“Не дайце нам закіснуць!”

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Калі план вялікі, а спонсараў няма…
На сённяшнім маршруце — Чачэршчына ды Веткаўшчына, не самыя, трэба сказаць, заможныя раёны Гомельшчыны. Матэрыяльная база ўстаноў культуры, за рэдкім выключэннем, — не надта добрая, але дагледжаная. Прыемна ўразіла і тое, што клубы ды бібліятэкі працуюць тут у строгай адпаведнасці з графікам. Інакш кажучы, у рабочы час культасветнікі — на сваіх непасрэдных месцах. Так што дысцыпліна — узорная. Аднак калі б толькі яна вызначала эфектыўнасць дзейнасці вясковай культуры... Менавіта пра гэтыя фактары і пойдзе сёння гаворка.

/i/content/pi/cult/508/10910/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/508/10910/10-3.jpg

Ратуша ў Чачэрску, дзе размешчаны музей.

/i/content/pi/cult/508/10910/10-4.jpg

Кіраўнік "Стаўбунскіх вячорак" Святлана Парашчанка і дырэктар Стаўбунскага СДК Віктар Грышэчкін.

Гісторыя зніклых вёсак

Вось яна — Чачэршчына. А першы прыпынак — вёска Роўкавічы аднайменнага сельсавета. Цэнтральны сельскі дом культуры, бачна па ўсім, узведзены яшчэ за савецкім часам. Але выглядае даволі прыстойна.

На лесвічнай пляцоўцы другога паверха, перад уваходам у бібліятэку, — крэсла і столік з падборкай самых разнастайных кніг. Бібліятэкар Вольга Фаміна тлумачыць: “Гэта для нецярплівых чытачоў, калі бібліятэка, скажам, яшчэ на абедзенным перапынку”. Слушна, зручна, утульна і з вялікай дабрынёй да чытача. Такіх “дробязей” нашым установам бракуе хранічна.

А мы пасля ўбачанага і пачутага ўжо і вушы з вачыма натапырылі. У добрай гаспадыні, як правіла, адной цікавосткай не абыходзіцца. І прадчуванне не падманвае: у бібліятэцы сабрана гісторыя вёсак, зніклых у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. А дырэктар ЦСДК Ірына Сафонава дадае, што ў зоне іх абслугоўвання былі калісьці вёскі Крутое, Халочча, Сябровічы… Няма цяпер іх: усё насельніцтва выселілі. Без людзей хата лічаныя гады пратрымаецца, а тут больш за два дзясяткі прайшло. Калі казаць пра сельсаветаўскія маштабы, дык з карты знікла 34 паселішчы. І ў кожнага былі свая адметная мова, свае абрады ды святы… Так, збольшага ўсё знікла. Але сёе-тое засталося як памятка ў бібліятэцы.

Каб працавала душа…

І гэта — не проста краязнаўства, а Памяць. На тое ж працуе і Куток даўніны, дзе сабраны рэчы з тых хат, ад якіх і падмуркаў ужо не засталося. Гэта звычайныя пажыткі: гадзіннік, лямпавы радыёпрыёмнік, капілка… Звычайныя толькі на першы погляд. У бібліятэцы створана нейкая ўрачыстая атмасфера павагі да людзей, якія жылі на забруджаных тэрыторыях. І кожны экспанат Кутка нібы ўсё яшчэ ўтрымлівае цеплыню рук гаспадароў…

Хтосьці запытаецца: даражэнькія, а якое дачыненне ўсё гэта мае да кнігі і чытання? Ды самае непасрэднае! Проста сапраўдная кніга пра бяду адселеных людзей пакуль так і не напісана. А ўсвядомленае чытанне — заўжды рух душы. І вось гэты рух у гаспадарцы Вольгі Фаміной адчуваецца вельмі прадметна. Нездарма менавіта бібліятэка выступае каардынацыйным штабам па перыядычным зборы аднавяскоўцаў, якіх раскідала па свеце.

…І тут у нас вось якая думка ўзнікла. Перасяленцы ў якіх толькі кутках Беларусі ні прыжыліся. І кожны прывёз з сабой частку спадчынных культурных традыцый і стараецца іх прарасціць на новай глебе. Хто будзе адсочваць, каб сінтэз такі заставаўся арганічным? Каб не было эклектыкі ў спробах аб’яднанага арнаменту, песні, танца? Напэўна, функцыю, так бы мовіць, арбітра і практычнага дарадцы павінны далікатна выконваць тут мясцовыя дамы рамёстваў. Чым не падстава для перспектыўнай, менавіта даследчай, навуковай дзейнасці? Цікава, а як думаеце вы — нашы неабыякавыя чытачы?..

Дапамог, але…

У Доме культуры нам спадабалася ўсё тая ж утульнасць. Вялікія глядзельная і танцавальная залы. У асобным памяшканні дзейнічае Клуб більярдзістаў — даволі рэдкая яшчэ з’ява. Але стол, кій ды шары — старэнькія. ...Музычная і гукаўзмацняльная апаратура — просценькая. (Для сельскіх клубных устаноў Гомельшчыны, наколькі ведаем, гэта — ці не адна з галоўных і даўно не вырашаных праблем.)

Як кажа Ірына Сафонава, вельмі дапамагла клубу дзяржаўная акцыя “Чарнобыльскі шлях”. Дзякуючы ёй з’явіўся ноўтбук. Перакрылі таксама дах будынка, а кацельня стала цэнтралізванай. Але… Па словах дырэктара ЦСДК, у месяц установе трэба зарабляць больш чым па мільёне пазабюджэтных рублёў. Між тым акампаніятара няма, мастацкага кіраўніка — таксама. У штаце — дырэктар ды тэхнічка. Ды плюс апаратура — старая. Значыць, якасць мерапрыемстваў хранічна пакідае жадаць лепшага. Як выглядае сапраўдны спонсар, у Роўкавічах таксама не ведаюць. Сітуацыя блізкая многім нашым чытачам. Ці не так? І тут, як нам падаецца, толькі два выйсці: змірыцца са становішчам ці здзівіць кіраўніцтва (спонсараў) асабістым крэатывам. Трэцяга проста не дадзена.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Праязджаючы паўз населеныя пункты Буда-Кашалёўскага і Чачэрскага раёнаў, запрыкмеціў прыемную тэндэнцыю: каля аграгарадкоў з’явіліся інфармацыйныя шчыты з указаннем гістарычных і сучасных звестак, колькасці ўстаноў культуры, музычных калектываў і народных майстроў. Адно хацелася б: каб тыя шчыты былі аформлены на роднай мове…

Што рабіць з плошчамі?

Раней Чачэрск запамінаўся транзітным мінакам на колах пасажырскім самалётам, усталяваным у цэнтры горада. Потым да гэтай цікавосткі дадалася яшчэ адна — рэканструяваная ратуша адметнай архітэктуры. Цяпер аўтатурысты з ахвотай спыняюцца ў гэтым гістарычным месцы. Вабіць не толькі вонкавы выгляд збудавання, але яшчэ і тое, што месціцца тут музей. Спыніліся і мы. І якраз заспелі супрацоўнікаў музея за падрыхтоўкай навагодняй выстаўкі. Навуковы супрацоўнік музея Людміла Філюшкіна, занятая папяровымі справамі, прапанавала азнаёміцца з музейнымі выстаўкамі, а пасля змястоўна пагутарыць. Так і зрабілі. Прастора пакінула супярэчлівыя ўражанні: з аднаго боку — дзейнічаюць цікавыя выставачныя праекты, у тым ліку прыватныя. Адзін з іх — праект пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага ў партрэтах. Маюцца і пастаянныя экспазіцыі, прысвечаныя археалагічным помнікам на тэрыторыі раёна, вёскам, пацярпелым ад радыяцыйнага забруджвання. З іншага боку — адчуванне адсутнасці комплекснай музейнай канцэпцыі, якая б дапамагла аб’яднаць залы з розным тэматычным напаўненнем, як гэта было зроблена ў ашмянскім музеі. Падумалася, што недахоп плошчаў — хранічная праблема большасці нашых музеяў, і раённых, і рэспубліканскіх. Але чачэрскай установе такі прыкры недахоп не пагражае. Прынамсі, пакуль. А магчымасці ж ёсць велізарныя. Адну толькі аглядавую пляцоўку на вежы ратушы можна выкарыстоўваць у інтэрактыўнай працы. З такімі думкамі вярнуліся да Людмілы Філюшкінай, якая падзялілася планамі ўстановы.

У першую чаргу плануецца пашырыць супрацоўніцтва з гурткамі народных рамёстваў раёна па продажы сувеніраў у музеі. Маюцца і новыя задумкі адносна выставачнай дзейнасці. Так, на 2017 год запланавана стварэнне экспазіцыйнай залы “Сучасная гісторыя”.

Неўзабаве з’явіцца і новы турыстычны маршрут, які ўключыць стаянку першабытнага чалавека ў вёсцы Бердыш, графскі маёнтак Чарнышовых-Круглікавых, вінакурню, маляўнічы парк, замкавую гару, Спаса-Праабражэнскую царкву, помнік адселеным вёскам ды іншыя цікавосткі раёна. Музейшчыкі спадзяюцца, што гэта дазволіць зрабіць больш прывабнымі, так бы мовіць, “пазамузейныя” экскурсіі. Пакуль жа іх звычайна замаўляюць удзельнікі семінараў, якія прыязджаюць у Чачэрск з іншых раёнаў краіны. Да слова, па горадзе і раёне атэставаны ды маюць права праводзіць экскурсіі пакуль толькі два музейныя супрацоўнікі.

У планах чачэрскага музея — і абменныя выстаўкі з Веткай і Гомелем. А вось з Расіяй нават спрабаваць не плануюць — вельмі шмат клопатаў. З усходняй суседкай адбываецца толькі метадычнае супрацоўніцтва. Дырэктар музея наведала сёлета Валакалам, дзе пераймала досвед расійскіх калег і дамовілася пра абмен дакументамі, звязанымі з родам Чарнышовых. Маюцца прапановы па супрацоўніцтве з Калінінградам, прадстаўнікі якога былі на “Музейным форуме”.

А што ж рабіць з інтэрактывам? Адказу на гэтае пытанне мы так і не атрымалі. Больш за тое, нават стварэнне інфакіёскаў у музеі не плануецца. На парадку дня — усталяваць хаця б тэрмінал, каб турысты маглі разлічыцца банкаўскімі карткамі…

Кадравы ператрус

Да Веткаўшчыны дабіраліся не праз Гомель, а па чачэрскім напрамку: колькі кіламетраў — сэканомілі. Дарога вілася праз лясы ды палеткі з нешматлікімі спачатку хутарамі і паселішчамі. Але і тут, удалечыні ад райцэнтра з яго знакамітымі колісь разьбярамі па дрэве, аканіцы і ліштвы на вокнах дамоў арнамент разьбы не паўтаралі. Быў ён збольшага геаметрычным і раслінным, але заўжды — вытанчаным, завершаным і адметным. Але не толькі гэтым Веткаўшчына славіцца…

Чарговы прыклад кадравай нішчымніцы нам падаравалі Свяцілавічы. Гэтае сяло — адно з самых вялікіх на Веткаўшчыне. Стаіць на беразе Сожа. Праз рэчку — бярозавы гай. Тут калісьці знайшлі крыніцу з унікальнай па складзе мінеральнай вадой. Пачалі будаваць санаторый. Ён абяцаў стаць ці не самым папулярным у Беларусі. Але чарнобыльская бяда і тут падпсавала перспектывы. Будоўлю завяршылі, але лячэбніца прызначана для ўнутранага, так бы мовіць, карыстання. Ды хопіць лірыкі.

Свяцілавіцкі дом культуры нагадвае палац. Вялікі двухпавярховы будынак дае прытулак і клубнікам, і бібліятэкарам. Знаёмімся з кіраўніцтвам — і пасля пяці хвілін размовы адчуваем, што беларускую мову не вельмі разумеюць. Аказалася, Дзмітрый і Антаніна Асіпенкі — дырэктар СДК і мастацкі кіраўнік, а па сумяшчальніцтве — муж і жонка, ратуючы жыццё сына і дачкі, два месяцы як прыехалі з Данецкай вобласці, з горада Амвросьеўка.

Пакрысе высвятляем, што ні ён, ні яна ніякага дачынення да культуры (тым больш нацыянальнай беларускай) не мелі. Чухаем патыліцу і спрабуем разабрацца ў сітуацыі. Ці змогуць украінцы кіраваць працэсам развіцця нашай традыцыйнай культуры без ведаў і адпаведнай адукацыі? Зразумела, досвед — справа нажыўная. Але ж... Пакідаем пытанні для начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Веткаўскага райвыканкама. Але клубныя дзяўчаты нам распавядаюць, што і начальнік за апошні год змяняўся неаднойчы. Вось такая кадравая ліхаманка.

А ў мясцовай бібліятэцы такой праблемы няма. Бібліятэкар Вольга Гатальская працуе ўжо дзесяць гадоў. Дасведчанасць яе адчуваецца ва ўсім. Да абеда тут пабывала ўжо восем чытачоў. А на сустрэчу з мясцовымі аматарамі кніг прыязджаюць пісьменнікі з Мінска. Апошнім разам бібліятэка сустракала Леаніда Дранько-Майсюка, Эдуарда Акуліна і Барыса Пятровіча. Якая з сельскіх бібліятэк можа пахваліцца такой прадстаўнічасцю? Вось і мы пра тое ж. Кадры, неаспрэчна, вырашаюць усё. Ды толькі дзе іх браць?

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Паслугамі гасцініцы ў роднай Ветцы пакарыстаўся ўпершыню: не засталося тут больш родзічаў… Гасцініца мае цудоўную назву “Залатое кольца” (празрысты намёк на тое, што Ветка і яе знакаміты музей уваходзяць у Залатое турыстычнае кольца Гомельшчыны) і рэкламу ў Сеціве. Парадаваўся: пашыкую. Але насамрэч чакала неспадзяванка. Тэлевізар у двухпакаёвым нумары не працаваў і, як ні старалася адміністратар, працаваць так і не пажадаў. Батарэі ў пакоях, нягледзячы на мароз, былі ледзь цёплыя. У халадзільніку хтосьці пакінуў (!) "вафельны" ручнік. У ваннай была зламана металічная аплётка шланга для душа, палівалка трымалася на адной гумцы… Засынаючы, хаваў нос ад марозу, згадваў спякотны гасцінны жлобінскі гатэль і верш Генадзя Шпалікава “Никогда не возвращайтесь в прежние места”…

Вячоркі з “Вячоркамі”

Рушым на Стаўбун. У прыцемках адразу знаходзім клуб. Вокны новага будынка свецяцца весела ды ўтульна. Менавіта тут знаходзім пацвярджэнне вышэйпрыведзенаму выслоўю пра кадры. У Стаўбунскім СДК, па-першае, працуе знаёмая “К” Святлана Парашчанка — кіраўнік вядомага народнага гурта “Стаўбунскія вячоркі”, якая прымала ўдзел у адным з нашых рэдакцыйных “круглых сталоў”; па-другое, знаёмімся з дырэктарам установы Віктарам Грышэчкіным. Абодва нібы створаны для працы ў сферы рэгіянальнай культуры. На іх, варта нагадаць, і трымаецца многае: не толькі будзённая дзейнасць клуба, але і паспяховае існаванне такой брэндавай для Беларусі з’явы, як “Пахаванне стралы”. Не думаем, што хтосьці не ведае пра гэты адроджаны абрад, правядзенне якога збірае сотні гледачоў-удзельнікаў, у тым ліку і з замежжа.

У размове са Святланай Парашчанка і прагучала фраза, вынесеная ў загаловак дадзенага артыкула. І гэта, падаецца, вельмі важны момант: “Стаўбунскія вячоркі”, для якіх замежныя гастролі перасталі быць рэдкасцю, баяцца закіснуць. Іншыя сядзелі б цішком, атрымліваючы дывідэнды ад слаўнага канцэртнага мінулага. Але не з таго цеста гэтыя кабеты. Ну не могуць жыць без яркіх праектаў! А вось тут і загваздка. “Пахаванне стралы”, дзе заняты ці не ўсе ўдзельніцы гурта, — праект (калі так можна назваць старадаўні абрад) доўгатэрміновы. Аднак, калі асоба ці калектыў збіраецца развівацца, адным праектам не абыдзешся. Патрэбны крэатыў. Хто стане аўтарам? У замежжы, як вядома, гэтым займаюцца спецыяльна навучаныя людзі. У нас быць чараўніком не вучаць, у нас ім становяцца самі. І ў большасці выпадкаў — самавукамі. Там і вынік не надта ўражвае. Але ж кіраўнік СДК — завочнік. Можа, яго вучаць у ВНУ творчаму праектаванню?

Малады ды нежанаты

Пра Віктара Грышэчкіна — свая гісторыя. Раней СДК кіраваў яго бацька — Міхаіл Віктаравіч, які на сёння — старшыня мясцовага сельсавета. Віктар працягвае традыцыю. Не ўсё атрымліваецца адразу, але, галоўнае, ёсць жаданне працаваць з вынікам. Так — ён студэнт-завочнік. Але высветлілі, што вучыцца ў Гомельскім… політэхнічным універсітэце. Чаму менавіта такі, інжынерны выбар? Усё проста. Атрымлівае кіраўнік крыху болей за два мільёны ў месяц. А калі сям’ю завядзе, ці пракорміць на такі заробак? Таму і падстрахаваўся з выбарам прафесіі. Ну што тут скажаш? Абвінавачваць язык не павернецца…

А праект для “Стаўбунскіх вячорак” ёсць. Хоча Грышэчкін стварыць музей славутага гурта. У звычайнай сялянскай хаце, якая стане і мемарыяльныя функцыі выконваць, і навукова-даследчыя. Ці шмат у нас такіх лабараторый, дзе абагульняецца досвед дзейнасці па захаванні і развіцці аўтэнтычнай творчасці, і песеннай, і абрадавай? Праект, як кажа Віктар, рэальны, але цяпер яго ажыццявіць немагчыма, бо ўсе грошы выкарыстоўваюцца на капітальны рамонт мясцовай агульнаадукацыйнай школы, якая знаходзіцца ў аварыйным стане. Аб’ект мае раённае значэнне. Справа ў тым, што школкі ў бліжэйшых вёсках Янова, Пералёўка, Неглюбка закрываюцца з-за недахопу дзяцей, якіх цяпер іх возяць на ўрокі ў Свяцілавічы. Але ў перспектыве роднай для іх стане менавіта Стаўбунская школа. А потым ужо можна падумаць над тым, каб і “Стаўбунскія вячоркі” не закіслі...

Агульнае (не)лірычнае завяршэнне

Творцам можна назваць таго, хто не баіцца пакарання ініцыятывай. “Стаўбунскія вячоркі” літаральна шукаюць такога “пакарання”. Прымнажаюць творчыя здабыткі і нелюбскія ткачыхі. І першыя, і другія (ды плюс райцэнтраўскі музей) даўно сталі брэндавымі з’явамі не толькі ў вобласці. Прынамсі, на Чачэршчыне мы такіх яркіх з’яў пакуль не заўважылі. На Веткаўшчыне ж ёсць вакол чаго гуртавацца, адраджацца і развівацца… Хто ведае, мо праз час тут і пройдзе Дзень беларускага пісьменства, пра які мясцовыя работнікі культуры мараць не адзін год…

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"