На кожны модуль прадугледжана... + фота рэканструкцыі

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

“Беларусьфільм”: месца мусіць хапіць усім
Комплекс Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” закрыты з боку праспекта Незалежнасці агароджай з каляровымі выявамі архітэктурных славутасцей сталіцы. За агароджай шчыруюць будаўнікі. Аднаўляецца парадны фасад гістарычнага будынка студыі, ужо ўзведзены і ўключаны ў творча-вытворчы працэс новы корпус, чакаюць перасялення на новыя плошчы работнікі шэрагу падраздзяленняў “Беларусьфільма”, прылеглая тэрыторыя — добраўпарадкавання.

Перабудова, рэканструкцыя — гэта зазвычай перадумова для новай перспектывы, дзеля якой пэўны час даводзіцца вытрымліваць нязручнасці разбэрсанага побыту. Гэта мусілі адчуць на сабе супрацоўнікі “Беларусьфільма” ды, бадай, і ўсе беларускія кінематаграфісты. Але да іхняга гонар у час рэканструкцыі кінастудыі не стаў для нашага кіно часам спыненым, застойным: творча-вытворчы працэс працягваўся. За тыя апошнія тры гады з “Беларусьфільма” ў свет выйшлі такія ігравыя фільмы як “У тумане”, “Роля”, “Кіндэрвілейскі прывід”, “Рускі”, “Неверагоднае перамяшчэнне”, “Дзяржаўная мяжа”, “Белыя Росы. Вяртанне”, “Адзінокі востораў”, фільмы анімацыйныя — “Аповесць мінулых гадоў”, “Казкі старога піяніна”, “Прыгоды Несцеркі”, дакументальныя — “Бумеранг”, “Драўляны народ” і яшчэ многія стужкі. Зараз рэканструкцыя завяршаецца. Што яна ўжо дала кінастудыі і што дасць у перспектыве, спрабавалі высветліць карэспандэнты “К”.

З гэтай нагоды кароткая размова з начальнікам аддзела рэалізацыі і рэкламы сцэнарна-маркетынгавай службы “Кінапраект” Міхаілам Кацюшэнкам. Ягоная праца датычыць продажу, так бы мовіць, канчатковага прадукту кінавытворчасці. І, зразумела, ён, як ніхто іншы, зацікаўлены, каб фільмы былі якасныя. Новыя вытворчыя плошчы і найноўшае абсталяванне, на думку спадара Кацюшэнкі, зробяць “Беларусьфільм” яшчэ больш прывабным для інвестараў. Ён згадвае міжнародныя праекты, у якіх так або інакш задзейнічана наша студыя. Так у дадзены момант на базе “Беларусьфільма” ствараецца шэсць расійскіх кінакарцін. Гэта выгадна, бо студыя зарабляе на арэндзе павільёнаў і тэхнікі.

— Кінапрацэс — справа, якая дорага каштуе. Для нас выйсце — фільмы сумеснай вытворчасці, так званы “капрадакшн”, — гаворыць Міхаіл Пятровіч.

А з начыннем новага вытворчага корпуса нас знаёміць галоўны інжынер кінастудыі Аляксандр Дармідонтаў. У ягоным непасрэдным падпарадкаванні лічбавая кіналабараторыя, якая рыхтуе фільмы да паказу ў кінатэатрах з адпаведным абсталяваннем. Адчуваецца, што да гэтага чынніка кінавытворчасці наш суразмоўца мае асаблівы піетэт, бо гаворыць пра яго вельмі падрабязна і зацікаўлена. Сёння лабараторыя месціцца ў не надта зручным памяшканні і чакае пераезду ва ўзведзены нядаўна гмах. Згаданая служба, як паведаміў спадар Дармідонтаў, у новым будынку будзе суседнічаць з падраздзяленнямі дэкаратыўна-тэхнічных пабудоў, якія робяць дэкарацыі для здымачных павільёнаў, і ўсімі механічнымі службамі. Гэта першы паверх новага корпусу. На другім і трэцім размесцяцца склады. У будынку таксама ёсць два вялікія павільёны па 1000 квадратных метраў.

Пакуль ідзем па двары студыі да новага корпуса Аляксандр Валер’евіч распавядае пра “лічбу” і “стужку”:

— Мы можам апрацоўваць негатыўныя і пазітыўныя кінастужкі па старых, класічных тэхналогіях (па тэхналагічным працэсе, распрацаваным фірмай KODAK), — гаворыць ён, — а таксама рабіць лічбавую карэкціроўку выяў для кіно і відэа. Наша справа — стварэнне, кадзіраванне і тыражаванне лічбавых кінакопій для кінатэатраў. Сёння ва ўсіх кінатэатрах Мінска, за выключэннем “Перамогі”, дзе яшчэ дэманструюцца фільмы на стужцы, выкарыстоўваюцца лічбавыя носьбіты.

Спадар Дармідонтаў згадвае, што, нягледзячы на паўсюднае панаване “лічбы”, у свеце не адмовіліся ад негатываў. Паводле класічных техналогій па-ранейшаму здымаюць у Галівудзе. Нават апошнія нашумелыя блокбастары зняты на стужку. Справа ў тым, што як зыходнік стужка больш якасная, чым “лічба”. У яе больш дынамічны дыяпазон, лепшая перадача колеру ды іншыя тэхнічныя і выразныя чыннікі. “Лічба” яшчэ толькі набліжаецца да якасці стужкі. Да таго ж, апошняя патрэбна для архіўнага захавання. Яна гарантавана ляжыць сто гадоў. Тым часам як у сферы лічбы бадай кожныя пяць год вынаходзяць новыя носьбіты, а старыя здымаюцца з вытворчасці. Вось і даводзіцца перапісваць інфармацыю, у дадзеным выпадку фільмы, наноў...

...“Памятаеце, былі відэадыскі памерам з грампласцінку? — пытаецца суразмоўца, — дык вось зараз іх няма на чым пракруціць. Першымі, гадоў дзесяць таму, забілі трывогу галівудскія прадзюсары з нагоды захавання сваёй уласнасці. Сёння “Fuji” робіць стужку толькі для архіўнага захоўвання, “Коdak” працягвае выпуск негатыва і іншых стужак. Прычым захоўваюць фільмы паводле той трохстужкавай тэхналогіі, якой у 1950-я гады здымалі фільмы. Дзяленне робіцца на чорна-белай стужцы, дзе няма фарбавальнікаў, якія выцвятаюць, а ёсць сярэбраная выява, экспанаваная праз асноўныя светлафільтры —- сіні, зялёны, чырвоны. А потым маем магчымасць атрымаць каляровую выяву.”

Наш суразмоўца акцэнтуе ўвагу на той акалічнасці, што працэс стварэння фільмаў на нашай кінастудыі добра забяспечаны тэхналагічна, а тэхнічныя спецыялісты дастаткова падрыхтаваныя да ўспрымання інавацыйных ідэй і ставяцца да сваёй працы творча.

Заходзім у новы вытворчы корпус. Наш гід вядзе нас туды, дзе манціруюць дэкарацыі да фільма пра расійскі балет “Большой” маскоўскага рэжысёра Валерыя Тадароўскага. Пад здымкі задзейнічаны абодва новыя павільёны. Паводле студыйнай нумарацыі яны будуць лічыцца “чацвёртым” і “пятым”. Тут створаны інтэр’еры, што дакладна імітуюць харэаграфічную вучэльню. Большая частка фільмовай дзеі будзе адбывацца менавіта тут. Але будуць яшчэ здымкі на натуры.

Пытаемся, ці ёсць у гэтых павільёнах што-недзь нязвыклае, надзвычайнае. “Не, — адказвае Аляксандр Валер’евіч, — у нас не планавалася зрабіць трансфармаваныя павільёны, як на студыі імя М.Горкага. Тут класічны павільён, у якім можна пабудаваць дэкарацыі вышынёй да пяці метраў.”

Пытаюся, ці скарыстоўваецца натурпляцоўка “Беларусьфільма”, каб зарабляць грошы ў перапынках паміж здымкамі. Вось, згадваю, пад Рыгай на такой пляцоўцы карпаратывы ладзяць ды экскурсіі праводзяць.

“Наша пляцоўка, — гаворыць суразмоўца, — займае 90 гектараў. Там вялікі лясны масіў, возера, ветка чыгуначная. Ёсць гасцініца і летнія дамкі. Калі робіцца фільм, там месціцца здымачная група, а калі здымак няма — адпачываюць студыйцы. Ёсць думка раскруціць натурпляцоўку як турыстычны аб’ект. Але гэта справа перспектывы. Пакуль на тое грошай не стае.”

Дык што ж атрымала студыя праз пашырэнне вытворчых плошчаў?

“Цяпер, пасля заканчэння рэканструкцыі, на студыі пяць павільёнаў, значна палепшаная тэхналагічная база, — тлумачыць спадар Дармідонтаў. Кінастудыя можа спакойна перадаць адзін павільён у арэнду тэлебачанню, бо тэлебачанне ўсё адно здымае на нашых плошчах свае навагоднія праграмы, тэматычныя цыклы. Але пры ўсім тым студыя вымушана была адмаўляцца ад тых або іншых кінапраектаў, бо не было вытворчай прасторы, а вось цяпер месца мусіць хапіць усім. Прынамсі, тэарэтычна… Дарэчы, на канцэрне “Масфільм” самы вялікі здымачны павільён перманентна арандуе тэлебачанне.”

Давялося нам пагутарыць і з вядучым спецыялістам па лічбавым кінатэхналагічным працэсе Валерыем Грашэўскім. Ён адзначыў, што ў рамках бягучай рэканструкцыі прадугледжана набыццё абсталявання, і гэта дазволіць “Беларусьфільму” быць незалежным ад іншых студый і замежжа. А новы будынак дазволіць размясціць абсталяванне ў нармальных умовах, калі на кожны модуль прадугледжаны асобны пакой, а не як зараз — у цеснаце.

Зразумела, такая перспектыва пашэрэння творча-вытворчага працэсу даспадобы і іншым студыйным службам.

/i/content/pi/cult/507/10965/2-1.jpg

ФФота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"