Апошнія дванаццаць дзён

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Пра жыццё, што "бесперапынна ўдаецца!”
“Жыццё бесперапынна ўдаецца!” — менавіта гэтымі словамі вядомага мінскага педагога, філосафа і культуролага Кіма Хадзеева завяршаеца спекталь “Аскар і Пані Роза”, прэм'ера якога адбылася ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.

/i/content/pi/cult/507/10978/8-2.jpg

У аснове пастаноўкі Генадзя Мушперта — кніга Эрыка-Эмануэля Шміта. Сюжэт яе просты. Дзесяцігадовы Аскар (Ігар Уланаў) — хворы на лейкемію. Ён ціха згасае, і ніхто нічога не можа з гэтым зрабіць. Хлопчык бачыць, як баяцца яго хваробы бацькі, медперсанал і сябры... Кожны з дарослых па-свойму адчувае сябе вінаватым. Урач (Аляксандр Калагрыў), што не вылечыў, не ўратаваў, а бацькі (Ганна Іванова, Аляксандр Дзям’янаў), бо не ўбераглі. Бацькі сутаргава спрабуюць далюбіць дзіця, якому засталося ўсяго некалькі тыдняў жыцця, Аскар жа тое адчувае не адразу і лічыць, што яму ўсе хлусяць... І толькі адна Пані Роза (Святлана Марэцкая) заслугоўвае яго давер, знаходзіць з ім агульную мову і прапануе звярнуцца да Бога. І ён піша Госпаду, з гумарам і дзіцячай непасрэднасцю распавядаючы пра пацешныя і сумныя здарэнні шпітальнага жыцця.

Хваробу і смерць як быццам не прынята абмяркоўваць уголас. Але ніхто з нас не ў сілах пазбегнуць ні той, ні другой. І жыццё наша — не адна суцэльная камедыя. Разумна і тонка распавядаць пра такія рэчы са сцэны — сапраўднае мастацтва. Трэба сказаць, сумоўе з гледачом у гродзенцаў атрымалася.

Гэта кранальны спектакль пра веру, у якой маюць патрэбу ўсе, нават калі не ўсведамляюць гэтага. Гэта гісторыя, дзе змешваюцца рэальнасць, сон, мроі, мары і фантазіі маленькага чалавека. Раскрыць змест дапамаглі таксама створаныя Алесем Суравым аскетычна простыя і лаканічныя дэкарацыі, якія вельмі дакладна перадалі атмасферу шпітальнага жыцця. Пра тое, што ўсё адбываецца ў дзіцячай бальніцы, нагадваюць лялькі-марыянеткі ў руках акцёраў-дзяцей.

“Гэты спектакль пра двух геніяльных людзей. Пра геніяльную Пані Розу, якая сталася настаўнікам, памочнікам, паплечнікам для дзіцяці ў цяжкай сітуацыі, і пра геніяльнага хлопчыка. І, вядома, пра цуд, які час ад часу сустракаецца ў жыцці, калі мы бачым вяршынны дух чалавецтва, — распавёў рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Генадзь Мушперт. — У тэатры цікава, па-першае, калі ёсць праўда пра жыццё, і, па-другое, калі ёсць цуд, калі мы распавядаем пра цуды чалавечага духу”.

Пані Роза валодае якраз той цудоўнай здольнасцю не хлусіць пра жыццё, не хлусіць пра смерць — дапамагчы дзіцяці прыняць і пераасэнсаваць, тым самым падарыўшы яму сапраўднае жыццё. Дванаццаць дзён на тое, каб зрабіць усё, чаго не паспеў. Тузін дзён, каб да-жыць, да-смяяцца, да-кахаць. Апошнія дванаццаць дзён. Ружовая Дама прыводзіць Аскара да сапраўднага сяброўства з Богам. І яно, сяброўства, — сумленнае, трохі дзіцячае, але і напоўненае велізарным сэнсам, да якога не кожны з нас здольны прыйсці.

Па сутнасці, глядач ад пачатку ведае, да чаго ўсё ідзе. Ведае, што з героем хутка давядзецца развітацца. Але, калі той сыходзіць, страшна не хочацца яго адпускаць.

Чаму дарослыя акцёры граюць дзяцей? Таму што ўсе, каму засталося жыць дванаццаць дзён, падобныя. Схаваная ад дарослых, яна вядомая малым і старым — таямніца шчасця кожнага пражытага дня. Таямніца любові, веры і падзякі.

“Мы спрабуем сказаць, што жыццё цудоўнае, — гаворыць артыст Ігар Уланаў. — І чым менш яго застаецца, тым больш яно каштоўнае, тым ярчэйшыя і даражэйшыя імгненні. З самага пачатку мы гаворым пра смерць, а потым на працягу дзвюх гадзін пра тое, якая дзіўная штука жыццё. І як важна яго шанаваць у кожнай праяве, кожнай хвіліне”.

Акцёры распавядаюць кранальную гісторыю. Яны здолелі простымі і правільнымі словамі адказаць на цяжкія і “нязручныя” пытанні. І словы гэтыя трапляюць у сэрца. Кожнае прасякнута жаданнем жыць, імкненнем даведацца найбольш. Сумна, весела, наіўна, сур’ёзна. Пранізліва? Не, нават не так. Неверагодна востра і жыццесцвярджальна! Таму што: “Жыццё бесперапынна ўдаецца!”

Вольга МАСЬ, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра