Што на люстэрку ў каралевы прыгажосці?

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

На мінулым тыдні кастынгам у Мінску завяршыліся адборачныя туры конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь-2008”. У выніку ад кожнай вобласці для ўдзелу ў рэспубліканскім туры было адабрана па 24 прыгажуні. “К” напярэдадні вялікага шоу вырашыла правесці сваё даследаванне, а проста кажучы, даведацца, якія матэрыяльныя і творчыя дывідэнды прыносяць беларускам тытулы самых прыгожых дзяўчат краіны. Адказаць на гэтыя пытанні мы папрасілі прыгажуню, якая дасягнула поспехаў у мадэльным бізнесе не толькі на радзіме, але і ў замежжы, заключыўшы кантракты з вядомымі кампаніямі. А менавіта — І “Віцэ-міс Беларусь-2006”, ІІІ “Віцэ-міс Еўропа”, ІІ “Віцэ-міс Інтэрнэшнл”. Усё гэта — тытулы будучага інжынера лясной гаспадаркі Юліі СІДНЕЕВАЙ. Яна ахвотна распавяла карэспандэнту “К” пра тое, чаму ў конкурсах прыгажосці павінны ўдзельнічаць высокія дзяўчаты і па якіх крытэрыях вызначаюць пераможцаў на міжнародных форумах прыгажосці, а ў дадатак — пра свае новыя мэты і сакрэты поспеху.

 /i/content/pi/cult/150/1098/Maxima1.jpg
— Юля, ці можна сказаць, што ваша жыццё кардынальна змянілася пасля ўдзелу ў конкурсе “Міс Беларусь”?
— На першы погляд, усё засталося на сваіх месцах, але мае мэты сталі зусім іншыя, больш глабальныя — цяпер мне ўжо хочацца звярнуць горы. З’явілася шмат новых і цікавых знаёмых, я пабывала ў гарадах, якіх да гэтай пары не бачыла і не ўяўляла нават, што ўбачу, ды і ў сабе адкрыла шмат таго, чаго раней не заўважала. Але, разам з тым, набыла і непрыемны досвед. Зразумела, што свет складаецца не толькі з добрых людзей, і што мадэльны бізнес — гэта зусім не суцэльнае салодкае жыццё, як часам падаецца.
— І ўсё ж вы плануеце звязаць свой далейшы лёс акурат з ім?

— У мадэльным бізнесе, прызнацца, сябе не бачу. Гэта для мяне больш хобі. Але і мая асноўная спецыяльнасць — “інжынер лясной гаспадаркі”— цалкам мужчынская. Таму зараз я абрала для сябе такі напрамак, як ландшафтны дызайн. І шмат працую сёння над тым, каб асвоіць гэтую прафесію. Займаюся плённа англійскай мовай, малюнкам…

Укладваю час, намаганні ў любімую справу.

— Наколькі цяжка дасягнуць значнага поспеху ў мадэльным бізнесе?

— Я памятаю свой першы конкурс — “Міс Мар’іна Горка”. Дзяўчаты прыдумалі мне абсалютна вар’яцкі касцюм, гэткую ж неардынарную прэзентацыю. І ўсё гэта было мне неверагодна цікава, здорава. Тады я ўпершыню адчула: гэта — маё.

У конкурсах прыгажосці адчуванне ўласнай адметнасці вельмі істотнае. Трэба любіць спаборніцтва для таго, каб на ім перамагчы. Памятаю, як мне сябры пісалі лісты ў Токіо, дзе праходзіў конкурс “Міс Інтэрнэшнл”: “Юля, як ты там?”. А я адказвала: “Не хвалюйцеся, прывязу карону”. Трэба быць упэўненым, верыць у сваю перамогу, не сумнявацца. Тады і будзе вынік.

— З чаго звычайна складаецца падрыхтоўка да конкурсу? Ці ёсць нейкія этапы, якія неабходна прайсці дзеля таго, каб годна выступіць?

— Паколькі я прымала ўдзел не ў адным конкурсе, этапы падрыхтоўкі для мяне — справа амаль паўсядзённая. Але на пачатку маёй кар’еры я прайшла значную падрыхтоўку ў Нацыянальнай школе прыгажосці. Напрыклад, значны досвед у гэтым накірунку атрымалі ўсе дзяўчаты-ўдзельніцы конкурсу “Міс Беларусь-2006”. Нагадаю, што на працягу двух тыдняў з намі займаліся педагогі па дэфіле, акцёрскім майстэрстве, стылісты, псіхолагі, фатографы… Падрыхтоўка была вельмі грунтоўнай. Некаторыя дзяўчаты не ўмелі прыгожа хадзіць— іх вучылі дэфіле, плённа займаўся з намі спартыўны інструктар, а стылісты дапамагалі знайсці свой найлепшы вобраз. Мне вельмі падабаліся заняткі па акцёрскім майстэрстве: да гэтай пары памятаю, як на адным з урокаў мы пераўвасабляліся ў котак, сабачак, іншых жывёлін! Уявіце: колькі прыгожых дзяўчат — і ўсе мяўкаюць ці гаўкаюць. Гэта, канешне, вельмі разнявольвала, раскамплексоўвала.

Вялікая праца была і з псіхолагамі. Яны рыхтавалі і да перамогі, і да пройгрышу. Казалі: не забывайцеся, што ўсё гэта — толькі гульня. Мы выконвалі тэсты, шмат гутарылі паміж сабой, раскрывалі душу, можна сказаць. Усё гэта стварала такую своеасаблівую атмасферу, дзе канкурэнцыя хутчэй падштурхоўвала, а не азлабляла.

Сёння я ўжо ведаю, як і што рабіць, калі збіраюся на конкурс. Хвалююся, канешне, але гэта ўжо такое спартыўнае хваляванне, якое толькі запальвае! А веды ўжо ёсць.

— Юля, вы шмат кажаце пра псіхалагічны настрой, а як жа фізічная форма?

— Гэта ўжо проста аксіёма. Я памятаю, як рыхтавалася да той жа “Міс Беларусь-2006”. Божа мой! Я не злазіла з трэнажораў. Паднялася раніцай, прыехала на кастынг і прайшла — такога ў маёй гісторыі не было. Да майго дэфіле на адборачным туры я трэніравалася дзень і ноч.

Зараз трымаць сябе ў форме — справа для мяне амаль паўсядзённая. Напярэдадні конкурсу я яшчэ пачынаю прытрымлівацца дыеты, каб быць яшчэ больш упэўненай у сваім знешнім выглядзе, абавязкова наведваю касметычныя салоны. Увогуле, здаровае харчаванне, дагляд за сваёй скурай, валасамі — усё гэта вельмі важна, і не толькі ў перыяд “перад конкурсам”.

— Наколькі складана спаборнічаць за перамогу на міжнародных форумах прыгажосці ў параўнанні з айчынным? Магчыма, там дзейнічаюць іншыя “законы поспеху”? — Ведаеце, існуе шмат павер’яў і міфаў наконт міжнародных конкурсаў: маўляў, на “Міс Еўропа” перамагаюць брунеткі, а на “Міс Свету” — бландзінкі. Гэта ўсё лухта! Можна часам назіраць такое правіла: краіны-заснавальніцы ці краіны-спонсары форумаў прыгажосці “правакуюць” журы на дадатковыя балы ў скарбонку сваіх дзяўчат, але гэтая добразычлівая “падтрымка” гаспадароў конкурсу не можа гарантаваць кароны іх
/i/content/pi/cult/150/1098/Maxima2.jpg 

“Міс Грэцыя”, “Міс Мексіка” і “Міс Беларусь” — тройка пераможцаў “Міс Інтэрнэшнл”.

прадстаўніцам.

Зыходзячы са свайго вопыту, магу адзначыць: звычайна выйграюць дзяўчаты-ўладальніцы, так бы мовіць, натуральнай прыгажосці, прыгожыя, статныя, поўныя натуральнага хараства.

Памятаю свой удзел у конкурсе “Міс Інтэрнэшнл”. Колькі ж прыгожых дзяўчат! Уявіце, высокія (!) статныя японкі, лацінаамерыканкі са сваімі шыкоўнымі формамі, своеасаблівыя кітаянкі, і ў выніку— у тройку пераможцаў трапляю я, грачанка і мексіканка. Пластычныя бразільянкі засталіся па-за бортам, гэтаксама як і неверагоднай прыгажосці японкі, якія хоць і высокія для сваёй нацыі дзяўчаты былі каля 170 см, — але для журы аказаліся недастаткова прыкметнымі.

— Такім чынам, патрабаванне арганізатараў конкурсу “Міс Беларусь” да росту ўдзельніц цалкам заканамернае?

— Абсалютна. Рост вельмі важны. Мне не хочацца прыніжаць невысокіх дзяўчат, але на міжнародных спаборніцтвах прыгажосці чамусьці выбіраюць высокіх. Іх нібыта вылучаюць сярод астатніх. Таму я цалкам згодна з палітыкай Нацыянальнай школы прыгажосці.

— Юля, другім крытэрыем, па якім вызначаюць фіналістак, вы назвалі натуральнасць…

— Так. Ведаеце, некаторыя дзяўчаты дзеля ўдзелу ў міжнародным конкурсе прыгажосці могуць пайсці на пластычную аперацыю. Напрыклад, канкурсантка на адным форуме прыгажосці нейкі час не магла ні з кім гутарыць, таму што зрабіла аперацыю на губах. Для мяне гэта быў шок! А, напрыклад, у Бразіліі мадэльныя агенцтвы без адпаведнай медыцынскай клінікі лічацца непрэстыжнымі. Прыгажосць сёння ў свеце становіцца тым, што можна “зрабіць”, стварыць, “пабудаваць”. Напэўна, з гэтай прычыны натуральнасць, на маю думку, сапраўды цэніцца экспертамі. І такіх дзяўчат, прыгожых ад прыроды, паверце, бачна адразу.

— Атрымліваецца, што якой нарадзілася, такой і трэба заставацца?

— Толькі яшчэ больш падкрэсліваць гэтую сваю натуральнасць. І працаваць. Увогуле, хочацца адзначыць, што мадэльны бізнес, як і кожны іншы, — справа жорсткая. Спазніўся, не паспеў, знаходзішся ў дрэннай форме — і тваё месца зойме хто-небудзь маладзейшы, прыгажэйшы за цябе, больш хваткі, нарэшце. Вось нават я сёння ў 21 год магу канстатаваць: новае пакаленне наступае на пяты, не цырымонячыся. І я раю ўсім дзяўчатам, хто спрабуе сябе на гэтай ніве, быць максімальна дысцыплінаванымі. І быць гатовымі да таго, што вы можаце сустрэць людзей, якія пойдуць на ўсё дзеля ўласнага поспеху.

— Аднак і конкурс, і смак перамогі вартыя таго, каб удзельнічаць у барацьбе?

— Канешне, гэта незабыўны досвед. Няхай нашы дзяўчаты спрабуюць сябе, працуюць: усё гэта вельмі цікава. Невядома пакуль, як у будучыні складзецца мая кар’ера ў гэтым накірунку, але я ўжо дасягнула сваёй дзіцячай мары — купіла машыну. Ёсць цікавыя кантракты і перспектывы. Сёлета прадугледжана падарожжа ў Японію.

У мяне, дарэчы, часта пытаюцца: а ці прасцей табе ў жыцці таму, што ты прыгожая? Ведаеце, я адкажу: кожнаму будзе больш проста ў жыцці, калі ён дакладна вызначыцца са сваёй мэтай, павесіць на люстэрка фатаграфію машыны, якую хоча мець, кватэры, сабакі — і рынецца наперад, дасягаць. Тады і прыгажосць становіцца паняццем вельмі адносным.


Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Даведка
Юлія СІДНЕЕВА нарадзілася 7 студзеня 1987 года ў Мар’інай Горцы. Скончыла гарадскую школу-гімназію № 5. Зараз з’яўляецца студэнткай трэцяга курса лесагаспадарчага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта. Уладальніца тытулаў І “Віцэ-міс Беларусь-2006”, ІІІ “Віцэ-міс Еўропа-2006”, ІІ “Віцэ-міс Інтэрнэшнл-2007”. У будучым хоча адкрыць сваю кампанію па ландшафтным дызайне. 

Анкета “К”
1. Колер, які натхняе?
Блакітны, бэзавы, ружовы,салатавы, жоўты.
2. У якую пару года падабаеццапрацаваць?
Улетку.
3. Любімы мастак.
Марк Шагал.
4. Найбольш яркі акцёр, актрыса.
Аляксандр Абдулаў, Кіра Найтлі.
5. Любімы твор.
“Ціхі Дон” Шолахава.
6. Што слухаеш?
Вельмі люблю Мадонну.
7. Радзіма — гэта што?
Там, дзе мае бацькі.
8. Любімая кветка.
Гербера.