“За што я люблю сваю вёску?”

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Акцыя “К”: журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі / Культура пакуль не стала эканамічнай катэгорыяй
Веткаўскі раён даўно стаў для Добрушчыны гэткім “падшэфным”. Па шэраг даведак, звязаных, скажам, са станам нерухомасці, веткаўцы скіроўваюцца менавіта ў Добруш. Адсюль — і пэўныя кадры для Веткі. Да прыкладу, былы начальнік аддзела культуры Добрушскага райвыканкама Рыгор Козыраў, як нам паведамілі, цяпер узначальвае ў Ветцы кінавідэаўстанову … Так, у Добруша — больш перспектыў: і чыгунка тут, і прадпрыемствы жыццяздольныя. На Веткаўшчыне ж апрача музея ды не менш знакамітых неглюбскіх ручнікоў амаль нічога і не захавалася. Але, на жаль, культура пакуль не стала эканамічнай катэгорыяй, што наўпрост уплывае на мэтанакіраванае развіццё раёна. А шкада.

/i/content/pi/cult/511/10999/10-1.jpg

Людміла Кавалёва з неглюбскім ручніком.

/i/content/pi/cult/511/10999/10-2.jpg

Сталіца ручнікоў

У Неглюбку трапілі ўжо зацемна. Да свайго сораму прызнаемся: мелі сумневы ў мэтазгоднасці такога позняга візіту. Маўляў, усе мясцовыя работнікі культуры ў такі час калі і не спяць, дык дакладна займаюцца сваімі клопатамі па гаспадарцы. І ўсё ж упусціць такую магчымасць наведаць негалосную сталіцу беларускага ткацтва не змаглі. І, забягаючы наперад, не памыліліся. Дарэчы, падказала дарогу да Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва ўраджэнка Таджыкістана, якая не першы год жыве ў гэтай вёсцы ды з цікавасцю спазнае беларускія народныя традыцыі. Трэба сказаць, на пачатку мінулага стагоддзя тут жылі больш за тры тысячы чалавек, а зараз — і тысячы не набярэцца… Значная частка з іх — “перасяленцы” (тыя ж узбекі, таджыкі, туркмены), якія пасля аварыі на ЧАЭС прыехалі ў вёску з розных “гарачых кропак” на сталае месца жыхарства.

Тым не менш такая нацыянальная стракатасць не перашкаджае захоўваць глыбінную нацыянальную традыцыю, а мо наадварот, яшчэ больш заахвочвае з вялікай адказнасцю зберагаць сваю культуру.

Тым часам на гадзінніку — далёка за 19-ю, а ў мясцовым Цэнтры ткацтва праца — у поўным разгары: майстрыхі спраўна ўпраўляюцца з ткацкімі станкамі, ствараючы літаральна ў нас на вачах на даматканых палотнах спрадвечныя беларускія арнаменты. Як нам патлумачылі, гэтая традыцыя ў вёсцы ніколі не перапынялася, у чым можна пераканацца хаця б па тых жа ўзорах ткацтва, выстаўленых у галерэі, а таксама па шматлікіх партрэтах мясцовых майстрых, размешчаных у фае неглюбскага Цэнтра.

Цікавасць выклікала і галерэя-крама, якая адкрылася пару гадоў таму ў сценах Цэнтра ткацтва. Урэгуляваўшы ўсе юрыдычныя і фінансавыя аспекты, ўстанова спраўна папаўняе мясцовы бюджэт. Людміла Кавалёва, кіраўнік гуртка ткацтва “Ніток”, расказала, што частка з заробленых на продажы прадукцыі сродкаў ідзе на набыццё тых жа нітак, а таксама — неабходнага для Цэнтра абсталявання.

Што і казаць, турысты з далёкага замежжа калі бачаць такое хараство — скупляюць усе наяўныя ў продажы вырабы. Не выпадкова ж неглюбскія ручнікі прадстаўлены ў галерэях ды ўстановах многіх краін свету. А вось у самой Неглюбцы турыстаў, відаць, малавата.

Прыемна, што неглюбскія майстрыхі, з аднаго боку, ні ў тэхналагічным плане, не ў эстэтычным не здраджваюць традыцыі, а з іншага — побач са спрадвечнымі ткацкімі формамі (рознымі тыпамі ручнікоў) ствараюць новыя спосабы трансляцыі старажытных сімвалаў — праз тыя ж сувенірныя магніты, торбачкі для мабільных тэлефонаў.

Калі ж казаць не толькі пра захаванне, але і папулярызацыю ткацкай традыцыі, то нельга не згадаць і пра ўжо традыцыйныя неглюбскія “Свята беларускага ручніка” ды Рэгіянальны фестываль ткацтва “Кросенцы”, якія чаргуюцца паміж сабой праз год. Ініцыятарамі праектаў з’яўляюцца ўпраўленні па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама ды Веткаўскага райвыканкама, а таксама Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці.

Так, ужо пазалетась (пабывалі ў Веткаўскім раёне мы яшчэ ў снежні 2014-га) пад час “Кросенцаў” турысты маглі паглядзець, як апранаецца складаны неглюбскі строй, даведацца пра прызначэнне яго элементаў, а таксама ў майстрых згуртавання “Ніток” Неглюбскага цэнтра ткацтва навучыцца вырабу некаторых яго атрыбутаў: гарлачкі — бісернага жаночага ўпрыгожання — і кубка — дзявочага галоўнога ўбора. Заадно турысты мелі магчымасць развучыць беларускія народныя танцы з удзелам народнага калектыву з суседняй вёскі Стаўбун.

Пагадзіцеся, каб трапіць на такое мерапрыемства, не шкада і тых літраў спаленага бензіну (ад Мінска да Неглюбкі — больш за 300 кіламетраў). Гэтыя ўнікальныя традыцыі таго вартыя. Мо таму, калі ўжо выязджалі з вёскі, прыгадалі галівудскі фільм-фантасмагорыю “Асабліва небяспечны”, што расказвае пра брацтва ткачоў, якія захоўваюць баланс дабра і зла на нашай планеце. У неглюбскіх ткачых не менш важная задача: захаваць праз малазразумелыя нам, але ад таго яшчэ больш каштоўныя, знакі і сімвалы, беларускую духоўную культуру…

Калі ж ужо па трасе імчаліся да Веткі, з ляснога гушчару пад промні нашых фар скокнуў адважны заяц. Прабег метраў пяць і, вырваўшыся са светлавога палону, вокамгненна шмыгнуў пад яліны. Маўляў, трошкі правёў да Веткі — дый годзе...

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

У Неглюбцы нам падарылі па цудоўным сувеніры. Уявіце: фрагмент неглюбскага тканага ручніка, закатаны ў пластык з магніцікам. Стыльная рэч! На ёй — фрагмент старадаўняга арнаменту назовам “Дрэва жыцця”. У аснове — крыж прамы, перасечаны касым. Сімвал прагі насення да бясконцага росту. Усе гэтыя тлумачэнні пазначаны на канверце-абгортцы магніціка. А ручнік-арыгінал, што выканала Соф’я Міхайлаўна Астапенка, захоўваецца сёння ў Веткаўскім музеі стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава. Пры спрыянні ўстановы гэты сувенір, дарэчы, і зроблены. Як нам паведамілі, існуе некалькі разнавіднасцей такіх камплектаў (на кожным — свой арнаментальны фрагмент з яго сэнсавым тлумачэннем)… Я чалавек азартны: пачынаю збіраць калекцыю. Ці трэба тлумачыць іншым музейшчыкам, што такіх сувеніраў, калекцыйную лінію якіх любому ахвотнаму хочацца абнаўляць бясконца, хранічна не стае іхнім установам? Практыка паказвае, што — трэба…

Вырашаць — кіраўніку

Ранкам скіраваліся ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Веткаўскага райвыканкама. Абавязкі яго кіраўніка выконвае Міхаіл Курылін, што раней таксама працаваў у сістэме культуры Добрушскага раёна. На Веткаўшчыне ён — лічаныя месяцы, але ў праблемах краю ўжо добра арыентуецца.

У кабінеце апрача нас — і маладая дзяўчына з Гомеля. Літаральна днямі яны прыступае да працы ў якасці кіраўніка РДК, бо сваіх кадраў, як зразумела, няма. Міхаіл Курылін прызнаецца, што шмат працоўнага часу займае пошук апошніх за межамі раёна. І дадае, што сітуацыя з кадрамі ў Свяцілавічах (пра яе мы пісалі ў папярэднім артыкуле нашага аўтатура) яго ўжо так не турбуе. Новы кіраўнік клубнай установы, маўляў, граў калісьці ў эстрадным ансамблі, а менавіта такія веды і патрэбны кіраўніку тамтэйшай культуры. Не можам аспрэчваць кадравае рашэнне выконваючага абавязкі начальніка аддзела. А ці правільнае яно, пакажа час.

Даведаўшыся, што мы пасля Веткі маем намер наведаць Добруш і Добрушскі раён, Міхаіл Курылін параіў абавязкова сустрэцца з кіраўніком Церахоўскага ГДК Анатолем Мармылёвым. Маўляў, спецыяліст неардынарны і вельмі крэатыўны. Паабяцалі так і зрабіць, бо неардынарны работнік культуры на сёння — што васілёк у жыце. Тым больш, калі васілёк гэты вырас на спрадвечнай беларускай глебе. Вось пра тыя “кветкі” і захацелася сёння распавесці…

Дык калі на кірмаш?

Праз якія паўгадзіны мы — у Добрушы. Сустрэла нас намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Добрушскага райвыканкама Наталля Доля. Распавяла пра надзённае. Да прыкладу, у 2014 годзе было шмат зроблена па рамонце клубных устаноў. Якасна абноўлены і РДК. Дасягненне ў сённяшніх няпростых эканамічных варунках — неаспрэчнае. Удалае вырашэнне гаспадарчых пытанняў — таксама творчасць. РДК апрача абноўленых фае ды глядзельнай залы займеў у выніку еўрасаюзаўскага партнёрства яшчэ і высакакласную апаратуру са Швейцарыі для мясцовай студыі гуказапісу. Словам, тэхнікі ў Доме культуры хапае. Але галоўная сіла ўстановы — яе супрацоўнікі. Да прыкладу, рэжысёр Валянціна Лужынецкая.

Менавіта яна падрыхтавала праект па распрацоўцы і рэалізацыі наватарскай канцэпцыі правядзення ў Добрушы Міжнароднага духоўна-свецкага фестывалю “Спасаўскі кірмаш”. Гэтае раённае свята ладзіцца ў райцэнтры з 2008 года. Бяруць у ім удзел святары, сяляне, майстры народных промыслаў, творчыя калектывы. Валянціна Ізотаўна мяркуе пашырыць межы мерапрыемства, удасканаліць яго праграму. Раён, як вядома, знаходзіцца на мяжы Расіі і Украіны, таму прасоўванне нашых традыцый ды промыслаў — мэта больш чым надзённая.

Праект падтрымлівае гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь ды зямляк жыхароў Добрушскага раёна Уладзімір Пракапцоў. Пытанне разглядаецца цяпер у Міністэрстве культуры краіны. А Гомельскі аблвыканкам падаў заяўку на тое, каб Валянціне Лужынецкай быў прадастаўлены грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры на бягучы год…

Зразумела, новы кірмашовы статус запатрабуе новых жа, інавацыйных, падыходаў: арыгінальнай рэжысуры, гукавога афармлення, нестандартнай пабудовы гандлёвых узаемаадносін… Так што апаратура са Швейцарыі трапіла ў РДК своечасова. Будзем спадзявацца, міжнародны “Спасаўскі кірмаш” уразіць крэатывам. Прынамсі, у добрушскіх работнікаў культуры іншых варыянтаў проста няма.

Адрадзіць радзіму

Чарговы праект аддзела таксама падаецца важным і актуальным. Ініцыятар яго — намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Доля. Пад назвай “За што я люблю сваю вёску?” праект быў абвешчаны сярод вучняў раёна. Кожны пісьмова паспрабаваў адказаць (доказна, ярка і эмацыйна, з дапамогай жывапісных ды фатаграфічных ілюстрацый) на вышэйназванае пытанне. Хтосьці можа запытацца: “Якое дачыненне да культуры маюць гэтыя пісьмовыя экзерсісы?” Бяром на сябе адказнасць запярэчыць: “Самае непасрэднае!” Носьбіт вясковай культуры — носьбіт першароднай шчырасці, выгадаванай на сырадоі, рачных туманах, лясных птушыных спевах... Банальная рэч: у вёсцы нарадзілася сённяшняя нацыянальная культура. Тут яна жывіцца і раз-пораз абнаўляецца. Знішчыць гэтыя вытокі — значыць паставіць пад пагрозу існавання беларускай душы. І калі школьнік усвядоміў, што ён — частка нацыянальнай духоўнасці, якая даўно паспела стаць неад’емнай часткай сусветных каштоўнасцей, дык за сваё будзе стаяць гарой.

Вось, да прыкладу, урывачак з твора дзесяцікласніцы са Жгунскай Буды Дар’і Сіманенка: “Шкада, што нас становіцца ўсё менш. Таму і школу нашу закрылі — нам даводзіцца ездзіць на вучобу ў аграгарадок “Жгунь”. Але ж і Жгунабудская школа можа ганарыцца выпускнікамі, якія праславілі родную вёску. Тут нарадзіўся і вучыўся, напрыклад, Уладзімір Іванавіч Пракапцоў…

Мае планы звязаны з маёй вёскай. Спадзяюся, яна адродзіцца. А мае дзеці і дзеці сяброў будуць прачынацца ад радаснага рыкання кароў, будуць выбягаць на вуліцу ды цікаваць: ці не вярнуліся буслы…”

Дар’я хоча застацца ў роднай вёсцы. Яна — яе заўзяты ідэолаг. Піша пра тое, што будзе настаўніцай, што ёсць у іх і сельскі клуб ды багатая на кнігі бібліятэка. (Не дай бог, каб паквапілася на іх аптымізацыя!) Піша пра слаўную гісторыю вёскі: у непраходным лесе заснавалі яе стараверы. (Чым не нагода для творчага і пастаяннага стасункавання мясцовых клуба ды бібліятэкі з Веткаўскім музеем стараверства і беларускіх традыцый?) Пабольш бы такіх Даш. Тады б мо і патрэбы ў праекце не было. А пакуль што буслы там-сям знікаюць беззваротна…

І хто пасля ўсяго гэтага скажа, што Наталля Доля — не творца? Яна не проста васілёк, яна, так бы мовіць, кветкавод-прафесіянал. Колькі дзіцячых душ абуджана, колькі пад час творчай самарэалізацыі асоб выяўлена! Менавіта гэткім няпростым чынам і нараджаюцца творцы. І такія не дадуць спляжыць радзіму…

Не райцэнтр, а вёска

Даўно меркавалі завітаць у рамках нашага аўтатура ў Карму — не ў горад і цэнтр аднайменнага раёна на Гомельшчыне, а ў вёску Добрушчыны, дзе нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін. Аграгарадок знакаміты яшчэ і сваяком славутага дыпламата Іосіфа Гашкевіча — святым праведным Іаанам Кармянскім, у гонар якога створаны і дзейнічае ў вёсцы жаночы манастыр. Як высветлілася, у Пакроўскім храме, што асвяціў сам святы ў 1903 годзе, захоўваюцца ягоныя мошчы, пакланіцца якім прыязджае мноства паломнікаў не толькі з Беларусі, але і з суседніх Расіі ды Украіны. Людзі памятаюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне гісторыі, што сведчаць пра надзвычайную дабрыню, міласэрнасць ды празорлівасць свайго пастыра.

Размешчаны ў Карме і дзве ўстановы культуры: СДК і сельская бібліятэка. Невыпадкова каля іх размясціўся бюст Івана Шамякіна, устаноўлены да 90-годдзя з дня нараджэння славутага земляка. Да гэтай падзеі калекцыя мясцовай бібліятэкі папоўнілася кнігамі з аўтографамі пісьменніка ды архіўнымі фотаздымкамі. Думаецца, мерапрыемствы, прысвечаныя класіку айчыннай літаратуры, праводзяцца тут не толькі да юбілейных дат, але і цягам усяго года…

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Наведаўшы Карму, задаў сам сабе пытанне: ці можна зарабляць грошы на, так бы мовіць, духоўнасці? Чаму не, калі гэта запатрабавана турыстамі. Прыгадваецца, як аддзел ІРКМ у Мсціслаўскім раёне пад час нашага візіту дзяліўся планамі па продажы буклетаў, магніцікаў ды іншых сувеніраў, арыентаваных, у тым ліку, на паломнікаў Пустынкаўскага манастыра. Чаму б падобнай ідэяй не зацікавіцца кіраўнікам сферы культуры Добрушскага раёна? Тым больш у Карме ёсць магчымасць прапанаваць гасцям багата цікавага!..

Мармылёў ды іншыя

Колькі кіламетраў ад Кармы — і мы ў гарадскім пасёлку Церахоўка. Адразу скіраваліся ў мясцовы Дом культуры, дзе нас чакала прыемная неспадзяванка. Не так часта ў аўтападарожжах нам даводзіцца прысутнічаць на рэпетыцыях. А тым больш упершыню за час нашых аўтавандровак атрымалася трапіць у прафесійную студыю гуказапісу, якая знаходзіцца не ў райцэнтры.

У студыі ж адбывалася рэпетыцыя жаночага ансамбля “Надзея”, які, да слова, з месяц як абараніў званне народнага. У планах — выпуск першага кампакт-дыска гурта. Акрамя народных беларускіх песень у рэпертуары калектыву маюцца творы на рускай ды ўкраінскай мовах: даецца ў знакі "памежнасць" раёна. Багата песень на словы беларускага паэта Івана Цітаўца.

Намеснік дырэктара СДК Людміла Кавалёва распавяла, што ў ГДК ёсць народны мужчынскі ансамбль “Талака”, дзіцячая і дарослая эстрадныя студыі, гурткі па вышыўцы, выцінанцы, клуб выхаднога дня “Сонейка” і клуб выяўленчага мастацтва.

Але вернемся да студыі гуказапісу. Кіруе ёй малады ды амбіцыйны Уладзімір Някрасаў, які апроч таго працуе ў ГДК на пасадзе хормайстра. Сведчаннем запатрабаванасці студыі з’яўляецца і той факт, што ў Церахоўку для гуказапісу прыязджаюць музычныя калектывы нават з Гомеля: апаратура дазваляе ствараць якасныя “мінусоўкі” ды запісы. Дарэчы, дырэктар ГДК Анатоль Мармылёў адсутнічаў у час нашага прыезду ў Церахоўку па важнай прычыне: ездзіў у райцэнтр па новыя “клавішы”.

Трэба сказаць, ГДК можа сабе дазволіць набываць не толькі “клавішы”. Як-ніяк, за 2014 год установа выканала план па аказанні платных паслуг у 105 мільёнаў. Якім чынам? Праз тыя ж канцэрты, дыскатэкі, а таксама гульнявыя шоу-праграмы. Неверагодна, але мясцовы Дом культуры мае набытыя пры падтрымцы аддзела ІРКМ электрамабілі, більярд, батут ды іншыя цікавосткі, што выкарыстоўваюцца пад час масавых святаў і, вядома ж, займелі вялікую папулярнасць, у тым ліку ў аддаленых вёсках раёна, куды ўлетку прыязджаюць работнікі ГДК. Адно што — праблема з транспартам. Свайго няма, таму даводзіцца звяртацца па дапамогу ў аддзел або ў пасялковы савет, дзе, па словах Людмілы Кавалёвай, ніколі не адмаўляюць. Таксама падтрымлівае ўстанову і неабыякавая да культуры старшыня Добрушскага райвыканкама Вольга Мохарава. Не толькі з увагай ставіцца да просьбаў па забеспячэнні ГДК касцюмамі і тэхнікай, але і яшчэ, як дазваляе вольная хвіліна, з прыемнасцю ўдзельнічае ў рэпетыцыях народнага ансамбля.

Пры ўсіх пазітыўных момантах, маецца ў Церахоўскім ГДК і лыжка дзёгцю. Ужо даўно будынак патрабуе рамонту з частковай перапланіроўкай. Справа ў тым, што дагэтуль тут адсутнічае прыбіральня. Пакуль жа запланаваны бягучы рамонт сіламі гаспадарчай групы.

Падсумаваць жа візіт у Церахоўскі ГДК хочацца стаўленнем мясцовых культработнікаў да народных традыцый. Як нам патлумачылі, Церахоўка ў першай палове ХХ стагоддзя была райцэнтрам. Вядома, запоўненым актыўнымі камсамольцамі, якія змагаліся з, на іх думку, народным цемрашальствам. У выніку народныя абрады там забыліся. Як аказалася, не назаўсёды. Пасля аварыі на ЧАЭС у колішнім мястэчку з’явіліся перасяленцы з поўначы Добрушскага раёна, якія разам з сабой прынеслі аўтэнтычны абрад. Да гонару мясцовых работнікаў культуры, традыцыю не сустрэлі “ў штыкі”, а, наадварот, дапамаглі адрадзіць. Вось ужо некалькі гадоў, як у Церахоўцы праводзіцца абрад “Ваджэнне стралы”. Чым не прыклад для раёнаў краіны па захаванні нематэрыяльнай спадчыны?..

Бяроста — няпроста…

Церахоўскі цэнтр рамёстваў, які стаў апошнім пунктам аўтападарожжа, спецыялізуецца на мастацкіх вырабах з бяросты. Апроч кіраўніка ўстановы напаткалі за працай там Вольгу Скоблік і Машу Літвінаву, вучаніц 8 класа, якія не адзін год займаюцца гэтай не такой простай, як можа падацца на першы погляд, справай. Самае цікавае ў працэсе вырабу, па словах Машы, цісненне. Спачатку робіцца эскіз на паперы, які пасля пераносіцца на кару бярозы.

Кіруе цэнтрам колішні мастак-афарміцель Церахоўскага ГДК Марыя Літвінава. Стаць майстрам па вырабе з бяросты ёй дапамог выпадак: пад час “Дажынак” у Мазыры адбываліся майстар-класы па гэтым мастацтве, якія прыцягнулі ўвагу. У выніку шэсць гадоў таму была створана ўстанова, у якой цяпер займаюцца восем вучняў, праходзяць майстар-класы для дарослых.

Пабачылі мы разнастайныя ёмістасці з бяросты для захавання не толькі сыпучых прадуктаў, але нават і малака, якое дзякуючы ўласцівасці бярозы, доўга не скісае, а таксама сувенірныя рамкі для фотаздымкаў, мініяцюрныя лапці, надзвычай прыгожыя карціны, створаныя алейнымі фарбамі па бяросце. Словам, вочы разбягаюцца ад убачанага!..

Але варта ведаць і адваротны бок медаля. Як мы дазналіся, на Гомельшчыне вельмі цяжка знайсці якасны матэрыял для вырабаў. Як-ніяк, спецыялістамі лічыцца, што традыцыя мастацкай апрацоўкі бяросты пайшла з Сібіры, дзе і бярозы, адпаведна, зусім іншыя. А таму ў разнастайных конкурсах-выстаўках, у якіх прымае ўдзел кіраўнік Цэнтра, яе работы не прызнаюцца, бо нібыта не маюць беларускага каларыту, што, зразумела, вельмі крыўдна для майстра. Але нават, калі гэта сапраўды і не айчынная традыцыя, тым не менш яе бытаванне на нашых землях, мастацкі густ ды светапогляд беларускіх майстроў робяць рамяство адметнай з’явай нашай традыцыйнай культуры…

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Са знойдзеных намі “васількоў” мы паспрабавалі скласці “букет”. Падаецца, атрымаўся ён шыкоўным, яркім, непаўторным. Такі і падарыць не грэх. Падарыць тым, хто не толькі любіць Радзіму, але і шмат робіць, каб стала яна нашым агульным ды ўтульным домам. А сярод такіх — і неглюбскія ткачыхі, і жгунабудскія школьнікі, і церахоўскія работнікі культуры. І ўсе тыя, хто пажадае ўзяць на ўзбраенне іх творчыя напрацоўкі, адкрыцці, праекты. Спадзяёмся, што такіх на Беларусі засталося яшчэ шмат…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"