"Важна не страціць сваё аблічча"

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

ЗА ДУХОЎНАЕ АДРАДЖЭННЕ! / У Мінску ўручылі прэміі Прэзідэнта
Учора ў сталічным Палацы Рэспублікі Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўручыў Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, спецпрэміі Прэзідэнта "Беларускі спартыўны Алімп".

/i/content/pi/cult/511/10995/1-1.jpgУказ № 649 ад 30 снежня 2014 г.

Аб прысуджэнні прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” 2014 года

Разгледзеўшы прадстаўленні Міністэрства культуры і Савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, узгодненыя з кіраўніцтвам Беларускай Праваслаўнай Царквы, пастанаўляю:

1. За актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, што садзейнічае захаванню і прымнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, умацаванню духоўных каштоўнасцей і мастацка-маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці, прысудзіць прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” 2014 года:

аўтарскаму калектыву ў складзе протаіерэя Карасцялёва Ігара Еўдакімавіча, настаяцеля рэлігійнай абшчыны “Прыход храма іконы Божай Маці “Усіх тужлiвых Радасць” у г. Мінску Мiнскай епархii Беларускай Праваслаўнай Царквы, і Краўцовай Марыны Віктараўны, дацэнта кафедры асноў спецыяльнай педагогікі і псіхалогіі ўстановы адукацыі ”Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”, — за стварэнне вучэбна-вытворчых майстэрань рэлігійнай абшчыны “Прыход храма іконы Божай Маці “Усіх тужлiвых Радасць” у г. Мінску Мiнскай епархii Беларускай Праваслаўнай Царквы;

калектыву дзяржаўнай тэатральна-відовішчнай установы ”Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь” — за ўвасабленне нацыянальна-гістарычнай тэматыкі ў спектаклях тэатра і пастаноўку балета “Вітаўт”;

калектыву дзяржаўнай установы “Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы” — за вялікі ўклад у развіццё дзяржаўнай сістэмы сацыяльнай абароны, сцвярджэнне ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці ў грамадстве;

калектыву ўстановы адукацыі “Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубронак” — за значныя дасягненні ў развіцці здольнасцей таленавітых і адораных дзяцей і падлеткаў, выхаванне будучых грамадскіх лідараў;

Цэнтральнаму камітэту грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” — за значны ўклад у грамадзянскае выхаванне і фарміраванне патрыятычнай самасвядомасці моладзі.

2. Міністэрству культуры ажыццявіць выплату прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” 2014 года са сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

3. Вызваліць сумы прэмій, атрыманых у адпаведнасці з дадзеным Указам, ад абкладання падаходным падаткам з фізічных асоб.

4. Дадзены Указ уступае ў сілу з дня яго падпісання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

Аляксандр ЛУКАШЭНКА

 

Указ № 650 ад 30 снежня 2014 г.

Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года

Разгледзеўшы прадстаўленні Міністэрства культуры і Савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, пастанаўляю:

1. За выдатныя дасягненні ў галіне музычнага і выяўленчага мастацтва, кінавідэамастацтва, музейнай справы, народнай мастацкай творчасці, архітэктуры, выхавання творчай моладзі, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысудзіць спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года:

ансамблю песні і танца “Медуніца” ўстановы культуры “Магілёўская абласная філармонія” — за значны ўклад у захаванне і развіццё традыцыйнай беларускай музычнай культуры, актыўную канцэртную дзейнасць;

аўтарскаму калектыву закрытага акцыянернага таварыства “Сталічнае тэлебачанне” ў складзе
Адашкіна Аляксея Васільевіча, дырэктара Дырэкцыі спецыяльных праектаў, і Макей Вольгі Сяргееўны, карэспандэнта спецыяльнай службы карэспандэнтаў Дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання, — за стварэнне цыкла дакументальных фільмаў “Шай-бу! Shai-BY!..”;

аўтарскаму калектыву ў складзе Боганевай Алены Міхайлаўны, супрацоўніка дзяржаўнай навуковай установы “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, Варфаламеевай Тамары Барысаўны, старшага навуковага супрацоўніка гэтай навуковай установы, і Козенкі Мікалая Аляксеевіча, педагога дзяржаўнай установы адукацыі “Цэнтр дадатковай адукацыі “Ветразь” Кастрычніцкага раёна г. Мінска, — за стварэнне фундаментальнага навуковага 6-томнага выдання “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”;

аўтарскаму калектыву ў складзе Дамнянковай Людмілы Уладзіміраўны, дацэнта кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, Лабковіча Пятра Віктаравіча, дырэктара творча-эксперыментальнага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “ГУДАРТ”, і Лазукі Барыса Андрэевіча, загадчыка аддзела старажытнабеларускай культуры дзяржаўнай навуковай установы “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, — за вялікую навуковую і творчую працу па адраджэнні традыцый нацыянальнай культуры і асабісты ўклад у стварэнне экспазіцыі музея гісторыі слуцкіх паясоў на базе рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства мастацкіх вырабаў “Слуцкія паясы” ў г. Слуцку Мінскай вобласці;

калектыву дзяржаўнай установы “Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” — за вялікі ўклад у захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і стварэнне новай экспазіцыі ў Паўднёва-ўсходняй казарме Цытадэлі Брэсцкай крэпасці “Музей вайны — тэрыторыя міру”;

калектыву дзяржаўнай установы культуры ”Творчыя майстэрні “Цэнтр сучасных мастацтваў” — за вялікі ўклад у прапаганду сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі і арганізацыю значных выставачных праектаў;

калектыву Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці — за значныя дасягненні ў справе адраджэння і развіцця народных рамёстваў, захаванне і папулярызацыю традыцыйных тэхналогій вытворчасці неглюбскіх ручнікоў;

Багласаву Сяргею Георгіевічу, члену грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз архітэктараў”, галоўнаму спецыялісту камунальнага будаўніча-эксплуатацыйнага ўнітарнага прадпрыемства “Мінская спадчына”, — за значны асабісты ўклад у рэстаўрацыю і аднаўленне гісторыка-культурнага комплексу плошчы Свабоды з прылеглай забудовай у г. Мінску;

Бандарэнку Сяргею Афанасьевічу, мастаку-скульптару, члену грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”, — за вялікі ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва і стварэнне высокамастацкіх твораў манументальнай і станковай скульптуры;

Ганчаруку Уладзіміру Іванавічу, прафесару кафедры малюнка ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў”, — за вялікі асабісты ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва Беларусі і выхаванне таленавітай моладзі.

2. Міністэрству культуры ажыццявіць выплату спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года са сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

3. Вызваліць сумы прэмій, атрыманых у адпаведнасці з дадзеным Указам, ад абкладання падаходным падаткам з фізічных асоб.

4. Дадзены Указ уступае ў сілу з дня яго падпісання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

Аляксандр ЛУКАШЭНКА


Важным ды запамінальным гэты тыдзень стаў не толькі праз святкаванне Ражджаства Хрыстова праваслаўнымі вернікамі, але і праз ушанаванне асоб, якія зрабілі значны ўнёсак у падтрымку і развіццё культуры краіны. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, спецыяльных прэмій Прэзідэнта краіны "Беларускі спартыўны Алімп" ужо традыцыйна сабрала лепшых з лепшых у Палацы Рэспублікі.

Святочна ўпрыгожаны інтэр’ер, выстаўка дасягненняў творчых заслуг лаўрэатаў, урачыстасць атмасферы і, вядома ж, удзельнікі мерапрыемства, іх ветлівасць ды нязмушанасць — усё гэта, быццам фрагменты вялікага пазла, складала агульную карціну таго, што адбывалася 9 студзеня на галоўнай пляцоўцы краіны.

2014-ы мінуў, шмат чаго ўжо стала гісторыяй, але дасягненні лаўрэатаў прэмій, з шанавання якіх пачаўся новы год, павінны рэхам адгукацца ў культурнай, духоўнай прасторы будучага. Гэтая нота гучала і ў словах Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, які асабіста, паводле шматгадовай традыцыі, узнагароджваў лаўрэатаў.

— Наша краіна адкрыта для засваення сусветнага досведу. Але, спасцігаючы культуру іншых народаў, важна не растварыцца ў ёй, не страціць сваё аблічча. Мы ўзнагароджваем тых, хто стварае сучасныя творы ў розных жанрах, абапіраючыся на нашу мастацкую спадчыну, светапогляд і традыцыі, — падкрэсліў Кіраўнік краіны.

Таксама беларускі Лідар зазначыў: "Адданасць хрысціянскім каштоўнасцям, маральным, эстэтычным традыцыям з'яўляецца адным з галоўных фактараў у развіцці беларускай нацыі, захаванні яе еднасці".

Натуральна, перад урачыстасцямі мы пацікавіліся ў лаўрэатаў прэмій, як яны плануюць надалей развіваць свае творчыя праекты. І вось якія пачулі
адказы.

Людміла КАВАЛЁВА, кіраўнік Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва Веткаўскага раёна:

— Як працавалі, так і будзем працаваць… Канешне, хацелася б павялічыць колькасць ткачых. Але для гэтага трэба, каб быў трывалы запыт на ручнікі. А яго пакуль няма ў тых памерах, якіх хацелася б... Значыць, неабходна заняцца як мае быць рэкламай. Тут варта патлумачыць патэнцыйнаму спажыўцу, што адметны па традыцыйным арнаменце неглюбскі ручнік — не для выцірання рук. І важна тут патлумачыць, які з нашых вырабаў ужываецца пры хрышчэнні ці сустрэчы гасцей, а на які маладых ставіць…

Мікалай КОЗЕНКА, педагог Цэнтра дадатковай адукацыі “Ветразь” Кастрычніцкага раёна Мінска:

— На парадку дня — выпуск дыскаў, якія сталі б арганічным дадаткам да шасцітомніка “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”. Матэрыялу сабрана багата: песні, казкі, процьма відэазапісаў. Выдаць такія дыскі на сёння — не так і проста… Што да мяне, дык ёсць жаданне прадоўжыць працу над серыяй “Беларускі народны танец. Традыцыі і сучаснасць”. Першая кніжка з’явілася на падставе сабраных даных па Магілёўшчыне. Але з’явілася ў Магілёве… у адным экзэмпляры. А ў ідэале павінна таксама быць шэсць тамоў — па колькасці беларускіх абласцей…

Барыс ЛАЗУКА, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук:

— Музей у Слуцку дае ўяўленне не толькі пра адметную ткацкую традыцыю ў сусветным кантэксце, але і дазваляе ўбачыць сам працэс стварэння на сучасным абсталяванні ідэнтычных копій слуцкіх паясоў. Важна, каб нашу краіну пазнавалі не толькі па яскравых сялянскіх строях, але і праз шляхецкія элементы вопраткі, якія былі пашыраны ў XVIII стагоддзі. А таму ў будучыні хацелася б прадоўжыць працу па далейшым даследаванні слуцкіх паясоў. Найперш — іх мастацкіх вартасцей і магчымасцей выкарыстання мясцовай кунтушовай сімволікі ў сучасным паўсядзённым ужытку: у аздабленні мэблевых тканін, у вопратцы і аксесуарах, не кажучы пра сувенірную прадукцыю асобных рамеснікаў ды спецыялізаваных прадпрыемстваў. Хто ведае, мо неўзабаве сучасны слуцкі пояс стане важным атрыбутам дыпламатычных прыёмаў...

Рыгор БЫСЮК, дырэктар Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць — герой”:

— Вельмі натхняе такая ўвага да нашай дзейнасці. Што да грашовай часткі, дык большая частка сумы пойдзе на развіццё комплексу. Адзначым і працу самых актыўных работнікаў. У 2015-м нам хочацца наблізіць лічбу наведвальнікаў да 400 тысяч чалавек штогод. Будзем працягваць займацца рамонтам вольных пакуль што памяшканняў: некаторыя з іх можна адаптаваць пад музейныя экспазіцыі. Было б добра стварыць адну з іх па гісторыі Брэсцкай крэпасці…

Наталля ШАРАНГОВІЧ, кіраўнік Цэнтра сучасных мастацтваў:

— Лічу, што гэтую пачэсную прэмію атрымаў не толькі наш Цэнтр, але і ўсё беларускае сучаснае мастацтва. Мінулы год быў у дадзенай сферы надзвычай насычаны — варта згадаць хаця б буйнамаштабны праект “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта”, які ці не ўпершыню прасачыў гісторыю гэтай з’явы ў нашай краіны ад яе вытокаў і да сённяшняга дня. І той акцэнт, які зрабіла дзяржава ў справе рэпрэзентацыі краіны для гасцей Чэмпіянату света па хакеі, быў красамоўны. Адпаведна, уганараванне прэміяй сведчыць не толькі пра прызнанне сучаснага мастацтва як неад’емнай часткі нацыянальнай культуры, але і пра разуменне асаблівай важнасці інтэлектуальных ды творчых пошукаў для развіцця як культуры, так і ўсяго грамадства…

Сяргей БАГЛАСАЎ, галоўны спецыяліст прадпрыемства “Мінская спадчына”:

— Летась завяршылася рэканструкцыя плошчы Свабоды: галоўнага кампанента гістарычнага цэнтра Мінска. Пасля аднаўлення шэрагу знакавых помнікаў спадчыны невыразная некалі тэрыторыя зноў набыла прыцягальнасць для турыстаў ды саміх гараджан. Мы прызвычаіліся ўжо і да ратушы, і да гатэля “Еўропа”, і да царквы Святога Духа… Але сёння мне прыгадваецца той час, калі сама задума рэгенерацыі яшчэ толькі лунала ў паветры. Тады, у 1980-я, ва ўладных кабінетах нас “адфутбольвалі”: маўляў, старыя будынкі “руйнуюць вобраз сацыялістычнага горада”. Гутарка вялася не пра аднаўленне страчаных помнікаў, а пра знос тых, што цудам ацалелі… Пераламіць гэтую тэндэнцыю было няпроста, і тут для нас вельмі важнай была падтрымка грамадскасці. Вы нават не ўяўляеце, які ўнёсак у фарміраванне цяперашняга аблічча цэнтра Мінска зрабіў той жа Уладзімір Караткевіч! Адпаведна, дадзеная прэмія па праве належыць не толькі мне, але таксама і ўсім, хто так ці інакш спрычыніўся да надзвычай важнай справы. Навуковы кіраўнік — гэта дырыжор, але чаго ён варты без зладжанага
аркестра?..

Пасля ўрачыстасцей слова ў адказ ад імя лаўрэатаў узяў мастацкі кіраўнік Беларускага балета Юрый Траян. Завяршаў афіцыйную частку мерапрыемства Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. “Вось ужо два дзесяцігоддзі, як вы асабіста прымаеце ўдзел ва ўзнагароджанні выдатных дзеячаў — царкоўных, мастацтва, спорту, — звярнуўся са словамі падзякі да Прэзідэнта краіны Мітрапаліт. — Хочацца пажадаць, каб вы і ў будучыні натхнялі нашу моладзь на добрыя справы, на набожнасць, на мірную і плённую працу”.

А святочны канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі, у якім бралі ўдзел і лаўрэаты прэміі, у прыватнасці, артысты Вялікага тэатра з фрагментам з балета Вітаўт, ператварыў традыцыйнае мерапрыемтсва ў святочную калядную імпрэзу.

На здымку: Аляксандр Лукашэнка ўручае спецыяльную прэмію Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва супрацоўніку Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Барысу Лазуку.

Фота Мікалая Пятрова, БелТА