Памяці цудоўнага жывапісца

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

У Выставачнай зале Бабруйска праходзіць выстаўка памяці Эдуарда Белагурава, якому нядаўна споўнілася б 60 гадоў з дня нараджэння, і ў маі гэтага года будзе 10 гадоў з дня Яго смерці. Ён быў цудоўным мастаком, у свеце выяўленчага мастацтва Беларусі займаў асаблівае і годнае месца.

 /i/content/pi/cult/150/1091/Belagurau.jpg

Э.Белагураў. “Равеснікі”.

Ён нарадзіўся ў Бабруйску і практычна ўсё жыццё пражыў у гэтым горадзе.

Тут прайшло яго дзяцінства, сюды ён вярнуўся пасля заканчэння вучобы ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Тут працаваў, адсюль падняўся на мастацкі алімп. Яго карціны “Дзеці вайны”, “Дыялог”, “Партрэт бацькоў”, “Вяртанне”, “Хірургі. Аперацыя”, “Eccetera... Eccetera...”, “Ілюзіяніст” і многія іншыя сталі з’явай у беларускім мастацтве і знайшлі водгук у сэрцах гледачоў і крытыкі.

Экспазіцыя сённяшняй выстаўкі падзелена на дзве часткі. У адной — палотны самога Белагурава, якія ўдалося сабраць з устаноў і прыватных калекцый горада. Гэта аўтапартрэты розных творчых перыядаў: ад “кубічных” вытанчанасцей ранніх эксперыментаў — да рэалістычных, глыбока псіхалагічных работ. У цудоўным нацюрморце “Майстэрня мастака” — змяшэнне сюжэтаў: “высокае неба”, “нацюрморт” і “майстэрня мастака”. У “Палявых кветках” раскрываецца таямнічы свет прыроды. Пейзаж “Снежная зіма” — гэта жывапісная навела аб адзіноце. У сюжэтнай карціне “Шаткоўка капусты” паўстаюць тры пакаленні жанчын: бабуля, маці і дачка. “Вечар на Сеняжы” — групавы партрэт мастакоў Мікалая Ісаёнка, Уладзіміра Тоўсціка, Кацярыны Паплаўскай і самога аўтара. На жаль, у экспазіцыі адсутнічаюць “знакавыя” работы майстра: многія з іх знаходзяцца ў дзяржаўных музеях і ў прыватных зборах за мяжой.

Другую частку экспазіцыі — прысвячэнні Э.Белагураву — складаюць працы мастакоў-бабруйчан, многія з якіх пачыналі свой творчы шлях разам з Эдуардам. Гэта прыгожыя карціны Анатоля Концуба — “Маскарад”, “Адпачынак у дарозе” і “Плаванне па жоўтай рацэ”, дзе прысутнічаюць вытанчаныя стылізацыі дэкаратыўнага накірунку. Уладзімір Рубцоў нацюрмортамі “Памыйніца” і “Са шклянкай, якая падае” запрашае да філасофскага асэнсавання жыцця. На выстаўцы таксама прадстаўлены жывапіс на тканіне Ірыны Куставай “Асенні пілігрым”, “Ноч на Івана Купалу”, скульптуры Уладзіміра Гаўрыленкі “Танец багіні” і “Паляванне на чырвоную рыбу”, эмацыянальная графіка Ціхана Абрамава і Алены Нялюбінай, а таксама фларыстычныя кампазіцыі Людмілы Ліцвінскай: створаныя са звычайных раслінных матэрыялаў, яны ператварыліся ў сапраўдныя скульптурныя творы...

 

Ала МАЛЬЦАВА
Бабруйск