Ідэнтыфікацыя кугіклы

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

З міжрэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі па традыцыйнай культуры
Яна ўжо ў пяты раз прайшла ў расійскім Курску. У рабоце канферэнцыі, што адбылася на пачатку снежня, брала ўдзел больш за 50 чалавек з Белгародскай, Тульскай, Арлоўскай, Калужскай, Курскай абласцей Расіі, а таксама з украінскага Кіраваграда і нашага Магілёва. Арганізатарамі падзеі з’яўляліся Курскі абласны Дом народнай творчасці і Суджанскі тэхнікум мастацтваў, дзе і працавала канферэнцыя.

/i/content/pi/cult/509/10937/14-2.jpg

Керамічныя вырабы, прадстаўленыя пад час канферэнцыі.

Былі разгледжаны пытанні ідэнтыфікацыі, запісу і захавання фальклору, традыцыйных народных промыслаў і рамёстваў і іх актуалізацыя ў сучасным свеце. Суджанскі тэхнікум — апорная база па захаванні і трансляцыі традыцыйнага народнага мастацтва: спеваў, танца, інструментаў, дыванаткацтва, керамікі. Асноўнай тэмай пленарных выступленняў стала праблема пераемнасці. Як, зрэшты, і развіцця культурнага турызму. У тым ліку і для гэтага адраджаюцца музычна-фальклорныя традыцыі Куршчыны. Гучала і тэма вывучэння лакальнай спецыфікі каляндарнай абраднасці ва ўсходнеславянскай традыцыі Арлоўскай вобласці.

Мне пашчасціла прадстаўляць на канферэнцыі Беларусь. Гаварыла ў выступленні пра традыцыйную культуру Магілёўскага Падняпроўя ў сістэме нематэрыяльных каштоўнасцей нашай культуры. Ішла гаворка і аб працэсе падрыхтоўкі дакументаў на прысваенне статусу выяўленай нематэрыяльнай каштоўнасці.

Шмат карысці прынесла праца ў секцыях фальклору, керамікі і дыванаткацтва. На занятках вопытам дзяліліся майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кіраўнікі адпаведных гурткоў, майстры-метадысты дамоў рамёстваў. Іх майстар-класы вельмі спадабаліся. Цікава, што многія выпускнікі тэхнікума паступаюць у Курскі каледж культуры ці музычны каледж, пасля працягваюць навучанне ў ВНУ Курска, Масквы і Санкт-Пецярбурга і зноў вяртаюцца працаваць у родны тэхнікум.

Уразіла дзейнасць выкладчыкаў і вучняў Суджанскага тэхнікума мастацтваў па вывучэнні і адраджэнні рускіх народных драўляных музычных інструментаў: курскага ражка, кугіклаў, лыжак, дудкі, сапілкі, гусляў. Спецыялісты не толькі расказвалі, але і дэманстравалі спосабы ігры на гэтых унікальных інструментах.

Асобная гаворка — пра майстар-клас па вакале. Педагог аддзялення сольных і харавых народных спеваў Суджанскага тэхнікума Святлана Ягорава паказала арыгінальную распеўку, як фарсіраваць гук, працаваць над артыкуляцыяй.

Завяршыў работу канферэнцыі “круглы стол”, які сабраў вакол сябе неабыякавых да традыцыйнай культуры людзей. Можна было нязмушана выказаць уражанні ад убачанага і пачутага, пакінуць свае пажаданні. Натуральна, ішла гаворка і пра далейшае міжнароднае супрацоўніцтва для працягу выпрацоўкі сучасных падыходаў да нашай дзейнасці. Мы дамовіліся, што беларускія майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прымуць удзел у выстаўках-кірмашах у Курску, Белгарадзе, Арле. А таксама распачалі творчыя стасункі з Тулай і Старым Асколам.

Алена ЦІШКЕВІЧ, вядучы метадыст Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы