Дубль тры. Пастскрыптум

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Сёлета амаль не ўзнікала пытанняў з нагоды наяўнасці таго або іншага спектакля ў праграме Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Кампанія падабралася моцная, стыльная і разнастайная. Я паспеў паглядзець некалькі работ. Скажу крыху пра іх і пра канцэпцыю.

/i/content/pi/cult/508/10927/5-1.jpg“Фрэкен Жулі”, Магілёў. Рэжысёр стварыў амаль шаманскі і містычны спектакль. Глядзіш і спрабуеш расшыфраваць тыя галаваломкі, якія задаюць ён і акцёрская каманда. Пераказваць не буду, лепш аднойчы паглядзець. Выканаўца галоўнай ролі — Алена Крыванос — нібыта іншапланетнае стварэнне, што спусцілася на зямлю. Тое — у пластыцы, касцюме, прычосцы. Калі скарыстацца ключавой фразай гераіні, атрымліваецца, што тэатральныя рэаліі — планавыя паказчыкі (ненавіджу гэтае словазлучэнне), якія цягнуць тэатры, каб дагадзіць шырокім глядацкім масам. У Магілёве пайшлі на рызыку і паказалі, што тэатр — не толькі “кунізацыя”, але, у першую чаргу, — пляцоўка для эксперыменту.

“Наш гарадок”, Гродна. Злавіў сябе на думцы, што прымерваю на сябе ролю Вядучага: як бы я яе сыграў? Мне здаецца, штосьці ў ёй ёсць, пры вонкавай лёгкасці... нейкі яшчэ план. Цягам усяго спектакля гучыць фрагмент вядомай мінорнай мелодыі. Рэжысёр нібы намякае: галоўнае мае адбыцца ў фінале. Можа, кагосьці і пакінула абыякавым фінальная сцэна, дзе памерлая дзяўчына вяртаецца ў мінулае да сваіх бацькоў, але — не мяне… Пасля прагляду прыгадаў старую сацыяльную рэкламу “Патэлефануйце бацькам!”. Рука мімаволі тузанулася да мабільнага. Толькі наўрад ці гэтае тэлефанаванне дойдзе да мамы, якой ужо няма побач. Дзякуй Генадзю Мушперту за простыя словы: “Людзі не разуумеюць, што такое жыццё, пакуль яны жывыя. У кожнае, кожнае імгненне жыцця. Але, можа быць, калі-небудзь зразумеюць”.

“Дзяды”, Мінск. Літоўскі тэатральны “дэсант”. Напісана пра спектакль шмат, істотнага дадаць няма чаго. Акцёр Раман Падаляка і гэтая паэма — яны нібы чакалі адзін аднаго. І вось шчаслівая сустрэча адбылася. Прыцягальнае, як магніт, выкананне маналогу ў другім акце. У цэлым — зачаравальнае дзеянне. І асабіста я думаў, гэтаму спектаклю нешта дадуць. Не кожны год у антрэпрызным тэатры нараджаецца нешта сур’ёзнае і цікавае. Але... чамусьці не здарылася. Чаму?

“Раскіданае гняздо”, Мінск. Аляксандр Гарцуеў не здраджвае свайму рэжысёрскаму почырку. Асноўны кампанент яго прац — гэта музычны шэраг, які гучыць практычна на працягу ўсяго спектакля, ствараючы і падкрэсліваючы неабходную атмасферу. Таму ягоныя работы глядзіш як кінадрамы з персанажамі, якія нібы сышлі з экрана. Рэжысёр перанёс час дзеі ў нашы дні. І хоць некаторыя словы паходзяць з часу напісання п’есы, уцягваешся ў сітуацыю дзякуючы акцёрам. На паказе ўсе без выключэння майстры сцэны працавалі з такой энергіяй і аддачай, нібы прэм’ера адбылася нядаўна. Напэўна, гэта ўласцівасць Гарцуева — аддаваць энергію выканаўцам. І яшчэ назіранне. Паказ прызначылі на тры гадзіны, а зала была забіта: вось што значыць праца службы адміністратара.

Ну а цяпер — мой асабісты постскрыптум.

У адным тэлесюжэце разанула слых фраза пра тое, што Вялікі, падаецца, тэатр на мінулай прэміі выказаў сваё здзіўленне адсутнасці ўвагі членаў тагачаснай акадэміі да іх спектакля, хаця на яго стварэнне пайшоў амаль мільярд бюджэтных сродкаў. Гэтую крыўду можна зразумець. Але калі не браць пад увагу фінансавае пытанне, дык больш важна тое, што адбываецца на сцэне і як. А бюджэту ў мільярд можа пазайздросціць любы тэатр драмы, асабліва ў рэгіёнах. Асабліва, калі трэба паспрабаваць зляпіць “цукерачку” з інгрэдыентаў зусім не “цукерачных”.

Не зразумела, навошта было ствараць інтрыгу вакол новага выгляду статуэткі прэміі, калі яе выява круцілася ў рэкламным тэлероліку? Калі ўжо “трымаць фасон”, дык да фінішнай прамой.

Як аказалася, адсутнасць альтэрнатыўнага спектакля — самы просты і дакладны спосаб застацца ў гісторыі прэміі. Але калі няма альтэрнатывы — значыць, няма ўмоўнага саперніка і паядынку. Значыць, і намінацыі не павінна быць. Ужо лепш які-небудзь тэатр фінансава 
ўмацаваць.

Гендарнае раўнапраўе ў вызначэнні лепшай акцёрскай работы. Якое раўнапраўе можа быць у (напрыклад) першакласных выканаўцаў Караля Ліра і Васы Жалязновай? Яны хіба заўтра ролямі змогуць памяняцца?

Даўно прыйшла такая думка, што фестывалі спрыяюць развіццю тэатра і імкненню трымаць творчую планку. У гэтым дачыненні пашанцавала калектывам Магілёва і Брэста. І памятаю спачылую “Маладзечанскую сакавіцу”. Гэта была падзея! Бурлеск! Глядзеў практычна ўсе спектаклі і разумеў, што яшчэ трэба ісці і ісці... Але галоўнае слова адносна апошянга фэсту — “спачылая”...

Сёлета амаль не ўзнікала пытанняў з нагоды наяўнасці таго або іншага спектакля ў праграме Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Кампанія падабралася моцная, стыльная і разнастайная. Я паспеў паглядзець некалькі работ. Скажу крыху пра іх і пра канцэпцыю.

Фота Юрыя ІВАНОВА 

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр