Як расказаць пра “сваё”…

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Бацька і дачка Кудрэвічы: лёсы дынастыі мастакоў
З аўтабіяграфіі У.Кудрэвіча: “У 1908 г. у Рызе адкрываецца выстаўка прыбалтыйскіх (і не толькі) мастакоў. У экспазіцыі былі прадстаўлены розныя плыні і стылі. Больш за ўсё мяне прывабілі творы Казіміра Малевіча “Дахі”, “Вуліца”, “Раніца”, напісаныя ў духу імпрэсіянізму: празрыстасць святла, яркасць колеру, лёгкасць ды смеласць мазкоў… З таго часу я стаў захапляцца імпрэсіянізмам і наогул французскім мастацтвам, ачышчаным ад цемры і бруду. Мае духоўныя настаўнікі — Поль Сіньяк, Поль Сезан, Альфрэд Сіслей, Агюст Рэнуар, Клод Манэ, потым Альбер Марке. Праз тры гады ў Гомелі я прымкнуў да групы імпрэсіяністаў на чале з Сяргеем Каўроўскім. Потым праз год упершыню трапіў у Маскву, дзе пазнаёміўся з Траццякоўкай і Музеем заходняга мастацтва. З той пары я стаў імпрэсіяністам у пейзажы і працаваў у гэтым кірунку да канца 1920-х гадоў… У сваіх творах імкнуўся адлюстроўваць сваю любімую радзіму Беларусь і перадаваць настрой таго або іншага моманту ў прыродзе. А палотны “Тракт” і “Беларуская вёска” былі станоўча адзначаны ў часопісе “Искусство” (1925 г., № 5)…”

/i/content/pi/cult/508/10935/15-1.jpg

Раіса Кудрэвіч. "Майскі дожджык".

/i/content/pi/cult/508/10935/15-3.jpg

Раіса Кудрэвіч. Аўтапартрэт.

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 49, 51.)

Уладзімір Мікалаевіч не гаворыць пра тое, як яго ў 1930-я гады шальмавалі за імпрэсіянізм і постімпрэсіянізм (пуантылізм) у карцінах, падобных шэдэўру 1924 года “Раніца вясны”. Гэтую горкую старонку жыцця мастак дыпламатычна хаваў за формулай: “Ва ўсіх маіх работах перыяду 1930 — 41 гадоў адчуваецца вялікі зрух у бок рэалізму. Частыя паездкі ў Маскву далі магчымасць вывучыць нашых вялікіх майстроў-рэалістаў Саўрасава, Васільева, Левітана, Сярова, Рэпіна…” І тут жа не стрымаўся: “…А таксама Каро і Марке”. І ў іншым месцы нататак піша, што галоўным для яго аўтарытэтам у мастацтве ўсё ж заставаўся Поль Сезан.

“Раніца вясны”: бярозавы гай, шапаценне лістоты, дзіўны россып пяшчотных кветак — на першы погляд, нічога асаблівага. Але як усё гэта напісана! Не па-сезанаўску, канешне, можа, бліжэй да Сёра і Сіньяка, калі ўспомніць знакаміты пуантылізм гэтых выдатных французаў. Тым не менш карціна Кудрэвіча напоўнена менавіта беларускім духам, беларускім настроем, дзіўнай прывабнасцю і цеплынёй. Але крытыкі пабачылі “суб’ектывізм”, “стылізацыю”, што ўсё тут “губляецца ў яркіх мігатлівых мазках”, што мастак “захапляецца запушчанымі куточкамі прыроды”. А трошкі пазней: “Творчае спаборніцтва, аб’ектыўная крытыка савецкага гледача, уважлівае вывучэнне твораў перадзвіжнікаў дапамаглі У.Кудрэвічу стаць на шлях рэалістычнага мастацтва. Ён спаліў шмат сваіх пуантылістычных эцюдаў, а палатно “Млын у Крупцах” паклаў на падлогу ў парозе замест палавіка”.

Магу сабе ўявіць, як даводзілася мастаку ламаць галаву і здымаць шапку перад тагачаснымі крытыкамі, каб радыкальна змяніць свой творчы менталітэт у бок апявання экскаватараў на асушцы балот, гідраэлектрастанцый, паглыблення ракі Арэсы, прамысловых барж на Дняпры... Праўда, перад самай вайной і пасля Перамогі ён амаль не звяртаўся да індустрыяльных матываў і поўнасцю перайшоў на натурны лірычны пейзаж настроя.

Зразумела, што на адной творчасці не пражывеш, а трэба ж яшчэ дапамагаць дзвюм дочкам і маленькаму сыну Уладзіміру (будучаму “купалаўцу”, заслужанаму артысту БССР), якому ў 1937-м было ўсяго каля 10 гадкоў. Давялося нейкі час займацца педагагічнай дзейнасцю ў школах ды тэхнікумах і нават выступаць на сцэне ў якасці акцёра, рэжысёра, дэкаратара. Але творца ніколі не забываў галоўнага: маляваць і выстаўляцца, выстаўляцца і маляваць. Разам са сваім сябрам Мікалаем Дучыцам ён штогод рабіў паездкі па Сожы і Дняпры. Мастакі на ўлонні прыроды чакалі ўсходу сонца і сустракалі мяккія сутонні ночы. Тут жа, на беразе, яны і начавалі пад перакуленай лодкай... Сябры пісалі эцюды рачных прастораў у розныя моманты, часта ў час надыходзячай навальніцы. Кудрэвіч асабліва любіў маляваць ваду з высокага берага, перадусім вечарам, калі насоўваўся змрок (напрыклад, “Бераг Дняпра ля Аляксандраўкі”, “Нарач”). Але любімы імпрэсіянізм застаўся далёка ў мінулым. Новы час вымагаў новай мовы — “сацыялістычнай”…

Хаця няма, няма, дый раптам з’явіцца цудоўны пейзаж як водгалас, водгулле былога. Я маю на ўвазе дняпроўскі пейзаж 1947 года “Глыбокія прыцемкі”: у цёмных зеленавата-сініх тонах раскінулася рака. Яе працяг ахінуты змрокам; бераг — у глыбокіх прыцемках; агні жывапісных лодак, адбітыя ў вадзе, нагадваюць па настроі карціны Клода Манэ... Дый палотны “Туманная раніца. Свіслач”, “Над ракой Свіслач”, “Світанне”, “Туман” — з таго ж шэрагу.

З аўтабіяграфіі У.Кудрэвіча: “Вялікая Айчынная вайна прымусіла мяне пакінуць родную зямлю і кінуць усё тое, што назбіралася за 40 гадоў маёй творчай дзейнасці. Знікла 2 800 пейзажных карцін і эцюдаў, а таксама — два ўрадавыя заказы: “Родны Днепр” і “Меліярацыя БССР”. Я апынуўся ў самай глухой вёсцы Мартынаўка Чкалаўскай вобласці, а потым у Сарай-Гіры — без матэрыялаў для работы. Давялося абмежавацца дзіцячай вучнёўскай, самай дрэннай, акварэллю, і я, каб не забыць любімую справу, пісаў эцюды далёкага краю і ў работах аднаўляў па памяці сваю любімую Беларусь…”

Вось як апісвае выгляд прадваеннага Кудрэвіча яго сябра, вядомы скульптар Аляксандр Грубэ: “Ільвіная грозная галава з ліхаманкава-бліскучымі вялікімі вачыма, белымі буйнымі зубамі, з усмешкай, жывыя жвавыя жэсты, гаворка, якая льецца ручаём, жартаўнік і дасціпнік, на першы погляд, тыповы беларускі прасцяк — вось Кудрэвіч. Не шукайце ў яго акадэмічных пастаў, эфектаў у словах і дзеяннях — гэтых слабасцей, якімі так часта надзелены людзі надзвычайныя, але занадта ўвераваўшыя ў сваю велічнасць. Гэта натура бясконца шчырая, ясная, наросхрыст — усё шчодра рассыпалася на жыццёвым шляху. Ніякага адрознення ў стаўленні да людзей: аднолькава звяртаецца і да высокіх урадавых чыноўнікаў, і да простага чалавека…”

У гэта верыш, калі разглядваеш фатаграфію мастака 1950-х гадоў альбо жывапісную кампазіцыю Раісы Кудрэвіч “Партрэт бацькі”: мастак адлюстраваны ў майстэрні ля мальберта з пэндзлямі ў руцэ і ў акружэнні палотнаў на сцяне. Карціна напісана дачкой ужо пасля смерці таты, і тая фатаграфія, верагодна, і лягла ў аснову глыбока псіхалагічнага вобраза.

Ну а зараз вернемся да Раісы Уладзіміраўны Кудрэвіч. Дзякуй богу, пры яе жыцці выйшла невялічкая манаграфія аўтарства мастацтвазнаўцы Ларысы Салавей (1974) і альбом (з яе ж тэкстам) пра творчасць А.Гугеля і Р.Кудрэвіч, і таму глыбока ўнікаць у сюжэтыку твораў мастачкі не буду. Тым не менш хачу падкрэсліць галоўнае: усе яе “знакавыя” палотны, незалежна ад часу іх стварэння, сёння могуць упрыгожыць любы буйны мастацкі музей.

Карціна “У родны калгас” — яе першая пасляваенная работа, якую можна лічыць “стартам” у вялікую сюіту карцін, прысвечаных беларускай вёсцы, дзе галоўнымі персанажамі выступае моладзь. Ішоў 1948-ы цяжкі год, і паяўленне на рэспубліканскай і ўсесаюзнай выстаўцы такога палатна, дзе ўсё так проста і праўдзіва, вызвала ў гледачоў і крытыкаў масу захопленых водгукаў.

Вось гераіня, яшчэ не паспеўшая зняць ваенны кажушок, па снежнай вуліцы вяртаецца пасля вайны дамоў. У правай руцэ — палявая сумка, на кіцелі — баявы медаль. Яе твар свеціцца стрыманай радасцю: яе радасна сустракаюць родныя і знаёмыя. Вясковыя хаты, сані з купай сена, ствол бярозы на дварэ, заснежаныя палі на заднім плане і палоска цямнеючага на гарызонце лесу — усе гэтыя дэталі добра дапаўняюць жанравую сцэну. Карціна, сапраўды поўная шчырасці і аптымізму, для таго часу вызывала вельмі пазітыўныя эмоцыі.

Прыкладна праз дзесяць гадоў Раіса Уладзіміраўна піша карціну “Гарманіст ідзе” — з той жа “вясковай” серыі. Летняя месячная ноч. Гукі гармоні парушылі цішыню засынаючага пасля працоўнага дня сяла. Дзяўчаты з ажыўленнем выбеглі на ганак. Таксама сюжэт — прасцей няма куды. Але колькі радасці жыцця, лірычнай усхваляванасці, эмацыйнай напоўненасці! І як удала мастачка выкарыстоўвае кантраст святла і ценю, колеравых плям! На фоне сцяны вясковага дома, якая займае амаль палавіну палатна, — светлыя фігуры дзяўчат. Электрычнае святло з акна і расчыненых дзвярэй успыхвае яркімі блікамі на радасна-ўсхваляваных тварах і паступова рассейваецца, напаўняючы ціхі вечар цёплым лірычным настроем. А ўвесь пейзаж заліты серабрыстым месячным святлом… Колер тут стаў адным з галоўных выяўленчых сродкаў, чаго не было ў ранніх творах мастачкі. Атрыбуты, адлюстраваныя ў карціне, дзякуючы колеру становяцца матэрыяльнымі, як бы рэальна існуючымі. Жывапіс стаў больш шырокі, вольны, мазок — энергічны, лёгкі і смелы.

У “Беларускіх прыпеўках” 1960 года, адной з лепшых твораў Кудрэвіч, яшчэ з большай сілай праявілася ўменне аўтара раскрыць змест палатна ў вобразна-пластычнай форме. Вечарам каля ракі сабралася моладзь: дзяўчаты і гарманіст. Мяккія вечаровыя прыцемкі ахуталі фігуры людзей, дакрануліся да роўнядзі вады, згусціліся ў лістоце дрэў. І ўся палітра напоўнена адценнямі мяккіх блакітных, ліловых, ружовых і фіялетавых тонаў, таму карціна набывае моцную музычную выразнасць.

Праз тры гады з’яўляецца карціна “Першая рэпетыцыя”, якая таксама атрымала вельмі добрыя водгукі. Раіса Уладзіміраўна рассказала, што тэму калісьці падказаў бацька, маючы на ўвазе сваю маладосць. І прыйшоў час, калі мастачка звярнулася да паўзабытай задумы. У перапынку паміж баямі, у сціплай абстаноўцы вясковага клуба сядзяць людзі. На сцэне ідзе першая рэпетыцыя самадзейных артыстаў. Дзве дзяўчынкі-камсамолкі, чырвонаармеец з забінтаванай рукой, хлопчык-падлетак у будзёнаўцы чытаюць п’есу. Асабліва ўдалым атрымаўся галоўны вобраз: кволая дзяўчынка ў матроскім нацельніку, з кароткай стрыжкай пад чырвонай хусткай. Твар яе ад хвалявання стаў бледным, напаўадкрытыя губы вось-вось вымавяць словы, якія так запалі ў душу, вочы шырока адкрыты. Дакладна характарызуюць суровыя абставіны тых гадоў грамадзянскай вайны непрыкметныя на першы погляд дэталі: пацямнелыя бярвёны старой хаты, пераабсталяванай у клуб, свежыя дошкі сцэны, драўляныя лаўкі, сталы, бляшанка з фарбай, кавалак чырвонай тканіны з недапісаным лозунгам…

“Першая рэпетыцыя” з’явілася часткай задумы — цыкла работ аб творчасці савецкай моладзі. Другая карціна, таксама пра самадзейнасць у сельскім клубе, пра радасць і творчае натхненне маладых людзей, называецца “Перад канцэртам”. Гэта ўжо пра сучаснасць. На фоне велізарнага акна, за якім у прыцемках зімовага вечара бачны вясковыя пабудовы, самадзейныя артысткі чакаюць рэпетыцыі. Яны ў прыгожых спадніцах, белых накрухмаленых кофтачках і фартушках з беларускім арнаментам. Натуральнасць моманту падкрэслена свабоднымі позамі дзяўчат і характэрнымі дэталямі сучаснага побыту сяла. Асабліва атрымаўся стрыманы каларыт, у якім пануе белы колер, ажыўляюць яго яркія плямы чырвонага арнаменту ў адзенні, карычневата-зялёныя палосы спадніц. “У гэтай рабоце, — расказвала мастачка, — я не ставіла задачы псіхалагічнага раскрыцця вобразаў. Пластыка, рытм руху, некаторая наўмысная графічнасць у малюнку і збліжэнне белага колеру — усё разам павінна, па маёй задуме, уздзейнічаць на глядача…” Ну што ж, гэта ў яе атрымалась на ўсе сто.

І іншыя творы — “Майскі дожджык”, “Калі цвітуць сады”, “Беларуская антонаўка” ці “Палеская маладзіца” — па-ранейшаму хвалююць гледача свежасцю ды чысцінёй раскаванага юнацтва, не азмрочанага нягодамі вайны, упэўненасцю ў сабе і ў заўтрашнім дні.

А вось карціна “Вясна. 1945 год” — трошкі іншая па настроі, у адрозненне ад мажорнага гучання большасці твораў Кудрэвіч. Яна — пра вайну, дакладней, пра апошнія дні Вялікай Айчыннай. Яна — аб цяжкай маладосці равесніц мастачкі, якім давялося прайсці цяжкімі франтавымі шляхамі і дайсці да Перамогі, захаваўшы сваю прыгажосць і жаноцкасць. Свежа і бударажна пахне адталая зямля. На пагорку — дзве дзяўчыны. Адна — парывістая і радасная, яе фігурка ў белым, што ўкленчыла, — як сімвал чысціні і далікацтва, другая — задумліва-сумная. Вандруючы ў санітарнай машыне па шляхах-дарогах вайны, яны на кароткі час затрымаліся для адпачынку. Стрыманая колеравая гама карціны, своеасаблівая пластыка пакатых узгоркаў на гарызонце і ўвесь пейзаж як частка вялікай зямлі дапамагаюць глыбока асэнсаваць гэтую тэму.

Такой яна была, Раіса Уладзіміраўна Кудрэвіч. Ходкае меркаванне, сфармуляванае Оскарам Уайлдам, што жанчына — гэта дэкаратыўнае поле, ва ўсім бляску абвергнула мастачка. У маладосці яна была прыгожая, і гэтая прыгажосць дапаўнялася вострым аналітычным розумам і халодна-страснай стрыманасцю, памножанай на дабрыню і спакой. Канешне, яна з гадамі змянялася і ў побыце, і ў творчасці, але гэтыя змены не тычыліся галоўнага — моцнага сямейнага карабля і веры ў тое, што яна рабіла за мальбертам. Мужа свайго, Адольфа Гугеля, яна перажыла не нашмат, і апошнія гады яе жыцця былі для яе цяжкімі. “И только одно я знаю верно: надо всякую чашу пить — до дна”, — магла сказаць Раіса Уладзіміраўна словамі Зінаіды Гіпіус. І дакладна: яна мужна выпіла сваю чашу, пакінуўшы нам дзясяткі таленавітых палотнаў пра любоў і дабрыню чалавечую, пра ціхую музыку беларускай прыроды, пра шчымлівыя ўспаміны аб былым…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"