэлігентным ды баязлівым, а тут на палянку прыйшлі Воўк (Арцём Давідовіч, які стварыў і музычнае рашэнне спектакля) з Лісой (Вера Палякова), каб ссячы ўсе дрэвы і пабудаваць катэдж. Вядома, Заяц пераможа, адчуўшы сябе супергероем. Але ў фінале, і гэта вельмі важна, усе… пасябруюць. Замест канфрантацыі будзе знойдзена агульная справа — ахоўваць лес.

Спектакль звернуты найперш да тынэйджараў: артысты іграюць, лічы, падлеткаў з іх характарамі, дый апрануты — модна-стыльна, без звярыных вушэй ды хвастоў. Пры гэтым станоўчыя персанажы — у кедах ды кепках, з’яднаны спартыўным стылем ды прыкольным рэпам. Адмоўныя (спачатку, бо потым яны “перавыхаваюцца”) — нагадваюць прадстаўнікоў расійскай “папсы”. Спектакль вучыць дзяцей (і дарослых з імі) знаходзіць выйсце з канфліктных сітуацый, не шукаць “ворагаў пад кожным кустом”. Так, усе мы — розныя. Драпежнікі (паводле прыроды, якую не пераробіш) сярод нас сустракаюцца. Але гэта не падстава для падзелу на “сваіх” і “ворагаў”. Проста, на кожны недахоп трэба глядзець, як на індывідуальную асаблівасць. І шукаць для гэтых “асаблівасцей” выкарыстанне “ў мірных мэтах”. Ці не пра гэта — само навагодняе свята, якое яднае ўсіх?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"