Ордэн Жыцця

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Аповед франтавога разведчыка

ССправа была восенню 1944 года. Я толькі што вярнуўся ў сваю часць са шпіталя пасля чарговага ранення. Наш полк стаяў у абароне на самым левым флангу Мангушэўскага плацдарма за Віслай ля вусця рачулкі Радамка. У баях было часовае зацішша, што парушалася раз-пораз кароткімі перастрэлкамі. Але на іх бывалыя франтавікі проста не звярталі ўвагі. Хтосьці жартам называў такія “дробязі” баявога жыцця абменам прыязнасцямі. Ну што ж, мы прызвычаіліся да гэтага: як кажуць, вайна да ўсяго прывучыць.
 /i/content/pi/cult/150/1099/Orden.jpg
Аднойчы раніцай прыбег у нашу зямлянку пасыльны са штаба
палка — малады салдат з апошняга папаўнення.
— Таварыш гвардыі старшы сяржант, — па ўсёй форме звярнуўся ён да мяне, — вас выклікае гвардыі падпалкоўнік Ваінкоў.
Гэты выклік здзівіў мяне. Калі б, скажам, выклікаў ротны, тут усё зразумела, але камандзір палка...
Па дарозе прыкідваў: навошта мог спатрэбіцца яму? Здаецца, ні ў чым не правініўся: у шпіталі парушэнняў не меў, а ў палку пасля лячэння — усяго два-тры дні. Наганяю не прадбачыцца. Так з лёгкім сэрцам падышоў да штаба.
Збегшы па прыступках у зямлянку, на адным дыханні паведаміў: “Таварыш гвардыі падпалкоўнік, па вашым загадзе з’явіўся!”
Па ўставе, вядома, неабходна было назваць сваё прозвішча, але разведчыкі, якіх не толькі афіцэры, але і кожны ездавы абозу ведаў не толькі па прозвішчах, але і па імёнах, лічылі залішнім прытрымлівацца гэтага патрабавання.
Зрэшты, на такую дробязь ніхто не звяртаў увагі: часам нашаму брату і не такое дароўвалася. Адно слова — разведчыкі, людзі, якія рызыкавалі значна часцей за астатніх, ад якіх нярэдка залежаў поспех бою, а значыць — і жыццё салдат і афіцэраў.
Мы асабліва не бравіравалі сваім становішчам, але, так ці іначай, атрымлівалі некаторыя паблажкі ад камандзіраў. Бывала, нам дазвалялі пасля рэйдаў у тыл ворага больш як іншым паспаць, — маўляў, стамляліся хлопцы. Не звярталі ўвагі, калі хто-небудзь насіў абмундзіраванне “не па чыне”.
Дазвалялася нам мець трафейныя пісталеты. Быў і шэраг іншых прывілеяў франтавога побыту, якія прыўзнімалі нас у вачах простых салдат.
Камандзір палка, адарваўшыся ад папер, што ляжалі на стале, паглядзеў на мяне добрымі вачыма (адразу ад сэрца адлягло), дакрануўся рукой да забінтаванай галавы (яго нядаўна драпнула асколкам міны) і прапанаваў сесці. Я апусціўся на ўкапаны ў зямлю чурбан, што замяняў зэдлік.
Гвардыі падпалкоўнік Ваінкоў быў тады самым сталым камандзірам у нашай дывізіі: зусім нядаўна яму споўнілася 23 гады. Усе астатнія афіцэры былі маладзейшымі за яго. Напэўна, таму нас жартам называлі “соты гвардзейскі хлапечы полк”.
— Ты адным з першых фарсіраваў Віслу, — загаварыў Ваінкоў, — і павінен быў атрымаць самую высокую ўзнагароду. Ды нашы штабісты не паспелі своечасова аформіць дакументы, не да таго было: прамое пападанне ў бліндаж. А потым... Упушчанага не вернеш. Як кажуць, дарагая лыжка да абеду, а тут ужо і “вячэра” прыйшла. Словам, зацішша. А няма баёў — няма і ордэнаў. Але ёсць яшчэ больш высокая ўзнагарода — ордэн “Жыцця”. Ты яго цалкам заслужыў...
У той час некаторыя камандзіры пачалі атрымліваць замежныя ордэны. Мы ведалі, што ёсць польскія “Віртуці мілітары”, “Крыж Грунвальда”, французскі — “Ганаровага легіёна”, англійскія — “Бані” і “Падвязкі”, амерыканскі — “Пурпуровае сэрца”. А пра ордэн “Жыцця” я нешта не чуў. Цікава, якой краіны і чаму ён самая высокая ўзнагарода? Няўжо вышэйшы, чым зорка Героя?
— Ідзі да начальніка палітаддзела дывізіі, ён табе ўсё патлумачыць.Думка пра загадкавы ордэн неяк зацьміла ўсё навокал, і я не звярнуў увагі на не зусім характэрныя паводзіны кампалка. Думка зноў і зноў вярталася да пытання: чаму менавіта мне выпала гэтая высокая ўзнагарода? Чаму не камандзіру? Хіба я мог параўнацца з падпалкоўнікам, пра гераізм якога хадзілі легенды па ўсёй арміі?
Ваінкоў у час бою з’яўляўся на самых небяспечных участках, не адзін раз першым падымаўся ў атаку, падаючы ўласны прыклад салдатам. Праўда, у баі, згодна з маўклівай умовай, разведчыкі негалосна ахоўвалі камандзіра. Мы паспявалі стрэліць на імгненне раней за варожых салдат, што цэліліся ў Ваінкова. Аднойчы ручная граната з доўгай драўлянай ручкай упала проста пад ногі падпалкоўніку. Колькі заставалася да выбуху? Секунда, меней...
Я аказаўся бліжэй за
іншых: схапіў яе і кінуў у бок фашыстаў. Граната нават не даляцела да зямлі, разарвалася ў паветры, але асколкі насне дасталі.
У памяці прамільгнуў і выпадак, калі камандзіра ў час варожай контратакі параніла. Акрамя мяне, побач нікога не аказалася. Спачатку адстрэльваўся ад гітлераўцаў, што ўсё больш насядалі, а потым, калі мяне прыкрылі агнём сябры, на плашч-палатцы пацягнуў падпалкоўніка да сваіх. Што да захопленых “языкоў”, дык я не адзін хадзіў у разведку... І ўсё ж цікава, што за ордэн такі — ордэн “Жыцця”...
Дарога ў штаб дывізіі ішла па лясной прасецы. Восеньскі лес быў пранізаны касымі промнямі сонца. Крыху гэтага скупога цяпла выпала і мне. На душы стала светла, радасна, ды так, што я заспяваў сваю любімую песню: “Ведь ты моряк, Мишка, а это значит, что не страшны тебе ни горе, ни беда…”
Размова з начальнікам палітаддзела пачалася зусім не так, як я чакаў. Толькі я далажыў аб прыбыцці, як палкоўнік спытаў: “Камандзір палка ўсё растлумачыў?” Я па звычцы-завядзёнцы амаль машынальна казырнуў: “Так точна!”.
Начальнік палітаддзела з палёгкай уздыхнуў і сказаў: “Тады ідзіце ў страявы аддзел”. Ад здзіўлення ў мяне міжволі вырвалася: “А што, хіба ордэны ў страявым аддзеле выдаюць?” Начальнік палітаддзела няўцямна паглядзеў на мяне: “Якія ордэны?” — “Дык жа камандзір палка сказаў, што мне ордэн “Жыцця” вышаў”.
Палкоўнік усміхнуўся: “Гэта ён меў на ўвазе афіцэрскае вучылішча. Пакуль вы будзеце вучыцца, вайна скончыцца. Вось вам і ўвесь ордэн. Атрымлівайце прадпісанне і адпраўляйцеся ў Маскву”.Вось табе й на! Паехаць цяпер, калі нават ездавы возіць з сабой таблічку “Да Берліна засталося ... кіламетраў”! Не, не мог, проста не меў я права пакінуць сваіх баявых сяброў. Пакуль будуць ісці заняткі, вайна і сапраўды скончыцца. Атрымліваецца, што я дэзерцірую з фронту.
— Мо хто іншы хоча паехаць? — з надзеяй запытаўся я. — У нас жа і масквічы ёсць, з роднымі ўбачацца...
— Што? — перапытаў палкоўнік. І дадаў катэгарычна:
— Мы пасылаем не абы-каго, а самых вартых. З усёй дывізіі выбралі аднаго вас. Гэта разумець трэба і ацаніць. Ідзіце. Начальніку вучылішча генералу Усцьянцаву, майму былому камандзіру, перадавайце прывітанне. Ён любіць такіх адчайных, як вы. Нездарма Ваінкоў настойваў на вашай кандыдатуры... Шчаслівай дарогі!
Назад у полк я ішоў, не разбіраючы дарогі. Усё, для мяне вайна скончылася. Добра, што насустрач ніхто не трапіўся, а то б пабачылі рэдкае відовішча — слёзы на твары салдата. Так, я, гвардыі старшы сяржант, які прайшоў з баямі ад пачатку вайны да Варшавы, плакаў! Ды і як тут было стрымацца? Атрымлівалася, што я нібыта не патрэбны палку. Што скажуць хлопцы? Перакананы, што з іх ніхто не згадзіўся б паехаць, калі да Берліна засталося рукой падаць.
У зямлянку камандзіра палка зайшоў без дазволу. А падпалкоўнік Ваінкоў нібыта чакаў мяне.
— Ну што, задаволены маёй прапановай? — запытаў ён.
— Дзякую за ўзнагароду, — з горыччу адказаў я. — І за што мне такі лёс? Што я дрэннага для палка зрабіў?
Камандзір падышоў, па-сяброўску, па-брацку абняў мяне за плечы.
— Ордэн “Жыцця” — самая высокая ўзнагарода для нас, франтавікоў, — мякка загаварыў ён. — І яе варты толькі той, хто ў баі не ўспамінаў пра ўласную скуру. Такіх у нас нямала, але ты, бадай, лепшы з іх. Памятай і ніколі не забывай сваіх таварышаў, тых, якія загінулі. Шмат іх магіл на Украіне, у Малдавіі, Беларусі і тут, у Польшчы. Будзе магчымасць — знайдзі іх пасля вайны, пакладзі на салдацкую магілу кветку памяці. Яны загінулі за тое, каб людзі жылі, кааб ніколі не было войнаў.

... Даўно скончылася вайна. Але памяць, асабліва ў дні гадавіны нашай Вялікай Перамогі, пастаянна вяртае да тых вогненных гадоў. Баі і паходы, разведкі ў варожым тыле, смерць, да якой, як казаў паэт, было ўсяго чатыры крокі (а вельмі часта і значна меней).
Не забываўся я на апошнюю размову з камандзірам. Вельмі шкадаваў, што не меў звестак пра ягоны далейшы лёс. Ведаў толькі, што наша дывізія свае апошнія баі вяла ў Берліне.
Часта сам у сябе пытаўся: “А што я зрабіў, каб апраўдаць самую высокую ўзнагароду, на якую мяне вылучыў гвардыі падпалкоўнік Ваінкоў? Ці не падвёў баявых сяброў?” Здаецца, не. Шмат часу аддаў выхаванню маладога пакалення. У час адпачынкаў ездзіў па месцах баявой славы. Знайшоў магілы аднапалчан у Сталінградзе, на крутым беразе Волгі, каля Дона, пад Лазавой, на Днепрапятроўшчыне, пад Адэсай, у Малдавіі, Беларусі, Польшчы. І паўсюль, як наказваў камандзір, прыносіў кветкі памяці да сціплых абеліскаў....
Праз шмат гадоў пасля заканчэння вайны лёс прывёў мяне ў Берлін, у Трэптаў-парк. Мае спадарожнікі, у асноўным моладзь, хадзілі па мемарыяле сцішыўшыся. А я літаральна ўпіваўся вачыма ў прозвішчы тых, хто навечна застаўся тут, хто не дайшоў усяго некалькі крокаў да Перамогі.
І раптам мяне нібы апякло агнём: убачыў імёны аднапалчан, сваіх франтавых пабрацімаў: “Гвардыі лейтэнант Вашкевіч, гвардыі старшына Прагішвілі, гвардыі яфрэйтар Мірзаян, гвардыі радавыя Пракапенка, Чарнушэвіч, Падольскі...” Яшчэ крок — і я нібы прырос да зямлі, міжволі апусціўшыся на калені. Дзень для мяне пабляк, бачу толькі полымя залатых літар на граніце: “Гвардыі падпалкоўнік Ваінкоў”... Перахапіла дыханне. Мой камандзір. Дык вось чаму я не знайшоў яго пасля вайны!..
Памяць вярнула мяне ў 1944-ы. Зямлянка кампалка. Яго голас зноў гучаў у маіх вушах: “Памятай і ніколі не забывай сваіх таварышаў. Асабліва тых, хто загінуў. Будзе магчымасць — знайдзі іх пасля вайны. Яны загінулі, каб людзі жылі, каб ніколі не было войнаў”.... Нібыта скрозь сон данесліся чыесьці словы:
— Відаць, дрэнна стала ветэрану. Можа, валідол патрэбны? Хтосьці ўзяў мяне за руку і, палічыўшы пульс, сказаў:
— Усё нармальна....
Мы ўжо далёка ад’ехалі ад Трэптаў-парку, а ў вушах па-ранейшаму гучаў голас камандзіра: “Ордэн “Жыцця” — самая высокая ўзнагарода, будзь заўсёды яе варты”.
Зараз вось думаю: а колькі такіх ордэнаў не дасталося нашым салдатам? Такі ўжо няўмольны закон вайны: каб засталіся жыць адны, іншыя павінны былі аддаць за іх свае жыцці... За жыццё на Зямлі.

Марат ЯГОРАЎ  

— І па-ранейшаму, ніводнай таблеткі? — наша сустрэча з Маратам Фёдаравічам Ягоравым, якога я ведаю з даўніх 60-ых, калі ён, седзячы ля футбольных варот сталічнага стадыёна “Дынама” ў форме капітана авіяцыі, фотаапаратам “Кіеў-3” “лавіў” удалы кадр, адбылася ў сераду ў кабінеце старшыні Беларускага фонду міру. На стале — стосы маляўнічых тэлеграмных бланкаў: 18 лютага Ягораў адзначыў сваё 85-годдзе.
— За ўсё жыццё не прыняў ніводнай таблеткі, не выкурыў ніводнай цыгарэты і не выпіў ніводнай чаркі…
— А як жа ў час вайны, калі законныя сто “наркамаўскіх” налівалі?
— Чарга стаяла, я па справядлівасці аддаваў таварышам.
Нарадзіўся Марат Фёдаравіч у Севастопалі і 18-гадовым юнаком пайшоў на фронт. У 1945-ым — удзельнік Парада Перамогі.
Сёння Марат Ягораў — старшыня Беларускага фонду міру, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі фондаў міру, член Сусветнага савета міру.
А тут — і пісьменніцкія здольнасці. Марат усміхнуўся:
— Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах! 

Юрый ІВАНОЎ