Бадай, першы адзіны білет

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Сёлета музей Гомельскага палацава-паркавага ансамбля адзначыў 95-годдзе.

/i/content/pi/cult/508/10921/12-11.jpg— Можна сказаць, што ўсе мерапрыемствы ды праекты, задуманыя і ажыццёўленыя намі, прысвячаліся гэтай даце, дый уся наша праца так ці інакш была звязана з падзеяй, — распавядае генеральны дырэктар установы Аляксандр ГОСЦЕЎ. — Да яе мы падышлі, трапіўшы на Рэспубліканскую дошку гонару пераможцаў спаборніцтваў 2013 года сярод арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы культуры, што зафіксавана ва Указе Прэзідэнта ад 26 чэрвеня 2014-га.

На інтэрнэт-сайце пачалі і працягваем весці летапіс музея, публікуючы факты з яго гісторыі, пра якія да нядаўняга часу мала хто ведаў.

Сур’ёзна папоўнілі свой фонд, набыўшы, напрыклад, мэблю XIX стагоддзя, старадаўнія французскія гадзіннiкi, што, як мяркуецца, маюць самае непасрэднае дачыненне да Палаца, медаль, выпушчаны ў гонар генерала-фельдмаршала Івана Паскевіча, а таксама гравюру з яго выявай. Наведвальнікі ўжо цяпер могуць пабачыць названыя экспанаты, а ў студзені збіраемся зладзіць урачыстую прэзентацыю апошніх. Наогул, у адыходзячым годзе намі быў зроблены акцэнт менавіта на краязнаўства, на пошукі артэфактаў, звязаныя з імёнамі Румянцавых і Паскевічаў. Працуем, як кажуць, на перспектыву.

Мы былі ўдзельнікамі і суарганізатарамі II Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”, які прыняў Гомель, адказваючы за яго культурную праграму. У рамках апошняй нашы выставачныя залы ажыццявілі выстаўку, прысвечанай 95-годдзю музея, а ў Белай гасцёўні палаца прайшла канцэртная праграма.

Пад час форуму нас наведаў дырэктар пецярбургскага Эрмітажа Міхаіл Піятроўскі, з якім мы прагаварылі канцэпцыю агульнага праекта па аднаўленні мастацкай калекцыі Паскевічаў у поўным, наколькі гэта магчыма, аб’ёме і спосабы рэалізацыі задумкі. Сёння адна частка калекцыі знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу, іншая — у нас, і як адзінае цэлае па цяперашні дзень яна не вывучалася: няма адзінага каталога, не праходзілі сумесныя выстаўкі. Да 2017 года, спадзяюся, і каталог такі складзецца, і супольныя паказы здзейснім. А па запрашэнні Піятроўскага нашы прадстаўнікі з задавальненнем з’ездзілі на святкаванні з нагоды 250-годдзя Эрмітажа!

Хочацца адзначыць, можа быць, не такую гучную падзею, але, з эканамічнага, практычнага пункта гледжання, для нас надзвычай важную: мы ўсё ж здолелі дамовіцца з шэрагам іншых устаноў культуры Гомельшчыны і пры падтрымцы ды садзейнічанні ўладных структур і ведамстваў увялі адзіны білет, тым самым пашырыўшы спектр прапанаваных паслуг. Магчыма, мы першыя ў краіне на практыцы рэалізавалі тое, пра што мараць многія нашы калегі. Цяпер кожны, хто набывае такі білет, можа наведаць не толькі Палацава-паркавы ансамбль, але і філіял Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый, і Музей горада Гомеля. А дадаткам да білета служыць каляровая двухбаковая буклет-карта, з якой можна даведацца сякія-такія падрабязнасці пра тыя аб’екты ды славутасці, што знаходзяцца на тэрыторыі ансамбля.

Год у нас выдаўся цікавы і багаты на падзеі. Часам было няпроста, пэўныя цяжкасці дадавалі клопатаў, але нават пераадольвалі мы іх з нейкім асаблівым азартам: ці здолеем, ці паспеем, ці дасягнём таго, што задумвалася першапачаткова? Думаю, усё ў нас атрымалася!..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"