“Дзявятая сімфонія” і “Ноч у тэатры”

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Віталь МАМАЧКІН, начальнік Гродзенскага гараддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі
— Сёння ўжо можна сказаць: усё запланаванае ў рамках акцыі “Культурная сталіца Беларусі” мы змаглі здзейсніць. А самае, на мой погляд, галоўнае — гэта тое, што ў названай акцыі прынялі ўдзел жыхары абласнога цэнтра розных узростаў.

/i/content/pi/cult/507/10984/12-1.jpgЦягам года намі было праведзена больш за трыста разнастайных культурных мерапрыемстваў — лічба, пагадзіцеся, немалая. І, мяркую, мы змаглі зацікавіць акцыямі як гараджан, так і турыстаў. Напрыклад, адна з імпрэз мела назву “Дзявятая сімфонія”. Гэта ўнікальны праект, рэалізаваны сумесна Гродзенскай і Магілёўскай капэламі, калі ў Фарным касцёле ў кастрычніку выступілі два камерныя хоры і два сімфанічныя аркестры. Калектывы выканалі адзін з найвыбітных і адначасова найскладаных твораў у гісторыі сусветнай музыкі — сімфонію №9 Людвіга ван Бетховена. На канцэрце прысутнічала больш за васемсот чалавек, і людзі нават стаялі ў праходах, каб паслухаць гэтае выступленне.

Таксама ў нас прайшоў цікавы пленэр скульптараў. Цяпер у многіх парках Гродна, а таксама каля некаторых гарадскіх устаноў усталяваны скульптуры, якія робяць наш горад цікавым, адметным і своеасаблівым. А, напрыклад, на памяць пра ганаровае званне ў Гродне застанецца скульптурны аб’ект, створаны вядомым нашым майстрам Уладзімірам Панцялеевым у рамках названага пленэру. Каменны медаль з надпісам “Культурная сталіца Беларусі 2014 — Гродна” і з сімволікай горада над Нёманам пазней зойме пачэснае месца ў цэнтры горада блізу колішняга будынка архіва.

Таксама цягам года ў нас ладзіліся шматлікія гастролі — як у абласным драматычным тэатры, так і ў тэатры лялек. У апошнім адбыўся фестываль “Лялькі над Нёманам”, на які з’ехаліся артысты з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы. Таму гараджане змаглі паглядзець на спектаклі шматлікіх замежных калектываў, ацаніць узровень іхняга майстэрства, пабычыць новыя пастаноўкі. У той жа ўстанове культуры цягам года нарадзілася новая акцыя “Ноч у тэатры лялек”, калі пасля спектакля гледачам прапаноўвалася тэматычная экскурсія, знаёмства з рознымі аспектамі сцэнічнага жыцця…

У рамках Фестывалю нацыянальных культур прайшоў і фэст маладзёжных субкультур. Там былі прадстаўлены рок-гурты, стрыт-рэйсеры, фаершчыкі, прыхільнікі BMX (мотакросу) ды многія іншыя аматары таго ці іншага віду спорту ды забаў… І я бачыў, як на гэта ўсё рэагавалі гледачы, асабліва моладзь. Цяпер, я ўпэўнены, яны ведаюць, чаму лепш весці здаровы лад жыцця… Ды і бацькі, якія таксама прысутнічалі на мерапрыемствах, пэўна, вырашылі, што варта аддаць свайго сына ці дачку ў музычную школу, на танцы, у нейкі гурток… Бо тое ж — сапраўды цікава і напаўняе жыццё падлетка новымі сэнсамі ды ўражаннямі… Тым больш, мы пачалі адкрываць на базе агульнаадукацыйных школ філіялы школ мастацтваў. Таму ў танцавальных, харэаграфічных ці вакальных ды мастацкіх гуртках можна займацца сёння нават не выходзячы са сваёй агульнаадукацыйнай установы…

Лічу, мерапрыемствы далі штуршок, імпульс у культурным развіцці горада. Балазе, год гэты стаўся сапраўды багатым на новыя культурныя акцыі. Думаю, што ўсе тыя мерапрыемствы, якія адбываліся сёлета ў Гродне ўпершыню, атрымаюць у нашым горадзе сталую “прапіску”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"