Беларускае кіно ў персаналіях

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Днямі наша рэдакцыйная бібліятэка папоўнілася яшчэ адным унікальным выданнем — “Беларускае кіно. Персаналіі”. Інфармацыйны даведнік, што напрыканцы мінулага года ўбачыў свет у выдавецтве “Каўчэг”, падрыхтаваны пры падтрымцы і ўдзеле Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, Беларускага саюза кінематаграфістаў і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Кніга з’яўляецца лагічным працягам зборніка артыкулаў “Беларускае кіно ў асобах”, выдадзенага чатыры гады таму.

 /i/content/pi/cult/150/1095/Kino3.jpg
Новы даведнік, аўтарам канцэпцыі, укладальнікам і навуковым рэдактарам якога з’яўляецца доктар мастацтвазнаўства Вольга Нячай, утрымлівае інфармацыю пра сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, кампазітараў, акцёраў, кіназнаўцаў, рэдактараў, арганізатараў вытворчасці (усяго — каля тысячы персаналій) з Беларусі і СССР, якія спрычыніліся да развіцця нашай кінематаграфіі: ігравога, дакументальнага і анімацыйнага кіно. Гэта робіць выданне вельмі каштоўным не толькі для аматараў і практыкаў беларускага кіно — яно незаменнае для прэзентацыйных мэт на самых розных форумах кіно і тэлебачання.

Кніга, прысвечаная 60-годдзю Вялікай Перамогі і 80-годдзю беларускага кіно, мае чатыры раздзелы: “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, “Тэлефільм” Беларускага тэлебачання”, “Беларускі відэацэнтр”, “Беларускае кіназнаўства і кінапрацэс”. Кожны раздзел адкрываецца змястоўнымі артыкуламі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў.

Персаналіі пададзены па алфавіце, з указаннем біяграфічных даных, фільмаграфіі, фестывальных узнагарод. Выданне багата ілюстравана фотапартрэтамі творцаў...

“80-годдзе беларускага кіно наглядна паказала, як многа таленавітых прадстаўнікоў шматлікіх прафесій прыйшлі на розных этапах гісторыі ў беларускае кіно і плённа працавалі ў ім, — піша ў прадмове да кнігі Вольга Нячай. — 60-годдзе Вялікай Перамогі і беларускі кіналетапіс Вялікай Айчыннай актывізавалі нашу духоўную, генную гістарычную памяць....”

Застаецца дадаць, што выданне “Беларускае кіно. Персаналіі” падрыхтавана на грамадскіх пачатках высілкамі практычна ўсягокорпуса беларускіх кіназнаўцаў.

 

Андрэй СТАРЖЫНСКІ