На чыім “балансе” фальклор?

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

“Перепляс” і нашы праблемы: дык ці адметныя беларусы?
На напісанне артыкула натхніў Першы Усерасійскі фестываль-конкурс рускага народнага танца “Перепляс” (праходзіў ён у Маскве ў лістападзе), куды я быў запрошаны ў якасці эксперта незалежнага міжнароднага журы. Па выніках пабачанага ў мяне паўстала шмат пытанняў, якія тычацца нашай — беларускай — народнай мастацкай рэчаіснасці. Спасылаючыся на “Перепляс”, хачу выказаць свой погляд на “ўнутрыбеларускія” праблемы ў галіне традыцыйнай народнай культуры, правесці некаторыя паралелі ў сённяшніх працэсах расійскай і беларускай нацыянальных культур.

/i/content/pi/cult/508/10918/4-17.jpgПару слоў пра “Перепляс”

У форуме рускага танца ўдзельнічалі плясуны розных узростаў, але пераважна навучэнцы пачатковых, сярэдніх, вышэйшых устаноў культуры і мастацтваў. Яны спаборнічалі ў сольным і парным (дуэтным) выканальніцтве, па-майстэрску выяўлялі сябе ў танцавальна-карагодных і кадрыльных формах. Ярка былі прадстаўлены рэгіянальныя музычна-харэаграфічна-адукацыйныя школы — Санкт-Пецярбургская, Маскоўская, Саратаўская, Валагодская, прадэманстраваны традыцыйныя спеўныя і танцавальныя стылі поўдня і поўначы Расіі, Падмаскоўя, Цэнтральнага рэгіёна Расіі...

Таксама фестываль-конкурс “Перепляс” здзівіў мяне высокім узроўнем выканальніцкага майстэрства — спеўнага і танцавальнага, разнастайнасцю рэгіянальнага рэпертуару, самабытнымі натуральнымі народнымі касцюмамі.

Хто апякуецца фэстамі?

…На нацыянальную ідэю ў суседзяў плённа працуюць розныя дзяржаўныя органы ды ўстановы культуры і мастацтваў. Напрыклад, праблемы захавання і развіцця народнай культуры на федэральным узроўні вырашаюць дзяржаўныя Дом народнай творчасці (якому амаль 80 гадоў) і Цэнтр рускага фальклору. Апошні мэтанакіравана, сістэмна і актыўна даследуе нематэрыяльную і матэрыяльную народную культурную спадчыну, па выніках экспедыцый выдае навуковыя даклады, рэгіянальныя зборнікі (адзін з нядаўніх — “Чухламскі фальклор” у 2-х тамах, другі — прысвечаны музычнай і танцавальнай спадчыне), ладзіць міжнародныя кангрэсы фалькларыстаў (з друкаваннем матэрыялаў). Да пералічанага дадам выданне навуковых зборнікаў серый “Традыцыйная культура” (навуковы альманах), “Жывая старына” (часопіс).

Установа не менш увагі надае і фальклорнай практыцы. Добрым прыкладам мае стаць той жа “Перепляс”. Але прывяду яшчэ колькі прыкладаў, якія дапамогуць нам уявіць маштаб культурна-патрыятычнага ўплыву на моладзь Расіі. Так, паралельна з Цэнтрам плённа працуе агульнарасійская грамадская арганізацыя “Расійскі фальклорны Саюз” са сталым форумам “Жывая старына”.

Сярод культурна-асветніцка-адукацыйных фарміраванняў значная роля належыць і Маскоўскаму фальклорна-этнаграфічнаму цэнтру “Дзербянёўка”, адно з падраздзяленняў якога — маладзёжная ініцыятыва “Гуляй, нога!” — рэалізуе праекты, якія скіраваны на захаванне і адраджэнне народнай традыцыйнай культуры, выхаванне дзяцей у любові і павазе да яе. Сваёй дзейнасцю “Гуляй, нога!” ахоплівае не толькі раёны Масквы, але праз выезды і Санкт-Пецярбург, Царскае сяло, Паўлаўскі Пасад, Сергіеў Пасад, Троіцк і іншыя гарады. Там ладзяць адкрытыя вечары, майстар-класы па народных танцах і гульнях, разыгрываюць абрадавыя дзеі.

Пад патранатам другога галаўнога цэнтра народнай культуры — Дома народнай творчасці — у супольнасці з аналагічнымі рэгіянальнымі ўстановамі праводзяцца Усерасійскія фестывалі народнага танца “Уральский перепляс” (Чэлябінск), рускага танца імя Таццяны Усцінавай (Разань), Міжнародны фестываль народнага мастацтва “Садко” (Вялікі Ноўгарад) і шмат іншых.

Дадам для больш яскравай паралелі. Цэлая нізка міжнародных фальклорных, харэаграфічных і фестываляў народнай творчасці праводзяцца пад эгідай UNESCO ў Літве, Латвіі, Эстоніі — і ўсе яны ўкладваюцца ў святочна-абрадавае кола народнага календара; ва Украіне — шырока вядомыя “Палескае лета з фальклорам” (Луцк), “Фальклорны дзівасвет” (Кіеў) ды іншыя. Усё гэта пераказваю для таго, каб засведчыць: з прыведзенага, спадзяюся, заўважна, што традыцыйная народная культура ў пашане дзяржаўных інстытутаў розных краін, ад імя дзяржавы яе апякуюць найперш рэспубліканскія структуры, яна мае падтрымку і ў рэгіёнах.

У рэчышчы прыведзеных прыкладаў і ўзораў з суседніх краін паўстае пытанне: “Чым можам здзівіць свет мы?”...

Каму ж дбаць?

У галіне народнай культуры ў нашай краіне робіцца шмат. Газета “Культура” штотыдзень апавядае пра цікавую мастацкую практыку менавіта на месцах. На старонках “К” пэўным досведам захавання і развіцця народнай культуры ў сваіх рэгіёнах перыядычна абменьваюцца паміж сабой і рэгіянальныя каардынатары кірунку — дырэктары арганізацыйна-метадычных цэнтраў. Некаторыя з іх добрым словам неаднаразова адзначалі нацыянальны фестываль “Берагіня”, што не толькі прыемна мне як аўтару праекта, але і дае надзею на падтрымку фэсту "знізу"...

А што ж робіцца на рэспубліканскіх прыступках у сферы нематэрыяльнай культуры? Чым мы адметныя? І ці адметныя? Калі браць міжнародныя фальклорныя фестывалі, то першы (і апошні) Міжнародны фестываль фальклору на Беларусі прайшоў у 1994 годзе. Мо ёсць шмат рэспубліканскіх сінкрэтычных ці, прынамсі, жанравых фальклорных фестываляў? Дык не! Акрамя Фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” (сістэмнага, шматузроўневага, комплекснага) ды праектаў у яго рамках, якія скіраваны на дзяцей і аўтэнтычную спадчыну беларусаў, прыпомніць, на жаль, няма чаго. Ды і “Берагіня”, па вялікім рахунку, асабліва апошнія фестывалі, на “высокіх рэспубліканскіх прыступках”, як вызначыў час, была не патрэбная (хоць і стаяла ў плане Міністэрства культуры). Здаецца, што і наступны фестываль (заключныя мерапрыемствы прыпадуць на 2016 год) мае перадумовы быць не ў пашане. Сёння на месцах усё яшчэ чакаюць Рэзалюцыю “круглага стала” ды Канцэпцыю дзявятага па ліку фестывалю на 2014 — 2016 гады (прынятыя пад час сёлетняй “Берагіні” ў чэрвені). Дакументы маглі б скласці аснову ў планаванні працы ў рэгіёнах на наступныя гады. Атрымліваецца, ліст, падрыхтаваны Міністэрствам культуры на падставе тых жа дакументаў, да абласцей ці не дайшоў, ці апошнія проста не звярнулі на яго ўвагу.

І ўсё ж такі, хто на рэспубліканскім узроўні (Міністэрства культуры, Інcтытут культуры Беларусі ці Цэнтр беларускай культуры ды Дом народнай творчасці, якіх, праўда, пакуль няма) будзе дбаць (курыраваць, каардынаваць, арганізоўваць, аналізаваць, прапаноўваць, кантраляваць…) пра традыцыйную культуру беларусаў, яе жыццядзейнасць, трансляцыю і, такім чынам, працягласць быцця гэтай унікальнай, асабліва ў славянскім свеце, з’явы?

Чаму так?

Сярод прычын ёсць дастаткова ўстойлівыя, і пра іх неаднойчы апавядала грамадству газета. Пра некаторыя ёсць патрэба прыгадаць зноў. Пасля ліквідацыі Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры быў створаны Інстытут культуры Беларусі. Але гэтая ўстанова з шэрагу прычын не магла і не можа выконваць функцыі сапраўднага рэспубліканскага Цэнтра беларускай культуры (а быў жа некалі Рэспубліканскі Дом народнай творчасці, што меў адпаведную кампетэнцыю). З-за гэтага адсутнічаюць вертыкальныя і гарызантальныя сувязі з абласцямі і раёнамі па акрэсленым кірунку (як гэта было ў папярэдняй установе), а значыць — не каардынуецца праца ў галіне традыцыйнага і аматарскага мастацтва краіны ў цэлым. Ідэалагічны пралік? Парадокс? Пытанні, пытанні, пытанні...

Як падтрымаць?

У дзяржпраграму “Культура Беларусі” на новы перыяд лічу мэтазгодным уключыць наступныя рэспубліканскія фестывальныя праекты (у рамках “Берагіні”). “Пераемнікі”, турнір салістаў-выканаўцаў твораў народнай спадчыны (Міншчына, люты 2016, 2018, 2020 гадоў). “З рога — усяго многа”, турнір пар — выканаўцаў беларускіх народных танцаў (Брэстчына, лістапад 2017, 2019). “Несцерка”, конкурс апавядальнікаў народнай прозы (Гродзеншчына, сакавік 2016, 2018, 2020). “Карагод”, свята аўтэнтычнага фальклору (Віцебшчына, 2016, 2017, 2019). “Кадрыля”, конкурс фальклорных танцавальных калектываў (Віцебшчына, 2016, 2018, 2020). “Лявоніха”, конкурс маладзёжных фальклорных груп (Магілёўшчына, 2017, 2019). “Страла”, свята карагоднай традыцыі (Гомельшчына, май — чэрвень, штогод у 2016 — 2020). “Мяцеліца”, конкурс маладзёвых і “тым, каму за 50” пар — выканаўцаў беларускіх народных танцаў (Мінск, студзень, штогод у 2016 — 2020). “Дуда”, конкурс ансамбляў народнай музыкі навучальных устаноў культуры і мастацтваў (вандроўны, чэрвень: Акцябрскі Гомельскай вобласці — 2016 год, Брэстчына — 2017, Віцебшчына — 2018, Гродзеншчына — 2019, Міншчына — 2020). “Батлейка”, конкурс фальклорных тэатральных груп (Гродзеншчына, студзень, 2017, 2019). Да пераліку дадам і звыклыя падзеі: “Традыцыйная культура і дзеці. Праблемы этнавыхавання”, рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя з удзелам дзяцей, моладзі, работнікаў культуры і адукацыі, навукоўцаў (Мінская вобласць, красавік 2016, 2017, 2019), а таксама фінал “Берагіні” ў Акцябрскім у чэрвені 2016, 2018, 2020 гадоў з улікам прэзентацыі фэсту ў Мінску і абласцях (кастрычнік — снежань).

Але, паўтаруся, гэтыя ці іншыя рэспубліканскія праекты павінны курыраваць і каардынаваць у рэгіёнах і Міністэрства культуры (калі не аддзел традыцыйнай культуры, дык асобны спецыяліст), і Рэспубліканскі цэнтр беларускай культуры (можа называцца ён, урэшце, па-рознаму).

Даныя прапановы маглі б увайсці і ў нацыянальную праграму “Традыцыйная культура і моладзь Беларусі”, пра якую ўжо шмат часу вядзецца гаворка і на навукова-практычных канферэнцыях, і ў Міністэрстве культуры, і ў СМІ. Па гэтым пытанні ў 2012 годзе было нават прынята рашэнне калегіі Мінкультуры. Аднак справа не зрушылася. А для турыстаў жа праекты маглі б скласці “залатое кольца” фальклорных фестываляў Беларусі...

“А-ля народны хор”, або Пра падрыхтоўку

Ізноў звяртаюся па досвед да “Переплясу”. Высокі ўзровень мерапрыемства характарызуецца ў першую чаргу наяўнасцю свядомых, патрыятычных, высокапрафесійных кадраў у фальклорных калектывах. У Расіі іх рыхтуюць шмат дзесяцігоддзяў. Напрыклад, толькі ў Маскве тым займаюцца: кансерваторыя, Гнесінка, Маскоўскі ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Акадэмія славянскіх культур. Але ёсць яшчэ і іншыя рэгіянальныя аналагічныя цэнтры культуры і мастацтваў.

Калі ж параўнаць нашу сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў, дык тут ёсць над чым паразважаць. Напрыклад, толькі ў трынаццаці ДМШ рэспублікі адкрыта фальклорная спецыялізацыя. Сярэдняе звяно (каледжы) ужо шмат гадоў выпадае са сферы традыцыйнай народна-песеннай творчасці. Застаецца толькі кафедра этналоіі і фальклору Універсітэту культуры і мастацтваў з мізэрнай колькасцю студэнтаў. Як бачым, казаць пра бесперапынную падрыхтоўку кадраў у Беларусі не даводзіцца. Таму я разумею кіраўнікоў абласных і раённых інстытуцый культуры, якія штогод адзначаюць недахоп кадраў па фальклоры як для метадычных служб, так і для калектываў ды навучальных устаноў.

Упэўнены, трэба пераарыентаваць падрыхтоўку кадраў на аддзяленнях народна-песеннай творчасці ўсіх узроўняў навучальных устаноў у кірунку авалодвання народнымі спеўнымі і танцавальнымі традыцыямі сваёй Бацькаўшчыны, а не рыхтаваць кадры “ўсярэдненага тыпу” з арыентацыяй на “а-ля народны хор”. Прычым на кожным курсе мае быць фальклорны гурт (мо і не адзін). Такія, лічу, маюць быць і ў Акадэміі музыкі, як гэта пашырана ў кансерваторыях суседніх дзяржаў.

Пра станоўчае і старыя праблемы

Радуе тое, што акрамя кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ, дзе “народны танец” з’яўляецца профільнай дысціплінай, да гэтага віду мастацтва далучыліся сёлета і студэнты факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый, якія не толькі засвоілі “абавязковы фальклорны танцавальны рэпертуар”, але кожны з 29 чалавек прадставіў на залік танец малой радзімы. Буду спадзявацца, што пачынанне, ініцыятарам якога выступіў дэкан Мікалай Яцэвіч, падхопяць і іншыя факультэты ды кафедры, а таксама навучальныя ўстановы культуры і мастацтваў усіх узроўняў. Мяркую, факультатыўныя заняткі (“дысціпліна па выбары”) можна было б ладзіць і па навучанні ігры на народных музычных інструментах на розных кафедрах, асабліва — з песенным і танцавальным ухілам.

Урэшце, увесь праект “Берагіня” (скіраваны на традыцыйную культуру малой радзімы) прадугледжвае жывое суправаджэнне танцавальных і танцавальна-песенных праграм, абрадавых дзей, удзел у музычных праектах інструментальных ансамбляў, у тым ліку — традыцыйнага складу (сярод іх інструментаў: дуда, цымбалы, ліра — калёсная ды смычковая, дудкі, акарыны, цытра, басэтля, гармонікі…). Гэтыя ж ды іншыя інструменты патрэбны ўстановам культуры, дзіцячым музычным школам і школам мастацтваў, самаарганізаваным ансамблям, капэлам. У пошуках знаходзіцца таксама моладзь і жыхары сярэдняга пакалення (для хатняга музіцыравання). І тут застаецца хіба з жалем чарговы раз паўтарыць: “Пытанне застаецца нявырашаным, дый ці будзе калі вырашана?..” Дадамо ў праблемны спіс рэпертуарна-метадычнае забеспячэнне вучэбнага працэсу (нотныя зборнікі аўтэнтычнай музыкі, дапаможнікі па аўтэнтычным народным танцы, дыскі з відэа- і аўдыязапісамі сольных выканаўцаў, інструментальных капэл, фальклорных гуртоў… Усё гэта таксама чакае ажыццяўлення.

…Мае развагі, прапановы, напаміны можна не браць (як адбывалася і раней, на жаль) пад увагу, але, звяртаючыся да народнай мудрасці, трэба ўсведамляць: “Што пасееш, тое і пажнеш!”...

Мікола КОЗЕНКА, этнахарэограф, навуковы і мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва "Берагіня"