Добра падрыхтаваліся да выбараў у аграгарадку “Пескі”, які здадзены напрыканцы мінулага года. Выбарчы ўчастак працуе ў капітальна адрамантаваным сельскім Доме культуры. Паводле слоў старшыні Пескаўскага сельсавета Мікалая Марчука, які кіруе выбарчай камісіяй, больш за дзве тысячы жыхароў вёсак Пескі, Ярцавічы і Вайцяшын стануць удзельнікамі не толькі выбараў, але і самых разнастайных святочных мерапрыемстваў.
Асноўнае — канцэрт з удзелам народнага фальклорнага калектыву “Пескаўскія весялухі”, якім не першы год кіруе дырэктар мясцовага СДК Святлана Чайчыц. Для ансамбля, у склад якога ўваходзяць настаўнікі, работнікі культуры і працаўнікі аграгарадка “Пескі”, гэты святочны канцэрт стане генеральнай рэпетыцыяй перад удзелам у міжнародным фальклорным фестывалі, што пройдзе ў Іванаве 19 студзеня.