Вынікі ёсць. І які вынік?

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Пра сайты, “рэзананс” выставак і рэнесанс увагі да мовы
Новы год і Каляды — самы лепшы і зручны час, каб падвесці пэўныя вынікі або згадаць найцікавейшыя ці найбуйнейшыя падзеі, што адбыліся ў Беларусі цягам мінулых 365 дзён. Таму на шматлікіх сайтах у разліўным моры беларускага Інтэрнэту на гэтым тыдні можна адшукаць матэрыялы, дзе робіцца аналіз палітычных, эканамічных, турыстычных, а таксама культурных падзей 2014 года. Вось на апошніх і спынімся.

/i/content/pi/cult/511/11003/4-22.jpgУражаныя ўражальным

Самае галоўнае, што вынікае з прагледжаных у Байнэце тэкстаў, — культурнае жыццё краіны летась сапраўды буяла. Прынамсі, як пазалетась, так і шмат гадоў таму, яшчэ за часамі Савецкай Беларусі… І з гэтым фактам, што ні кажы, сапраўды не паспрачаешся…

Але, думаю, не памылюся, калі адзначу, што адным пералікам падзей, імпрэз, мерапрыемстваў сённяшняга чытача — у тым ліку і таго, які любіць “блукаць” па прасторах Сеціва, а не занурвацца ў газетныя старонкі, — ужо не надта і здзівіш. Шматлікіх “інфармацыйных нагод”, як кажуць калегі-журналісты, у культурным жыцці Беларусі сапраўды хапае. І будзе хапаць. А вось чаго вельмі не стае — дык гэта аналізу таго, што адбывалася ў сферы культуры цягам мінулага года.

Напрыклад, адзін паважаны і знакаміты сайт падвёў культурныя вынікі проста: даў, мабыць, самую поўную падборку сваіх тэкстаў на культурную тэматыку. Тут табе і кіно, і тэатр, і мастацтва, і музеі, і музыка, і літаратура… Карацей, такі сабе гармідар з матэрыялаў, у якіх можа патануць не толькі сталы наведвальнік партала, але і чалавек, які піша на культурную тэматыку штодня…

Дарэчы, іншыя сайты таксама далёка ад гэтага не адышлі і змясцілі на сваіх старонках спасылкі на публікацыі з рубрыкі “Культура”. А яшчэ адзін вэб-рэсурс увогуле правёў апытанне мінчан (магчыма, па меркаванні рэдакцыі, за МКАДам не жывуць беларусы ці там няма абазнаных людзей?) наконт культурных вынікаў года… Так, паводле слоў сталічных жыхароў, для іх самым запамінальным сталіся то музейная выстаўка, то прыезд любімага гурта, то творчы вечар Аляксандра Міхайлава... Пагадзіцеся, агучаныя “вынікі” выглядаюць, хутчэй, звычайнымі ўражаннямі ад той або іншай падзеі... Таму ўражаныя, так бы мовіць, сваімі ўражаннямі гледачы, слухачы, спажыўцы распавядалі менавіта пра тую або іншую імпрэзу. А вось аналізу культурнага жыцця ў іхніх словах — на жаль, ані каліва… Мабыць, ёсць у гэтым віна і журналістаў, якія ў сваім апытанні зрабілі акцэнт менавіта на падзейнасці ды факталагічнасці, а зусім не на аналітыцы…

Што ні кажы, а тэндэнцыя інтэрнэт-выданняў — засяроджвацца на фактах, і лепш за ўсё “гарачых” ды “смажаных” — часам робіць з журналістаў самых розных сайтаў звычайных блогераў, якія, што называецца, выдаюць “на-гара” матэрыялы пад умоўнай назвай “што бачу — тое і пішу”… Не варта і казаць, што такі падыход хоць і мае шмат пераваг (і галоўная з іх — аператыўнасць), усё-ткі ўдумлівага чытача наўрад ці зможа задаволіць…

Аптымізм і аптымізацыя

Але, натуральна, крытыкаваць — справа таксама лёгкая, асабліва для журналістаў. Таму, каб не падасца галаслоўным, згадаю і я крыху тэндэнцый мінулага года. Так бы мовіць, у аўтарскай версіі.

Адна з іх, пра якую чамусьці не напісаў ніводны інтэрнэт-партал, — што, на мой погляд, не толькі дзіўна, але і недаравальна, — аптымізацыя ўстаноў сферы культуры ў рэгіёнах. Рэдакцыйная пошта “К” поўная лістоў, дзе ў той або іншай форме абмяркоўваецца гэтая тэма, дый нашы паўсядзённыя выезды-камандзіроўкі яскрава сведчаць: агучаная праблема паўстае ў шэрагу раёнаў Беларусі вельмі востра. І справа не толькі ў тым, што са знікненнем у той або іншай мясцовасці клуба ці сельскай бібліятэкі вёска фактычна робіцца “неперспектыўнай”. Тут пытанне больш шырокае: ці мае будучыню вясковая, аўтэнтычная культура, ці не страцім мы праз адно-два дзесяцігоддзі ўсё тое, што клапатліва зберагалася нашымі продкамі, нягледзячы на шматлікія войны ды палітычныя і эканамічныя пературбацыі?

І пытанне гэтае, як падаецца, не толькі чыста “культурнае”. Бо, як вядома, менавіта з асяродка вясковай культуры прыходзілі ў свет выбітныя творцы культуры агульнанацыянальнай, з вясковай культуры яны жывіліся, тварылі ў яе рэчышчы і, часам, па яе канонах… Што будзе, калі гэтая жывая крыніца перастане бруіць, сыдзе ў пясок ці набудзе прыстанак у музеі, хоць бы пад адкрытым небам? Ці здолее культура беларускіх гарадоў і мястэчак замяніць сабой вясковую? Ці змогуць новыя беларускія літаратары, культуролагі, мовазнаўцы, тэатральныя дзеячы, сцэнарысты ды рэжысёры не толькі захаваць здабыткі мінулых пакаленняў, але і развіць іх, узбагаціць, удасканаліць? Пытанняў тут больш, чым адказаў… Бо, пагадзіцеся, надта ж не хочацца, каб нашчадкі глядзелі на нас, сённяшніх беларусаў, як на нейкіх незразумелых ім таўраў…

З іншага боку, камандзіроўкі ў рэгіёны сведчаць і пра тое, што вясковая культура — жыве. І не толькі жыве, так бы мовіць, “дажываючы ды даспяваючы”, а і актыўна сябе пазіцыянуючы. Гэта і выезды нашых аўтэнтычных калектываў за мяжу (згадаю хоць бы фальклорны гурт “Чабатухі” з Пінскага раёна, які пабываў летась са сваімі канцэртамі ў трох краінах), гэта і адметныя акцыі ў глыбінцы (напрыклад, “Прызба-фэст” на Пружаншчыне), і прэзентацыя самабытнага пастаўскага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” у беларускай сталіцы, у Палацы культуры Мінскага трактарнага завода, і многае-многае іншае… Так што пэўны аптымізм, нягледзячы на аптымізацыю, усё-ткі назіраецца і ў рэгіёнах...

Вышыванкі ды курсы

Цікавасць да нацыянальнай культуры (гэта, на маю думку, безумоўны трэнд мінулага года) спарадзіла і яшчэ адну з’яву. Маю на ўвазе сапраўдную моду на вышыванкі. Многія маладыя людзі — звычайна, жыхары сталіцы — пачалі апранаць байкі, кашулі ці майкі, а таксама насіць фенечкі з нацыянальным арнаментам… Такім чынам, можна сказаць, што ў 2014-м некаторыя элементы традыцыйнай культуры ўвобмірг перасягнулі межы вясковых хат ці этнаграфічных музеяў і выйшлі проста на вуліцу, у народ.

Аналіз гэтай з’явы — яшчэ наперадзе. Разам з тым, казаць пра тое, што названая тэндэнцыя набыла агульнарэспубліканскі характар, пакуль не выпадае. Зыходзячы з назіранняў, мода на вышыванкі — хутчэй за ўсё, лакальна-сталічнага маштабу. Ці будзе яна пашырацца — пакажа час.

І, мабыць, апошняе. Не магу не адзначыць, што летась і з высокіх трыбун, і з вуснаў раённых ды абласных чыноўнікаў пачала больш гучаць беларуская мова. А яшчэ неаднойчы цягам 2014-га агучваліся прапановы па павелічэнні ў школах урокаў на роднай мове, аб вяртанні ў агульнаадукацыйныя ўстановы прадметаў культуралагічнага цыкла…

Мода на родную мову летась пацвярджалася і шматлікімі курсамі, дзе рускамоўных беларусаў вучылі карыстацца “матчынымі” словамі ды выразамі… Што і казаць, адметная і цікавая тэндэнцыя. Прычым настолькі прынятая на ўра, што падобныя курсы ладзіліся ў 2014-м годзе не толькі ў сталіцы, а і за яе межамі. І, мяркуючы па ўсім, вучыцца гаварыць па-беларуску жадае ўсё больш і больш людзей, што, натуральна, не можа не радаваць…

Зразумела, прадстаўлены тут пералік культурных падзей мінулага года — не поўны. І кожны чытач “К” можа дадаць у яго свае некалькі пунктаў. Галоўнае — каб гэтыя падзеі былі сапраўды вартымі і сведчылі пра перспектыўнасць ды значнасць названых акцый у агульнанацыянальным маштабе… Бо, што ні кажы, а распад музычнага гурта — як было пададзена на адным з айчынных сайтаў — да такіх “вынікаў года” наўрад ці адносіцца…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"