Пацеркі для каханай… з біўня маманта

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Яшчэ задоўга да таго, як у першым горне распаліўся да чырвані кавалак металу, пацягнула нітку з першай кудзелі папрадуха і сейбіт выйшаў на першы ўзараны палетак, людзі навучыліся апрацоўваць косткі, ствараючы з іх як прылады працы, так і ўпрыгожванні. Пачынаючы з каменнага веку, нашы прашчуры добра разумелі вартасці костак — цвёрдасць, трываласць, утварэнне вострых канцоў пры расколванні — і навучыліся іх выкарыстоўваць. Так зарадзілася касцярэзнае рамяство на Беларусі. З эпохі ў эпоху аж да сярэдніх вякоў яно ўдасканальвалася і знаходзіла ўсё больш разнастайны ўжытак, што можна ўвачавідкі прасачыць па экспанатах выстаўкі, адкрытай 12 лютага ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.

 /i/content/pi/cult/150/1100/Mamant.jpg
— Гэта супольны праект некалькіх айчынных музеяў і навуковых устаноў, — патлумачыла на прэс-канферэнцыі кіраўнік рабочай группы праекта, галоўны захавальнік фондаў Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Святлана Гаўрылава. — У экспазіцыю трапілі археалагічныя прадметы найперш з фондаў Нацыянальнага музея — арганізатара выстаўкі, які на працягу 10 гадоў самастойна праводзіў раскопкі, а таксама з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, гістарычнага факультэта БДУ, Мінскага абласнога краязнаўчага музея, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Браслаўскага раённага музейнага аб’яднання.

Ініцыятары і стваральнікі новай выстаўкі — маладыя археолагі, навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Мікалай Плавінскі, Віталь і Вольга Сідаровічы і кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Максім Чарняўскі — адказвалі на пытанні журналістаў.

— Выстаўка “Касцярэзнае рамяство Беларусі: ад старажытнасці да Сярэднявечча” можа здзівіць і дасведчаных спецыялістаў, і замежных гасцей, — сказаў М.Плавінскі. — Мы імкнуліся паказаць увесь асартымент вырабаў з косткі, якія зараз не сустракаюцца ў паўсядзённым ужытку.

Над афармленнем экспазіцыі працавалі мастакі Вячаслаў Ламака і Тамара Голубева. Першае, на што падае погляд пры ўваходзе ў залу, — вялізныя косткі маманта, складзеныя, бы дровы ў ачагу. Гэта, так бы мовіць, зыходны матэрыял, з якога вынаходлівасць і настойлівасць першапродкаў маглі спарадзіць цэлы набор рэчаў. Зрэшты, у справу ішлі шкілеты розных жывёлін, з’едзеных племенем ці выпадкова загінуўшых. Якія прадметы з костак засталіся нам у спадчыну ад жыхароў каменнага веку? Напрыклад, арнаментаваная іголка часоў палеаліту, баявая сякера або пацеркі з разьбой “змяіная луска”. Як патлумачыў В.Сідаровіч, археолагам вядомы вырабы з костак лася, паўночнага аленя (тагачаснага насельніка нашых раўнін), коз і авечак, радзей — свінні, амулеты з іклаў сабакі, дзіка, мядзведзя.
 /i/content/pi/cult/150/1100/Mamant2.jpg

Ад вітрыны да вітрыны бачна, як прагрэсіравала ўмельства майстроў-касцярэзаў. З мезаліту да нас дайшлі наканечнікі дроцікаў і нават фрагмент вяшчунскага жазла, людзі неаліту ўжо налаўчыліся свідраваць у сякерах і матыках круглыя адтуліны, майстраваць цяслы. А ў Сярэднявеччы — чаго толькі з косткі ні выраблялі! Амулеты, колцы, гузікі, адна- і двухбаковыя грабяні з танюткімі зубчыкамі, ігольнікі, порхліцы (устаўкі ў жорны). Магчыма, касцяны шар кісцяня служыў некалі разбойніку, а накладкі на лук — трапнаму княжацкаму стралку? Нават дзіцячыя цацкі былі касцяныя: яечка, жужалкі, канькі. Наведвальніку прапануецца зазірнуць і ў майстэрню, дзе вырабляліся такія рэчы.

Усе прадстаўленыя на выстаўцы экспанаты па-свойму цікавыя і каштоўныя для навукі, і археолагі лічаць няправільным шукаць сярод іх “самыя унікальныя”, але ўсё ж па просьбе журналістаў згадалі асобна пра касцяныя флейты, датаваныя бронзавым векам, і сярэднявечныя шахматныя фігуркі. Усяго ж экспазіцыя налічвае каля 1000 прадметаў.

Што асабліва ўражвае падчас знаёмства са старажытным касцярэзным рамяством? Найперш — тая неймаверная ўпартасць, тая бясконцая цярплівасць, з якой людзі далёкага мінулага ўручную адольвалі супраціўленне цвёрдага матэрыялу, гадзіну за гадзінай, дзень за днём надаючы яму патрэбныя формы. А таксама — прыроджаная цяга першапродкаў да прыгажосці, што прымушала ўмельца каменнага веку траціць дадаткова немалыя час і высілкі на прарэзванне арнаменту па касцяной паверхні, ператвараючы рэч для прымітыўнага побыту ў твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Па-другое, варта аддаць даніну павагі высокаму прафесіяналізму нашых археолагаў, бо дзякуючы іх знаходкам і даследаванням і сталася магчымай гэтая выстаўка. Як заўважыў на яе адкрыцці кандыдат гістарычных навук, выкладчык БДУ Міхаіл Чарняўскі, беларуская калекцыя касцяных вырабаў, асабліва з паўночных рэгіёнаў краіны, — сапраўды унікальная. Кожная эпоха, кожная культура, нават кожнае племя вынаходзіла свае спосабы апрацоўкі костак, уласныя арнаментальныя матывы.

Падобныя знаходкі падчас раскопак — удача для навукоўцаў. Масавы касцявы матэрыял сустракаецца ў выключна рэдкіх выпадках. Археалагічныя помнікі знікаюць, дый самі па сабе прадметы з костак у зямных нетрах няўхільна парахнеюць. У рукі археолагам трапляюць толькі фрагменты рэчаў — нібы разрозненая мазаіка, з якой мы намагаемся скласці карціну жыцця іх стваральнікаў. Тым не менш, аўтары выстаўкі і іх калегі спадзяюцца, што зборы вырабаў касцярэзнага рамяства яшчэ папоўняцца цікавымі экспанатамі.

Святлана ІШЧАНКА
Фота аўтара