У экспазіцыі — кінатэхніка і кіналюдзі

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

На мінулым тыдні ў Віцебску на базе УП “Кінавідэапракат” Віцебскага аблвыканкама адкрыўся Музей кіно. Чаму акурат тут і аккурат цяпер? Адказы — у расповедзе дырэктара “Віцебскага кінавідэапракату” Алены МАТУС.

 /i/content/pi/cult/150/1094/Kino2.jpg
— Музей кіно, як ахрысцілі зробленае намі журналісты,— гэта, магчыма, трохі загучна. Для таго, каб стаць сапраўдным музеем, мы яшчэ не маем ні плошчаў, ні адпаведных магчымасцей. Пакуль што больш слушна гаварыць пра музейную экспазіцыю, аснову якой мы заклалі і прэзентавалі 15 лютага.

Адкрыццё экспазіцыі было прымеркавана акурат да 110-ай гадавіны першага кінасеансу ў Віцебску, а магчыма, і на ўсёй тэрыторыі сённяшняй Беларусі. Прынамсі, звестак пра больш раннія паказы пакуль што няма. У Віцебску ж кіно дэманстраваў сам Фелікс Місігіш — аператар братоў Люм’ераў: яны пасля трыумфальнага поспеху “сінематографа” ў Францыі накіравалі яго пазнаёміць з цудам-навінкай жыхароў Расійскай Імперыі, і, ці то па дарозе ў Адэсу, ці то вяртаючыся з яе, Місігіш спыніўся ў Віцебску і адмыслова для “вышэйшага свету” горада ў тагачасным яхт-клубе, што месціўся на Успенскай горцы, арганізаваў паказ дзвюх 2-хвілінных стужак: “Іспанскі народны танец” і “Французская артылерыя на парадзе”. З тае падзеі і вядзецца “адлік” кінапракатнай дзейнасці на Віцебшчыне.

На пачатку мінулага стагоддзя ў Віцебску дзейнічаў шэраг камерцыйных кінатэатраў: “Адэон”, “Факел”, “Кіна-Арс”, “Ілюзіён”, “Мастацкі” і “Рэкорд”. Апошні стаўся першым “кінааб’ектам” у горадзе, згадка пра які датуецца 1905 годам. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі “Рэкорд” перайменавалі ў “Спартак”, які зусім нядаўна быў рэарганізаваны ў Дом кіно. Ды і месцімся мы на тым самым месцы — будынак Дома кіно з’яўляецца помнікам архітэктуры ХІХ стагоддзя. Натуральна, што наша музейная экспазіцыя “пасялілася” ў гэтых сценах.

Некалі наш кінапракат быў знаны далёка за межамі вобласці, мы абслугоўвалі і Смаленшчыну, і Піншчыну, шмат кінапаказаў ладзілі для салдат, іх сем’яў. Маем шэраг архіўных матэрыялаў, з якіх відаць, якую дзейнасць вялі тады нашы калегі-папярэднікі. Зрэшты, мы не збіраемся на гэтым спыняцца і будзем глыбей вывучаць архівы.

Спрычыніўся Віцебск да станаўлення кінематографа яшчэ і тым, што тут у свой час, у 1932 годзе, быў адкрыты Беларускі дзяржаўны кінатэхнікум — першы ў Савецкім Саюзе. І, нягледзячы на тое, што праіснаваў ён не так доўга, менавіта з яго сцен выйшлі асноўныя спецыялісты, якія і стваралі потым савецкае кіно. Адзін з самых знаных — ураджэнец Віцебска, славуты ў свой час аператар і кінарэжысёр Барыс Волчак, сярод работ якога — “Пышка”, “Ленін у Кастрычніку”, “У імя Радзімы”, “Белы Клык”, “Рускае пытанне” і іншыя...

Перш чым распачаць працу, мы пазнаёміліся з мінскім Музеем беларускага кіно, і магу сказаць, што наша экспазіцыя не будзе яго дубліраваць. У нас — свой накірунак.
 /i/content/pi/cult/150/1094/Kino1.jpg
Найперш на тое, каб пазнаёміць нашых наведвальнікаў менавіта з працэсам кінапаказу. Не сакрэт, што большая частка “звычайных” гледачоў не ўяўляе сабе да канца, як жа канкрэтна адбываецца працэс дэманстрацыі фільма: ведаюць толькі, што недзе ў кабіне кінамеханіка “круцяць” кіно. У нас жа яны змогуць на ўласныя вочы ўбачыць усю гэтую сур’ёзную “махіну” і пераканацца, які гэта няпросты занятак — быць кінамеханікам.

У экспазіцыі маецца адзін з першых савецкіх кінапраектараў — “Украіна” 1968 года выпуску, на якім, дарэчы, можна будзе паглядзець старыя кінафільмы на вузкай плёнцы. Спецыяльна для гэтага ў нашым фільмафондзе адноўлены і адрэстаўраваны фільмы “Чапаеў” і “Браняносец “Пацёмкін”. У сярэдзіне 80-х гадоў Савецкі Саюз закупіў дзве тысячы відэапраекцыёнак, адна з іх — першая ў нашай краіне ўстаноўка для дэманстрацыі відэафільмаў — таксама будзе прадстаўлена ў экспазіцыі. Нашы наведвальнікі змогуць параўнаць усе гэтыя рарытэты з сучасным абсталяваннем для дэманстрацыі фільмаў, наведаўшы апаратную Дома кіно.

Калі першы раздзел экспазіцыі прысвечаны кінапракату, то другі — фільмабазе. Гэты блок “пераабсталяваны” ў міні-сховішча, дзе ўсё прыстасавана для захоўвання кінаплёнкі, якая, як вядома, патрабуе спецыяльнага рэжыму. Тут і фільмастат — спецыяльная шафа для падтрымання рэжыму вільготнасці, і перамотачны стол, на якім правяраецца якасць кінаплёнкі, і, урэшце, самі плёнкі рознага фармату.

А яшчэ для аднаўлення атмасферы першых кінасеансаў у нас ёсць старое піяніна, за якім калісь сядзеў тапёр: зусім такое ж, як у фільме “Чалавек з бульвара Капуцынаў”.

Але наша “разыначка” — не толькі кінатэхніка. Значную ўвагу ў экспазіцыі мы аддаём і тым людзям, якія працавалі ў розны час у “Віцебскім кінапракаце”. У нас слаўныя традыцыі, якімі можна і трэба ганарыцца. Многія з нашых работнікаў аддалі справе кінапракату не адно дзесяцігоддзе — мы шануем іх і не забываем, запрашаючы на ўрачыстыя імпрэзы, якія ладзім у Доме кіно. Дарэчы, у экспазіцыі ёсць фота, зробленае ў свой час на з’ездзе лепшых кінамеханікаў вобласці. У гэтай імпрэзе прынялі ўдзел каля ста чалавек — сапраўды лепшыя. Усяго ж тады у вобласці працавала тысяча кінаўстановак, якія абслугоўвалі, адпаведна, дзве тысячы кінамеханікаў! Можна зразумець, чым з’яўляўся на той час кінапракат. Параўнайма: сёння ў Віцебскай вобласці працуе толькі 178 установак.

Экспануем мы і пераходны Чырвоны Сцяг, які мы ў свой час не раз атрымлівалі за выдатныя дасягненні віцебскіх кінапракатчыкаў.

Я лічу, што віцябчане, у параўнанні з іншымі жыхарамі нашай краіны, маюць нашмат большыя магчымасці далучацца да самых розных культурных дабротаў: узяць адзін толькі “Славянскі базар”, які штогод збірае ў горадзе мноства “зорак” першай велічыні з самых розных сфер культуры і мастацтва. Гэта цудоўна, але ж мы не павінны забывацца і на сваіх людзей, якія ствараюць “культурнае поле” для гараджан штодня.

Дарэчы, сёлета споўніцца дваццаць гадоў яшчэ аднаму нашаму кінатэатру — “Брыганціне”, які ў свой час задумваўся як дзіцячы. З распадам Савецкага Саюза ён доўгі час знаходзіўся ў заняпадзе, быў нікому не патрэбным. Але цяпер там працуюць сапраўдныя энтузіясты сваёй справы: мы адрамантавалі будынак і мяркуем, што з часам ён ператворыцца ў Дзіцячы культурна-забаўляльны комплекс са сваёй кінаканцэртнай залай, з пад’ездамі і адпаведна абсталяванымі месцамі для дзяцей-інвалідаў, з магчымасцю арганізацыі сурдаперакладу фільмаў... Гэта ўсё — нашы планы, якія, мы марым, будуць рэалізаваны. Тым больш, што сёння маем паразуменне і пэўную падтрымку з боку аблвыканкама. Я ўжо не кажу, што наш Прэзідэнт трымае пытанні развіцця кінагаліны на пастаянным асабістым кантролі, і тыя даручэнні, якія мы атрымліваем, проста не даюць нам “шанцаў” на тое, каб спыняцца на месцы.

 

Занатавала Таццяна КОМАНАВА
На здымках: фрагменты музейнай экспазіцыі.