Я нарадзіўся ў Беларусі. Але ў 17 гадоў з’ехаў, яшчэ за савецкім часам, і ведаю чым мне дарагая Беларусь. Але самае галоўнае, што моладзь, якая нарадзілася ў Сібіры і мае беларускія карані, таксама па расповедах бацькоў і дзядоў, ведае, што такое Беларусь! Вам распавесці, што сімвалізуе для нас нашу гістарычную Радзіму? Калі ласка! Праўда, пагаворым не пра гістарычныя сімвалы, а пра больш побытавыя.
З птушак — гэта бусел! Яго ў Сібіры няма, а ў Беларусі амаль у кожнай вёсцы — буслінае гняздо. І я памятаю, як мы ў дзяцінстве перажывалі, ці прыляціць бусел у гэтым годзе на сваё гняздоўе. Калі прыляціць, дык усё будзе добра ў нашым паселішчы. Нават загадвалі: калі ўвесну першы раз убачыш, як ляціць бусел, то пашчасціць, а калі будзе стаяць у полі, — засцерагайся… А як закрычалі ад шчасця ўдзельніцы “Крывічоў”, калі першы раз прыехалі ў Беларусь на гастролі (усе яны нарадзіліся ў Сібіры) і ўбачылі бусла — сапраўднага! — з акна аўтобуса! Я ажно спужаўся, але для іх гэта і сталася сімвалам таго, што яны сапраўды прыехалі ў Беларусь!
Са звяроў сімвалы — зубр і вожык. Зубр — волат, магутнасць. Вожык — мудрасць. З дзяцінства, памятаю, мяне вучылі не шкодзіць вожыку. У Сібіры ж гэтых жывёл няма, таму нашы дзяўчаты так марылі пабачыць іх. Камусьці пашчасціла.
Далей пра сімвалы сцісла, без празмерных эмоцый. З гадаў — вужака. З рыб — вугар. З дрэваў — дуб, каштан, ляшчына, якіх у Сібіры няма. Але ёсць самае галоўнае і дарагое для беларусаў тут — чырвоная рабіна. Калі я ездзіў па беларускіх вёсках Прыбайкалля, то выпадкова звярнуў увагу, што толькі ў іх ёсць “палісаднікі” — адгароджаная прастора між хатай і вуліцай, дзе пасаджаны кветкі і… чырвоная рабіна. Сібір у гэтым плане паказальная, бо тут, калі вандруеш, бачыш розныя паселішчы, і таму можна лёгка параўноўваць. Дык вось, стаў я распытваць старажылаў, а чаму менавіта рабіна? І вось што пачуў: нашы продкі сто гадоў таму, пад час сталыпінскай рэформы, з’язджаючы з Беларусі, бралі з сабой не толькі асабісты скарб, але і насенне, і саджанцы дрэў. Не ўсё прыжылося, а чырвоная рабіна прыжылася. Больш за тое: старажылы лічаць, што яна аберагае хату, распаўсюджвае добрую сілу, дае станоўчую энергію.
З пасяўных культур — лён. О, гэта культура такая важная для беларусаў! Толькі яны яе прывезлі ў Сібір. На жаль, зараз у Прыбайкаллі ўжо ніхто не сее льну, нават у беларускіх вёсках, але і дагэтуль шмат хто захоўвае семя льна, і з гонарам паказвае яго. А колькі цікавых гісторый мне распавядалі пра гэтую культуру, пра яе значэнне і сілу!
Таксама шануюць беларусы Прыбайкалля і жыта. Яго цяпер мала хто сее ў Сібіры, бо яно не вытрымлівае зіму. Цяпер вывелі добрыя гатункі тутэйшай пшаніцы, але ёсць яшчэ гаспадары, фермеры, якія трымаюцца традыцый.
Са страў я адзначыў бы клёцкі (калдуны), бабку і поліўку. Амаль у кожнай сібірскай беларускай вёсцы вам распавядуць, што гэта нашы адметныя спажывы. Ну і дранікі, натуральна, але — без мукі: толькі бульба, яйка і цыбуля.
І ўсё ж такі на першым месцы для нас, беларусаў-сібіракоў, галоўнай адметнасцю з’яўляецца нацыянальная вышыўка, старыя строі, старажытныя ручнікі… Ох, колькі я іх пабачыў у сваіх вандроўках па беларускіх сібірскіх вёсках! З якой пяшчотай захоўваюць у сем’ях гэтыя Сімвалы! Зараз жа ў кожнага актывіста нашага руху ў Прыбайкаллі — свае строі! І калі якое свята, альбо нас запрашаюць кудысьці выступаць, мы апранаем менавіта іх. Іркуцк нас ужо ведае. Адразу кажуць пра нас ужо дастаткова даўно: “Вунь беларусы пайшлі!”.