Бравада, пра якую задумваўся неаднойчы

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё
Аднойчы знаёмы патэлефанаваў і папрасіў сустрэцца з паэтам-пачаткоўцам, колішнім зэкам, які рыхтуе сваю першую кнігу вершаў.

/i/content/pi/cult/508/10928/5-2.jpgБез вялікай ахвоты я пагадзіўся, бо ўяўленне мне малявала які-небудзь тыпаж з тэлеканала“Шансон”, дзе такіх аўтараў блатных песень паказваюць нямала.

Але малады мужчына не быў падобны да чалавека з крымінальным мінулым. Акуратна падстрыжаны, у модным, але досыць сціплым гарнітуры, чыста паголены, ён больш нагадваў супрацоўніка нейкай юрыдычнай канторы, і толькі вялізныя, як напарафіненыя, кулакі і невялікая сіняя татуіроўка на безыменным пальцы нагадвалі, што перада мной — не проста звычайны службовец.

Вершы, на дзіва, аказаліся сапраўднымі, без усялякіх прыкмет графаманіі, без слязлівага налёту ўсё таго ж шансону.

Але што больш за ўсё ўразіла — гэта мова госця, больш дакладна — стыль яго гаворкі. Нібыта перада мной быў выкшталцоны інтэлігент, які сышоў са старонак даўніх любімых кніжак. Такой літаратурнай правільнай мовы, з гэткім багаццем лексічных адценняў, я не чуў даўно.

Злавіўшы мой крыху здзіўлены позірк, госць пачаў распавядаць пра сваю адысею. Аказалася, што сеў ён надоўга ў зусім маладым узросце. Прыстрасціўся да кніжак з турэмнай бібліятэкі. Талстой, Чэхаў, Дастаеўскі… Запісаўся ў вячэрнюю школу. І вось аднойчы рашыў, што жыў няправільна, што ёсць вышэйшыя мэты ў жыцці, тады ж ён і хрысціўся.

І, прыбыўшы па этапе на новае месца, загаварыў з суседзямі па лагерным бараку прыблізна так: “Шаноўны, калі ласка, як вам не будзе цяжка, перадайце мне…” З усмешкай прызнаўся, што сустрэта тое было спачатку варожа, маўляў, выпендрываецца ён. І, зірнуўшы на свае кулакі, сарамліва заўважыў: потым усе прывыклі.

“З тых часоў не толькі не ўжываю мацерных слоў, — заявіў госць, — але нават прастамоўнай прыблатнёнай гаворкі”.

Дзе цяпер той нечаканы візіцёр, дакладна не ведаю. Казалі, ён стаў святаром, выдаў некалькі цікавых зборнікаў, напісаў п’есу… Але тая сустрэча часта прыгадваецца мне, калі бываю ў асяроддзі самых розных людзей, якія называюць сябе інтэлігентамі, творчымі асобамі, калі чытаю іх допісы і спрэчкі ў Інтэрнэце.

Асабліва ўражваюць мілыя дамы, якія з нейкай нават узнёслай лёгкасцю ўстаўляюць у лексікон самыя брудныя і агідныя слоўцы, нібы бравіруючы гэтым. Не гідуюцца перасыпаць размовы такім лексічным “багаццем” некаторыя пісьменнікі і журналісты, акцёры і мастакі і нават кіраўнікі, не зважаючы на рэакцыю падначаленых (пра тое не так даўно пісалі). А колькі спрэчак пачалося ў Расіі пры абмеркаванні прапаноў аб забароне выкарыстання мата ў друку і на экране!

Мой ужо вельмі дарослы сын страшна здзівіўся, калі я расказваў пра выпадак з уласнага жыцця. Тады давялося абмацярыць падонка. А здзіўленне ад таго, што ніхто ў маёй сям’і не чуў ад мяне бруднай лаянкі. Між тым, шчыра кажучы, я таксама не анёл, і даводзілася дзе-небудзь і ўвярнуць "салёнае" слоўца, асабліва — пры эмацыянальным стрэсе. Але кожны раз было за гэта сорамна.

Размова ж пра іншае — пра тое, што людзям, якім па родзе іх заняткаў неабходна паказваць прыклад высокай культуры, стала не сорамна быць антыпрыкладам і нават бравіраваць апошнім. А за брыдкім словам недалёка і да брыдкіх думак, брыдкіх учынкаў, да страты высокіх арыенціраў у творчасці і жыцці. Ці і не ў гэтым ёсць часткова адна з прычын тых духоўных страт, тых складаных маральных праблем, сведкамі якіх мы сёння з’яўляемся?..

Ва ўсялякім разе, я пра гэта неаднойчы задумваўся.

Аўтар: Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё