Аксана Волкава. |
Кожны шукаў свайго Мусаргскага. Цяперашняя дырыжорская версія В.Пласкіны закцэнтавала не столькі вобраз цара Барыса, колькі агульную “інтэлігентнасць” у трактоўцы ўсіх персанажаў, уключаючы Прыстава, Юродзівага, Міцюху, Карчмарку, падкрэсліла сімфанічную моц, блізкую да “Кацярыны Ізмайлавай” Шастаковіча.
Размяшчэнне аркестра на авансцэне і магутныя інструментальныя фрагменты з далучэннем так званай “банды” (дадатковага аркестра) “адсунулі” ўглыб не толькі сцэнічнай, але і акустычнай прасторы хор.
Адчувалася імкненне з’яднаць прадстаўнікоў розных выканальніцкіх пакаленняў: горача вітала публіка як 85-гадовага Міхаіла Дружыну (Пімен), так і маленькага Юру Дземідовіча (сын Фёдар). Алеж выканальніцкая “зборная” не мела агульнага рэжысёрскага стрыжня: кожны маляваў свайго героя па-свойму, без уліку версій астатніх удзельнікаў драмы.Юрый Дземідовіч |
Оперныя сцэны, што склалі другое канцэртнае аддзяленне, шмат у чым “рэабілітавалі” выканаўцаў. Ганарліва-ўладарная Марына атрымалася ў Аксаны Волкавай. Лісліва-помслівы Шуйскі — у Янаша Нялепы. Як заўсёды, бездакорным быў Сяргей Франкоўскі (Самазванец). Сапраўдным адкрыццём стаўся і малады саліст, лаўрэат міжнародных конкурсаў Станіслаў Трыфанаў.
Асабліва ўразіў другі маналог Барыса (пэўна, гэтай сцэнай трэба было б завяршаць першае аддзяленне, а не пачынаць другое, да якога “пратрымаліся” ўжо не ўсе гледачы). Ды ўсё ж, слухаючы псіхалагічна тонкія перапады царскага (і бацькоўскага) настрою, ніяк не верылася, што такі разумны, памяркоўны, зноў-такі, інтэлігентны Барыс здольны забіць дзіця і памерці ад кашмарных прывідаў. “Прачытвалася” іншая трактоўка (паводле некаторых даследчыкаў, больш гістарычна дакладная за пушкінскую, пакладзеную ў аснову оперы): Барыс не вінаваты, яго “падставілі” і потым, хутчэй за ўсё, атруцілі.
Як бы тое ні было, але опера Мусаргскага вартая таго, каб “гадаваць” на ёй усё новыя выканальніцкія і слухацкія пакаленні. Таму хочацца спадзявацца, што цяперашні канцэртны варыянт — далёка не апошні і, вядома, не канчатковы.
І што гэты спектакль абавязкова ўпрыгожыць адноўленую сцэну Вялікага тэатра.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА