Колерамузыка Міколы Бушчыка

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Немагчыма апісаць радасць адной фарбай. І боль таксама бывае рознакаляровым. На ўсіх карцінах Міколы Бушчыка, выстаўка якога працуе ў Музеі сучаснага мастацтва, пачуцці не замыкаюцца ў адной колеравай гаме, яны маюць самыя арыгінальныя адценні. Невыпадкова і сам мастак апрануў на вернісаж вясёлы шматкаляровы світэр, а не афіцыйны касцюм, як таго вымагаў характар імпрэзы.

 /i/content/pi/cult/150/1090/Bushchyk2.jpg
 М.Бушчык. “Канцэрт”.
Некаторыя лічаць, што беларускі жывапіс стрыманы і шэры, а гэты творца паказвае нам адваротнае: наша мастацтва можа быць святочным, яскравым, узнёслым. Толькі адно палатно з усёй экспазіцыі мае прыглушаную афарбоўку — гэта незвычайная па экспрэсіўнасці карціна “Енк”. Яна крычыць не тварамі і рэзкімі рухамі, а жорсткімі фарбамі ды іх сумессю, паглынаннем адна адной, піскам, з якім прабіваецца адзін тоненькі яркі мазок пэндзля праз глыбіню чорнага.

А наогул, мажорны, неверагодна жыццесцвярджальны настрой праменіць з усіх твораў М.Бушчыка. Задаволеная, шчырая чысціня мастацтва, якое не падтрымлівае ніводзін недатычны жывапісу рух, падкупляе. Схематычнасць рэдкіх людзей на карцінах, “дзіцячыя” рознакаляровыя домікі і дрэвы гавораць, што мастак адыходзіць ад канкрэтнасці: гэтыя аб’екты тут — выпадковыя госці, але да чыста фармальнага падыходу Міколу Бушчыку далёка. Што гэта не проста геаметрычнай формы плямы на палатне, зразумее нават чалавек, які ад жывапісу далёкі. У любым эксперыменце над кожным тонам фарбы (а ўсе карціны мігцяць дзесяткамі такіх эксперыментаў) бачная паэтычнасць аўтара, яго імкненне перадаць рытм музыкі, якая яму вельмі падабаецца. Гэтая захопленасць дае магчымасць працаваць карпатліва і бездакорна, вельмі інтэлігентна — як алеем, так і акварэллю.

Цікавую гульню прапаноўвае аўтар у сваіх назвах, што па-новаму характарызуюць асобныя колеры. “Прастора агню” выканана ў цёплым чырвоным каларыце, але полымя убачыць складана. На першы погляд здаецца, што тут толькі творчы пошук мастака ў палітры. А калі адыдзешся, заўважаеш, як падоўжныя шырокія палосы ўяўляюць сабой пустыню і неба, што падзяляюцца лініяй гарызонту, і маленькая жоўтая пляма аказваецца сонцам.

На выстаўцы майстра прадставіў сваеўражанні ад падарожжаў, роздумаў, “цнатлівых ці паэтычных станаў”. Адкрыццё яе супала з днём нараджэння ягонай маці, і таму экспазіцыя была прысвечана ёй. “Яна была першай, — расчулена гаворыць мастак, — хто даў мне маральны штуршок у мастацтва, заўсёды падтрымлівала мяне”. Ганна Паўлаўна, якая жыве ў Расіі і спецыяльна прыехала на вернісаж, заўсёды сачыла за развіццём творчасці сына, захаплялася ім, і менавіта ёй трэба падзякаваць за тое, што наша краіна не страціла такі талент.

 Алена САБАЛЕЎСКАЯ