Як спалучыць творчае з гаспадарчым?

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

Чаго не стае сучаснай музычнай школе…
Калі што і змяніў бы ў далёкім мінулым, дык гэта пагадзіўся б з маці і адправіўся б у музычную школу, у клас гітары. Няскораная, па ўласнай бязглуздасці, вяршыня. Дакладней — нявыкарыстаны шанц. І хто вінаваты? Цяпер як ні стараюся саматужна, а за межы “віртуознага” валодання трыма акордамі ніяк не прасунуся. Усяму свой час… Не магу пра гэта не думаць, бо назіраю за маленькім Цёмам і зайздрошчу яму страшэнна. Гітара ці не з хлопцавы рост, але ў ягоных руках паводзіць сябе прыстойна, не коўзаецца, не вырываецца, нават штосьці спрабуе распавесці…

/i/content/pi/cult/509/10948/4-1.jpg

Настаўнік Уладзімір Удовенка і вучань Арцём Паўлючэнка.

/i/content/pi/cult/509/10948/4-2.jpg

Настаўніца Ларыса Пахомава і вучаніца Насця Быркэ.

/i/content/pi/cult/509/10948/4-3.jpg

Нешматлікія жывыя інструменты.

/i/content/pi/cult/509/10948/4-4.jpg

Рукамыйнік — адзіны атрыбут гігіены ў сценах філіяла.

Эліта

У Церахоўскую музычную школу Арцёма Паўлючэнку (першы год навучання) мама прывозіць з вёскі Івакі. І я цяпер цудоўна разумею гэтую жанчыну. У кожным з дзяцінства гучыць музыка, але не кожны здольны скласці з яе сваё будучае ды гарманічнае жыццё. Выхаванцы школ мастацтваў — своеасаблівая эліта.

Ніхто з іх, як сцвярджае агульнарэспубліканская статыстыка, не знаходзіцца на ўліку ў камісіях па справах непаўнагадовых. І наадварот: так званыя цяжкія дзеці, патрапіўшы пад уплыў ДШМ, пачынаюць крытычна ўсведамляць свае паводзіны.

Сведчанняў таму бачыў па Беларусі шмат. На такі вынік працуе, на мой погляд, і тое, што сістэма эстэтычнага выхавання — больш-менш самадастатковая. І заробкі ў ДШМ на сёння хоць і не надта высокія, але ў параўнанні з іншымі ў сферы культуры дазваляюць адчуваць сябе чалавекам; і кадравай праблемы амаль не існуе: колішнія вучні, як правіла, становяцца выкладчыкамі і вяртаюцца ў родныя школьныя сцены…

Мовай фактаў

Цяпер — канкрэтыка. Як мне патлумачылі настаўнікі, філіял Добрушскай ДШМ у Церахоўцы ўзнік нядаўна — з кастрычніка, нават шыльду яшчэ не паспелі памяняць. Прычына ператварэння Церахоўскай музычнай школы ў філіял зразумелая і трывіяльная: імкліва скарацілася колькасць дзяцей. Загадвае ўстановай Аліна Нажэева — колішняя выпускніца Добрушскай школы мастацтваў. Скончыла Церахоўскую музычную школу сённяшні яе педагог Кацярына Таратынава, якая цяпер завочна вучыцца ў адной з ВНУ…

У Церахоўцы сёння навучаюцца ігры на фартэпіяна, баяне, акардэоне, цымбалах, скрыпцы, гітары, домры. У філіяла ёсць музычныя класы ў аграгарадках “Кругавец” і “Насовічы” (працуе тут і мастацкае аддзяленне).

У музычнай школе — дзесяць педагогаў (адзін з іх — у дэкрэтным адпачынку). Мясцовыя — толькі трое, астанія прыязджаюць з Добруша, Гомеля, Касцюкоўкі. Справа для пацярпелай ад чарнобыльскай бяды вобласці звыклая і паўсюдная.

Дзякуй педагогам!

Я прайшоўся па класах. Іх усяго пяць. Бесперапыннасць навучальнага працэсу ратуе рухомы графік працы: калі адзін настаўнік едзе, скажам, у Насовічы, другі, сёння невыязны, “захоплівае” вызваленае на час памяшканне. Так, плошчаў не стае. Мяркуючы па нашых ранейшых знаёмствах з філіяльным жыццём ДШМ рэспублікі, гэтая праблема — адна з галоўных.

Бывае, што філіяльныя класы месцяцца ў агульнаадукацыйных школах ці ў СДК, узведзеных за савецкім часам. Ёсць у гэтым і плюсы, і мінусы. З аднаго боку: служэнне муз не церпіць мітусні (чытай — пабочнага тлуму), з другога: можна не хвалявацца за стан, да прыкладу, даху, за рамонт якога адкажа галаўная ўстанова.

У Церахоўцы — асобны будынак. Маленькі, але асобны. Напоўнены не толькі музыкай, але і цеплынёй дзіцячых душ ды сэрцаў. За гэта мясцовым педагогам — асаблівы дзякуй. У той дзень я пазнаёміўся з цудоўнымі людзьмі: з дзецьмі, што жывуць музыкай, з педагогамі, што жывуць дзецьмі.

Побыт заядае

Мой таварыш па роднай Ветцы не адзін дзясятак гадоў кіруе ДШМ на захадзе рэспублікі. Калі сустракаемся, шмат распавядае пра свае будні (слова “праблемы” ён не ўжывае прынцыпова). Дык вось, спакойнаму працяканню тых будняў замінала колісь адсутнасць ва ўстанове (даруйце) прыбіральні і водаправоду. Усе зручнасці знаходзіліся ў двары. Даўно гэта было… Цяпер усё ёсць. Пайшоў мой сябра ў аддзел, давёў неадкладную патрэбнасць належных сантэхнічных бытавых умоў, а начальнік аддзела пад цяжарам пераканаўчых аргументаў скіраваўся ў райвыканкам. Балазе, грошы знайшліся. Урэшце, на дзяцей іх хіба шкада?! За лета правялі капрамонт гаспадарчай прыбудовы. У выніку першага ў другой тыя зручнасці і з’явіліся. Не вялікай праблемай аказалася і падключэнне да бліжэйшай трубы з вадой.

Я да чаго гэта ўсё? Ды проста пабачыў у калідоры Церахоўскага філіяла рукамыйнік: доказ таго, што тут няма ні водаправоду, ні санвузла. Дарэчы, няма яго і ў ГДК, ад якога да філіяла — рукой дацягнуцца. Да слова, менавіта ў гэтым Доме культуры рэгулярна ладзяцца справаздачныя канцэрты пачынаючых музыкантаў.

Не шукаю вінаватых, проста завастраю ўвагу: у нас і без таго хранічная дзяржаўная нястача дзяцей, тым больш — эстэтычна развітых і мэтанакіраваных у сваіх жаданнях наладжвання гарманічнай будучыні. Колькі б ні каштавала праектна-каштарысная дакументацыя, а выпраўляць становішча трэба неадкладна. У адваротным выпадку слова “праблема” стане ці не вядучым у лексіконе кіраўніка філіяла….

І колькі слоў пра інструменты

Памятаеце, некалькі нумароў “К” таму пад рубрыкай “Што ў вас новага?” дырэктар Індурскай ДШМ (Гродзенскі раён) радаваўся забеспячэнню сельскіх школ музычнымі інструментамі? Маўляў, яно на вёсцы лепшае, чым у горадзе. Радасцю сваёй здзівіў ён многіх. У тым ліку і церахоўскіх музыкантаў-педагогаў. Школе патрэбны цымбалы. Няма бас-гітары (калі трэба, выкарыстоўваецца толькі яе фанаграмнае гучанне). Састарэлыя баяны і акардэоны займаюць ці не стэлаж у кладоўцы. Жывымі засталіся лічаныя інструменты, але ж яны ніяк не прызначаны для конкурсаў і сцэнічных выступленняў, без якіх пра творчы рост казаць вельмі цяжка. Тэхніку выканання на іх не адточыш. Справу крыху ратуе тое, што педагог Уладзімір Удовенка сёе-тое можа адрамантаваць. Але гэта, пагадзіцеся, меры часовыя і нелёсавызначальныя.

Замест аптымістычнага заканчэння

Так, вельмі хочацца, каб яно, заканчэнне, было менавіта такім, жыццесцвярджальным. Паўтаруся, ДМШ ці ДШМ — сістэма самадастатковая. І ў плане творчым да педагогаў Церахоўскага філіяла — аніякіх прэтэнзій. Усе яны — спецыялісты высокага кшталту. І пра іх плённае супрацоўніцтва з работнікамі гарпасялковага ДК пісаць можна бясконца, як, зрэшты, і пра настаўніцкі квартэт, створаны па ініцыятыве настаўніка па класе скрыпкі Таццяны Краўцовай. Вучні ў філіяле — таксама не з апошніх: і ў конкурсах перамагаюць, і далей па творчай спецыяльнасці ідуць вучыцца. Усё гэта — першасны, творчы бок справы. Вось калі б яшчэ творцы і рашучымі гаспадарнікамі навучыліся быць… Тады, напэўна, і гармоніі ў свеце паболела б.
Прынамсі, бытавы бок справы ў вобласці, якая сур’ёзна пацярпела ад чарнобыльскай бяды, таксама не другасны. Ці я не маю рацыі?

Фота аўтара

Мінск — Церахоўка – Добрушскага раёна — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"