Выгадаваць “Гадунова”

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Беларуская опера зноў звярнулася да “Барыса Гадунова” М.Мусаргскага. Гэтым разам — у канцэртным выкананні і аркестроўцы Д.Шастаковіча, з амаль цалкам новым складам артыстаў і купюрамі, зробленымі дырыжорам В.Пласкінам.

 /i/content/pi/cult/150/1096/Gadunou2.jpg

Аксана Волкава.

Опера “Барыс
Гадуноў”, над якой М.Мусаргскі пачаў працаваць 140 гадоў таму, стала не толькі адлюстраваннем гістарычнага мінулага, але і прароцтвам будучыні. Паступовы шлях грамадства да гэтага твора можна прасачыць па яго рэдагаванні. Спачатку сам аўтар пагадзіўся на рэверанс у бок тэатра, пашырыўшы жаночыя партыі і, галоўнае, далучыўшы сцэны з Марынай Мнішак, што дазволіла разбавіць “круцізну” народных сцэн і змрочных мужчынскіх маналогаў жаночым бельканта. Але ж дадалася і сцэна пад Кромамі, якая быццам “прадказвала” філасофію натоўпу К.Юнга і вызначэнне ім калектыўнага падсвядомага. У 1896-ым, праз 15 гадоў пасля смерці аўтара, яго сябра М.Рымскі-Корсакаў выправіў у партытуры ўсе яе, як тады здавалася, недасканаласці — у адпаведнасці з тагачаснай эстэтыкай. У нашым тэатры опера ў гэтай рэдакцыі ставілася ў 1954 г., рэжысёрам і выканаўцай партыі Марыны была легендарная Ларыса Александроўская. Праз 20 гадоў спектакль, ужо ў больш сучаснай рэдакцыі Д.Шастаковіча і пастаноўцы Сямёна Штэйна, быў адзначаны І прэміяй на Усесаюзным фестывалі. Нарэшце, у 2001 годзе, на мяжы тысячагоддзяў, тэатр прыйшоў да надзвычай аскомістай, змрочна-трагічнай, пазбаўленай звыклых упрыгожванняў аркестравай версіі самога Мусаргскага і канцэпцыі Мікалая Пінігіна— Зіновія Марголіна, якія ўбачылі ў гісторыі расійскай смуты пачатку ХVІІ ст. таталітарныя канструкцыі, у якіх чалавек, нават на царскім троне, — толькі частка дзяржаўнага механізма.

Кожны шукаў свайго Мусаргскага. Цяперашняя дырыжорская версія В.Пласкіны закцэнтавала не столькі вобраз цара Барыса, колькі агульную “інтэлігентнасць” у трактоўцы ўсіх персанажаў, уключаючы Прыстава, Юродзівага, Міцюху, Карчмарку, падкрэсліла сімфанічную моц, блізкую да “Кацярыны Ізмайлавай” Шастаковіча.

Размяшчэнне аркестра на авансцэне і магутныя інструментальныя фрагменты з далучэннем так званай “банды” (дадатковага аркестра) “адсунулі” ўглыб не толькі сцэнічнай, але і акустычнай прасторы хор.

Адчувалася імкненне з’яднаць прадстаўнікоў розных выканальніцкіх пакаленняў: горача вітала публіка як 85-гадовага Міхаіла Дружыну (Пімен), так і маленькага Юру Дземідовіча (сын Фёдар). Алеж выканальніцкая “зборная” не мела агульнага рэжысёрскага стрыжня: кожны маляваў свайго героя па-свойму, без уліку версій астатніх удзельнікаў драмы.
 /i/content/pi/cult/150/1096/Gadunou1.jpg

Юрый Дземідовіч

Дый сярод ранейшых складаў былі такія трапныя, яркія характары (Нагіма Галеева — Карчмарка, Віктар Чарнабаеў — Варлаам, Яраслаў Пятроў, Алег Мельнікаў — Барыс), што ўявіць у гэтых партыях кагосьці іншага было цяжкавата.

Оперныя сцэны, што склалі другое канцэртнае аддзяленне, шмат у чым “рэабілітавалі” выканаўцаў. Ганарліва-ўладарная Марына атрымалася ў Аксаны Волкавай. Лісліва-помслівы Шуйскі — у Янаша Нялепы. Як заўсёды, бездакорным быў Сяргей Франкоўскі (Самазванец). Сапраўдным адкрыццём стаўся і малады саліст, лаўрэат міжнародных конкурсаў Станіслаў Трыфанаў.

Асабліва ўразіў другі маналог Барыса (пэўна, гэтай сцэнай трэба было б завяршаць першае аддзяленне, а не пачынаць другое, да якога “пратрымаліся” ўжо не ўсе гледачы). Ды ўсё ж, слухаючы псіхалагічна тонкія перапады царскага (і бацькоўскага) настрою, ніяк не верылася, што такі разумны, памяркоўны, зноў-такі, інтэлігентны Барыс здольны забіць дзіця і памерці ад кашмарных прывідаў. “Прачытвалася” іншая трактоўка (паводле некаторых даследчыкаў, больш гістарычна дакладная за пушкінскую, пакладзеную ў аснову оперы): Барыс не вінаваты, яго “падставілі” і потым, хутчэй за ўсё, атруцілі.

Як бы тое ні было, але опера Мусаргскага вартая таго, каб “гадаваць” на ёй усё новыя выканальніцкія і слухацкія пакаленні. Таму хочацца спадзявацца, што цяперашні канцэртны варыянт далёка не апошні і, вядома, не канчатковы.

І што гэты спектакль абавязкова ўпрыгожыць адноўленую сцэну Вялікага тэатра.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА