Паяднаць клуб і дом рамёстваў?

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

Галіна СУША, метадыст аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Інстытута культуры Беларусі
10 снежня ў Інстытуце культуры Беларусі прайшоў Рэспубліканскі семінар “Традыцыйны беларускі касцюм у прасторы і часе: пытанні рэканструкцыі і стылізацыі”. У семінары прынялі ўдзел спецыялісты па традыцыйнай культуры абласных метадычных цэнтраў, дамоў рамёстваў, клубных устаноў і музеяў.

/i/content/pi/cult/509/10950/6-3.jpgГаворка ішла пра важнейшы кампанент нашай этнічнай культуры, пра адну з самых устойлівых яе з’яў. На парадак дня выносіліся пытанні выяўлення, даследавання, захавання і рэканструкцыі строю, а таксама яго выкарыстання ў сучасных стылізацыях. Не абышлося, натуральна, і без абмеркавання праблем.

Выяўленне нацыянальнага строю — працэс няспынны. У кожным рэгіёне штосьці пастаянна ды знаходзіцца. Здавалася б, Віцебшчына ўшчэнт была вынішчана Вялікай Айчыннай вайной, але менавіта гэтая вобласць — самая актыўная ў адраджэнні традыцыйнага касцюма, які вяртаецца да нас літаральна па кавалачках арнаментаў, ткацтва... На Любаншчыне вядомы ўсім Сяргей Выскварка, які не толькі для свайго гурта “Верабейкі” адшукаў і адрадзіў традыцыйныя строі, але і вярнуў з нябыту шляхецкія касцюмы. Гэта вельмі важна: успрымаць сёння мастацкія ўяўленні продкаў як свае асабістыя…

На семінар прыехалі больш за 60 аднадумцаў з усіх беларускіх рэгіёнаў. Выступалі і прадстаўнікі Акадэміі навук: Марыя Віннікава, Акадэміі мастацтваў: Аляксандр Піскун і Галіна Мяшкова. Гаворка ішла пра выкарыстанне строю, яго элементаў у сённяшнім ужытку. Толькі тады наша традыцыя займее натуральны працяг. “К” шмат пісала пра стварэнне калекцыі лялек у нацыянальных строях, уласцівых па кроі і арнаменце кожнаму з беларускіх рэгіёнаў. Дык вось, на сёння такіх лялек атрымалася б з сотню ці нават болей. Ды толькі вось ідэю гэту наша прамысловасць ніяк не выкарыстае.

Вяла, на мой погляд, вядзецца і даследчая работа. Нашым дамам і цэнтрам рамёстваў няма калі: яны выконваюць абавязковы план па аказанні платных паслуг. Па меркаванні старшыні Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгена Сахуты, такое становішча — недаравальнае, бо паспяхова сумяшчаюць камерцыю з навуковым пошукам адзінкі. Да прыкладу, Лепельскі дом рамёстваў, дзе і майстроў шмат, салон-крама па продажы сувеніраў дзейнічае і выраб строяў пастаўлены ледзь не на паток…

Яшчэ адно балючае пытанне — пытанне аптымізацыі. Раней мы ведалі, што гэты тэрмін абазначае мадыфікацыю сістэмы для павышэння яе эфектыўнасці. У нас жа “аптымізацыя” паспела стаць словам з негатыўным адценнем. І рэальны сінонім яму — рэструктурызацыя. Інакш кажучы — ломка створанай больш за трыццаць гадоў таму структуры. На маёй памяці тады ўзнікалі дамы рамёстваў, дамы фальклору, клубы-бібліятэкі… Цяпер усё скасоўваецца. На Гродзеншчыне я стала сведкай, як з’ядноўваюць клуб з домам рамёстваў, а кіраўніком новай установы становіцца загадчык клуба, спецыяліст па канцэртах і дыскатэках… Структура знікне, бо няма каму займацца арнаментамі ды строямі. Ці ж можна такое рабіць?

Сорамна і за тое, што няма ў нас альбома беларускага традыцыйнага строю. Тут нават не альбом патрэбны, а шматтомны збор. Літоўцы і ўкраінцы, да прыкладу, маюць такія выданні, грунтоўныя, прэзентацыйныя, урэшце — іміджавыя. А мы — не. Нават маляўнічага календара няма. Сям-там спробы былі, але не ставала ім сапраўды навукова ўзважанага падыходу. Добра ў нас працуе ў гэтым навуковым кірунку Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, члены якога за ўласны кошт адпраўляюцца ў экспедыцыі, адшукваюць строі, прапагандуюць іх важкасць у справе станаўлення традыцыі. На семінары ішла гаворка, каб мы ў сучасных стылізацыях не адыходзілі ад рэгіянальнай традыцыі, не выдумлялі веласіпед, даўно прыдуманы нашымі продкамі. Тут далікатнасць патрэбная, а не аляпістасць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"