І харал, і партытура

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

На пачатку снежня на базе Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў №1 прайшло свята харавой музыкі — другі па ліку фестываль “Аршанская скарбніца”. У ім бралі ўдзел восем хораў з Мінска, Віцебска і Оршы. Фестывальная афіша парадавала разнастайнасцю рэпертуару, жанраў і стыляў.

/i/content/pi/cult/509/10963/10-2.jpg

Маладзёжны хор “Brevis”.

Мэта мерапрыемства: папулярызацыя вакальнага мастацтва сярод дзяцей і юнацтва, а таксама — умацаванне творчых стасункаў паміж харавымі калектывамі розных гарадоў, абмен вопытам.

Адкрыў фестываль канцэрт, у якім выступілі ўзорны хор “Тоніка” ДМШМ №1 імя Л.Александроўскай горада Мінска і жаночы хор “Канцэрціна” Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.Глінкі. Прагучалі духоўныя творы беларускіх, рускіх і заходнееўрапейскіх кампазітараў, апрацоўкі народных песень. Мінчане скарылі высокім выканальніцкім майстэрствам, цудоўным валоданнем мастацкімі стылямі: ад распеву, харалаў да складаных сучасных харавых партытур.

Гала-канцэрт прайшоў у камернай зале ДШМ №1. Дыпломы атрымалі: трэцяй ступені — хор хлопчыкаў гімназіі №3 імя А.С. Пушкіна горада Віцебска (кіраўнік Аляксей Ляхновіч); другой ступені — узорны дзіцячы хор “Cantare” Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў №1 (кіраўнік Валянціна Каржыцкая); першай ступені — хор хлопчыкаў “Credo” сярэдняй школы №159 Мінска (кіраўнік Таццяна Сільчанка). А Гран-пры дастаўся маладзёжнаму хору “Brevis” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (кіраўнік Святлана Кунцэвіч).

Алена АСІНОЎСКАЯ, настаўнік Аршанскай ДШМ №1