Каляндар "К"

№ 1 (1179) 03.01.2015 - 09.01.2015 г

Па добрым звычаі, першы нумар года ў газеце "Культура" — каляндар. Сёлетні, прысвечаны адроджаным строям розных рэгіёнаў Беларусі, рэдакцыя рабіла сумесна с абласнымі метадычнымі цэнтрамі, якія дапамаглі нам у пошуку ілюстрацый і апісанняў касцюмаў.

Гомельшчына

Веткаўскі раён

Неглюбскі строй — адна з цудоўных мастацкіх з’яў традыцыйнай культуры Падняпроўя. Перад вамі — святочны жаночы касцюм (комплекс з панёвай: “сарочка”, панёва, фартух, пояс, “запіна”, “чапец”, “платок”, комплекс традыцыйных упрыгожанняў) і адзенне дзяўчынкі (сарочка, пояс, паясное адзенне “калышка”) першай паловы ХХ стагоддзя. Навуковая рэканструкцыя выканана Ірынай Смірновай з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Фота Міхася і Кацярыны Аракчэевых

 

Гомельшчына

Лельчыцкі раён

Удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Таняжанка” Тонежскага сельскага дома культуры Лельчыцкага раёна выступаюць ва ўласнаручна зробленых строях. Традыцыйны для дадзенай мясцовасці жаночы касцюм складаецца з кашулі, гарсэта, спадніцы, фартуха і хусткі.

На фота Алега БЕЛАВУСАВА — фальклорны гурт “Таняжанка” пад час традыцыйнага свята “Чырачка”, прысвечанага прылёту і сустрэчы птушак, што праводзіцца ў апошнюю нядзелю перад Вялікім постам.

 

Міншчына

Барысаўскі раён

Гэтыя строі былі адноўлены ў 2011 годзе па выніках даследчай працы метадыста па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Аксаны Кокшынай і метадыста па фальклоры Аліны Осіпавай Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Барысаўскага раёна. На падставе экспедыцыйнай працы высветлілася, што традыцыйны касцюм рэгіёна вельмі разнастайны: дзесьці насілі цёмныя спадніцы, дзесьці — светлыя, дзесьці без кабата (безрукаўкі) не хадзілі, а дзесьці пра яго нават не згадвалі. Больш поўна былі сабраны звесткі пра Мётчанскі строй (сялянскі святочны). Матэрыялы сучасныя фабрычныя, але крой адпавядае традыцыям 1940 — 1950-х. Упрыгожаны строі ручной вышыўкай крыжыкам у чырвона-чорнай колеравай гаме майстрыхай-вышывальшчыцай Н.А. Дударонак (1957 года нараджэння, вёскі Забашавічы). Комплексы касцюмаў уключаюць: жаночы — 5 прадметаў, галаўны ўбор і абутак; мужчынскі — 6 прадметаў, галаўны ўбор і абутак.

На фота, прадастаўленых Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці:  у строях — Іна Ганчарова і Уладзімір Малахоўскі.

 

Брэстчына

Ганцавіцкі раён

Традыцыйны касцюм на тэрыторыі сучаснага Ганцавіцкага раёна ўвабраў у сябе асноўныя рысы лунінецкага строю, які, у сваю чаргу, з’яўляецца прыкладам стылёвага пераходу ад заходнепалескіх да ўсходнепалескіх традыцый. Асноўны комплекс жаночага строю складалі сарочка, спадніца (андарак), гарсэт, ільняны ці паркалёвы фартух, пояс.

Аснову традыцыйнага геаметрычнага арнаменту тканін рэгіёна, як і беларускіх тканін наогул, складаюць элементы, якія адлюстроўваюць раннія ўяўленні чалавека пра светабудову. Але, захоўваючы сюжэтна-кампазіцыйную абалонку і набор асноўных модуляў, традыцыйны арнамент пераўтварыўся ў дасканала распрацаваную мастацкую сістэму. Арнамент стаў выдатным узорам традыцыйнага мастацтва і надаў касцюму завершаны мастацкі вобраз.

Фота прадастаўлена Ганцавіцкім домам рамёстваў


Гродзеншчына

Гродзенскі раён

Напрыканцы XIX — на пачатку XX стагоддзя жаночы касцюм складаўся з кашулі, традыцыйнага андарака ў клетку ці палоску альбо спадніцы, шытай на гарадскі манер з шасці кліноў. Гарсэт — чорнага колеру. Завяршалі касцюм фартух і галаўны ўбор. Кашуля паліковага крою аздаблялася вузкім пасам вышыўкі па краю паліка. Спадніца, часцей цёмнага колеру, шылася ў шэсць кліноў. Па нізе нашываліся паскі чорнага аксаміту. Чапцы шылі з чырвонага, цёмна-сіняга палатна, упрыгожвалі карункамі. Чапец мог быць часткай складанага галаўнога ўбору, калі на яго завязвалі хустку. У халодныя дні на плечы накідвалі хустку-ахінанку.

Мужчынская кашуля мела вышытую манішку з матывам васьміпялёсткавай зоркі ў сетцы з крыжыкаў. Характэрны матыў паясоў — стылізаваная выява дрэва, крыжыкі і трохкутнікі. У якасці галаўнога ўбору найбольшае распаўсюджанне меў картуз.

Мастоўскі раён

Адметны строй бытаваў у ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя пераважна ў Мастоўскім, Шчучынскім і Зэльвенскім раёнах.

Жаночы комплекс складалі кашуля, спадніца з цёмна-сіняй даматканай тканіны, кроеная з шасці кліноў, або андарак з чатырох полак, пераважна чырвона-малінавага колеру ў вузкія гарызантальныя рознакаляровыя паскі; фартух з баваўнянай тканіны, аздоблены фальбонамі і карункамі; вязаная ў падоўжныя рознакаляровыя паскі безрукаўка; каптанік з ваўнянай тканіны ў клетку альбо катанка з белага ці шэрага валенага сукна, аблямаваная чорным аксамітам. Галаўныя ўборы жанчын — каптур, даматканая ці крамная хустка. Летні галаўны ўбор дзяўчат — круглы чапец, звязаны “сеткай” з баваўняных нітак.

Фота прадастаўлены Галерэяй рамёстваў "Ткалля"

 

Брэстчына

Маларыцкі раён

Работа Сцепаніды Сцепанюк: вытканы вясельны ўбор нявесты і жаніха (на кадры ўнізе). Народная майстрыха працавала над ім больш як чатыры месяцы. Работа вялася па ўспамінах вяскоўцаў-старажылаў, а таксама — па фотаздымках. Маларыцкі арнамент вытканы белым шоўкам на белым палатне.

Майстрыха займаецца не толькі рэканструкцыяй строю, характэрнага для Маларытчыны. Сваім творчым абавязкам яна лічыць, так бы мовіць, адаптацыю традыцыі да сучасных умоў, стварае ўзоры касцюма ці яго элементаў (да прыкладу, мужчынскіх гальштукаў) для паўсядзённага карыстання.

Фота Мікалая НАВУМЧЫКА і прадастаўленае аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама

 

Гродзеншчына

Лідскі раён

На Дар’і: кашуля на гэстцы, шчыльна сабраная на шыі. Каўнер-стойка, шырокія рукавы, уточаныя ў прамавугольную пройму на манжэце. Спадніца-андарак, саржавае палатно ў палоску, аднабаковая складка, ніз апрацаваны палоскай тканіны. Пояс — ткацтва на дошчачках (воўна).

На Надзеі: кашуля паліковага тыпу. Пярэдняя і задняя полкі злучаны па лініі пляча прамавугольнымі палікамі, шчыльна сабраная ля шыі, каўнер-стойка, рукаў — доўгі, шырокі на манжэце. Узор рукава-сонца, двухнітовае ткацтва, перабор у дошчачкі.

На Ірыне: кашуля на гэстцы, з грудніцай, па краі ўпрыгожанай зборкай. Ніз гэсткі аздоблены тканым узорам. Гарлавіна — стойка з уточанай па версе зборкай, рукаў — доўгі, шырокі на манжэце. Узор рукава: вёска Бабры Лідскага раёна, забіванка, двухнітовае ткацтва, перабор у дошчачкі. Пояс — ткацтва на дошчачках (воўна).

Жаночая кашуля на гэстцы, з грудніцай, край якой упрыгожаны пасам тканіны са зборкай. Гарлавіна ўпрыгожана стужкай тканіны, што ўтварае зборку. Рукавы — шырокія, уточаныя ў прамавугольную пройму. Двухнітовае ткацтва (бавоўна, воўна). Арнамент на рукавах — пачатак ХХ ст., вёска Запрудзяны Воранаўскага раёна. Тэхніка — перабор у дошчачкі.

Фота прадастаўлены Гродзенскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці

 

Віцебшчына

Дубровенскі раён

У Дубровенскім строі пераважалі блакітныя фарбы і дробнаклятчастыя арнаменты ў паясных адзежынах.

Старадаўні жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы (андарака, саматканкі), ільнянога фартуха, спадніцы з прышыўным ліфам і поясам (саян — накшталт сукенкі без рукавоў). Святочную кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі (палікамі), гэсткай; будзённую і споднюю — тунікападобнай. Аздабленне — паліхромнае: узорыстае ткацтва, вышыўка спалучаліся з разнаколернай аплікацыяй, аблямоўкамі, устаўкамі чырвонай або сіняй крашаніны ці кумачу. Чырвоны арнамент (строгія геаметрычныя формы, шматпялёсткавыя зоркі, раслінныя ўзоры) дапаўняўся блакітным, чорным, жоўтым, зрэдку — паскамі медна-чырвоных бліскавак.

Ніз спадніцы абавязкова абшываўся чырвонай стужкай. Дапаўнялі белым ці набіваным фартухом і поясам, на канцы якога нашывалі бісер, а разнаколерныя ніткі чаргавалі з саламянымі прожылкамі (крыглікамі). Жаночыя галаўныя ўборы — хусткі, чапцы.

Шумілінскі раён

Рэканструкцыя рэгіянальнага строю Шуміліншчыны канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Касцюм складаецца з палатнянай рубахі-касавароткі тунікападобнага крою з вышыўкай, “матузных” штаноў, вітога пояса з кутасамі, камізэлькі, саламянага капелюша, ботаў.

Фота прадастаўлены Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці.


Віцебшчына

Лепельскі раён

У жаночым святочным касцюме лепельскага строю жанчыны-лепельчанкі хадзілі ў царкву, на кірмаш, яго апраналі ў святы. Арыгінал касцюма знаходзіцца ў фондах Лепельскага краязнаўчага музея. Жаночы касцюм складаецца з андарака (спадніцы) барвовага колеру ў палоску, фартуха, кашулі “на гэстцы” — яны белага колеру натуральнага адбеленага палатна, упрыгожаныя тканымі ўзорамі чырвонага колеру. Ва ўпрыгожванні фартуха выкарыстоўваецца характэрная для лепельшчыны тэхніка — “каляровая перавіць”, карункі, вязаныя кручком. Важная дэталь касцюма — тканы пояс. Ён заўсёды прысутнічаў як у мужчынскім, так і ў жаночым касцюме. Лічылася, што менавіта пояс засцерагае ад сурокаў, з’яўляецца моцным абярэгам. Абавязковы элемент касцюма — галаўны ўбор. На Лепельшчыне ён называўся “кубак”. Рабіўся з лубу, які абшывалі палоскай тканіны чырвонага колеру. Тканіна для ўсяго камплекту — саматканая. Яе выраблялі ў Доме рамёстваў на старажытных ткацкіх станках.

Фота прадастаўлены Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці


Магілёўшчына

Касцюковіцкі раён

Народнае адзенне тэрыторыі Касцюковіцкага раёна фарміравалася на аснове старажытных культур крывічоў і радзімічаў. Пэўны ўплыў на дадзены працэс аказалі таксама асаблівасці адзення ўсходніх суседзяў — рускіх, і датычыцца гэта перш за ўсё таго, што андарак з кабатам (саян) вельмі падобныя на расійскі сарафан.

Традыцыйны народны жаночы касцюм Касцюковіцкага раёна ў 20-я гады ХХ ст. складаўся з вышытай сарочкі, андарака з кабатам (саяна), фартуха, галаўнога ўбору і абутку.

Сарочка (кашуля з геаметрычным арнаментам складае аснову жаночага касцюма. Рамбічныя і крыжаваныя фігуры вылучаюцца строгасцю ліній. Асноўная кампазіцыя вышыўкі размяшчаецца ў верхняй частцы рукава і паступова пераходзіць уніз.

Касцюм рэканструяваны спецыялістамі Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна.

Хоцімскі раён

Жаночы касцюм Хоцімскага раёна адносіцца да Краснапольскага строю. Ён складаўся з кашулі, саяна (спадніца з кабатам), фартуха, пояса, галаўных убораў і ўпрыгожанняў.

Матывы і каларыт натыканага і нашыванага арнаменту кашуль не вызначаліся асаблівай разнастайнасцю складовых элементаў і колеравых градацый. Рамбічныя і крыжаваныя фігуры вылучаюцца строгасцю ліній і прамалінейнасцю контураў. Акрамя рамбічных фігур у геаметрычных узорах вышыўкі кашуль прысутнічаў матыў зоркі.

Касцюм рэканструяваны спецыялістамі Хоцімскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

На фота, прадастаўленых Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы: Святлана Яфрэмава, загадчык сектара мастацка-эстэтычнага выхавання, і Алена Хмялькова, вядучы метадыст установы


Магілёўшчына

Кіраўскі раён

У традыцыйны жаночы касцюм Кіраўскага раёна ўваходзілі сарочка (кашуля), спадніца з гарсэтам — саян, — хустка, абутак. Сарочка была вельмі падобная на кашулю, якую насілі ў Шклоўскім раёне (Магілёўскі строй). Сарочку, або кашулю, паліковага крою складалі з трох полак даматканага палатна. На рукаў ішла адна полка, месцы злучэння паліка і рукава былі азначаны, у асноўным, простым злучаным швом і састыкоўваліся арнаментам.

У комплексе прасочваюцца поўная суадноснасць частак па стылі: саяну адпавядае полкавая кашуля з акруглым выразам гарлавіны, якая афармлялася вузкай абшыўкай і фіксавала лішкі аб’ёму ў зборкі.

У Кіраўскім раёне спалучэнне чорнага і чырвонага колераў набывае асаблівую напружанасць. Устойліва захоўваецца схема размяшчэння дэкору па кашулі. Лінія плячэй абазначана вышытым арнаментам, які запаўняе ўсю верхнюю частку рукавоў.

Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы

 

Міншчына

Любанскі раён

Усе ўзноўленыя строі заснаваны на дэталёвым даследаванні і маюць этнаграфічныя арыгіналы. Захаваны традыцыйныя тэхнікі і тэхналогіі вырабу ды аздаблення, колеравай гамы і матэрыялаў. Навуковым кансультантам і натхняльнікам усёй працы стаў Сяргей Выскварка — загадчык арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага раённага цэнтра культуры.

Вясельны строй вёскі Шыпілавічы: узноўлены комплекс адзення пад назвай “Бабуліна радасць”. Ён выраблены ў 2011 г. па ўспамінах бабулі і ўяўляе з сябе вясельны строй вёскі Шыпілавічы. Дарэчы, Наста Кухарэнка (на фота) выканала яго да свайго вяселля. У камплекце — андарак з тканіны, вырабленай на кроснах па старых абразках, кашуля, фартух і намітка з пакупнога лёну, вышытыя процягам, два тканыя на бердзечку паясы, гарсэт з ваўнянай тонкай тканіны, дзве хусткі і кісет, а таксама нізка караляў. Да поўнага вясельнага строю не хапае толькі вянка. Па традыцыі яго робяць (шыюць) сяброўкі нявесты за тыдзень да вяселля.

Фота прадастаўлены Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці

/i/content/pi/cult/510/10994/3-1.jpg /i/content/pi/cult/510/10994/3-2.jpg

/i/content/pi/cult/510/10994/3-3.jpg/i/content/pi/cult/510/10994/3-4.jpg

/i/content/pi/cult/510/10994/3-5.jpg /i/content/pi/cult/510/10994/3-6.jpg

/i/content/pi/cult/510/10994/3-7.jpg/i/content/pi/cult/510/10994/3-8.jpg

/i/content/pi/cult/510/10994/3-9.jpg /i/content/pi/cult/510/10994/3-10.jpg

/i/content/pi/cult/510/10994/3-11.jpg /i/content/pi/cult/510/10994/2-13.jpg